Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Да дзяўчатак

Дзяўчынка, галубка мая! Да дзяўчатак
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Чорныя вочы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Да дзяўчатак.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДА ДЗЯЎЧАТАК

Ой, дзевачкі, любанькі!
Люблю, люблю вас,
Я ў вашых, галубанькі,
Сетачках увяз.

Ох, мае вы сонейкі,
Ня знаю з чаго
Ня мілы мне гонейкі
Шнурочка майго.

Ня мілы мне хатачкі
Родненькай куток,
Ня мілы мне матачкі
Слоўцы: „мой сынок!“

Ня міла, як волікаў
Рог забушаваў;
Ой, ой, для саколіка
Час благі настаў!

Сэрца б‘ецца, корчыцца,
Кроў пашла гуляць,
Днём рабіць ня хочацца,
А ночкаю — спаць.

Нападае часьценька
Нейка дзіўна млось,
І так шчасна-шчасьненька
Хочацца чагось.

Вочы неўспадзевачкі
Ўсё туды бягуць,
Дзе сонейкі-дзевачкі,
Любачкі жывуць.

Ой, ой, ня ў цікавую
Сетку, знаць, забрыў,
Хоць-бы з добрай славаю
Ўжо яе пазбыў.

Голуб, як з галубкаю,
Весела вурчыць;
Пэўна хлопцу з любкаю
Лепей, як так, жыць.

Бачу, так здаваецца,
Што мне, бедаку,
Таго штось жадаецца,
Чаго й галубку.

Адну ненаглядачку
За жонку вазьму,
Тады можа радачку
Дам гору свайму.

Тругі, тругі, трубачкі!
Грайце ў добры час;
Дзевачкі-галубачкі,
Люблю, люблю, вас!