Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/З песень а бітвах

А хто там ідзе? З песень а бітвах
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Можна…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зь песень а бітвах.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ПЕСЕНЬ А БІТВАХ

Іграюць сурмы баявыя,
Віхор разносе іхні звон, —
І песьні дзіўныя такія
Ад іх лятуць да ўсіх старон.

Аб славе цуднай граюць сурмы,
Аб шчасьці люду усяго;
Завуць змагаць няволі штурмы,
Завуць… ой, многа да чаго!..

Дый дарма звоняць сурмы гулка!
Народ абманены прыціх, —
Той сьпіць, той ходзе бяз прытулка,
А жаль і роспач ува ўсіх.

Мучыцель толькі рад, снуецца,
Як шакал дзікі па трупох, —
З ахвяр сваіх ваўком сьмяецца,
З ахвяр, што мруць у ланцугох.

І відзець страшна ў путах сілу,
Людзкі ўвесь з жалю енк і плач,
Аж хоць кладзіся у магілу
І сьвету гэтага ня бач.

І ходзіш так, як пагарэлы,
І хочаш людзям скаргі слаць,
Азвацца крыкам на сьвет цэлы:
Дзе праўды, волі дзе шукаць?!

А сурмы граюць баявыя,
Віхор разносе іхні звон, —
І песьні дзіўныя такія
Ад іх лятуць да ўсіх старон.