Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/З прасоньня

Эй, скажы, мужычок!.. З прасоньня
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Дзе ня выляці з няволі…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Спрасоньня.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ПРАСОНЬНЯ

…Не! досыць, досыць! трудна далей
Цярпець, ціхія сьлёзы ліць!
Нічога мне, ой не, ня далі,
А ўзялі ўсё, чым мог-бы жыць.

Нявольнік, кланяцца век трэба
Людзям; век з потам кроў цячэ,
Няма патолі і ад неба:
То студзе, то сьпекай пячэ.

Пярун у хатку б‘е крывую,
Пасевы нішчыць суш і град,
Авечку воўк задраў старую,
Скрыпіць нямазан панарад.

Худзее жонка ў сьлёзах, працы,
Трасе дзюравым каптаном…
Гэй, ты, што песьцішся ў палацы,
Меў-ж літасьць над маім жыцьцём?!

Я сам… мне ногі гное лапаць,
Аборы ўелісь да крыві…
О, кроў! калі-ж ты кінеш капаць?
О, доля, раны зажыві!

Грызецца зрэбная кашуля,
З сярмяжкай трудна пагадзіць, —
Зімой ад сьцюжы не атуле,
А ўлетку горача хадзіць.

Аблазяць спрэўшыя ад поту
Пад шапкай дрэннай валасы,
Нажыў удушша і ламоту
Ад тапара, сахі й касы.

На ўгры пабіў мазоль мне рукі,
Век цэлы пыл за акрыцьцё…
О, колькі гора, колькі мукі
Нясеш, паганае жыцьцё!

Ніхто й пацех мне не гавора
За долю горкую маю,
Нясецца толькі рэха з бору,
Як песьню скрозь сьлёзы пяю.

Гэй, растлумач, выродзьдзе ўражжа,
Трутні, зладзеі пчольных прац!
Чаму, дзе труд крывавы ляжа,
Цьвіце загон, стаіць палац?

Чаму я сею, а другія
З сяўбы маёй зьбіраюць плён?
О, досыць, досыць! сэрца ные,
Грыміць пагудкі новай звон.

Чакаў і днём, чакаў і ночай
І ўжо абрыдала чакаць,
Ўстаю, іду, куды йдуць вочы,
За крыўды плату адшукаць.