Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Каму вас, песьні?..

Я не поэта… Каму вас, песьні?..
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
З маіх песень
Іншыя публікацыі гэтага твора: Каму вас, песьні?..

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАМУ ВАС, ПЕСЬНІ?..

Каму вас, песьні, я нясьмелы
Тут буду пець, снаваць з душы,
З душы няшчаснай, набалелай,
Аж, змучан, згіну дзе ў глушы?

Ці для тых цёмных, нешчасьлівых,
Што не патрапяць прачытаць,
Ці для тых сьветлых, а зласьлівых,
Што не захочуць вас і знаць?

О! веру, веру; што загнаны
Мяне ня здрадзіць мой народ,
Але ён цёмны й акаваны,
І бедны думак яго ўзьлёт.

І вы, душы маёй тварэньні,
Ў нязнаньні будзеце марнець;
Таптаць вас будуць бяз сумленьня,
Пацук рукопісі патнець.

Аж нейкі ўчоны моль з прыпадку
Натрапіць, з пылу абтрасе,
Пачне чытаць вас ад пачатку
З-пад акуляраў на насе.

Прагледзе й скажа: „Матар‘ялу,
„Каб прасачыці быт людзей
„На Беларусі, тут ня мала,
„Жаль толькі, што няма усей,

„Усей рукопісі панурай.
„Хвалько поэта, знаць, ня раз
„Цаніць даваў яе для шчураў;
„А шчуры — спраўджана і ў нас —

„Істоты подлыя, нізкія, —
„Пяўцоў ім думкі не ў карысьць;
„Ім праў навукі хоць якія,
„Дабро чужое рады грызьць.

„Ды ўсё-ж рукопісі я гэтай
„Так не астаўлю і вазьму, —
„Аб ёй і кім быў той поэта
„Складу артыкул пасвайму.

„Часьць вершаў ў друку апыніцца,
„Ня зьнішчаць мышы іх зусім;
„Пясьняр „з народа" ўзьвесяліцца,
„Што ё ў газэтах і аб ім“…

Так будзе думаць моль вучоны
І рэшты аркушаў шукаць.
..............
Спалі вас, песьні, дым чырвоны,
Чым мае гэткі лёс спаткаць!