Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Працуй

На добры стары лад Працуй
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Нуда
Іншыя публікацыі гэтага твора: Працуй (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАЦУЙ

Працуй, бедачышча, гаротна,
Ці прэеш ад поту, ці мерзьнеш!
Гні плечы свае ты ахвотна,
Бо прыдзе гадзінка — і шчэзьнеш.

Ой, шчэзьнеш, а толькі ня бойся,
Што ўжо і засыпяць зямлёю:
Як з горам у дружбу завёўся,
Яно йшчэ паходзіць з табою.

Цяпер, малады і ахвочы,
Ты рвешся, як птушка там з клеткі,
Да працы і ўдзень, і уночы,
Дый зможа крывавы труд гэткі.

Бяз часу прыжме, апануе
Цябе неадчэпная старасьць,
І моладасьць скрыша ўдалую,
Адгоне ад працы няздарасьць.

Пахіляцца плечы ад горбу,
Удушша дыхнуць не пазволе,
Надзенеш старэцкую торбу
І пойдзеш у сьвет, на прывольле.

А мусіш-жа ўперад наўчыцца
Ты пацераў доўгіх, дзядоўскіх,
Бо, як не патрапіш маліцца,
То выганяць гэткага з вёскі.

Ты мусіш наўчыцца, бо маці
Даўжэйшых наўчыці ня ўмела,
Ды ў беднасьці часу ці-ж хваце
За гэткае браціся дзела.

Дык вось, як узброішся гэтак
У пацеры, торбы і пугі,
І ў рваны старэцкі адзетак, —
Павер, будуць брамы на ўслугі.

З пагардай, як лішняй сабацы,
Швырнуць табе лустаю хлеба;
Дзіця цябе будзе пужацца,
Пачне непагодай выць неба.

А ты?.. Ты цані й гэту працу,
Хоць збыцца яе і ня лёгка;
Ня йдзі жабраваці к палацу,
Бо стуль цябе выгане лёкай.