Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Сьцёпка Жук

Канюх Сьцёпка Жук
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Адплата каханьня
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сьцёпка Жук.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЬЦЁПКА ЖУК

1

Сьцёпка Жук, па бацьку Есцы,
Гаспадар усім на дзіва,
Ўсімі хвалены на вёсцы,
Жыве згодна і пачціва.
Абычай стары шануе,
Ня чураецца сярмягі,
Хаты дзедаўскай пільнуе,
Ад суседзяў шмат павагі.
Ен прыкладам для ўсёй вёскі,
Добра знае, калі трэба
З сахой выйсьці на сьвет боскі,
Калі дожджык пойдзе з неба.
Дзе якое сеяць збожжа,
Трудна лепш ад Сьцёпкі знаці;
Знацца лепш ніхто ня можа
На ральлі, на сенажаці.
Дзе якая звадка, схопка,
Годзіць, рае ў полі, у хаце, —
Адным словам, як наш Сьцёпка,
Рэдка нойдзеш гэткіх, браце.

2

Вечарынку як састрое,
Бо ўжо дзеці падрастаюць, —
Ёсьць і сёе, ёсьць і тое,
Музыканты гучна граюць.
За сталом Сьцяпан садзіцца,
Пры ім жонка і суседзі,
Чым паслаў бог, рад дзяліцца,
Ўсіх частуе, ўсіх прыгледзе.
Хлопцы-зухі і дзяўчаты
Пагуляць тымчасам рады,
Сталі ў пары сярод хаты
І далей-жа у прысяды!
Нуце, хлопцы, дзень далёка,
Пагуляйце, колькі воля!
Дый Сьцяпан ня зводзе з вока, —
Лішніх жартаў не пазволе.
Там і сям Сьцяпан бадзяўся,
Распазнаў сьвет доўгім векам;
Хто распусьце раз аддаўся,
Кепскім будзе чалавекам.

3

Жывець, праве, шыкам пана:
Крупаў, сала мае многа,
Хлеб вядзецца-ж у Сьцяпана
Круглы год, як у нікога,
А хлеб веены, ўсё белы…
Эй, што там казаць далёка!
Шнур зямлі ён мае цэлы,
Значыць — поўная валока.
З усёй вёскай ён у згодзе:
„Кепска“, кажа, „жыці звадай“.
Ен і ў воласьці на сходзе
Многа можа словам, радай.
Жывуць, скажа хтось вучоны,
За граніцай лепш народы;
Кормяць люду міліёны
Шахты, фабрыкі, заводы;
І у нас мінула-б ліха,
Каб настаў лад гэткі ў людзях;
Сьцёпка-ж бухне пад нос сьціха:
„А ўсё-ж бедны бедным будзе!“

4

Сьцёпкі жонка вёртка баба,
І язык… эй, што казаці!
А з рукамі і мазгамі
Трудна лепшай дзе спаткаці.
Ненаўды, што жонкі гэткай
Сьцяпан трохі і баіцца,
А найбольш, хоць то і рэдка,
Калі з сватам падхмяліцца.
У такую тады хвілю
Знае жончыну ён плату;
Гатоў кругу даці мілю,
А цьвярозым прыйсьці ў хату.
Жонцы справіў чаравікі,
Сам-жа ў лапцях ходзе болей,
А пачуе дзе прытыкі,
Што ня меў ботаў ніколі, —
Сьцёпка скажа: „Эй, там, што ты!
Лепш па зімцы лета меці,
Пасьля лапцяў насіць боты,
Як па ботах лапці ўзьдзеці“.

5

У Сьцяпана лад між дзетак,
Лад на полі, лад у хаце,
Адным словам жывуць гэтак
Цяпер мала, пане браце.
Ад Сьцяпанавай хацінкі
Не адойдзе так убогі,
Пагарэлы без асьмінкі,
Сірата без запамогі.
Сьцёпка працы не баіцца,
Ці нуда гняце якая,
Песьняй роднай весяліцца,
Вечна весел, ня ўздыхае.
Стане хтось там наругацца,
Што так весел, хоць цьвярозы, —
„Лепей“, скажа ён, „сьмяяцца,
Як дарэмныя ліць сьлёзы“.
Да ўсяго Сьцяпан ахвочы,
Як то ёсьць прыпеў шляхочы,
І да танцу, і ружанцу,
Да выпіткі і выбіткі.

6

Плывуць леты, нібы рэкі,
Не варочаюцца болей,
Нішто жыць ня можа векі —
З сваёй, з божай нікне волі.
Сьцёпка выдаў замуж дочак,
Пры малодшым жыве сыне;
Як асінавы лісточак,
Ўвесь трасецца, горб на сьпіне.
Старасьць—слабасьць падасьпела,
Стаў нядуж к рабоце ўсякай,
Неяк ходзе ўжо нясьмела,
Нос распушыла табака.
Часам пойдзе ў лес і лыкаў
Надзярэ якіх з пяць пукаў,
З браку ботаў, чаравікаў
Лапці керзае для ўнукаў.
Старасьць, старасьць — смутны весьці!
Ўжо і „вушка“ ня прымеце,
Скора, пэўна, будзе плесьці
З сваім дзедам на тым сьвеце.