Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Байкі і аповесьці/На дзяды

У купальскую ноч На дзяды
Паэма
Аўтар: Янка Купала
1926 год
На куцьцю
Іншыя публікацыі гэтага твора: На Дзяды (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ДЗЯДЫ

Хто там стогне так на ўзьмежку,
На канцы у полі?
Як згубіўшы к долі сьцежку,
Як ня знаўшы долі.

Ці там вецер водзіць гулі
Так па самагубе, —
Бы сваё дзіцё матуля
Песьціць ды галубе?

Ці над бацькаўскай магілай
Жаліцца сіротка,
Ці сваёй шукае мілай
Хлопец-адзінотка?

Ой, ня плача брат над братам
На мяжы кургану,
А бядуе так душа там —
Зьвязана, скавана.

Хто умее слухаць, можа
Шмат пачуць чаго там.
Як прычытвае, нябожа,
Бы Лазар пад плотам.

Ня жылося мне даўней так,
(Льлецца гэткі голас),
Не такі мой быў палетак,
Іншы меў ён колас,

Шла мая ў даль дзіва-сіла,
Як-бы хвалі Нёмну;
На касе сваёй насіла
Княжацку карону.

Ніў маіх ніхто-б ня зьмерыў,
Ня зьлічыў сялібаў;
Мела ў пушчах многа зьвера,
Многа ў водах рыбы.
Засядала, расьцьвітала
За гадамі годы;
Залатыя думкі ткала
З шчасьця і свабоды.

Мелі страж гранічны вехі;
Гадавала дзетак
І чакала з іх пацехі,
Як вясною з кветак.

Трох сыноў дала судзьбіна
Да майго парога,
А такія — сын у сына,
Як нідзе, ні ў кога!

Іх пясьціла, як умела,
Ласкаю вясёлай;
Красак, сонца не жалела
Я для іх, саколаў.

І расьлі яны, расьлі так,
Мае княжаняты,
На багацьце, на прыбытак,
На вось тое сьвята,

Як са мною будуць разам
Жыці, панаваці,
Славы быць жывым абразам
У людзей і ў хаце…

Бегам беглі дні і ночкі,
Леты за лятамі…
І павырасьлі сыночкі
Самі, як ня самі,

Як дубы у полі чыстым,
Як сасонкі ў боры,
Як у небе абадзістым
Тыя сьвечкі-зоры, —

Так магутны, яснасьветны
На пагляд былі ўсе,
Хоць да бою з апраметнай…
Ажна сьвет дзівіўся!

Ды ўдаліся, ой, сынкі мне
Не аднэй натуры,
Як-бы тыя ноткі ў гымне
Цішы і віхуры.

Працавітага быў першы
Складу і нагібу,
Так, здаецца, што й памершы
Ўсё араў, касіў-бы.

За другім была ахвота
К лежні, к панаваньню;
За чужой-бы жыў работай,
Спаў-бы да зьмярканьня.

Трэці ўсіх-бы толькі мучыў —
Склад меў быці катам.
З паганякаю на ўзруччы
К зьдзекам быў заўзятым.

Вось такой натуры, складу
Ў іх я дачакала;
На дарма, як мёд-прынаду,
Думка ў думку ткала.

Ня прышлось мне жыць на сьвеце
Ў славе і дастатку:
Загубілі родны дзеці,
Загубілі матку.

І сярэдні, і малодшы,
Родныя дзяціны,
Як мая — пашлі к салодшай
Ласцы бяз прычыны.

Ў сьвет збрылі чужы дзівіцца,
Гнуць у ёрмы шыі…
І ўтапілі ў чужаніцы
Душы маладыя.

Заставаўся толькі старшы
Гаспадарыць дома,
Бо ад тых быў гаспадаршы,
Хоць быў ў іх за лома.

Заставалася адна я,
Сын адзін са мною,
Як той путнік на расстаі,
Летам і зімою.

Сяк ці так, жылось паволі
Ў палавіне з горам —
Тым у хаце, тым на полі,
А другім за морам.

Аж дакучыла, знаць, далей
Недзе так бадзяцца,
І сынкі зьбірацца сталі,
З-задалёк вяртацца.

Як прышоў дамоў сярэдні,
Выглядаў багата,
Й не пазнаў, як зьвер пасьледні,
Ні мяне, ні брата.

Ў плуг запрог свайго браточка
Навек, да скананьня,
А мяне асеньняй ночкай
Выгнаў на бадзяньне.

Як дамоў вярнуўся меншы,
Сьвету як увідзеў, —
Аказаўся дасьціпнейшы,
Чым сярэдні, ў крыўдзе.

Над старэйшым братам ставіў
Стражы і запоры,
Цела ранамі крывавіў,
Зьдзекаваўся ў горы.

Зьдзекі далей строіць дай-жа,
Ласку з сэрца выжыў:
Суд судзіў, што я — ня я ўжо,
І расьпяў на крыжы.

Так мая краса завяла
І маёй сялібы!
Ліхата апанавала
І капцы, і скібы.

Адплацілі роднай матцы
Княжаняты-дзеці:
Відмай кінулі бадзяцца,
Сіратой гібеці.

Ходзяць, гоняць сухавеі
Праўданьку сьвятую;
Брата брат не разумее,
Брата брат катуе.

Я на гэтым на кургане
Ўсё сяджу і плачу,
Ўсё чакаю зьмілаваньня,
Дый ніскуль ня бачу.

Ці апомняцца сыночкі
У сваёй правіне?
Ці загінуць сярод ночкі,
Што і сьлед загіне?..
...........
Стогнуць ветрам калыханы
Ліпы ды бярозы,
А ноч сее скрозь туманы
Золь, слату, як сьлёзы.

Лапацяць крыламі жудка
Кажаны, начніцы,
Як-бы суд спраўлялі тутка
Ведзьмы-чараўніцы.

А душа сама — бяз хаты,
Знаць, з вялікай мукі
То зрывае з сябе шаты,
То ў крыж зложыць рукі,

То паказвае на плечы,
То капец абойме…
Бог яго усё дарэчы
Зразумее, пойме!

Можа з іншага хто краю
Скеміў-бы сумленьне,
Што яна там вычварае
З жалю і цярпеньня.

Што нам кажа ночкай цёмнай
На мяжы ў пракляцьці,
Як „дзяды“ ў нас векапомны
Стануць адпраўляці.