Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Байкі і аповесьці/Чараўнік

Грабар Чараўнік
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
З Конрада Вальленрода
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чараўнік (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАРАЎНІК

(Забытая казка)

I

Трох сыноў чараўнік на сьвет белы выводзіў,
Трох сыноў, што хаваў узаперці;
Шэпты-чары тварыў ён над імі на ўсходзе, —
Як жыць лепей, як лепей памерці.

Тры паказываў ім ён на сьвеце дарогі,
Тры пуціны іх долі-нядолі,
І даваў-насылаў ён сыном асьцярогі:
Што чакае у чыстым іх полі.

А як пойдзе хто першай, — ён кажа ім гэтак, —
Што на ўсход шляхам чорным кладзецца, —
Напаткае чужацкі крывавы палетак,
І ў крывавай скупаецца рэчцы.

Той шлях першы і першая рэчка атрутай
Спояць так і за хатай і ў хаце, —
На другіх будзе строіці петлі і путы,
І сам гэтыя путы цягаці.

„А як пойдзе другім хто гасьцінцам-дарогай,
Што на захад кладзецца вужакай, —
Свой палетак любіць стане горай чужога,
Прыпадзе к чужой рэчцы, як п‘яўка.

Той другі шлях і рэчка другая загладай
Атуманяць душу, зальлюць вочы;
Будзе сонца шукаці сабе, як прынады, —
Даць, знашоўшы, другім не захоча.

А як пойдзе хто трэцяй сьцяжынай-пуцінай,
Што сваёй ня мінае граніцы,
Будзе чэзнуць і вянуць націнай, паўцінай,
Сьмягнуць будзе над роднай крыніцай.

Той шлях трэці і трэцяя рэчка сьляпою
Ласкай-крыўдай апутаюць грудзі…
Ён насыпе пяшчаны узгор нада мною,
І таптаці узгор гэты будзе“.

Так сказаў чараўнік, і казаў доўга жыці —
Спадкі — цень свой на памяць аставіў…
А сыны сталі праўдзе-няпраўдзе служыці
У сваёй кожны долі і славе.

Спадабалася першаму першая сьцежка,
А другая — другому сыночку,
Ўзяўся трэці на трэцяй, як грыб-сыравежка,
Спатыкаці, праводзіці ночку.

II

Дні за днямі, гады за гадамі плятуцца…
Ўжо збываюцца бацькавы словы:
Ад рукі сына першага вісельні гнуцца,
Ў зямлю йдуць маладыя галовы.

Захапіў яго похмур лядачны, крывавы,
Жалязянымі клешчамі сьціснуў;
Дзе ні ступіць — згібаюцца краскі і травы,
І пракляцьце шуміць бескарысна.

Ён і рад і ня рад, а пуцьця меней што-дзень
На тэй выбранай сьцежцы, і ные;
Ўжо адны ў вочы кідаюць — здраднік, звыродзень,
На пагібель, на звод шлюць другія,

Ня зыходзіць са шляху свайго і другі сын —
Чуць ня йдзе сьледам першага брата:
Ўжо на згубу з зямлёю і з хатай запісан,
І ўсё-ж долі завідуе ката.

Засядаць, панаваць на хватаным багацьці
Ня кідае за дзьверы надзеі,
Хоць мінула даўно яго сьвята па сьвяце,
Хоць пасад свой на выдмах разьвеяў.

Загубіў сваю скуру, чужая-ж ня цешыць
Абадранай душы ў павуціне;
Проць сваіх, проць чужых крывадушыць і грэшыць,
І так вязьне, як камень у ціне.

Трэці, смоўжам прыліпшы да трэцяй пуціны,
Чэзьне чэрвем на службе ў напасьці:
Уздыхае, чакае збаўленчай дзяніны,
Не дае, што ня мае, раскрасьці.

З кволых ніў палыны быццам зводзіць, ня зводзіць,
Часам косьці зачэпіць нарогам;
Дома дрэме, сьцікаецца стульна, як злодзей;
Б‘е падданчы паклон за парогам.

А сваяк і чужак строіць петлі і сеці,
Аплятае ўсё віднае ночай;
Зварухнуцца ня сьмее ў заплесьнеўшай клеці,
На браточкаў зубамі скрыгоча.

Так расьце нездавольства ў сыноў чарадзея —
Ў іх саміх і на іх, на ўсім сьвеце;
З ходу-выхаду выйсьці адна ў іх надзея:
Каб саміх адалеці і сьвет адалеці.

III

Ні далёка, ні блізка, ні ў полі, ні ў лесе
Важны ўзносіўся хорам-сталіца,
Чорнабожнік над ім непрагляды завесіў,
Каб нялёгка было прыступіцца.

Стуль выходзілі ветры — і шум падымалі,
Туды з неба валіліся зоры,
Там адны уставалі, другія драмалі,
Сьмерць, жыцьцё свае мелі запоры.

З зор сатканы былі недасяжныя сьцены,
Росы ўнізе ірдзелі яскрава,
А на вышках, як сон на зямлі, пераменны
Залаты месяц радасна плаваў.

Залацісты пасад красаваўся ў сталіцы,
Зіхацела ў ім кожна часьціна, —
На пасадзе сядзела цьвет-ночка — царыца…
Звалі тыя і сія судзьбінай.

Векавечна ў руцэ аднэй сонца трымала,
Пяруны у другой руцэ мела:
Іншы раз ціхім сонцам зямлю абнімала,
Іншы раз пярунамі шумела.

Патрасала пасады, скідала кароны;
Тым, другім была каменем-хлебам,
Выдавала народам старыя законы,
Кіравала зямлёю і небам.

Не адзін аб ёй ведаў і разам ня ведаў,
Чуў — ня чуў аб ёй, бачыў — ня бачыў,
Кожны толькі яе падпільновываў сьледу,
Плакаў, выў, як было што іначай.

Чуткі толькі ішлі, як туманы, і вялі
Ў самасейным паходзе сталецьцяў,
Што пранікнуць яна можа ў тайныя далі
І адкрыць сьветы новыя ў сьвеце.

Гэткай паняй ясьнела у хораме зорным
Цараўладнай і разам няўладнай;
Белым шляхам адных, а другіх шляхам чорным
К царству, к рабству вяла беспраглядна.

Тры браты, што пуці чараўнік тры адмерыў,
Захацелі знаць, хто ім што зрэпіў, —
Захацелі ў судзьбіны даведацца меры,
Як жыць лепей, памерці як лепей.

IV

Трох братоў, сваёй кожны дарогай-пуцінай
Наблудзіўшыся, выхад спаткалі:
Ім парады далі назаўсёды ў судзьбіны,
Як трымацца тых радаў, сказалі.

Першы брат ад яе меў наказ незабыты:
— Не здарма быць хацеў царам ночы,
І сваіх і чужых расьпінаў на крыжы ты;
Крыўдай праўдзе сьмяяўся у вочы.

Бачыш зоры сонца, вясёлае бачыш?
З імі рвіся ўсім сэрцам зраўняцца,
А як сьлед свой зарнічным сьвятлом абазначыш, —
За табой кінуць зморы ганяцца.

Хочаш цішы прытульнай і ласкі патольнай,
Збудаваць божы быт на пакутах, —
Дай другім волі ў волю, і сам будзеш вольны,
Не дасі — з сьвету зыдзеш у путах.

Брат другі яе мудрыя выслухаў рэчы:
— Ня туды цэлы век пёрся здуру;
На быдлячы мяняў воблік свой чалавечы,
Каб напяці гладзейшую скуру.

Хто пакінуў свой дом на пасьмешышча нетрам,
Дом чужы таму будзе астрогам;
Хто паклоны біць стаў збоку злыбедным ветрам,
Свой пасад таму стане бярлогам.

Вызнай, кім цябе бацька на сьвеце пакінуў, —
Станься тым, ды йдзі к меншаму брату…
Ня прыслужнем будзь ласцы прыблуднага сына,
Будзь пракляцьцем яму — свайму кату.

Трэці брат ад судзьбіны наказ пераслухаў:
— Сну-траве ты занадта даў веры,
І ў сябе шанаваць чалавечага духу
Не патрапіў наўчыць брата-зьвера.

Ўспомні, выклічы родныя ўсе загаворы
І зводзь імі прыблудаў заломы,
Што ляглі на твае крывасейна разоры,
Што страчаеш за домам і дома.

Схову новую ладзь, больш твае скуль прыпасы-б
Не валок зводны зьмей і начніцы;
Разбудзі сам сябе і той бацькавы насып,
Што паганіць нага чужаніцы.

V

Дні за днямі, гады за гадамі йдуць важна,
Йдуць суважна за зьменамі зьмены,
Перамены ў сябе засявае брат кажны,
Шчасьцю ўзносяць свайму новы сьцены.

Асьвяціў сваё чорнае першы сумленьне
Прагавіцьцем быць сонцу раўнёю,
Ў путах сьцюжу трымаць, меці жараў насеньне,
Тлець, пылаць над людзьмі, над сабою.

Як сам цар-грамавік, чуе ў жылах пажары,
Сонцы-б новыя сеяў па небе,
Абярнуў-бы сялібныя ў полым абшары,
І сьвет цэлы спаліў-бы ў патрэбе.

Гэткіх думаў сягнуць недасягнутых чынаў…
Аж сябе сам сабою распражыў:
Сонца сэрца яго растапіла, як льдзіну,
А душу спапяліла на сажу.

Брат другі шоў на нетры сьляпыя аблавай,
Воблік крадзены кідаў загубам,
Акрыляў сам самога асілкавай славай,
Паўставаў проць хапанага клубам.

Як двурог-маладзік, маладзеў сярод зломаў,
Вызіраў непакорай, пакорай,
На мінуўшым мінуўшыя ўзводзіў харомы,
Падпіраў кастылямі падпоры.

Прыпадаў к мёртвым краскам грудзьмі і душою,
Саграваў сэрцам лозы і шышкі,
Выцьвітаў, аж і стаў — чым быў — чорнай землёю, —
Зьвесьць ня зьвёў недахваткі і лішкі.

Трэці брат загаворы здымаў з папялішча,
Знаць даваў моц іх сьпячым народам;
На вялікае новых прыпеваў ігрышча
Выступаў-адступаў чараводам.

Зводам браў-сунімаў крыўдадзейнага зьмея,
Трос заломам, як сівер мятліцай;
Сховы новыя ўзносіў паміж сухавеяў
І пускаў к ім старыя крыніцы.

Гнаў крыніцы, піў з іх і у іх затапіўся…
На былым даў былому ўзрастаці:
Склеп нямы, дзе ляжаў чараўнік, адчыніўся, —
Сьвет нанова стаў новых чакаці.

VI

Уставаў чараўнік, што сыноў трох выводзіў
І паказываў тры ім дарогі:
Віцца ў захадзе стаў, віўся ў чорным усходзе;
Стаў сачыць скрозь глухія парогі.

Ў хвалях мутных шукае, к каму дзе падсесьці,
Нагавормі сваімі абвеяць;
Трох сыноў ён шукае, што ў чэсьці, ня ў чэсьці
На яго месцы пошасьці сеюць.

Азірае сыноўнія спадкі ў пустошы,
Ў быт глядзіць ад канца да пачатку;
Засыпае, ўстае на адцьвіўшай пакошы,
Аджыўляецца ласкай прыпадку.

Барадой яго пошум, як лесам, калыша,
Хмары звонам кладуцца на плечы,
Грамавік на грудзёх яго гібелі піша,
Ведзьмы шэпчуць аб соладкіх рэчах.

Ён ідзе… Сям і там набіваецца ў госьці,
Упіваецца ў сэрцы нямыя,
І сьцібрае на путы струхлеўшыя косьці,
І пляцёнкі з асьлепленых шые,

За сабою валочыць патухшыя душы,
Разбаўляе дрыгву імі ў пушчы;
Кроўю цёплай сьцюдзёныя вогнішчы тушыць,
Сэрцы лёдам аблітыя лушчыць.

І свае і чужыя выцягвае звадай,
Жылы белыя чорным патрэбам,
Каб заместа усіх і ўсяго ў сьветагляду
Быць усім — і зямлёю, і небам,

Каб спустошыць, абнетрыць труп‘ём чалавека,
Даць папас на магільным папасе,
І так хеўраю будучых, быўшых адвекаў
Расьцьвісьці, растапіцца ў бясчасьсі.

Гэткай рдзее душой чараўнік-сьлепаводнік,
Што сыноў навучаў трох калісьці,
А за ім сучыць сьледам, цянюючы, зводнік
І гайдае зялёнае лісьце,

Шапаціць тое лісьце заснуўшым палянам, —
Чуе ночка глухая, нямая:
Кожны край, што дачэсна завецца забраным,
Гэткіх казак забытых шмат знае.