Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Бацькаўшчыне/Да моладасьці

Дзе?.. Да моладасьці
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Чалавеку
Іншыя публікацыі гэтага твора: Да моладасьці.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДА МОЛАДАСЬЦІ

Ты скажы, скажы,
Мая моладасьць,
Што дала ты мне,
Сыну хамскаму?

Ой дала ты мне
Скарб нязьмераны:
Сілу моцную,
Неўгамонную.

За труды мяне
Не адхваляцца,
З мазалёў, крыві
Не аддзівяцца.

Дзе мой капне пот, —
Дзірван, пасека
Шуміць коласам,
Урадлівасьцяй.

Сенажаць-трава
Ляжа покатам,
Стогне зелен-бор
Пад рукой маёй,

Дый услужнасьцяй
І пакорнасьцяй
Надарыла ты
Мяне, моладасьць.

Адно, доля дзе,
Скажы, моладасьць?
Чаму волю даць
Ты забылася?