Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Бацькаўшчыне/Каб я князем быў…

На жалейцы Каб я князем быў…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Песьня сонцу
Іншыя публікацыі гэтага твора: Каб я князем быў…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАБ Я КНЯЗЕМ БЫЎ…

Каб я князем быў ўладарным
Гэтых ніў і хат, —
Быў-бы князем гаспадарным,
Вёў-бы добры лад;
На пасадным месцы-б селі
Права і закон,
Праўду вечную ўсе-б мелі —
Вечавы свой звон.
Не цягнуў-бы я з падданых
Крыўдай соль і хлеб, —
Кожны сам сабе ад рана
Малаціў-бы цэп.

Каб я сонцам залацістым
Плаваў над зямлёй,
Быў-бы сонейкам вячыстым
Летам і зімой.
Не лажыўся-б на разлогі
Непраглядны цень,
Асьвятляў-бы ўсе дарогі
Ў ночы і у дзень.
Гадаваў-бы ў вечным цьвеце
Поле і лугі,
Распаліў-бы ўсе на сьвеце
Путы-ланцугі.

Каб я рэчкай быў міжгорнай
На зямлі маёй,
Быў-бы рэчкай жыватворнай
Для старонкі ўсёй.
Ажыўляючай крыніцай
Быў-бы на яву,
Чыстай, шклістаю вадзіцай
Змыў-бы сон-траву.
На засушаныя кветкі
Клаўся-бы расой,
І каціўся-б праз палеткі
Сьветлай паласой.

Каб я птушкай быў крылатай,
Пець і лётаць мог,
Быў-бы птушкай незаклятай,
Па расе ня сох,
Груганом-бы я ня крумкаў,
Не наводзіў сьлёз,
А на крыльлях нашу думку
Да бога-б панёс.
Крыўду-ведзьму нашых межаў
Беднату і цьму,
Ўсё-б па праўдзе, як належа,
Вылічыў яму…