Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Бацькаўшчыне/Сваяком па гутарцы

Грайце, песьні Сваяком па гутарцы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Паляці, мая мысьль…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сваякам па гутарцы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СВАЯКОМ ПА ГУТАРЦЫ

Шлю вам песьняй, братнім словам
Здароўканьне, людзі:
Не гасеце веры, што вам
Жыцца лепей будзе.
Вы ня зломкі, вы ня зноскі, —
Вы народ магучы:
Ваша панства — вашы вёскі,
Пан ваш — труд жывучы;
Ваша слава не ў палацы,
Ня ў княжацкай мітры,
А на роднай ніве, ў працы
Карыснай, няхітрай.
Вашы скарбы не ў ядвабнай
Магнацкай саеце,
А ў сярмязе непавабнай,
Старшай на ўсім сьвеце.
Вашы рукі хоць абіты —
Пясок на іх значан,
Але хлеб, імі здабыты,
Для ўсіх бел і смачан.
Слава вашай гэткай сілы
Вочы ўрагом коле,
Сьведкай сьвежыя магілы,
Што сыпе няволя.
Сьведкай — прадзедаў шкілеты,
Курганы з кустамі,
Сьведкай — песьні воклік гэты,
Сьведкай — вы з сьлязамі.
Дык хай-жа вас не асіле
Зьверства непагоды,
Распусьцеце сваё крыльле,
Як і ўсе народы.
Рухне крыўда, праўда ўстане,
Ворагаў адстраша,
Будзе долі панаваньне
На зямлі на нашай.