Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Бацькаўшчыне/У ночным царстве

„Забраны край“ У ночным царстве
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Беларус
Іншыя публікацыі гэтага твора: У ночным царстве.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У НОЧНЫМ ЦАРСТВЕ

Скрыпяць трухляцінай асіны,
Над курганамі зьвяр‘ё вые…
Гасьцінцам, церневай пуцінай,
У ёрмах, скованы, скацінай
Ідуць нябожчыкі жывыя.

Ідуць, ідуць… Сярод пустыні
Хрусьцяць надломаныя косьці,
І качанеюць ногі ў ціне,
І чахнуць вочы ў павуціне,
А шлях — як точаныя восьці.

Перад вачамі глуш нямая,
І плач, і скрогат за вачамі;
Пракляцьце ў жылах кроў сьцінае,
Душу бясьсільле вынімае,
Гняце зьмяінымі кляшчамі.

У грудзі, здаўленыя здрадай,
Упіўшысь, рабская трывога
Шыпіць хаўтурнаю загладай;
На небе толькі, як прынада,
Бялее млечная дарога.

То там, то сям запаланее
Іскра над скованаю шыяй;
Наскоча пошасьць трупавея, —
І царства ночнае шалее,
Над курганамі зьвяр‘ё вые.