Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Наша вёска/Аратаму

На прадвесьні Аратаму
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Араты
Іншыя публікацыі гэтага твора: Аратаму (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АРАТАМУ

Ну, годзе ўжо спаці! глянь: сьветла ўжо ў хаце,
Вясна заглядае ў вакно;
Ўжо птушка сьвяргоча, ўжо лісьцік шапоча,
Цябе шнур чакае даўно.

Хай сошка крывая, кабылка худая
І ты сам, крывы і худы,
Пацягнуцца ў поле, на тое прывольле,
На тыя прадзедаў сьляды.

Ты — пан, ты — багаты, ты — сіла, араты!
Ты ў крыўду ня даўся-б другім:
Знай, шмат каму трэба з тваёй працы хлеба,
Дый сам ты галодзен зусім…

Дык выпрамся-ж трошку, дый жыва за сошку,
Ды ў поле — к вялікай арбе!
Бач, можа і долю ў няўродлівым полі
Ты выараш, братка, сабе…

Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі —
Любі сваю ніву, свой край,
І, колькі ёсьць сілы, да самай магілы
Ары, барануй, засявай!..