Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Сваім і чужым/Памяці Шаўчэнкі

Ігнату Буйніцкаму Памяці Шаўчэнкі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Лірнік вясковы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Памяці Шаўчэнкі (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАМЯЦІ ШАЎЧЭНКІ

Ад гасьцінца да гасьцінца,
Ад хаты да хаты
Зьвініць кобза украінцам
Аб вялікім сьвяту:
Уся чыста галасіста
Ўкрайна маладая
Свайго „бацьку“-кабзарыста
Важна ўспамінае.
Месца даў яму пачэсьне
Бедны і багаты;
Расьпяваюць яго песьні
„Парубкі“, „дзівчаты“.
Эй, бо песьня кабзарыста
Ад краю да краю
Плыве вольна-расхадзіста,
Перашкод ня знае!
Сам ён многа меў нядолі,
Крыўды, паніжэньня,
Ды ня здрадзіў-жа ён волі,
Волі і сумленьня.
Дух збудзіў свайму народу
Сваім гучным словам,
Навучыў любіць свабоду,
Родны край і мову.
Яго „бацькам“ ахрысьціла
Памятна Украйна:
Эх! і нам будзь бацькам мілым,
Украінча слаўны!
Плывучы ў даль, твая песьня,
Гасьцінцам ня вузкім,
Знашла водгалас пачэсьне
Ў сэрцы беларускім.