Збор твораў (Купала, 1925—1932)/III/Паўлінка

Тутэйшыя Паўлінка
Камэдыя
Аўтар: Янка Купала
1927 год
Прымакі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паўлінка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЎЛІНКА

КОМЭДЫЯ Ў ДВУХ АКТАХ

АСОБЫ:

СЬЦЯПАН КРЫНІЦКІ, засьцянковы шляхціц, 45 г.

АЛЬЖБЕТА, яго жонка, 40 г.

ПАЎЛІНКА, дачка Крыніцкіх, 19 г.

ПРАНЦЫСЬ ПУСТАРЭВІЧ, сваяк Крыніцкіх, 50 г.

АГАТА, яго жонка, 43 г. А

ЯКІМ САРОКА, настаўнік, 25 г.

АДОЛЬФ БЫКОЎСКІ, 24 г.

Госьць, музыкі.

Рэч адбываецца да рэволюцыі ў хаце Крыніцкіх.


Акт першы правіць

АКТ ПЕРШЫ

Абшырная сьвятліца. Направа ад публікі вокны ў сад, бліжэй да оркестру — стол; каля стала — лавы і табурэцікі, над сталом — вісячая недарагая лямпа, на сьцяне — абразы. Налева — дзьверы ў сенцы, бліжэй да оркестру — куфар. Напроці — сьцяна і дзьверы ў бакоўку (каморку); справа пры сьцяне ад бакоўкі — ложак, засланы коўдрай, у галавах высака накладзена падушак; налева — у кутку — печ; на сьцяне стрэльба, старасьвецкі з гірамі гадзіньнік і некалькі тандэтных малюнкаў.
Час — асеньні вечар перад пакровамі“.

ЗЬЯВА I

ПАЎЛІНКА (адна)

Стройная і досыць прыгожая дзяўчынка. Адзеўшыся ў недарагую крамніну, але чысьценька; бяз хусткі — у валасох колькі грабеньчыкаў. Сядзіць на ложку і пільна шые крамны кафтанік. Як падымаецца заслона — Паўлінка пяе.

Ой, пайду я лугам, лугам,
Дзе мой мілы арэ плугам;
Ой, пайду я лугам, лугам!
Ён арэ поле валамі,
А я плачу ўсё сьлязамі;
Ён арэ поле валамі.

(Перастаўшы пець)

Э-э! штось не пяецца сягоньня. Неяк сэрцайка трасецца, як-бы хто яго зьнячэўку перапужаў. А мо‘ гэта песьня вінавата? Даліпантачкі, аніяк не магу сама з сабой да ладу прыйсьці. А ну, на шчасьце зачну другую. Якую-ж бы тут? Ага!..

(Пяе)

Дый чаго-ж ты, дуб зялёны,
Пахінаешся?
Дый чаго-ж ты, мой міленькі,
Задумляешся?

(Пяючы, падходзіць да вакна і паглядае, пасьля ізноў садзіцца).

А ўсё такі нешта няцікава на сэрцы. І чаго яму, бедненькаму, не стае? Піць і есьці, дзякаваць богу, хватае; часам татка дае грошы і на сукенкі… Чаго, чаго, здаецца, тут хацець?.. Ох, ох, як-жа маркотненька! Прост, хоць зьбірай манаткі ды йдзі ўпрочкі з хаткі. Ужо вечарэе: зараз ня будзе як шыць, а трэба сягоньня канешне кончыць. Заўтра „пакровы“… у Міхалішках кірмаш… Эх, эх! каб хаця той прышоў, каго так хочацца сягоньня пабачыць.

(Садзіцца пры вакне і пачынае ізноў, шыючы, пець)

Ой, ляцелі гусі дый з-пад Беларусі,
Селі яны, палі на сівым Дунаю!
Селі яны, палі, ваду замуцілі,
Дый нас маладзенькіх з сабой разлучылі.
Бадай тыя гусі марне запрапалі,
Як мы любіліся — цяпер перасталі.

(Паглядзеўшы ў вакно).

Ну, ужо зусім няма як без агню шыць! Зараз трэба запаліць лямпу. Цямнее і цямнее, ночка набліжаецца, а яго як няма, так няма! А шчыра абяцаўся, шэльма, напэўна прысьці. (Шукае запалак і запальвае лямпу). І што гэты тата да яго мае. З таго часу, як даведаўся, што ён на мяне мілым вокам паглядае, — усё роўна, як чорная кошка між імі перабегла. Ён то нічога, але тата — дык жыўцом-бы яго зьеў. Ну, але тата сваё, Якім сваё, а я — сваё. Паглядзім, чый верх будзе: таткаў, ці мой, ці яго? (Падумаўшы). Казаў прыдзе сягоньня, каб там і ліха гарэла. „Трэба, кажа, сякую ці такую зрабіць пастанову. Мы кажа, ня дзеці — маем свой розум і можам сабой пакіравацца. Толькі ты, кажа, Паўлінка, павінна на гэта прыстаць канешне, бо іначай, кажа, згінем, як рудыя мышы“… (Ускочыўшы). Ай! нехта ідзе. Ён, ён, напэўна, ён!

ЗЬЯВА II

ПАЎЛІНКА — ЯКІМ

ЯКІМ

Вось і я — як тут быў! Добры вечар ясьне-пекнай паньне Паўлінцы. Што, золатца маё ненагляднае, прачакалася трохі мяне, ненавісьніка? (Глянуўшы на бакі). А ці нікога няма? (Гаворачы, падбліжаецца да ПАЎЛІНКІ, вітаецца і хоча абняць яе).

ПАЎЛІНКА

(баронячыся)

Ой, ой! памалу! Усе дома, усе дома. Толькі ў Якіма ня ўсе дома, бо по-начы ходзіць да маладых дзяўчат. Дадуць, дадуць зараз пытлю старыя. (Тупаючы нагой). Пазваленьне ёсьць, гэтак позна прыходзіць?

ЯКІМ

(садзячыся)

Ёсьць, ёсьць, мая ты сакатушка, шчабятушка! Кажы толькі хутчэй, галубка мая бяскрылая: тата твой дома, ці не? Бо-ж сама ведаеш, якая ў нас з ім страшэнная любасьць…

ПАЎЛІНКА

(садзячыся за шыцьцё)

Ой, чаму-ж ня ведаю: як між катом і сабакай, якраз. Але, але сьмела будзь, як у бога пад прыпечкам. Паехалі абое на торг і, пэўна, позна вернуцца, бо маюць трохі сяго-таго да прадачьня і маняцца сякія-такія зрабіць пакупкі. Бачыш, заўтра мае быць трохі гасьцей з кірмашу.

ЯКІМ

Та-а-к! Значыцца, тым кшталтам, вечарынка будзе.

ПАЎЛІНКА

Так, так! Вечарынка быць то будзе, але ня ўсе на ёй будуць.

ЯКІМ

Эх, Паўлінка! Ты ўсё сваё; мне і так горка на душы, як-бы хто там палын засеяў, а ты яшчэ прытычкамі сваімі соліш. Вазьму на злосьць ды прыду. Што-ж яны са мною зробяць?

ПАЎЛІНКА

Зрабіць то нічога ня зробяць, але і ты сам нічога ня зробіш, а толькі пераробіш…

ЯКІМ

(робячы папяросу)

Ці ясьне-панна Паўлінка пазволіць мне закурыць пры ёй?

ПАЎЛІНКА

Ого, скуль такая далікатнасьць? Рукам каля дзяўчыны дае волю бяз пытаньня, а як папяроску закурыць, дык пазваленьня просіць. Не пазваляю за тое, вось і ўсё тут!

ЯКІМ

А я закуру.

ПАЎЛІНКА

А я ня дам!

(Кідае шыцьцё і хоча адабраць папяросу. Нейкі час тузаюцца, бегаюць адно за адным па хаце і няўмысьля раскідаюць на ложку падушкі).

ЯКІМ

(бегаючы)

Ну, ужо годзе, годзе, Паўлінка! Болей нічому без твайго пазваленьня даваць волі ня буду.

ПАЎЛІНКА

Ну, калі так, то згода!

(Садзяцца. ЯКІМ курыць, ПАЎЛІНКА шые).

ЯКІМ

(памаўчаўшы)

Паўлінка!

ПАЎЛІНКА

Га! Ці пан Якім забыўся, як я завуся?

ЯКІМ

Ды не! Я хацеў-бы, золатца, сур‘ёзна з табой пагаварыць.

ПАЎЛІНКА

І-і!!! Ведаю я гэтыя сур‘ёзнасьці. Перш-на-перш будзе ці я люблю, пасьля — ці вельмі моцна, а пасьля — ці гатова ўсё чысьценька зрабіць, што чорнабрывы Якім захоча, а там, а там… і паехала, як на непадмазаных калёсах… Ці-ж ня праўда?

ЯКІМ

Праўда, то праўда, але ўсяму мусіць быць канец.

ПАЎЛІНКА

Ну, дык слухаем, вашэці. А вось можа і новую песеньку нам сьпяіцё. Адно толькі за ўмовай: або надта вясёлую-вясёлую, каб аж лявоніху захацелася ісьці, або такую сумна-сумненькую, што, выслухаўшы яе, — раз, два, ды бухтыль у вір галавою! вось так!

(Паказвае і чуць ня валіцца; ЯКІМ падхоплівае і садзіць яе на даве).

ЯКІМ

Гэта будзе ад цябе, маё ты сонейка, залежаць. Як захочаш — такая і песенька выйдзе: або вясёлая, радасная, як-бы самое неба яснае, або сумная, гаротная, як асеньнія хмары над гэтай зямелькай чорнай. (Памаўчаўшы). Эх, эх! І дакуль-жа ўсё гэта будзе цягнуцца? Дакуль, як сухавей, сушыць і мучыць нас будзе?

ПАЎЛІНКА

(жартаўліва)

Толькі ня нас, а мяне, трэба гаварыць. Мне дужа добра весела, і так лёганька, лёганька на сэрцы, што…

ЯКІМ

(з дакорам)

Паўлінка!

ПАЎЛІНКА

(закрываючы губы рукой)

Ну, ну, ужо маўчу… як нямая рыба.

ЯКІМ

(як-бы сам да сябе)

Калі, калі ўжо надойдзе. тая часінка, што нае злучыць навекі, і мы ўжо ніколі не растанемся? Калі? Калі?..

ПАЎЛІНКА

Ха-ха-ха! На сьвятое ніколі. Вельмі ўжо татка мой заеўся на цябе з таго часу, як даведаўся, што мы з табой зьлюбіліся. Ну, а бяз таты гэты інтэрас наладзіць будзе вельмі трудна.

ЯКІМ

Трудна, то яно трудна, але няма таго злога, каб ня вышла на добрае. Хоць-бы, прымерам, мы з табой так зрабілі: выбраўшы падхадзячую часіну, калі стары будзе ня ў злосьці, узяліся з табой за рукі, падышлі да яго, укленчылі і сказалі: так і так, наш добры бацячка, — я люблю Паўлінку, а я люблю Якімку — вельмі-вельмі — моцна, так, што і жыцьця нам аднаму без аднаго нямашака, ну дык супакойце нашы сэрцайкі, дайце нам пазваленьне ўзяць ды пажыніціся.

ПАЎЛІНКА

Э-э!!! Ня туды, мой дурненькі Якімка, паехаў! Уедзеш гэтак у нерат, што ні ўзад ні ўперад. Каб гэта яшчэ толькі з мамкай, то яно сяк-так, як табе ня раз я і казала, але са старым, дык чыстая бяда, настаяшчае гора. Хоць ты яму кол на галаве чашы, дык нічога ня выдзяўбеш. „На парог, кажа, каб і ня важыўся паказвацца; мазгаўню, кажа, гаду пашчапаю!“ Вось і рабі з ім, што хочаш! Каб мог, дык на першай асіне павесіў-бы цябе. Ну, і дзе-ж у такім разе набрацца сьмеласьці, ісьці кленчыць перад ім і прасіць пазваленьня?.. Задасьць такога пытлю і табе і мне разам, што і жаніцьба ў галаву не палезе.

ЯКІМ

Так, то яно так! Але я неяк усё яшчэ надзеі ня трачу, — а ну-ж адпусьціцца. Быў-жа такі час, што мяне любіў, ды нават у бядзе то тады, то сяды памагаў…

ПАЎЛІНКА

Быў час, але вадою сплыў. Памагаў, пакуль ня ўбачыў, што трэба і дачкою памагчы, а як да гэтага стала даходзіць, вось у ім і адазвалася шляхоцкая фанабэрыя. Другую песьню, цяпер пяе. Нож точыць… востра нож точыць родны мой татка на таго, каго сам калісь любіў і каго я палюбіла… (Устаючы, горача). І на векі вечныя любіць буду.

(Ідзе і папраўляе падушкі, за ёй — ЯКІМ, абнімае яе і садзяцца, абняўшыся на ложку).

ЯКІМ

(памаўчаўшы, ласкава)

Паўлінка!

ПАЎЛІНКА

(сьмяючыся)

Ізноў забыўся, як завуся?

ЯКІМ

А ты ізноў сваё… Слухай, міленькая: ці ты надумалася зрабіць тое, аб што я цябе надовічы прасіў і маліў? Сама-ж ты, золатца, казала мне ня раз і цяпер кажаш, што татка твой ні на якія просьбы ня згодзіцца. Значыцца, сама добра разумееш, што іншага выхаду для нас нямашака. А гэтак, як я казаў, будзе найлепей. Ці то мы будзем першыя, або апошнія? Янка Лукашонак з сваёй Зосяй так зрабілі, Ігнась Манякоўскі з сваёй Дамінісяй, ды і шмат хто… Бацькі спачатку пазлуюць, пазлуюць трохі і адпусьцяцца, — ведама, бацькаўскае сэрца. Вось мы з табой, міленькая, такім парадкам самі сабе шчасьце збудуем і нічыёй ласкі прасіць ня будзем. Адно, абы твая згода — і ўсё будзе добра. Я ўжо, прызнацца табе, гаварыў з папом. Ён заўтра прыяжджае ў Міхалішкі імшу адпраўляць, і заначуе ў ваколіцы. Ну, а мы к яму… раз, два і — гатова.

ПАЎЛІНКА

Думаць, то я думала, але неяк страшна. Можа-б было лепей, каб яшчэ трохі пачакаць, а то так скора, раптам… Хто сьпяшыць, той людзей сьмяшыць.

ЯКІМ

Якая ты нядобрая, Паўлінка! Ты зараз — страшна, страшна, пачакаць, пачакаць! Гэтак і ўсю сваю моладасьць пачаканкамі перачакаем. А так гэта дачэснае жыцьцё можна добра наладзіць, так добра, абы толькі ахвота ў нас была ды вытрываласьць.

ПАЎЛІНКА

А што калі зловяць? Гэта-ж я ня выжыву з сораму, людзі вочы выбяруць, нельга будзе на сьвет паказацца. Цяпер і то колькі ўсякай брыды ўслужлівыя суседзі і суседкі на нас вернуць, а што і гаварыць тады, як нам гэта „бог наш уцечка“ ня ўдасца.

ЯКІМ

Ня бойся, золатца, ня зловяць! Усё пойдзе гладка. Заўтра ў вас вечарынка; пасьля вечарынкі ўсе будуць спаць моцна, так што хоць з гарматаў страляй — нічога не пачуюць. Я ўсё акуратна прыгатую, ты толькі зьвяжаш у клумак што патрабнейшае, а там праз момант — і ты мая на векі вечныя.

ПАЎЛІНКА

(нібы са злосьцю)

Ня я твая, а ты мой на векі вечныя!

ЯКІМ

Ну, хай будзе, як Сора казала; але гэта толькі тады ў нас выйдзе, калі ты прыстанеш на тое, аб што я цябе прасіў і прашу.

ПАЎЛІНКА

(падумаўшы, сьмяючыся)

Ну, згода да… заўтрашняга дня, а там пабачым.

ЯКІМ

(павесялеўшы)

І даўно ўжо трэ‘ было гэтак сказаць, мая ты кветачка майская. Заўтра вечарам, як толькі ўсе паўкладаюцца, — я ўжо ў садзе пад вакном буду на цябе чакаць. Ты ваконца адчыніш лахі пад пахі ды скакель з хаты ў сад, як пятух!

ПАЎЛІНКА

Гэта ты, як пятух, а я, як…

ЯКІМ

(перапыняючы)

Як курыца.

ПАЎЛІНКА

Ня курыца, а як зязюлька.

ЯКІМ

Як зязюлька праз вакно фырр! а пятух цап, а поп крапілам пырсь! а там…

ПАЎЛІНКА

(сьмяючыся)

А там ізноў фырр!..

(Размахвае рукамі і хоча вырвацца. ЯКІМ мацней прыціскае яе к сабе і хоча пацалаваць; яна нібы бароніцца, а пасьля хватае яго за шыю, і доўга горача цалуюцца).

ЯКІМ

Ох, каб гэтак усё жыцьцё і кожную мінутку.

ПАЎЛІНКА

Ого! Разласаваўся!.. Аскому нагоніш, пакуль ахвоту спагоніш. (Прыслухаўшыся). Ой, недзе туркоча! ці ня едуць толькі нашы з торгу!

ЯКІМ

(прыслухаўшыся)

Такі-ж нехта едзе!

ПАЎЛІНКА

(сумна)

Значыцца, Якімка, трэба ўжо табе рабіць фырр!

ЯКІМ

(устаючы з уздохам)

Нічога не парадзіш — трэба!.. ОЙ, гэтыя бацькі! І чаму гэта ня родзяцца на сьвет дочкі без бацькоў!..

ПАЎЛІНКА

(устаючы)

Ах, чуць не забылася. Ці прынёс мне тое, што абяцаўся?

ЯКІМ

А як-жа, прынёс, маё ты золатца. (Дастае з кішэні фотографію і аддае ПАЎЛІНЦЫ).

ПАЎЛІНКА

(прыглядаючыся да фотографіі, весела)

Вот так добра! Заместа аднаго, маю ўжо двух: аднаго, што сам ходзіць да дзяўчат і рукам волю дае, а другога, што трэба насіць за… пазухай. (Сьмяецца).

ЯКІМ

(любуецца ёю, хватае і цалуе)

Ах ты, зязюлька мая ненаглядная!

ПАЎЛІНКА

(баронячыся)

Ну, ну пятушок! Не гарачыся; пасьпееш з козамі на торг. (Выпіхаючы ЯКІМА з хаты). Марш дадому! Раз, два, тры!..

ЯКІМ

(у дзьверах)

Помні, Паўлінка — заўтра!.. (Выходзіць).

ЗЬЯВА III

ПАЎЛІНКА (адна)

ПАЎЛІНКА

(папраўляе ложак, пасьля прыглядаецца да фотограіі, цалуе яе і хавае за пазуху, прыціскаючы грудзі рукамі)

А што, смачна? цёпленька?.. Га?.. Каля самага сэрцайка дзявочага… Пэўне чуеш, як яно, бедненькае, трапечацца. Выгадна табе тут, як нідзе, нікому!.. Але не, не! Гэтак не выпадае. Яшчэ трохі порана… Пасьлязаўтра — іншая рэч. А цяпер… (Ідзе к абразу). Пасядзі лепш, саколік, за абразікам. Седзячы гэтак у бога за плячыма, меней будзеш мець грэшных думак у галаве, чымся песьцячыся тут (паказвае) у маладой дзяўчыны.

(Напяваючы, падходзіць да сьцяны, хавае фотографію за абраз і, як ні ў чым ня бывала, садзіцца за шыцьцё).

Дый чым-жа твая, дзеванька,
Галоўка занята? (і г. д.)

ЗЬЯВА IV

ПАЎЛІНКА — СЬЦЯПАН — АЛЬЖБЕТА

СЬЦЯПАН

(п‘янаваты ўходзіць з Альжбетай з сенцаў і прыпявае)

Дзе мы едзем, дзе мы йдзём, —
Карчмы ня мінаем;
Дзе заедзем дзе зайдзём, —
Там і пагуляем.

АЛЬЖБЕТА

(кладучы пакупкі на куфар і, разьдзяваючыся, да Сьцяпана)

Не сьмяшы ты людзей. Калі падпіў, дык ляж спаць!

СЬЦЯПАН

Маўчы, баба!.. Ты, каханенькая, родненькая, нічога не разьбіраеш… Валасы доўгія, а розум кароткі. (Прыпявае)

Ой, там на гарэ
Мужык жонкай арэ,
А другая падбягае:
„Запражы-ж ты мяне“.

(Хоча абняць АЛЬЖБЕТУ)

АЛЬЖБЕТА

(адпіргнуўшы)

Ах ты гнілая качарэжка! Яшчэ можа табе чаго захочацца?..

СЬЦЯПАН

(выкручваючы нагамі)

Дзед боб малаціў,
Баба падсявала…

ПАЎЛІНКА

Тата! Ды кіньце ўжо!.. Ось лепей разьдзявайцеся ды можа чаго зьясьцё.

СЬЦЯПАН

А можа гэта і добра, каханенькая, родненькая... Каб так кіслай ды гарачай капусты. (Скідае вопратку і кладзе на куфар).

Скіну бурку, скіну боты
Дый надзену лапці;
Кожны дурань ці разумны —
Пан у сваёй хаце.

(Садзіцца за стол).

ПАЎЛІНКА

(кінуўшы шыцьцё на ложак, да Альжбеты)

Мамка, дастаньце з куфра настольнік, а я прынясу вам зьесьці. (Выходзіць).

ЗЬЯВА V

СЬЦЯПАН — АЛЬЖБЕТА

АЛЬЖБЕТА

(дастаючы настольнік з куфра)

З кім ты гэтак намурзаўся?

СЬЦЯПАН

(закурваючы люльку)

Я і з тым, я і з сім, а ты каханенькая, родненькая, згадай, — з кім?

АЛЬЖБЕТА

А немач цябе ведае з кім!

СЬЦЯПАН

Ці-ж не казаў, што ў цябе тут (торкаючы сабе пальцам у лоб) ня ўсе дома? Але слухай: з зяцем!

АЛЬЖБЕТА

(зьдзівіўшыся)

З зяцем?!

СЬЦЯПАН

Так, так, каханенькая, родненькая. Хто з сватам, хто з свацяй, а як Сьцяпан Крыніцкі, дык з родным зяцем.

АЛЬЖБЕТА

(накрываючы стол)

Такі праўду кажуць, што гарэлка людзей з поля зводзіць. Калі-ж ты ўсьпеў яго нажыць?.. Дачка яшчэ замуж ня вышла, а бацька ўжо зяця мае!

СЬЦЯПАН

Калі ня маю цяпер, дык буду мець у чацьвер. Гэта, бачыш, ён яшчэ толькі зьбіраецца падмазацца да нашай Паўлінкі; ну, а каб сьлізчэй усё пайшло, дык перш мяне ён падмазаў.

АЛЬЖБЕТА

(садзіцца)

Так-бы і казаў адразу. А хто-ж гэта такі?

СЬЦЯПАН

Адольф Быкоўскі!

АЛЬДЖБЕТА

Э-э! Я думала, хто там!.. Ажно нічога людзкога. Толькі езьдзіць ды нюхае, якая дзяўчына пасагу больш мае, а сам дык голы, як бізун.

СЬЦЯПАН

Пасаг нюхае, бо нос мае. Але ўсё такі гэта для нас блін ды яшчэ маслам падмазаны. Ён сам мне, каханенькая, родненькая, хваліўся, што яго гаспадарка ў сто раз лепшая ад усіх тутэйшых гаспадароў. За аднаго каня толькі, казаў, заплаціў сёлета тры сотні. „На гэтым-жа кані, кажа, заўтра да вас панства заедуся з кірмашу“. (Мацаецца па кішэнях, сам сабе). Дзе-ж бы яна падзелася?.. (Да АЛЬЖБЕТЫ). Ты, баба, ці ня бачыла кніжкі, што я купіў сягоньня? Дзе яна прапала?

АЛЬДЖБЕТА

А што я, пастушка над тваімі кніжкамі? Прапіў можа з гэтым сваім зяцем.

СЬЦЯПАН

(ідзе к куфру, знаходзіць у бурцы кніжку і кладзе яе за абраз, дзе Паўлінка палажыла фотографію).

Каханенькая, родненькая, ня думай, што я якую дрэнь выбраў сабе на зяця. Заўтра ён прыедзе, паглядзіш, дык адразу што другое запяеш. Адным словам хлапец: шляхоцкага заводу, з рызыкай, з усякай далікатнасьцяй і ўсё такое…

ЗЬЯВА VI

ПАЎЛІНКА — СЬЦЯПАН — АЛЬЖБЕТА

ПАЎЛІНКА

(уходзячы з міскай, з лыжкамі і хлебам пад пахай)

Аб кім гэта, татка, гаворыце, што мае ўсякую далікатнасьць і ўсё такое? (Ставіць яду на стол і садзіцца за шыцьцё).

СЬЦЯПАН

(ядучы)

Вельмі васпанна цікавая! Скора састарышся, каханенькая, родненькая, як усё будзеш ведаць.

ПАЎЛІНКА

(просячы)

Скажэце, скажэце, татачка!

СЬЦЯПАН

Ага, ні села, ні пала, захацела баба сала! Калі ўжо табе, каханенькая, родненькая, так хочацца, дык скажу. (З павагай). Знакам тым, гэты паніч з далікатнасьцяй і з усякім такім — мой зяць.

ПАЎЛІНКА

(пырснуўшы сьмехам)

Зяць?!

СЬЦЯПАН

Знакам тым, ён не саўсім яшчэ зяць, але скора на яго выкіруецца.

ПАЎЛІНКА

А як-жа годнасьць гэтага… гэтага, ну, як яго… што некалі татавым зяцем зробіцца?

АЛЬЖБЕТА

Ды гэты-ж, гэты… Ты, пэўне, яго бачыла некалі… Адольф Быкоўшчык.

ПАЎЛІНКА

Быкоўшчык!!

СЬЦЯПАН

Але. Але! Пан Адольф Быкоўскі.

ПАЎЛІНКА

Ну, хіба, татка, для яго другой дачкі пастараецеся, або самі з ім ажэніцеся, каб перарабіць яго з простага чалавека на свайго зяця.

СЬЦЯПАН

А ты што? Зломак?

ПАЎЛІНКА

Зломак — ня зломак, але і за ламаку не пайду.

СЬЦЯПАН

А дзяга на што?

ПАЎЛІНКА

На ўсё, толькі не на паганяку к замужству.

СЬЦЯПАН

Каханенькая, родненькая, яшчэ паглядзім, дзе каго пасадзім.

АЛЬЖБЕТА

(ядучы, да Сьцяпана)

Еш, вот лепей, чымся з пустога ў парожняе пераліваць. Як прыедзе сватацца, тады тое і будзе.

ПАЎЛІНКА

Татка ведаеш не сягоньня, за каго я толькі пайду, або за нікога…

СЬЦЯПАН

(зьмяніўшыся, кідаючы лыжку аб стол)

Што?.. За каго?..

ПАЎЛІНКА

(устаючы і ідучы к ложку)

За каго? За Якіма.

СЬЦЯПАН

(стукаючы кулаком па стале)

Маўчы, гадаўка! Раз сказаў, каб гэтага шэльмы і званьня ня было ў маёй хаце, каб яго імені я ня чуў ніколі… гэтага недавярка, гэтага… гэтага забастоўшчыка! Дык і не забывайся аб гэтым, каханенькая, родненькая…

ПАЎЛІНКА

(паірытавана)

Нашто дарэмшчыну вясьці. Ён нікому ніякай забастоўкі не рабіў і ня робіць.

СЬЦЯПАН

(закурваючы са злосьцю люльку)

Чорт яго бяры, ня тут успамінаючы, — рабіў, ці не рабіў. Знаць і бачыць не хачу яго ў сваёй хаце, гэтага хамуйлу, гэтае плюгаўства.

АЛЬЖБЕТА

Прыбірай, Паўлінка, ужо са стала!

ПАЎЛІНКА

(кінуўшы на ложак шыцьцё і ідучы к сталу)

А даўно гэта, татка, сам з ім цалаваўся?

СЬЦЯПАН

Каханенькая, родненькая, ня лезь у вочы. А не, то вон з хаты і цябе з гэтай дрэняй выганю.

ПАЎЛІНКА ідзе з міскай к дзьверам; неўспадзеўкі дзьверы адчыняюцца, увальваецца ў хату п‘яны ПРАНЦІСЬ ПУСТАРЭВІЧ, за ім — яго жонка. ПРАНЦІСЬ няўмысьля выбівае міску ў ПАЎЛІНКІ).

ПАЎЛІНКА

Ай, што-ж гэта, дзядзька, зрабілі?

ЗЬЯВА VII

ПАЎЛІНКА — СЬЦЯПАН — АЛЬЖБЕТА — ПРАНЦІСЬ — АГАТА

ПРАНЦІСЬ

Глупства, глупства, пане дабрудзею! Пахвалёны Езус. Собственно, адкупім, адкупім, вось-цо-да!

СЬЦЯПАН і АЛЬЖБЕТА

На векі.

АЛЬЖБЕТА

А мае-ж вы родненькія, ці-ж гэта вы ўсё яшчэ з рынку едзеце? Здаецца-ж, раней за нае выехалі?

ПРАНЦІСЬ

Собственно, вось-цо-да; кабыла заблудзіла, пане дабрудзею.

АГАТА

Тудэма-сюдэма, ці-ж гэта мачыляпа калі прыехаў у сваім часе дамоў? Ён-жа, як рызьнік, то туды, то сюды блытаецца на дарозе.

ПРАНЦІСЬ

Пане дабрудзею, тваё бабскае дзела — маўчаць! Я, собственно, вось-цо-да, спрытны, — тонка панімаю, што і як раблю.

АЛЬЖБЕТА

Ды садзіцеся-ж, мае міленькія!

АГАТА

Тудэма-сюдэма, куды тут садзіцца! Ноч на дварэ, кабыла за плотам, поўвярсты да дому, а гэты, тудэма-сюдэма, начніца касавокая, ня вытрываў, каб людзям не нарабіць у ночы неспакойства. (Садзіцца, а за ёй — іншыя).

СЬЦЯПАН

Э, што там такое! Высьпімся! Дзякуй богу, ночка не Пятровая, а Пакровая.

ПАЎЛІНКА

(падбіраючы чарапкі)

Заўтра госьці будуць, а дзядзька апошнюю міску стоўк. Трэба, каб на кірмашы дзьве адкупіў.

ПРАНЦІСЬ

Глупства, пане дабрудзею, глупства! Хаўтурнага, cобственно, вып‘ем па місцы. (Дастае з баковай кішэні пляжку, пацягае з яе і хавае назад).

АЛЬЖБЕТА

(сьмяючыся)

А каб гэта нам сваток даў гэтай сусолькі пассаць. Ці-ж мы з свацяй паскрэбкі…

ПАЎЛІНКА

(выходзячы з чарапкамі)

Ого! Гэтых сьвянцоных кропель дзядзька і канаючаму ня даў-бы, ня то, што… (Выходзіць).

ЗЬЯВА VIII

СЬЦЯПАН — АЛЬЖБЕТА — ПРАНЦІСЬ — АГАТА

ПРАНЦІСЬ

(у сьлед Паўлінцы)

Глупства, глупства, пане дабрудзею. Маладзенькая яшчэ, маладзенькая! Лазы трэба, собственно, вось-цо-да.

АГАТА

(да Альжбеты)

Што, свацейка, тудэма-сюдэма, добрага куплялі на рынку?

АЛЬЖБЕТА

Ат, сёе ды тое. Паглядзеце, калі хочаце. Нічога такога цікаўскага. (Устаюць і ідуць абедзьве да куфра і разглядаюць кінутыя на ім пакупкі).

ПРАНЦІСЬ

(да Сьцяпана)

Чуў, сват, пане дабрудзею, што сягоньня людзі казалі?

СЬЦЯПАН

Не, не, каханенькі, родненькі, ня чуў, ня было калі! А што?

ПРАНЦІІСЬ

Ды як-жа; вось-цо-да! Кажуць, пранцуз, пане дабрудзею, ідзе на Барысава па шапку і рукавіцы, што калісь там заставіў. Чатырыста тысяч войска з сабой вядзе і собственно…

АГАТА

(перабіваючы з месца)

Не чатырыста тысяч, а чатыры сотні тысячаў…

ПРАНЦІІСЬ

Глупства, глупства, пане дабрудзею. Усё роўна ідзе, вось-цо-да. Спранжыновы касьцёл з сабой нясе, пане дабрудзею.

АГАТА

(з мейсца)

Тудэма-сюдэма, не нясе, а на паветры, на машыне, што лётаюць, гэты касьцёл вязе.

СЬЦЯПАН і АЛЬЖБЕТА

(зьдзівіўшыся)

Ай-я-я! Аж на паветры касьцёл вязуць!..

АГАТА

Але-ж, але! Тудэма-сюдэма, я сама на свае вушы чула.

СЬЦЯПАН

Во калі пайшло ўсё ўверх нагамі! Як паставяць гэты спранжынавы касьцёл, то можна будзе спадзявацца і для нашага брата якога-такога палягчэньня. Дзякуй богу, дзякуй богу!!! А вось мая гэта ахмістрыня, дачушка мая сакатушка, сплуталася з гэтым… з гэтым бязбожнікам, і хоць ты ёй вар на галаву лі.

ПРАНЦІСЬ

Маладзенькая, собственно, вось-цо-да. Бярозавай кашы ня шкодзіла-б, пане дабрудзею.

АЛЬЖБЕТА

Дужа трудна паладзіць з цяперашняй моладзьдзю. Пайшло такое распуства на сьвеце, што ня дай божа! Заместа кніжак ды набажэнства — чытаюць нейкія дрындушкі. Вецер ува ўсіх па галаве ходзіць. Гэта-ж мне калісь сказалі: ідзі за Сьцяпана, — я і пайшла бяз ніякай спрэчкі са сваімі старымі.

АГАТА

А так, так, тудэма-сюдэма! і мой, як да мяне пасватаўся, бацька нябожчык і кажа: ідзі, бо ўсё роўна ніхто цябе лепшы ня возьме; я падумала, тудэма-сюдэма, ну і пашла; (Глядзяць абедзьве на сваіх мужоў, пасьля — адна на адну, плююць кожная у другі бок і разглядаюць ізноў клункі).

ПРАНЦІСЬ

Так, так, пане дабрудзею, іначай калісь было. (Дастае пляшку і п‘е, а пасьля дае СЬЦЯПАНУ). Собственно, глупства, вось-цо-да, было, а ты, сват, выпі, каб тое, што было, у памяці не сядзела. (СЬЦЯПАН п‘е, ПРАНЦІСЬ прытрымлівае за пляшку, каб той залішне ня выпіў).

СЬЦЯПАН

(абціраючы вусы ды сплёўваючы)

Шчыпецца, каб яе гаручка!

ПРАНЦІСЬ

(хаваючы гарэлку)

Ага, вось-цо-да, шчыпецца, собственно, бо чужая, пане дабрудзею. (Абодва закўрваюць).

АЛЬЖБЕТА

(да Агаты)

А ці заўтра, свацейка, будзеце на кірмашы?

АГАТА

Ды трэба-ж будзе як сьцягацца.

ЗЬЯВА IX

ТЫЯ-Ж І ПАЎЛІНКА

ПАЎЛІНКА

(уходзячы, да Альжбеты)

Можа-б, мамка, прыціснулі сыр, бо да заўтрашняга не адцісьнецца.

АЛЬЖБЕТА

Яшчэ пасьпее… Дай мне з цёткай разгаварыцца.

ПАЎЛІНКА

Ідзеце, ідзеце, мамка, з я за вас з цёткай пагавару.

АГАТА

Ідзеце, свацейка, тудэма-сюдэма, не зважайце на мяне. Мы тут з Паўлінкай пачакаем на цябе.

АЛЬЖБЕТА

(выходзячы)

Ну, як сабе хочаце. (ПАЎЛІНКА з АГАТАЙ садзяцца на куфры і жыва аб чымсьць гавораць).

ЗЬЯВА X

ПАЎЛІНКА — СЬЦЯПАН — ПРАНЦІСЬ — АГАТА

СЬЦЯПАН

Знаеце, сваток, гэтага, гэтага… як ён… а каб цябе… (Да ПАЎЛІНКІ). Паўлінка, як гэты завецца, што мяне сягоньня падмазываў?

ПАЎЛІНКА

(з месца)

А скуль-жа я магу ведаць, хто татку мазаў?

СЬЦЯПАН

Ну, гэты-ж?.. каб ён цяміўся… зяць, зяць!

ПАЎЛІНКА

(прыпамінаючы)

Як-жа ён, як?.. Здаецца, Бык… Бычок…

СЬЦЯПАН

Ага, ён, ён. Не, ня так! Быкоўскі, каханенькая, родненькая, вось як. Пан Адольф Быкоўскі. (Да ПРАНЦІСЯ). Дык бачыш, сваток, ён, значыцца, падлабуніваецца да маёй Паўлінкі. Што ты на гэта?

ПРАНЦІСЬ

(дастаючы гарэлку)

Глупства, глупства, пане дабрудзею. Собственно, бычок, вось-цо-да, больш нічога. (П‘е і дае гарэлкі СЬЦЯПАНУ).

СЬЦЯПАН

(выпіўшы)

Заўтра, знакам тым, прыедзе абнюхаць, як і што, дык і сваток са сваёй загляньце да нас. А ну-ж, каханенькі, родненькі, можа які гандаль будзе наладжвацца, дык прыкінеш якое слаўцо. Прыедзьце толькі.

ПРАНЦІСЬ

Глупства, пане дабрудзею, і прыйсьці можна. Собственно блізка, вось-цо-да.

СЬЦЯПАН

Блізка, то блізка, але каб ня было сьлізка: на дождж як-бы зьбіраецца.


ПАЎЛІНКА

(з месца)

А ці татка каня паілі?

СЬЦЯПАН

Не, каханенькая, родненькая. Зараз пайду. (Да ПРАНЦІСЯ). Можа разам з сватам пойдзем? Я свайго напаю, а сват свайго паглядзіш, ці добра прывязаны.

ПРАНЦІСЬ

Глупства, пане дабрудзею. Собственно, жонка завязе, калі-б кабыла ўцякла. (Да АГАТЫ). Праўда, баба?

АГАТА

(з месца)

Што — праўда?

ПРАНЦІСЬ

Собственно, калі-б кабыла ўцякла, то мяне тады ты дамоў завязеш, пане дабрудзею.

АГАТА

А каб ты, тудэма-сюдэма, бокам езьдзіў! Ідзі скарэй, паглядзі! Гэта-ж і мне з памяці зышло.

СЬЦЯПАН

Пойдзем, каханенькі, родненькі. (Абымаюцца і сланяючыся выходзяць, напяваючы).

Чаму-ж нам ня пець,
Чаму-ж ня гудзець,
Калі ў нашых хатачках
Парадак ідзець?

ЗЬЯВА XI

ПАЎЛІНКА — АГАТА

ПАЎЛІНКА

Але-ж калі я яго люблю, цётачка.

АГАТА

Мала што, дзеткі, тудэма-сюдэма, любіш яго, але калі бацька ня хоча, дык падумай, што людзі скажуць, як супроці волі старых пойдзеш.

ПАЎЛІНКА

А што там людзі? Яны з ім жыць за мяне ня будуць, і па маёй сьмерці за мяне пакутаваць ня будуць. Пагавораць, пагавораць ды перастануць, як намазоляць языкі.

АГАТА

Як уважаеш, мае дзеткі. Што-ж, я, тудэма-сюдэма, нічога не дараджу.

ПАЎЛІНКА

(заламаўшы рукі на каленях)

Калі ён такі добры, такі разумны, што і сказаць не магу.

АГАТА

Усе яны добрыя, пакуль не ўбярэ каторы дзяўчыны ў свае рукі, а як убярэ, тады на іншы лад, тудэма-сюдэма, зайграе, а ты танцуй пад яго дудку. І мой, пакуль толькі сватаўся да мяне, — патульны быў, як цялё, а як ажаніўся, дык праўдзівым ваўком зрабіўся.

ПАЎЛІНКА

(як-бы не зважаючы на гаворку Агаты)

Кніжкі мне прыносіў… Хораша так аб усім расказваў… як трэба жыць, як людзей трэба ўсіх любіць, і шмат, шмат чаго. І любіць-жа ён гэтых людзей зусім неяк ня так, як мы іх любім. Гэта-ж трэба ведаць, столькі мой тата на яго ўсякай дарэмшчыны нагаварыў і ачарніў, а ён хоць-бы што. „Ведама, кажа, чалавек: яму нешта абышло, ці не спадабалася, дык і памстуе. У нас, кажа, усё ідзе ня так, як трэба. Людзі, кажа, у нас, як зьвяры: адзін на другога кідаюцца, адзін другога цкуюць, пад‘юджваюць, ненавідзяць адзін другога. Змалку дзён, кажа, прывыкаюць у ненавісьці жыць, змалку дзён іх да гэтага вучаць і дома і за домам. Сьляпыя, кажа, усе сьляпыя. Адзін над другім ня маюць ніякай літасьці, хоць усіх душаць зьверху ўсялякія пошасьці ды злыдні“.

АГАТА

Чула я, чула аб ім ня раз. Вельмі ўжо, кажуць, тудэма-сюдэма, разумны і добры ён.

ПАЎЛІНКА

(ажывіўшыся)

А што-ж, ці ня праўда? І ўсё-б было добра, каб ня гэты тата: хоць нямаведама што рабі з ім…

АГАТА

Трэба, дзеткі, пачакаць, ану-ж, тудэма-сюдэма, ліха перамелецца і ўсё добра будзе.

ПАЎЛІНКА

Трэці год, цётачка, чакаем і нічога ня выходзіць. Трэці год трасуся і выглядаю тэй часінкі, каб толькі з ім пабачыцца. Павешуся, цётачка, павешуся, калі мяне з ім разлучаць!..

АГАТА

(хрысьцячыся)

Мёйца, сына! Тудэма-сюдэма, што ты, Паўлінка? Пабойся бога гэткія рэчы гаварыць напроць ночы! Цьфу! матачка найсьвентшая!

ПАЎЛІНКА

(паказваючы)

Калі тут, цётачка, так пад сэрцам баліць, што і жыць неўмагату. Такі ён міленькі, такі прыгожанькі, такі паслухняны… (Загледзеўшыся ў даль). Калі яшчэ з татам былі яны добра, прыдзе, бывала, вады за мяне прынясе, дрэўкі нашчапае. Не глядзіць на тое, што калісь вучыўся, а цяпер сам вуча і большых і меншых. Ніколі ад яго слова благога ня чула. Так, ведаеце, цётачка, і хочацца з кім-колечы аб ім гаварыць і думаць без канца і пачатку. І чаму я такая няшчасная? (Са сьлязьмі). Бацька родны хоча мяне адарваць ад таго, хто мяне цяпер мілей ад усяго чыста — жыцьця, хаты роднай, цэлага сьвету. Ё чаму-ж я такая няшчасная?

АГАТА

(тулячы да сябе Паўлінку, праз сьлёзы)

Ціха, мае дзеткі, ціха. Не гаруй, не маркоцься, міленькая, вельмі. Неяк-жа ды будзе. Бог найвышэйшы, тудэма-сюдэма, міласэрны, і аб тваёй тут цяжэнькай долі не забудзецца.

ПАЎЛІНКА

(як-бы збудзіўшыся)

А няхай сабе будзе, што мае быць, — я свайго такі даб‘юся, або згіну, каб і сьледу не засталося.

АГАТА

А ўсё-ж такі, скажы мне, дзеткі, чаму так твой тата на яго заеўся?

ПАЎЛІНКА

Бо… бо Якім з мужыкоў…

ЗЬЯВА XII

ПАЎЛІНКА — АГАТА — СЬЦЯПАН — ПРАНЦІСЬ

ПРАНЦІСЬ

(за дзьвярыма)

Глупства, вось-цо-да. Ня дзе падзелася! Я знаю, собственно, дамоў уцякла, пане дабрудзею.

СЬЦЯПАН

(уходзячы ў хату, а за ім — Пранцісь)

І трэ‘ было-ж свату так дрэнна яе прывязаць, ды ў гэткую яшчэ цемру.

АГАТА

(усхапіўшыся)

Каго прывязаць?

ПРАНЦІСЬ

Кабылу, кабылу, пане дабрудзею. Ужо-ж не цябе, вось-цо-да.

АГАТА

Дык дзе-ж кабыла?

ПРАНЦІСЬ

(дастаючы пляшку)

Собственно, няма кабылы, дзе была, вось-цо-да, пане дабрудзею.

АГАТА

(падбягаючы да Пранціся з кулакамі)

Дык чаго-ж ты, тудэма-сюдэма, несьвянцоная костка, разсеўся, як у сваёй хаце!

ПРАНЦІСЬ

(пацягваючы з бутэлькі)

Глупства, глупства, вось-цо-да. Пасьвенцім, собственно, пане дабрудзею, калі несьвянцоная.

АГАТА

(хоча вырваць пляшку, Пранцісь не дае)

Вот я цябе зараз, тудэма-сюдэма, як высьвенчу гэтай пляшкай па галаве, дык і сваіх не пазнаеш, няшчасны ты „вось-цо-да“. (Галесячы). А божа-ж мой, бацюхна мой! Нашто мяне пакараў гэтай, тудэма-сюдэма, п'яніцай, гэтай недарэкай, гэтай куксамордай, гэтай… гэтай…

ЗЬЯВА XIII

ТЫЯ-ж і АЛЬЖБЕТА

АЛБЖБЕТА

(убягае, трымаючы ў руцэ клінок з тварагом)

Што гэта ў вас тут парабілася, мае міленькія?

ПАЎЛІНКА

Кабыла дзядзькава ўцякла, ці хто ўкраў. (Ідзе, садзіцца на ложак і шые).

АЛБЖБЕТА

(да Пранціся)

Дык чаго-ж, сватка, чакаеце? Бяжэце скарэй дамоў, — пэўне там; гэта-ж ёй не пяршыня.

АГАТА

Ці-ж гэту, тудэма-сюдэма, трухлявую калоду зрушыш з месца! Сядзіць-жа вось анцыхрыст, каб яму моль пяты пабіла, і з месца не скранецца.

СЬЦЯПАН

(закурваючы люльку)

Супакойцеся, свацьця. Кія дзе яна дзенецца. Каханенькая, родненькая, яна дома, напэўна дома.

АГАТА

(закурваючы люльку)

А сват, тудэма-сюдэма, ня сунься з сваім носам туды, куды цябе ня просяць. (Да ПРАНЦІСЯ). Ідзем! Чуеш, ці не!..

ПРАНЦІСЬ

(устаючы)

Глупства, пане дабрудзею, глупства. Мае мазгі спрытныя. На табе, вось-цо-да, паеду, собственно, дамоў.

АГАТА

(выводзячы Пранціся)

Бывайце здаровы! Пахвалёны Езус!.. Падла гэты, ламака, нарабіў работы! (Выходзяць, за імі — АЛЬЖБЕТА з клінком).

ЗЬЯВА XIV

ПАЎЛІНКА — СЬЦЯПАН

СЬЦЯПАН

Ох, і даюцца-ж гэтыя сваякі ў знакі. Але, дзякуй богу, дзьве дзюркі ў носе і сканчылося, — ужо пазбыўся.

ПАЎЛІНКА

А даўно гэта таткаў гняды ўцёк з Лужанкі, і татка дамоў пехатой прытрапаў?

СЬЦЯПАН

Што было, тое сплыло і болей, каханенькая, родненькая, ня будзе, як кажуць людзі.

ПАЎЛІНКА

Паглядзім. Заўтра кірмаш.

СЬЦЯПАН

Ня бойся, каханенькая, родненькая. Я кабылу злаўлю, але і ты глядзі, каб мне таго зяця злавіла, аб якім я табе сягоньня гаварыў.

ПАЎЛІНКА

Што ён конь, ці вол, каб я яго яшчэ мела лавіць?

СЬЦЯПАН

Ня конь і ня вол, а так сабе, дойная жывёліна.

ПАЎЛІНКА

Дык татка яго і дойце, калі ён для вас такі дойны, а я і ня думаю.

СЬЦЯПАН

Нічагутанькі, каханенькая, родненькая. Надумаешся, ваша, як пакармлю бярозавай кашай. Вось толькі каб пагода была добрая, а то казаў ён, што на кірмаш не паедзе, калі будзе дождж ісьці.

ПАЎЛІНКА

Ліха ня возьме! Гэткі цукер не размокне.

СЬЦЯПАН

Каханенькая, родненькая, як скажу, так і будзе; дзьве дзюркі ў носе і сканчылося. Вось толькі трэба даведацца, ці будзе напэўна заўтра пагода. Купіў я сягоньня каляндар — нейкі беларускі, як кажа крамнік. Пытаўся ў яго, ці піша аб пагодзе, дык крамнік гавора мне, што аб пагодзе напісана ў ім болей, як аб чым іншым. Значыцца, паглядзім праўды. (ідзе і дастае з-за абраза каляндар, адтуль валіцца на зямлю фотографія. ПАЎЛІНКА, саскочыўшы з ложка, падбягае падняць яе, але не пасьпявае).

СЬЦЯПАН

(падымаючы фотографію)

А гэта што такое?

ПАЎЛІНКА

(хочучы адабраць)

Гэта мая. Аддайце мне, тата!

СЬЦЯПАН

Я пытаюся — хто гэта?

ПАЎЛІНКА

Ці-ж, тата, ня бачыце?

СЬЦЯПАН

(са злоснай насьмешкай)

Ха-ха-ха! Якім!.. Хай-жа ён прападзе саўсім.

(Хоча рваць, Паўлінка адбіраць)

ПАЎЛІНКА

(скрозь сьлёзы)

Аддайце, татачка, аддайце, ня рвіце! ня зьдзекавайцеся над ім…

СЬЦЯПАН

(адпіргнуўшы ад сябе Паўлінку)

Адчапіся ад мяне, гіцлёўка! Я вам тут наразводжу шашняў…

(Стукат у сенцах. Уходзяць — ПРАНЦІСЬ, АГАТА, а за імі — АЛЬЖБЕТА, ПАЎЛІНКА стаіць патупіўшыся, глытаючы сьлёзы, і скубе пальцамі фартух).

ЗЬЯВА XV

ПАЎЛІНКА — СЬЦЯПАН — АЛЬЖБЕТА — ПРАНЦІСЬ, — АГАТА

ПРАНЦІСЬ

Глупства, пане дабрудзею. Я, вось-цо-да, казаў, собетвенно, ня дзе падзенецца.

АГАТА

(дражнячы)

Вось-цо-да, вось-цо-да! Сам кабылу, тудэма-сюдэма, паставіў у вас пад паветкай, а шукае за плотам. Дарма толькі поўзалі і сьлядоў прыглядаліся.

АЛЬЖБЕТА

Ну, дзякуй богу, што хоць нашлася. (Да СЬЦЯПАНА). Што ты там круціш у руках?

СЬЦЯПАН

(тыкаючы фотографію ў твар Альжбеце)

На, на! любуйся, якія празэнты атрымлівае твая дачушка!

АЛЬЖБЕТА

(закрываючы рукой твар)

Чаго соваешся… Такая яна і твая, як мая.

СЬЦЯПАН

Лжэш! Каб яна была мая, то была-б такая, як і я.

ПРАНЦІСЬ

Пакажы, пакажы, пане дабрудзею, што гэта за птушка?

СЬЦЯПАН

(паказваючы)

На, глядзі, сваток! Павіншуй мяне з такой дачушкай і з гэтым, з гэтым гарэтыкам!

ПРАНЦІСЬ

(разглядаючы)

Эгэ! Гэта гэты разумненькі, вучоны, грамацей… Собственно, Сарока, вось-цо-да.

СЬЦЯПАН

Але-ж, але! Якім Сарока.

АГАТА

(да Сьцяпана)

Тудэма-сюдэма, пакажэце і мне, сватка.

ПРАНЦІСЬ

(да Агаты)

Ты, пане дабрудзею, баба, ня лезь сюды з цікавым носам. Собственно, пільнуй сваёй спадніцы і панчохаў, вось-цо-да. А мы суд, суд зробім… правы і скоры.

ПАЎЛІНКА

(падходзячы да Альжбеты, ласкава)

Мамачка, адбярэце яе ў таткі.

АЛЬЖБЕТА

Што я з ім, дзеткі, зраблю? Яшчэ біцца будзе…

СЬЦЯПАН

(да Пранціся)

А добра, сватка, кажаш. Зробім суд, перасуд, добрым складам над гэтым гадам. А які?

ПРАНЦІСЬ

А такі, пане дабрудзею: стражнікаў паклікаць, спраўніку данясьці. Собственно, інквізытарскі суд зрабіць — па палавіне шась! і гатова, вось-цо-да.

ПАЎЛІНКА

(кідаючыся да Сьцяпана і цалуючы яму рукі, скрозь свлёзы)


Татачка, аддайце! Ня зьдзеквайцеся над ім!.. Ён-жа вам нічога благога не зрабіў…

СЬЦЯПАН

(са злосьцю)

Спаць, спаць пайшла, калі гэткага знайшла! Спаць! (Рве фотографію).

ПАЎЛІНКА

(з плачам апускаючыся на лаву)

Татка згубіць мяне хочаце… Гвалтам з хаты выгнаць.

ПРАНЦІСЬ

(дастаючы пляжку)

А цяпер, собственно, вып'ем хаўтурнага, вось-цо-да. (Пье).

ПАЎЛІНКА

(усхапіўшыся з лавы, кідаецца да Пранціся)

Па кабыле сваёй пі хаўтурнага, а не па чалавеку, якога і падноскаў ня варт! (Вырываючы і разьбіваючы аб землю пляжку). Вось-цо-да!

ПРАНЦІСЬ

(разьвесіўшы рукі, зьдзіўлены, як і ўсе)

О-о-о!!.

ЗАСЛОНА

Акт другі правіць

АКТ ДРУГІ

(Тая-ж самая — што ў першым акце — сьвятліца. За сталом сядзяць: СЬЦЯПАН АЛЬЖБЕТА і госьці — тры хлопцы і тры дзяўчыны. Мужчыны сядзяць з аднаго канца стала, а жанчыны — з другога. П‘юць гарбату, наліваючы на сподкі; закусваюць. Дзяцбкі з дзяўчатамі жартуюць, перакідваючыся крошкамі ад хлеба. З левай стараны (гледзячы ад публікі) пры сьцяне ад бакоўкі — сядзяць два музыкі і, зводзячы інструманты, сьціха перагаварваюцца між сабой. Ля дзьвярэй ад сенцаў, у канцы куфра, на табурэце стаіць самавар. ПАЎЛІНКА, прыбраўшыся пасьвяточнаму, увіхаецца каля гасьцей. Трохі ў твары зьмяніўшыся; час-ад-часу ўздыхае і няўзнак паглядае ў акно; адно стараецца быць з усімі вясёлай і бойкай. Як падымаецца заслона — ПАЎЛІНКА нясе гарбату.)

ЗЬЯВА I

ПАЎЛІНКА — СЬЦЯПАН — АЛЬЖБЕТА — ГОСЬЦІ — МУЗЫКІ

ПАЎЛІНКА

(стаўляючы гарбату перад Сьцяпанам)

Што-ж гэта нешта татавага зяця так позна ні слуху, ні духу? Ці ня зьнюхаў ён, што ў мяне пасагу нямашака?

СЬЦЯПАН

Каханенькая, родненькая, не бядуй. Ня будзе Гірша, будзе чорт іншы.

ПАЎЛІНКА

(насьмешліва)

Мала што будзе… Але-ж, калі мяне ўжо неяк, як цмокам, стала цягнуць да гэтага Бык… Бычка… Ах, як яго?..

СЬЦЯПАН

(з націскам)

Быкоўскага.

ПАЎЛІНКА

(падходзячы да другога канца стала)

Можа Адэльцы яшчэ шкляначку?

АДЭЛЬКА (госьця)

(баронячыся)

Дзякуй. Ужо напілася.

АЛЬЖБЕТА

Ды бяры! Што там пытаешся! Панна Адэля толькі дзьве выпіла.

АДЭЛЬКА

Калі-ж болей ня хочацца.

ПАЎЛІНКА

(забіраючы шклянку)

Вып‘еш, вып‘еш, Адэлька, — зьмесьціцца.

АЛЬЖБЕТА

(падсоўваючы госьцям яду)

Старайцеся, госьцікі, старайцеся. Вось — сыр, масла, вандліна! Такі-ж сягоньня трохі папрацавалі каля полькі да лявоніхі.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

(перажоўваючы і сёрбаючы)

Дзякуй, дзякуй! Мы стараемся.

СЬЦЯПАН

Чым хата багата — тым рада. Хлеб на стале, — рукі свае. Выбачайце толькі, каханенькія, родненькія, што гарэлкі няма. Але я ў гэтым не вінават. Хацеў узяць у Міхалішках, дык, як на ліха, манаполька цэлы дзень была закрыта.

МУЗЫКА

(у бок ад другога)

Каб не салгаў, дык-бы і ня жыў. Я сам бачыў, як пасьля імшы адбываўся з пляшкамі пры манапольцы нешпар.

ДРУГІ МУЗЫКА

Слухаць! Скнэра і больш нічога.

ПАЎЛІНКА

(паставіўшы Адэлі шклянку, да аднаго з гасьцей)

Можа пан Вінцусь яшчэ вып‘е?..

ВІНЦУСЬ (госьць)

(уціраючы канцом настольніка губы і лоб)

Яно-б то было ўжо і досыць, але, калі панна Паўлінка так пекна просіць, дык можна яшчэ са шкляначку.

ПАЎЛІНКА

(ідучы са шклянкай)

Гэты ўжо дык пятую шклянку бабохае…

СЬЦЯПАН

(да Альжбеты)

Ці добра хаця ты прасіла Пустарэвічаў? Чаму іх так доўга няма?

АЛЬЖБЕТА

Каб і не прасіла, то прыедуць. (З насьмешкай). Пэўне, собственно, кабыла заблудзіла.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ

Штось сягоньня на кірмашы Якіма Сарокі ня было. А то, бывала, такім франтам пахаджывае, што куды мяне вядзеш, пусьці мяне к чорту.

ПАЎЛІНКА

(стаўляючы гарбату)

А пану Банадысю зайздрасьць, што так прыадзецца не патрапіць, хоць мо‘ і мае за што.

ГОСЬЦЬ

Чымся грошы траціць на адзежу, я лепей іх каму пазычу.

ПАЎЛІНКА

(садзючыся на ложку)

І працэнцік добры злуплю, каб аж у пяты другому закалола.

ГОСЬЦЬ

(самадавольна)

Хе-хе-хе! А паньне Паўлінцы злосьць яшчэ не адышла, што калісь гэтаму ягамосьці Сароцы ні за які працэнт не пазычыў.

ПАЎЛІНКА

Вельмі-ж яму гэтым і не пашкодзілі. Нашліся людзі, што і без працэнтаў пазычылі і далі яму магчымасьць паехаць на настаўніцкія курсы. Цяпер нічыёй ласкі не патрабуе.

АДНА З ГАСЬЦЕЙ

Пэўне, што не! Такі чалавек нідзе не прападзе.

СЬЦЯПАН

(прыслухваючыся дагэтуль гутарцы аб Сароцы)

Каханенькія, родненькія, кіньце аб гэтым сьвінапасе гаварыць. Прыелася ўжо мне гутарка аб ім горш горкай рэдзькі. І ці гаманеце аб ім, ці не гаманеце — усё роўна нічога ня выйдзе. Я ўжо яму даў дарогу.

ПАЎЛІНКА

(неспакойна)

Якую дарогу?

СЬЦЯПАН

А ты, каханенькая, родненькая, ня слухай вушы разьвесіўшы, ды лепей гасьцей глядзі. Дзьве дзюркі ў носе і сканчылося.

(Нейкую хвіліну ціха. ПАЎЛІНКА падходзіць браць шклянкі, але ўсе адказваюцца)

АЛЬЖБЕТА

Што-ж, выбачайце, госьцікі. Не хацелі піць і есьці, пасьля самі будзеце жалець.

СЬЦЯПАН

Выбачайце, выбачайце, каханенькія, родненькія, адно не скажэце, што ўсяго было ўдаволь, толькі прынукі ня было.

КОЛЬКІ ГОЛАСОЎ

(устаючы з-за стала)

Дзякуем, дзякуем пану гаспадару і пані гаспадыні. Падмацаваліся, хвала богу, як лепей ня трэба.

ПАЎЛІНКА

(устаючы з ложка)

Проша паненак сюды прысесьці, а, паны кавалеры, вазьмеце сабе табурэцікі ды вось тут падсядзьце, а я тымчасам пачастую гарбатай нашых музыкаў.

СЬЦЯПАН І АЛЬЖБЕТА

(вылазячы з-за стала)

А як-жа — трэба, трэба!

(Дзяўчаты садзяцца на ложку, а каля іх на табурэтах; жартуюць між сабой).

АЛЬЖБЕТА

(падходзячы да музыкаў)

Хадзеце, міленькія, выпійце са шкляначку гарбаты.

МУЗЫКІ

Дзякуем пані! Мы ўжо сягоньня пілі.

АЛЬЖБЕТА

Мала што калі было, а цяпер трэба яшчэ падмацавацца.

(Забірае інструмэнты і кладзе іх на куфар, садзіць музыкаў за стол і сама садзіцца. Да ПАЎЛІНКІ).

А ты, дзеткі, налі музыкам гарбаты!

СЬЦЯПАН

(закурваючы люльку)

Выбачайце толькі, каханенькія, родненькія, што гарэлкі няма.

МУЗЫКІ

І бяз гэтых кропель будзем жывы.

(Чуваць стукат у сенцах)

СЬЦЯПАН

А бач, нехта такі хоць нарэшце зьявіўся. Трэба ісьці ды глянуць, а то яшчэ ў дзьверы ня луча. (Ідзе).

АДНА З ГАСЬЦЕЙ

Нясі, божа нежанатага ды багатага!

АДНА З ГАСЬЦЕЙ

Жаніць будзем!

ПАЎЛІНКА

(стаўляе музыкам гарбату, падходзе і глядзіць у вакно. У бок)

Ах, як-жа цёмненька!

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ

Каго так, панна Паўлінка, выглядаеце?

ПАЎЛІНКА

Таго-ж — нежанатага ды багатага.

ЗЬЯВА II

ТЫЯ-Ж і АДОЛЬФ БЫКОЎСКІ.

СЬЦЯПАН

(спатыкаючы Адольфа ў дзьверах)

А-а! Нарэшце зьявіўся, дарагі госьцік! Што-ж гэта, каханенькі, родненькі, так доўга чакаць на сябе нас заставіў?

АДОЛЬФ

(вешаючы пальто на сьцяне каля парогу)

Пахвалёны ў хату!

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

На векі! На векі!

АДОЛЬФ

(вітаючыся са Сьцяпанам)

Выбачайце, што трохі прыпазьніўся. Але гэта вінават мой жарабец. Як панёс з гары, што каля Прытыкаў, — і мяне выкінуў, і вось зламаў, так што аж мусіў другую каламашку ўзяць; праз тое і замарудзіў.

АДЗІН З МУЗЫКАЎ

(у бок да другога)

Каб ён толькі дыхаў. Які яго чорт нёс! Прыстаў конь, ды ўсё тут.

ДРУГІ МУЗЫКА

Няўжо-ж што. У мае вочы заплаціў вясной за нейкую здыхляціну трыццаць рублёў, і тая ўжо скарэй яго панясе.

СЬЦЯПАН

(да Адольфа)

Проша-ж, проша далей, сюды, дзе бліжэй кут і дзе ўсе тут.

АДОЛЬФ

Дзякую, дзякую вашэці. Проша са мной клопату не рабіць.

(ідзе і з усімі вітаецца; АЛЬЖБЕТУ цалуе ў руку, стоячы к ёй бокам і ня згінаючыся).

АЛЬЖБЕТА

Проша, пана Адольфа, проша за стол! Можа вып‘еце гарбаты і чаго закусіце? (Да ПАЎЛІНКІ). Паўлінка, налі пану Быкоўскаму гарбаты!

АДОЛЬФ

(садзячыся за стол з другога канца ад музыкаў і закурваючы папіроску)

А што-ж у васпанства добрага чуваць?

СЬЦЯПАН

(прысаджваючыся к сталу)

Ды што ў нас чуваць? — Старая баба ня хоча здыхаць, а маладая замуж ісьці.

АДОЛЬФ

(самадавольна)

Хе-хе-хе! Старую трэба пшыдусіць, а маладую пшымусіць.

АЛЬЖБЕТА

(да Сьцяпана)

А, ваша, схадзі паглядзі, ці добра прывязаны конь пана Быкоўскага.

АДОЛЬФ

Ня турбуйцеся. Я яго добра прывязаў.

СЬЦЯПАН

Каханенькі, родненькі, хоць і прывязаў, але сена пэўна ня даў. У нас так: госьць як папала, а жывёліну дык трэба добра дагледзець. (Выходзіць).

ЗЬЯВА III

ТЫЯ-Ж БЕЗ СЬЦЯПАНА

ПАЎЛІНКА

(стаўляючы перад Адольфам гарбату і сама садзячыся аподаль)

Што-ж гэта пана Адольфа конь хацеў разьнясьці?

АДОЛЬФ

А як-жа! Тры сотні вясной заплаціў, і толькі клопату нажыў. Але ў мяне ўсё так! Каровы мае кожная варта па якой сотні рублёў; як загілююць летам, дык і на добрым кані іх ня ўгоніш.

ПАЎЛІНКА

(хітравата)

Пэўне і авечкі ў пана Адольфа таксама гілююць?

АДОЛЬФ

А так, так! Маю пятнаццаць старых і дваццаць маладых. Як ударыць гарачыня, дык яны чуць ня ўсе чыста круцяцца на адным месцы.

ПАЎЛІНКА

(ідучы па гарбату для сябе, у бок)

Матыліцы авечак мучаць, як і сам тут (паказваючы пальцам на сваю галаву) матылі мае, а думае, што яны зыгуюць.

АЛЬЖБЕТА

Якія-ж сёлета ўраджаі ў пана Адольфа?

АДОЛЬФ

А нішто сабе. (Відам лгучы). Жыта нажаў коп са дзьвесьці, аўса таксама са дзьвесьці, ячменю — з сотню.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ

А колькі-ж у пана зямлі?

АДОЛЬФ

Валокі з паўтары добрыя будзе.

ГОСЬЦЬ

І лес ёсьць?

АДОЛЬФ

(абціраючы хустачкай лоб)

А як-жа — ёсьць: з паўвалокі, калі ня болей. Сосна ў сасонку!

ГОСЬЦЬ

І сенажаць ёсьць?

АДОЛЬФ

Ёсьць, ёсьць! Над самай рэчкай, таксама з паўвалочку. Мурог, як шафран.

МУЗЫКА

Дык у пана ўсяго з паўвалочку ворнай зямлі?

АДОЛЬФ

Н-нуу так! З добрую паўвалочку.

АЛЬЖБЕТА

У нас ворнай зямлі мусіць і са тры валокі будзе, і то мы столькі не нажалі.

ПАЎЛІНКА

(сеўшы з гарбатай пры стале)

Пан Адольф лепшы, відаць, за нас гаспадар.

АДОЛЬФ

О, у мяне гаспадарка ні ў чым ня зблыша. У мяне жонка і то будзе лепшая, як ува ўсіх.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ

Каб толькі не ўдалася наравістая.

ПАЎЛІНКА

Цікавасьць, ці пан Адольф ужо затаргаваў сабе якую?

АДОЛЬФ

Гэта, пакуль што, сакрэт.

ПАЎЛІНКА

А мне пан Адольф скажа?

АДОЛЬФ

Так. Але перш тату і маме, а пасьля ўжо і васпаньні на самае вушка.

ПАЎЛІНКА

(бяручы ў яго шклянку)

Добра, добра! Пан Адольф як ведаў, што я трохі глухавата.

АДОЛЬФ

Глухавата!?

ПАЎЛІНКА

(ідучы па гарбату, у бок)

Трэба шэршня за нос павадзіць, каб і дзесятаму заказаў, як жонкі купляць.

АЛЬЖБЕТА

Пан Быкоўскі, здаецца, у нас першы раз?

АДОЛЬФ

А так — першы!

АДНА З ГАСЬЦЕЙ

Дык пану трэба даць пацалаваць старую бабу.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ

Пан Адольф толькі да маладых ды багатых лас, а старыя ў яго ў рахунак ня йдуць.

АДОЛЬФ

А праўда, праўда! Я толькі да маладых маю імпэт.

АЛЬЖБЕТА

(у бок)

І дурны-ж ён, як відаць.

ПАЎЛІНКА

(падаючы гарбату Адольфу)

Да каго гэта маеце такі імпэт, да дарагіх кароў, ці дарагіх кабыл?

АЛЬЖБЕТА

Ды не! Пан Быкоўскі мае імпэт толькі да маладых дзяўчат.

АДОЛЬФ

(п‘ючы гарбату)

Але-ж, але. Толькі да маладых дзяўчат.

ПАЎЛІНКА

А кільчака часам з гэтага не нагоніце на язык?

АЛЬЖБЕТА

Што ты?! Ці-ж пан Быкоўскі конь?

МУЗЫКА

(у бок да другога)

Конь, ня конь, а як відаць, дык быдлё парадашнае.

АДОЛЬФ

(да Паўлінкі)

Панна Паўлінка дык усё мне каплімэнты гавора.

ПАЎЛІНКА

(расьсеянна)

Ага! Каплімэнты. (Да МУЗЫКАЎ). Мацуйцеся, мацуйцеся, музыканьцікі. А то ўжо ногі чэшуцца. Так і хочацца з панам Адольфам сыпнуць лявоніху.

АДОЛЬФ

Фі! Я такіх мужыцкіх танцаў ня гуляю.

МУЗЫКА

(да Паўлінкі)

Дзякуем! Ужо як належыць сабраліся, цяпер можам і рэзнуць што-колечы для паненкі. (Садзяцца на свае месцы і зводзяць інструмэнты).

ПАЎЛІНКА

(да Адольфа)

А якія-ж вы танцы гуляеце?

АДОЛЬФ

Гэрц-польку, падзі-спаць, манчыз, падзі-кварту. (Выходзячы з-за стала, цалуе АЛЬЖБЕТУ ў руку, да ПАЎЛІНКІ). Ну, што-ж? Можа, мы з паненкай папробуем?

ПАЎЛІНКА

Калі-ж я гэтых мудрых танцаў ня толькі што ня ўмею, але ніколі нават іх і ня бачыла.

АДОЛЬФ

Ня бойцеся! Я на ўсе лады выўчу паненку скакаць. (Бярэ ПАЎЛІНКУ, як да танцу, да МУЗЫКАЎ). Зайграйце нам гэрц-польку!

МУЗЫКА

Мы гэтага ня ўмеем.

АДОЛЬФ

Ну, дык падзі-спаць!

МУЗЫКА

Першы раз чуем.

АДОЛЬФ

А можа падзі-кварту знаеце?

МУЗЫКА

І гэта першы раз чуем.

ПАЎЛІНКА

(як-бы бядуючы)

А-ей-ей! Вось табе і на! Так і не наўчуся гэтых панскіх танцаў.

АДОЛЬФ

Не бядуйце вельмі. Я буду вытылінгіваць на язык, а васпанна толькі прыслухоўвайся ды вырабляй нагамі так, як і я.

ПАЎЛІНКА

Значыцца, будзем гуляць пад язык. (Сьмех. АДОЛЬФ іграе на язык і бяз толку выкручваецца з ПАЎЛІНКАЙ).

АДОЛЬФ

(паказваючы)

Вось так, вось так! Правую нагу сюды, а левую туды. Галава ў левы бок, а задам пад парог, ды вось так!.. Раз, два тры, то направа, то налева… (Усе прыглядаюцца да іх і сьмяюцца).

ЗЬЯВА IV

ТЫЯ-Ж І ПРАНЦІСЬ — АГАТА — СЬЦЯПАН

ПРАНЦІСЬ

(п‘яны)

Пахвалёны Ёзус. Вось-цо-да, пане дабрудзею.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

На векі! На векі!

ПРАНЦІСЬ

(глянуўшы на Паўлінку і Адольфа)

А гэта што такія, собственно, за выкрутасы, як у цырку ці ў сумашэдшым доме?

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ

Гэта пан Быкоўскі навучае панну Паўлінку навамодных танцаў. (ПРАНЦІСЬ і АГАТА распранаюцца).

ПРАНЦІСЬ

Можна, можна далей круціцца, як у хваробе сьвятога Лявэнтага. Далей, далей! Раз, два, тры, вось-цо-да!

АДОЛЬФ

(далей паказваючы Паўлінцы)

Вось як, вось так! То направа, то налева. Раз, два, тры! То туды, то сюды, ножка ў ножку, раз, два тры!

ПАЎЛІНКА

(вырываючыся)

Не, такі нічога ня выйдзе. Ня кемкая я да навукі.

АДОЛЬФ

(садзячы Паўлінку)

Гэта толькі трудна першы раз, а пасьля пойдзе ўсё гладка, як пугай высмаліць! (Ходзіць па хаце, махаючы каля твару хустачкай. ПРАНЦІСЬ, АГАТА і СЬЦЯПАН садзяцца за стол; АЛЬЖБЕТА падае ім гарбату).

ПРАНЦІСЬ

(закурваючы люльку са Сьцяпанам)

Собственно, пане дабрудзею, кабыла заблудзіла і праз тое трохі спазьніліся. Але гэта глупства, глупства! Яшчэ парой будзе, вось-цо-да.

АГАТА

Якое чорта заблудзіла! Пакуль аб‘ехаў, тудэма-сюдэма, усю ваколіцу, як пагарэлец, дык і поўнач чуць не агарнула. Тудэма-сюдэма, усё гары тэй сабе шукаў.

ПРАНЦІСЬ

Ты, баба, собственно, маўчы, вось-цо-да! Ты нічога ніколі ня кеміш, а я маю розум спрытны. Я, пане дабрудзею, Барнашоў, дзе пайшоў, там і прайшоў. (Да гасьцей). А вы, маладзічкі, не зважайце, вось-цо-да, ды танцуйце, пане дабрудзею, пакуль казінец ня ўбіўся ў ногі.

ПАЎЛІНКА

А праўду дзядзька кажа. Будзема гуляць, нашто дарма час марнаваць! (Да МУЗЫКАЎ). Зайграйце, калі ласка, польку, але такую, як ведаеце… каб аж сьвет хадыром пайшоў!

(МУЗЫКІ іграюць польку; усе, апрача старых, танцуюць: АДОЛЬФ з ПАЎЛІНКАЙ, другія госьці — хто з кім. За сталом ПРАНЦІСЬ са СЬЦЯПАНАМ частуюцца гарэлкай з пляшкі, якую першы прынёс з сабою).

АДОЛЬФ

(танцуючы, прыпявае)

Танцовала рыба з ракем,
А пятрушка з пастарнакем,
А цыбуля дзівавала,
Цо пятрушка танцавала.

ПАЎЛІНКА

(адпяваючы)

А на печы, на лучыне,
Дзеўкі грошы палічылі;
Налічылі паўталера,
Дый купілі кавалера.

АДОЛЬФ

Дзяўчынэчка суха, бляда,
Я да цебе ў госьці яда,
І конікоў не жалую,
Ўшыстку ночку машырую.

ПАЎЛІНКА

У гародзе ячмень родзіць,
А да мяне Якім ходзіць.
Радзі, радзі, ячмень, гусьцей, —
Хадзі, хадзі, Якім, часьцей!

АДОЛЬФ

Сядзіць голуб на галіне,
Салавей на ветке;
С аднэй дзевушкай гуляю,
Другая в прыметке.

ПАЎЛІНКА

Ажаніся, не ляніся, —
Будзеш панаваці:
З аднэй будзеш сьвіні пасьвіць,
З другой — заганяці.

АДОЛЬФ

Наша поле камяніста —
Ні праехаць, ні прайсьці.
Нашы дзевачкі фарсісты —
Нельга к ім і падыйсьці.

ПАЎЛІНКА

Я фарсуха, ты католік;
Ня руш мяне за падолік, —
Мой падолік шоўкам шыты,
Хто палезе, будзе біты!

СЬЦЯПАН

(як сьціхла гульня)

Брава, брава, пан Адольф! Складзен да танцаў, як, не раўнуючы, закрыстыян да ружанцаў.

ПРАНЦІСЬ

(пацягваючы з пляжкі)

Глупства, глупства, вось-цо-да! Собственно, хоць у кішэні пуста, за тое ногі сыпюць густа. Каб яму яшчэ ды мой розум растропны, дык зусім было-б добра, пане дабрудзею.

АГАТА

Кінь ты ўжо, тудэма-сюдэма, плявузгаць, як латак у млыне! Гуляюць — няхай гуляюць; ты сваімі качэргамі так не патрапіш.

АЛЬЖБЕТА

(да Пранціся)

Можа-б чаго, сватка, закусілі?

ПРАНЦІСЬ

Глупства, вось-цо-да. Собственно, закушу, закушу. (Да ГАСЬЦЕЙ). А вы, пане дабрудзею, забаўляйцеся, пакуль гаспадар вон з хаты ня гоне, вось-цо-да.

ПАЎЛІНКА

(да Адольфа)

Можа, пан Адольф, сьпяеце нам што-колечы? Я чула, што вельмі пекны голас маеце?

АДОЛЬФ

(астанаўліваючыся)

Э-э! які там пекны! Ось так сабе! Канешне, лепшы, як у іншых.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

Дык проша сьпець. Мы ўсе просім.

АДОЛЬФ

Калі ўжо так пекна просіце, дык можна. А якую-ж бы панна Паўлінка хацела?

ПАЎЛІНКА

А ўсё роўна, хоць якую! Ну, якая лепей у пана Адольфа выходзе.

АДОЛЬФ

(пяе няскладна, махаючы хустачкай па твары)

Плывае голэмбі,
Летаё лабэндзі;
З нашэго каханьня,
Пэўна, ніц ня бэндзе.

ПАЎЛІНКА

А такі-ж нічога ня будзе.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ

Ці-ж гэта „голэмбі“ плываюць, а „лабэндзі“ лятаюць?!

АДОЛЬФ

Ну, калі перабіваеце, дык саўсім ня буду пець.

АЛЬЖБЕТА

Хай пан Быкоўскі на іх не зважае ды пяе; ведама, — блазнота, што яны знаюць!

ПАЎЛІНКА

(паглядзеўшы ў вакно)

Выбачайце, пан Адольф! У мяне няўмысьле вылецела слаўцо.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

Выбачайце, выбачайце! Просім, просім. Больш ня будзем!

ПРАНЦІСЬ

Собственно, пане дабрудзею, завядзі яшчэ: сваю шарманку: яна ў цябе, прост, як грамафон, вось-цо-да, трубіць.

АДОЛЬФ

Ну, ужо буду! Але калі яшчэ хоць раз перапыніце, тады загневаюся і саўсім кіну пець. Пейце тады самі!

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

Не, не! Ня будзем!

АДОЛЬФ

(пяе)

Гляжу я бяз толку на хладную шаль,
І чорную душу церзае печаль.

ПАЎЛІНКА

(душачыся ад сьмеху)

Ці-ж у пана Адольфа чорная душа?

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ

Нашто-ж глядзіш на яе, пан, бяз толку?

АДОЛЬФ

(насупіўшыся)

Болей пець вам ня буду, хоць на каленях прасіце. Пейце сабе самі, калі такія разумныя! (Садзіцца).

ПАЎЛІНКА

Дык і сьпяём, калі пан Адольф такі някемкі, што нават жартаў не разумее. (У бок). Эх, скарэй-бы ўсё гэта скончылася!

АДЗІН з ГАСЬЦЕЙ

А такі-ж сьпяём, і ўсе разам.

ПАЎЛІНКА

(да Адольфа хітравата)

А пан Адольф нам паможа?

АДОЛЬФ

Ані думаў.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

А што мы сьпяём?

ПАЎЛІНКА

„Дый куды-ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?..“

АДОЛЬФ

Фі, мужыцкая!

ПАЎЛІНКА

А пан Адольф можа-б хацеў, каб завялі якога манчыза?!

ПРАНЦІСЬ

Собственно, вось-цо-да, калі такой панскай натуры, дык пазатыкай кудзеляй вушы, пане дабрудзею.

СЬЦЯПАН

(да Пранціся сьціха)

Каханенькі, родненькі, ня кратайце яго! Ён, бачыш, як я ўжо і казаў, масьціцца да маёй Паўлінкі. Як будзеш яму наругацца, дык гатоў яшчэ адбіцца, а я яго стараюся прыручыць.

ПАЎЛІНКА

Ну, дык што? Згода на гэту?

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

Згода, згода!! А пасьля другую.

ПАЎЛІНКА

Толькі ня зьбівацца з толку. Глядзець, як буду я рукамі тахты адбіваць.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

Добра, добра!

(Пяюць. ПАЎЛІНКА, сумна ўсьміхаючыся, дырыгуе, пасьля і ПРАНЦІСЬ падходзе і пляжкай адмахівае тахты; МУЗЫКІ так-жа сваёй ігрой памагаюць).

Дый куды-ж ты, дуб зялёны,
Пахінаешся?
Дый чаго-ж ты, мой міленькі,
Задумляешся?

ПРАНЦІСЬ

(як перасталі пець)

А цяпер, вось-цо-да, „Як-жа мне ня пець“, пане дабрудзею.

АДОЛЬФ

Ізноў мужыцкую!

падходзіць і цягне Пранціся за полы

Але, мужыцкую, але, вось-цо-да! А васпан, собственно, сваю панскую схавай сьвіньням на сьнеданьне.

АГАТА

(падходзіць і цягне Пранціся за полы)

Кінь ты ўжо, тудэма-сюдэма, з поля сходзіць! падходзіць і цягне Пранціся за полы

Вось-цо-да, адчапіся ад мяне, пане дабрудзею!

ПАЎЛІНКА

Ну, будзем пець „Як-жа мне ня пець, як-жа ня гудзець?..“

(Пяюць, як першую).

ПРАНЦІСЬ

(як скончылі)

А цяпер, собственно, „Чачотачку“, пане дабрудзею.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

Чачотачку, чачотачку!

(Пяюць чачотачку)

Спарадзіла чачотачка семера дачок,
Спарадзіла невялічкіх семера малых…

АЛЬЖБЕТА

(як сьціхлі)

Аддыхнеце, міленькія, хоць трохі, а то замарыліся дужа. (Да ПРАНЦІСЯ). Хадзеце, сваток, за стол, ды можа чаго закусіце, бо і ты-ж памагаў.

ПРАНЦІСЬ

(садзячыся)

Собственно, глупства, вось-цо-да. Маладым трэба паказаць, паказаць, пане дабрудзею, а яны ўсё патрапяць… правільна толькі навучыць іх. (Прапіваючы з пляжкі, да СЬЦЯПАНА). А ты, сват, трымайся, вось-цо-да. Ім ня дам, яны маладзічкі яшчэ, пасьпеюць.

СЬЦЯПАН

А праўда, праўда, сватка! Яшчэ іх пара не ўцякла (Выпівае).

ПАЎЛІНКА

(каля гасьцей)

А што-ж мы цяпер будзем рабіць? Ужо напяяліся, дык можа ізноў пагуляема?

ПРАНЦІСЬ

(закусваючы)

Собственно, пачакайце, я зараз скамандую, пане дабрудзею, за што і як узяцца, бо мой розум растропны, а вы нічога ня ведаеце.

ПАЎЛІНКА

Ну, добра, пачакаем. (Да АДОЛЬФА). Што-ж гэта, пан Адольф, надуўся, як мыш на крупы, або, як апошняе ў печ усыпаўшы?

АДНА З ГАСЬЦЕЙ

Пан Адольф, відаць, закахаўся.

АДОЛЬФ

Ну, дык што, калі закахаўся?

ПРАНЦІСЬ

(перажоўваючы яду)

Собственно, цяпер, вось-цо-да, пойдзем лявоніху, пане дабрудзею!

ЎСЕ

Лявоніху! Лявоніху!

АДОЛЬФ

Ізноў мужыцкае!

ПАЎЛІНКА

(да Адольфа, прыпадхлебываючыся)

А мы з панам Адольфам сыпнем лявоніху, сапраўды, сыпнем! Адпусьцецеся на мяне грэшную, болей ці ўдасца так весела з вамі паскакаць.

АДОЛЬФ

Ды я ўжо вельмі ня гневаюся. Калі ўжо так хочаце, дык пойдзем, што-ж там надта такое?!

ПРАНЦІСЬ

(да музыкаў)

Собственно, рэжце, пане дабрудзею! (Да АЛЬЖБЕТЫ). А мы з свацей тупнем, вось-цо-да!..

СЬЦЯПАН

(да Агаты)

А мы з свацей, каханенькая, родненькая!

(МУЗЫКІ іграюць лявоніху. Кабеты трохі ўпіраюцца, але пасьля ідуць, за імі іншыя госьці. ПАЎЛІНКА з АДОЛЬФАМ)

ПРАНЦІСЬ

(прыпявае)

О, Лявоніха Сымоніха была,
Ды Лявону хлеба, солі не дала!
О, Лявоніха Сымоніха, а-ей!
Не хадзі ламаць капусткі маей!

АЛЬЖБЕТА

Хоць капуста зарасла лебядою,
Не пайду яе палоць за табою.
Прападзі ты і з капустай сваёй,
Ня сушы ты маладосьці маёй!

СЬЦЯПАН

О, Лявоніха, ты жонка мая,
Дый ня мытую сарочку дала;
Не качаную, ня мытую,
Толькі шоўкам абашытую,

АГАТА

А мой татка, дзевярусенька,
Вядзі мяне памалюсеньку.
Не вядзі мяне па пожынцы,
Вядзі мяне па дарожынцы;
На пожынцы мае ножкі ня йдуць,
Па дарожынцы дык самі бягуць.

АДОЛЬФ

Як я бегаў, дык і бегаў,
Абы мілую праведаў;
Як каціўся, дык каціўся,
Абы к мілай прыхіліўся.

ПАЎЛІНКА

А калі-ж я у матулькі жыла,
Як вішанька у садочку цьвіла,
Дасталася злому духу — мужыку,
Ссушыў мяне, як ліпінку у духу.

АДОЛЬФ

Ты, бярозачка, бярозачка мая,
Ты, бярозка не цярэбленая;
Твае лісьце не сярэбранае,
Нашы дзеўкі не паседлівыя.

ПАЎЛІНКА

Не вядзі мяне ні ў лес, ані ў сад, —
Завядзі мяне к татульку назад;
Не вядзі мяне ні ў лес, ані ў бор, —
Завядзі мяне к татульку на двор!

ПРАНЦІСЬ

(як перасталі гульню, да Сьцяпана)

Собственно, і дала-ж твая баба мне дыхту, вось-цо-да. Аж лыткі трасуцца, пане дабрудзею.

СЬЦЯПАН

І твая, каханенькі, родненькі, не адстала, — аж дыхавіцу чуць мне не нагнала.

АГАТА

Абодва вы кавалёвыя мяхі, тудэма-сюдэма, непаваротлівыя, дык і здаецца, што нехта вам дыхту нейкага даваў.

АЛЬЖБЕТА

А праўда, свацейка, праўда. Ім толькі каля пляшкі круціцца, а не з дарэчнымі жанкамі лявоніху ісьці.

ПРАНЦІСЬ

Ага, собственно, добра, што свацейка, пане дабрудзею, успомніла. (Дастае пляжку і частуецца з СЬЦЯПАНАМ).

ПАЎЛІНКА

(да Адольфа)

Ну, як-жа пану Адольфу спадабаўся наш мужыцкі танец? Як я ўважаю, дык лепей у вас лявоніха выходзе, чымся тое нейкае „падзі-кварта“. І прыпеўкі складныя знаеце.

АДОЛЬФ

(нібы скромна)

А трохі-ж нейкіх навучыўся калісь.

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ

Пара нам і чэсьць знаць! Пэўне, ужо каля поўначы матаецца.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

Так, так, час рухацца дамоў!

ПАЎЛІНКА

(з аблягчэньнем у бок)

Дзякуй богу!.. (Да ГАСЬЦЕЙ). А можа-б яшчэ пагулялі?

АЛЬЖБЕТА

Каму далёка, то яно так, а каму блізка, дык ня шкодзіць яшчэ пазабаўляцца.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

Не! Не! Ужо час і пара!

ПАЎЛІНКА

Ну, дык хай музыкі на адходнае хоць марша зайграюць, каб весялей усім сьнілася і каб моцна, моцна ўсім спалася.

СЬЦЯПАН

А гэта ня шкодзіць (Да МУЗЫКАЎ). Што-ж, каханенькія, родненькія, зайграйце, калі ласка, яшчэ што-колечы на адходнае дарагім госьцікам, а там дзьве дзюркі ў носе і сканчылося. (МУЗЫКІ іграюць марш. ГОСЬЦІ адзяваюцца, адвітваюцца і выходзяць, за імі — МУЗЫКІ).


ЗЬЯВА V

ПАЎЛІНКА — АДОЛЬФ — СЬЦЯПАН — АЛЬЖБЕТА — ПРАНЦІСЬ і АГАТА

СЬЦЯПАН

Вось і пацішэла трохі ў нашай хаце, няма ўжо каму скакаці.

ПРАНЦІСЬ

Собственно, глупства, вось-цо-да. Было шумна, пане дабрудзею, і будзе шумна!

АГАТА

А так, так, тудэма-сюдэма, як будзе вясельле ў Паўлінкі.

ПАЎЛІНКА

Э-э, майго вясельля ніколі ня будзе, значыцца, і шумна ня будзе!

АДОЛЬФ

Ці-ж у бацькоў маладога, паненка, думаеце, ня хваце на вясельле?

ПАЎЛІНКА

Хваце, ня хваце, а такі вясельля майго ніхто ня ўбача…

СЬЦЯПАН

Гэта, каханенькая, родненькая, пабачым. Яшчэ я на тое ёсьць, і ў сваёй хаце гаспадар, а ня госьць! Жыта повен аруд і сала не адзін пуд.

ПРАНЦІСЬ

Собственно, глупства, вось-цо-да. Часам ці вясельле, ці павесіў — адно на другое, пане дабрудзею, выходзе.

АГАТА

А ты, „вось-цо-да“, прыкусі свой языкі ня тыцкайся, тудэма-сюдэма, туды, куды цябе ня просяць. Напіўся, наеўся, дык і маўчы!

АЛЬЖБЕТА

(да Агаты)

Што-ж там, свацейка, такое? Сват-жа нічога благога ня кажа. (Да ПАЎЛІНКІ). Прыбірай ты ўжо, дзеткі, са стала.

ПРАНЦІСЬ

Собственно, ці сьвіньні елі, ці шляхта папасвалася — гэтак, вось-цо-да, стол выглядае, пане дабрудзею.

ПАЎЛІНКА

Добра, мамка, зараз. (Да АДОЛЬФА). А пан Адольф мне паможа?

АДОЛЬФ

Калі патраплю, дык чаму-ж не? (Прыбіраюць са стала; пасудак стаўляюць на табурэце каля самавару).

АЛЬЖБЕТА

Вы-бы, дзеткі, занясьлі пасудак на тую палавіну.

ПАЎЛІНКА

Усё роўна; я пасьля занясу сама, а цяпер… (Паглядаючы хітравата на АДОЛЬФА) я баюся з панам Адольфам ісьці адна на тую палавіну!..

АДОЛЬФ

(нясучы пасудак, у бок)

Відаць, дзеўка ўлялюскалася ў мяне па самую шыю.

ПАЎЛІНКА

(ідучы к сталу, у бок)

І собіла-ж богу стварыць гэткую чапялу недарэчную!

ПРАНЦІСЬ

(да Паўлінкі)

А праўда, собственно, лепш старожа, як варожа, пане дабрудзею.

АГАТА

(да Пранціся)

А ты, „старожа“, не мялі попусту, а думай, як да хаты ісьці.

ПРАНЦІСЬ

Пане дабрудзею, дык і пойдзем; што-ж там, собственно, такое.

(Разьвітваюцца абое і выходзяць. АЛЬЖБЕТА памагае прыбіраць са стала).

ЗЬЯВА VI

ПАЎЛіНКА — АДОЛЬФ — СЬЦЯПАН — АЛЬЖБЕТА

ПАЎЛІНКА

Ня так, пан Адольф, бярэш шклянкі; трэба вось як. (Паказвае). Ну, і зграбны-ж! не раўнуючы — як вол да карэты.

АДОЛЬФ

А панна Паўлінка ўсё комплімэнты мне гавора.

ПАЎЛІНКА

(у бок)

Дурню плюнь у вочы, а ён скажа: дождж ідзе!

АЛЬЖБЕТА

(да Сьцяпана, які клюе носам за сталом).

Што ты табаку важыш? Ідзі ды кладзіся спаць. Гэта-ж табе тут не карчма!

СЬЦЯПАН

(сонна)

Каханенькая, родненькая, я наважу, а ты купіш. Сон — ня кепская рэч. Для чаго Калядкі — добрыя сьвяткі, што пад‘еў, ды на палаткі. (Вылазячы з-застала, да АДОЛЬФА). Каханенькі, родненькі, выбачай… Забаўляйся тут з Паўлінкай, а я прыкархну трохі… Сягоньня яшчэ досьвіта мяне мая ўспарола. (Адводзячы АДОЛЬФА ў старану). Ну, што? Як мая Паўліна… падышла пад мысьль?

АДОЛЬФ

О, важная маладзіца! Хоць сягоньня гатоў з ёю жаніцца.

СЬЦЯПАН

Ну, так тупай каля яе; толькі сьмела: яна дзеўка падатлівая, хоць можа і мае трохі якіх мухаў у носе.

АДОЛЬФ

Хэ-хэ-хэ! Я да ўсякай патраплю падлізацца.

СЬЦЯПАН

Ну, дык падлізывайся, каханенькі, родненькі. (Адвітваецца і ідзе ў бакоўку).

ЗЬЯВА VII

ПАЎЛІНКА — АДОЛЬФ — АЛЬЖБЕТА.

АЛЬЖБЕТА

(сьціраючы стол)

А ты, Паўлінка, можа ў карты пайграеш з панам Адольфам?

АДОЛЬФ

(закурваючы)

Ды і мне ўжо трэба зьбірацца дамоў.

ПАЎЛІНКА

Ці-ж пан Адольф рассыпаўся, што маніцёся зьбірацца? Заедзеце яшчэ; каня-ж маеце ня жартачкі!..

АДОЛЬФ

О, конь мой добры!

АЛЬЖБЕТА

Ну, дык і чаго-ж сьпяшацца?.. Нам старым, як той кажа, такая рэч: пад‘еў ды на печ.

ПАЎЛІНКА

(у бок)

Чаго добрага — заначуе, вось будзе бяда! (Голасна). А пагода сягоньня ня дрэнная. Нават месяц сьвеціць, што рэдка на Пакровы. Будзе добра для пана Адольфа дамоў ехаць.

АДОЛЬФ

А хоць-бы і дрэнная, дык мне блізка, жарабец мой у момант дамчыць.

АЛЬЖБЕТА

(да Паўлінкі)

Ну, дык паглядзі-ж ты, дзе карты, ды пазабаўляйцеся яшчэ трохі з панам Адольфам, бо я, мусіць, зраблю сьледам за дзедам. Трохі-ж сягоньня такі натупалася.

АДОЛЬФ

Проша, проша, панічка! На нас, маладых, не зважайце.

АЛЬЖБЕТА

А ўжо-ж я такі і пайду.

АДОЛЬФ

(цалуючы ў руку Альжбету).

Хутка і я паеду, вось толькі дам аднаго гаспадара панне Паўлінцы.

ПАЎЛІНКА

Паглядзім — хто каму?! (Шукае карт. АЛЬЖБЕТА выходзіць у бакоўку).

ЗЬЯВА VIII

ПАЎЛІНКА — АДОЛЬФ

АДОЛЬФ

Чаго паненка шукае?

ПАЎЛІНКА

Таго, чаго яшчэ ня маю, карт.

АДОЛЬФ

(глянуўшы на вакно)

А вось яны, на вакне.

ПАЎЛІНКА

(у бок)

Думала, што ня ўбачыць; скарэй-бы можа з хаты выпхнула, не найшоўшы карт. (Да АДОЛЬФА). Ну, калі ёсьць, дык будзем іграць. (Паглядзеўшы ў вакно). А ў што?

АДОЛЬФ

У гаспадара.

ПАЎЛІНКА

Гэта, значыцца, у дурня?

АДОЛЬФ

Ну, гэта толькі мужыкі так гавораць. (Раздае карты).

ПАЎЛІНКА

А як пан Адольф думаў, хто мы? То-ж таксама мужыцкага роду.

АДОЛЬФ

Першы раз чую!

ПАЎЛІНКА

Ды і пан Адольф таксама мужыцкага роду. (Іграюць у карты).

АДОЛЬФ

(зьдзіўлены)

І я?!

ПАЎЛІНКА

Але, але! Калісь былі ўсе мужыкі, ну дык цяпер кожны чалавек мужыцкага роду, хоць каторы і прыкідваецца панам ці графам. Ды і што гаварыць! Адам і Эва і то былі мужыкамі.

АДОЛЬФ

(зьдзіўлены)

Адам і Эва?!

ПАЎЛІНКА

І Ной і Езус…

АДОЛЬФ

Што я чую? Адкуль гэта, панна Паўлінка, усё ведаеце?

ПАЎЛІНКА

Ого, не скажу!

АДОЛЬФ

(просячы)

Проша сказаць.

ПАЎЛІНКА

Ня тэй б‘іце! Вот салапяка!

АДОЛЬФ

(паправіўшыся)

Ды скажэце!

ПАЎЛІНКА

(нецярпліва)

Ну, добра. Запытайцеся ў Якіма Сарокі: ён усё вам раскажа. (АДОЛЬФ праігрывае). Дурань пан! Дурань пан!

АДОЛЬФ

(папраўляючы)

Гаспадар. (Раздае карты).

ПАЎЛІНКА

(у бок)

Які чорта гаспадар, калі дурань?!

АДОЛЬФ

Што панна Паўлінка кажа?

ПАЎЛІНКА

Кажу: але, гаспадар. (Хвілю маўчаць. ПАЎЛІНКА ў бок). Што тут гаварыць з гэтай вандзонкай. І трымае-ж яго нядобрае! (Да АДОЛЬФА). А ці, пан Адольф, жаніцца хочаце?

АДОЛЬФ

Ой, страшэнна хачу. А панне Паўлінцы замуж хочацца?

ПАЎЛІНКА

Ого, яшчэ і як хочацца!.. Калі ўдасца, дык яшчэ і сягоньня можа пайду.

АДОЛЬФ

А я-ж яшчэ з таткам і мамкай вашымі нічога аб гэтым не гаварыў.

ПАЎЛІНКА

Аб чым — аб гэтым?

АДОЛЬФ

Ну, аб тым, як я жаніцца буду, а панна Паўлінка замуж ісьці. (Праігрывае).

ПАЎЛІНКА

Ізноў пан дурнем! Ізноў дурнем!

АДОЛЬФ

Гаспадаром!.. (Раздае карты).

ПАЎЛІНКА

А можа ўжо будзе? Нешта спаць як-бы хочацца. (Зявае, устае і паглядае ў вакно. У бок). А што, калі ня прышоў?

АДОЛЬФ

(не пачуўшы)

Хто не пайшоў?

ПАЎЛІНКА

Я кажу, каб хаця дождж не пайшоў. (З удаванай жаласьцю). Я так жалею, так жалею пана Адольфа, каб не замок, што аж тут нешта трасецца. (Паказвае на грудзі).

АДОЛЬФ

І я таксама панну Паўлінку жалею і цяпер і потым…

ПАЎЛІНКА

Калі гэта потым. Як пан Адольф яшчэ дурня возьме?

АДОЛЬФ

Ды не! Тады, як будзем… як будзем… ну, як гэта сказаць.

ПАЎЛІНКА

Ізноў скруціў! (Папраўляе). Вось гэтак было, гэтак біць трэба, а з гэтай хаджу, і пан Адольф ізноў дурань, дурань, дурань!

АДОЛЬФ

Гаспадар!

ПАЎЛІНКА

Усё роўна, хоць гаспадар, але, як карты паказваюць, дык дурань!

АДОЛЬФ

Хай будзе і так! Цяпер за тое, што панна Паўлінка мяне гэтак абыграла, вазьму ды паеду. (Устае).

ПАЎЛІНКА

(з аблягчэньнем, у бок)

Сабраўся такі нарэшце.

АДОЛЬФ

Дабранач паньне Паўлінцы! Проша чакаць, — я прыеду па канчатак.

ПАЎЛІНКА

Забярэце лепей яго цяпер!

АДОЛЬФ

Каго?

ПАЎЛІНКА

Ды канчатак той.

АДОЛЬФ

А панна Паўлінка ўсё жартуе. (Адвітваецца. Выходзячы, у бок). Вот так на ўсе бакі дзеўка! Адным словам, як сторублёвая кабыла. Гэткая — дыхт для мяне жонка!

ЗЬЯВА IX

ПАЎЛІНКА (адна)

ПАЎЛІНКА

(неспакойна)

А той, можа, хай-бы лепей і ня прышоў! Так усё неяк у сярэдзіне трасецца… і нашто гэта я яму абяцала? Лепей было-б пачакаць. Што тут рабіць? (Ходзіць ад вакна да вакна і паглядае). Падшахнула-ж мяне нядобрае на згоду прыстаць! (Сумна-весела). А можа ня прыдзе?.. (Сумна). А калі ня прыдзе, то значыцца, ён ужо мяне ня любіць болей. Не, няхай прыдзе лепей, а там, што будзе, то будзе. Трэба паваражыць. (Стукае ў пальцы). Прыдзе, ня прыдзе, прыдзе, ня прыдзе, прыдзе… (Весела). Прыдзе, прыдзе! А цяпер — любіць, ці ня любіць? Ну, гэта трэба на карты паваражыць. (Бярэ і перакідае карты). Любіць, ня любіць, к сэрцу прыжме, к чорту пашле; любіць, ня любіць, к сэрцу прыжме… (Весела). Так, так, любіць, к сэрцу прыцісьне! Ну, раз карты гэтак паказалі, то трэба зьбірацца. Але мушу ўперад паслухаць, ці сьпяць старыя. (Ідзе і падслухоўвае ў дзьверах бакоўкі). Сьпяць, ажно храпуць, як-бы суконкі дралі. (Падыходзіць, глядзіць у вакно, задумваецца). Што тут узяць? Ага, трэба заглянуць у куфар. (Адчыняе куфар, капаецца ў ім; дастае пацеркі і прымярае). Во! гэта дык трэба забраць, — так мне з імі да твару ідзе. Ну, сукенку новую таксама трэба ўзяць. Усё гэта зьвяжам у хустку. (Расьсьцілае хустку і складвае свае рэчы). А-а, і чаравічкі мушу забраць, бо ў чым-жа я з ім бегаць буду? Шнуровачку так-жа вазьму, бо хто-ж яе тут будзе насіць?.. І-і!!. ужо болей, здаецца, нічога. (Зьвязвае і ідзе к ложку. Чуваць шорах за вакном. ПАЎЛІНКА сьціха). Ай, хтось там прышоў! (Весела). Прышоў, мой міленькі, прышоў! Такі карты праўду паказалі. (Ідзе к вакну). Хто там?

ГОЛАС З-ЗА ВАКНА

(прыдушаны)

Я!.. Я!..

ПАЎЛІНКА

(углядаючыся ў акно, у бок)

Нічагутанькі ня відаць! Цемната страшэнная! (У вакно). Хто — я?

ГОЛАС

Я!.. Я!.. Ну, пі-ж не пазнала?

ПАЎЛІНКА

Пачакай мінутку. Вось я зараз. Толькі падушачкі зьвяжу і коўдру.

ГОЛАС

Ды мне нічога ня трэба!

ПАЎЛІНКА

Мала, што ня трэба, а я вазьму… (Хутка ідзе к ложку, зьвязвае падушкі і коўдру ў посьцілку). Ну, ужо гатова! (Адчыняе вакно і выкідвае вузлы). Пераймай, а зараз — і мяне! (Да сябе). Трэба з бакоўкі ўзяць верхнюю вопратку і хустку, толькі-б хаця-ж старыя не прабудзіліся. (Зьніжае агонь у лямпе і ідзе ў бакоўку. Па неякім часе выходзіць стуль адзеўшыся). А цяпер і сябе трэба выкінуць! (Шыбка ідзе к вакну. Чуваць шорах у бакоўцы). Ай, нехта ўстаў!

ЗЬЯВА X

ПАЎЛІНКА — СЬЦЯПАН

(баронячыся)

СЬЦЯПАН

(выбягае з бакоўкі, ахінуўшыся коўдрай)

Хто тут! Хто тут лазіць а поўначы? Альжбета! Альжбета! Хутчэй сюды! (ПАЎЛІНКА, перахрысьціўшыся, кідаецца ў вакно. СЬЦЯПАН убачыў). Гвалт! Злодзей! (Бяжыць к вакну і хватае ПАЎЛІНКУ за ногі). Альжбета! Скарэй сюды! Стрэльбу хватай!!.

ЗЬЯВА XI

ПАЎЛІНКА, — СЬЦЯПАН, — АЛЬЙБЕТА

АЛЬЖББЕТА

(выбягае — як Сьцяпан — акрыўшыся коўдрай; уся трасецца)

Матачка найсьвентшая! Што тут робіцца?! (Мацае па сьцяне). Зараз, зараз нясу стрэльбу. (Хватае за гіру ад гадзіньніка, гадзіньнік з грохатам валіцца са сьцяны і разьбіваецца) Ай! што-ж я нарабіла!

СЬЦЯПАН

(трымаючы Паўлінку за ногі, да Альжбеты)

Куды цябе немач уперла? Падкрупі хутчэй кнот ды памажы пягнуць!..

АЛЬЖБЕТА

(бяжыць к лямпе)

Ужо, ужо!

ПАЎЛІНКА

(перавесіўшыся праз вакно)

Цягні, братка, ямчэй!

АЛЬЖБЕТА

(падкруціўшы кнот і бягучы к Сьпяпану)

Божухна мой! Гэта-ж Паўлінка! Скуль ты ўзяў таго злодзея.

СЬЦЯПАН

Каханенькая, родненькая, не мялі языком ды вось памагай цягнуць; там нейкі гад яе за рукі трымае.

ПАЎЛІНКА

Мацней, мацней, браток!

АЛЬЖБЕТА

(памагаючы Сьцяпану цягнуць)

Што ты, дзеткі, здурэла, ці што?.. (Сьцягваюць ПАЎЛІНКУ з вакна на хату).

СЬЦЯПАН

Ты гэта, каханенькая, родненькая, куды манілася ляцець?

ПАЎЛІНКА

(апіраючыся рукой аб стол, патупіўшыся)

Я!. Я!.. хацела замуж ісьці!

СЬЦЯПАН І АЛЬЖБЕТА

Праз вакно?!

ПАЎЛІНКА

А што-ж, калі татка і мамка праз дзьверы ня пускаеце.

ЗЬЯВА XII

ТЫЯ-Ж ПРАНЦІСЬ — АДОЛЬФ — АГАТА

ПРАНЦІСЬ

(бяз шапкі ўвальваецца ў хату, трымаючы за каўнер Адольфа)

Собственно, пане дабрудзею, злодзея, злодзея злавіў, вось-цо-да.

АГАТА

(цягнучы вузлы)

А як-жа, тудэма-сюдэма, з гэтымі катомкамі каля вашага вакна капаўся.

ПАЎЛІНКА, СЬЦЯПАН І АЛЬЖБЕТА

Пан Быкоўскі?

ПРАНЦІСЬ

А так, так, пане дабрудзею. Адольф, Алольф! Злодзей, собственно, вось-цо-да!

СЬЦЯПАН

(да Адольфа)

Дык гэта ты мне хацеў дачку ўкрасьці, зладзюга, каханенькі, родненькі!

АДОЛЬФ

(заікаючыся і не разумеючы ў чым рэч)

Я… я… зьбіўся тут каля саду з дарогі, дык хацеў у панны Паўлінкі запытацца праз вакно, кудой выехаць…

ПРАНЦІСЬ

Собственно, злодзей, злодзей! Вузлы з хаты праз вакно павыцягваў. Можа і шапку маю ўкраў.

АГАТА

Ты зараз, п‘яніца, тудэма-сюдэма, і галаву забудзешся. Гэта-ж аж дамоў давалокся і тады толькі агледзеўся, што шапкі забыўся.

ПРАНЦІСЬ

Собственно, а баба нашто, — каб усяго пільнавала. Але злодзея, пане дабрудзею, злавіў, злавіў, вось-цо-да.

СЬЦЯПАН

(да Паўлінкі)

Дык гэта ты, каханенькая, родненькая, за яго хацела замуж уцякаць, як даведалася, што гэнага гада, гэнае плюгаўства за афішкі арыштавалі?!

ПАЎЛІНКА

(глуха)

Божухна мой, божа! Якімку арыштавалі!!

СЬЦЯПАН

(самадавольна)

Хе-хе-хе! ужо гэтае мужыцкае насеньне ня будзе больш нашых сьцежак паганіць.

ПАЎЛІНКА

Якімку арыштавалі! Майго саколіка ненагляднага арыштавалі.

СЬЦЯПАН

(да Адольфа)

А ты, каханенькі, родненькі, негадзяй, вірутнік з-пад цёмнай гвязды, вон з маёй хаты, каб твая і нага тут ня была! Ня мог, як трэба, пахрысьціянску — з сватам, з запаведзямі маю дачку ўзяць, але, як злодзей, хацеў праз вакно вывалачы! Вон! Вон!

АДОЛЬФ

Я… я… толькі хацеў дарогі запытацца…

ПРАНЦІСЬ

(разьвязваючы вузлы)

Собственно, злодзей, пане дабрудзею! Падушкі і сукенкі дзявочыя праз вакно пакраў. К вурадніку, марш! К вурадніку, гіцаль, вось-цо-да!

ПАЎЛІНКА

Якімку арыштавалі! Маю зорачку ясную арыштавалі. (Дзіка). Ха-ха-ха! Зьвяры сьляпыя!!! (Як сноп, валіцца на зямлю. Суматоха. Крыкі): Вады! вады!..

ПРАНЦІСЬ

Собственно, пане дабрудзею, у мяне ёсьць кроплі. (Дастае з кішэні пляжку і пырскае ў твар ПАЎЛІНЦЫ гарэлкай).

АГАТА

(кідаючыся да Пранціся)

Тудэма-сюдэма, ашалеў!..

СЬЦЯПАН

(панура)

Каханенькія, родненькія, дзьве дзюркі ў носе і сканчылося.

ЗАСЛОНА.

Акопы. 3-VI—1912 г.