Ляж, прытуліся да зямлі,
Паслухай шчыра, што гавора
Табе, сям‘і і ўсёй радні,
Калі запаліць неба зоры;
Пачуеш дзіўную аповесьць
Мінуўшай славы і жыцьця,
Аб чым згубіў ты ўжо даўно весьць,
Блукаючыся бяз пуцьця.
Пачуеш, як шмат лет таму
Тваё было тут панаваньне;
Паслушна голасу твайму,
Цябе ня кратала скараньне.
І запытаецца зямліца
Тваёй душы і тваіх дум:
Чаго ты блукаеш начніцай?
Чаму свой край аддаў на глум?
*
Стань, нахіліся над ракой,
Ў плакучы ўгледзься пералівы:
Ў іх адаб‘ецца воклік твой,
І ўбачыш незабыты дзівы.
Як там русалкі — твае дзеці —
Днём аддыхаюць у жальбе,
Каб ночкай, блудзячы па сьвеце,
Шукаці долі для цябе.
Ад хваль, што шэпчуцца так міла,
Ты дойдзеш праўданькі усёй,
Што рэчкі — гэта зямлі жылы,
Вада ў іх — кроў зямлі тваёй.
І запытаецца вадзіца,
Як ня пытаў ніхто ў жыцьцю: Чаму яе п‘е чужаніца,
Яе, кроў родную тваю?
*
Ідзі у лес, што стаў кругом
Тваіх нязьмерных ніў на стражы,
Што толькі думаў аб адном…
Але паслухай, што лес кажа:
Я бараніў твой дух ад плесьні,
Аб думы шчыра твае дбаў,
І паўтараю водклік песьняў
Што прадзед з ветрамі складаў.
А ты, змарнелы чалавек,
Нікчэмны пасынак былога,
Сваю пушчаеш песьню ў зьдзек,
Чужою славіш нават бога!
Прывучан кланяцца, ўніжацца,
Паганіш скарб свой дарагі.
І знаеш толькі там сьмяяцца,
Дзе кроўю плакаў-бы другі.
*
Ідзі на ўзгор, на камень сядзь,
Што пашчапаў пярун на часьці;
Глядзіся ў зоры, што мігцяць
На небе ў радасьці і ў шчасьці.
Яны агністымі іскрамі
Ў душы распаляцца, як сталь;
Бо неба сочыць за людзямі,
Зямлі пільнуе яго даль.
Зямлю ў сваёй адвечнай казцы
Трымае без граніц і мер…
Калісь і ты ў яго быў ласцы
Меў з неба долю. А цяпер…
Цяпер яно сваймі сьлязамі
З табою плача над табой;
Шле буры, громы з пярунамі,
Каб сон збудзіць магільны твой!
|