Ты гадуй сынка, матуля,
У пялёнкі спавівай,
Калышы, пей люлі-люлі,
Пей паціху баю-бай!
Над калыскай з бегам ночак
Песьні роднай не жалей,
Каб, як вырасьце сыночак,
Верным вечна ён быў ей.
Як навучыцца хадзіці,
Маткі мову разумець,
Ты вучы яго любіці,
Ўсё сваё ў пашане мець.
Бай яму даўнейшы казкі
Аб бацькох сваёй зямлі,
Як жылі бяз чужой ласкі,
Як слугамі ня былі.
Як на веча сход ззывалі
І тварылі свой закон,
Як жылі ды панавалі,
Покі ўпалі у палон.
Як-жа ў розум убярэцца
Твой сынок, як мак у цьвет,
Дужым стане, што, здаецца,
Павярнуў-бы цэлы сьвет, —
Выпраўляй яго у людзі,
На дарогу блаславі,
Разам з крыжам дай на грудзі
Роднай вузельчык зямлі:
Каб ня даўся ў крыўду зьдзекам,
Не забыў сваіх старон, Каб вярнуўся чалавекам
К роднай Бацькаўшчыне ён
Ды узяўся шчыра, міла
Сеяць шчасьце, гнаць бяду,
Стаў адважна еловам, сілай
За свой край і грамаду.
..........
Гэта ўсё ўпаі дзіцяці
З малаком сваіх грудзей,
Бо іначай пойдзеш, маці,
Жабраваць хлеб у людзей.
|