Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/I/Як цені

Спадчына Як цені
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
З дня ў дзень…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Як цені.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯК ЦЕНІ

Ідуць народы з лета ў лета
К жыцьцю, к сьвятлу з бяды, з жуды,
А мы, як цені з таго сьвету,
Ідзём, ня знаючы куды.

Ні нас свабода прыгалубе,
Ні доля весела зірне;
Паўзём і стогнем у загубе
З ярмом на шыі, ў вечным сьне.

Не на пацеху дзеці даны
Матулі, што іх сьцеражэ, —
Усё адно сусед паганы
У плуг жалезны запражэ.

Не на прыбытак сеем нівы
І паліваем потам іх,
Нахлынуць трутні пражарлівы,
І мы ня ўбачым жніў сваіх.

Пад непрагляднай марай ночы
Нам не дабачыць нашых крыўд,
На сьвет падняць баімся вочы,
Сабе сам кожны ўжо абрыд.

Як мы жывём, чаго чакаем, —
Ня знаем мы, ня знае сьвет;
Ні то ўжо мром, ні то ўскрасаем,
Змагчы ня ў сілах мук і бед.

Зайграе шумам лес зялёны,
Аб хвойку хвойка затрашчыць,
І пойдзе шум той к небасклону,
А неба каменем маўчыць.

Маўчым і мы і, як сьляпыя,
Як цьмы, снуёмся з кута ў кут,
Адно віхор падчас завые
Ды зьмей прамкнецца там і тут.

На курганох засьвецяць росы —
Крывавы росы — сьведкі мук…
А ў хатах сьпяць цапы і косы —
Усё чакаюць ёмкіх рук.