Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/II/Васеньнім вечарам

У дарозе Васеньнім вечарам
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Плача восень
Іншыя публікацыі гэтага твора: Асеньнім вечарам.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВАСЕНЬНІМ ВЕЧАРАМ

За хатай васеньнія шумы,
Чуць сьвеціцца ў хаце газьніца,
А думы, гаротныя думы,
Плывуць і плывуць, як крыніца.

Пяюць аб мінуўшым памінкі —
Бязрадасны гімн пражытому…
Быцьця свайго бачыш дажынкі,
Падводзіш рахунак былому.

І лічыш, і лічыш паволі
Удачы свае і няўдачы —
Чаго меў на сьвеце найболей,
Чым сьцежку жыцьця абазначыў.

І думка адна, злыбядніца,
Назойліва цісьне пытаньне:
Ці-ж варта было і радзіцца.
Каб толькі цярпець бязустаньне?!