Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/II/З думак жабрака

У хорамах З думак жабрака
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Ідзе вясна
Іншыя публікацыі гэтага твора: З думак жабрака.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ДУМАК ЖАБРАКА

Я чалавечак жабрачай натуры —
Жыць ня судзілі іначай багі.
З выгляду важан я: косьці ды скура,
Не далічу я рукі і нагі.

Важна іду ад парога к парогу,
Спора акрайцаў у зрэбным мяху;
На чалавечую добру ўспамогу
Мушу я меці надзеі крыху.

У дабрадзеяў, або ў дабрадзеек
Грошы ня сьмею шмат вельмі прасіць.
Дайце мне толечы колькі капеек,
Каб мог сабе я вяроўку купіць.

Рэшту прыладаў сабе сам дастану —
Ў лесе асіну, ці дзе які слуп…
Ці-ж не пацеха пані і пану
Бачыць, як нейкі ўскалышыцца труп?!.

Глянеш, і воку аж робіцца міла!
Жыў вось людзіна і шчасьця дарос.
Братняе сэрцайка штось ды зрабіла,
Хоць і ня так мо‘, як баіў Хрыстос.