Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/II/У вырай

Дунулі сіверы… У вырай
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
У дарозе
Іншыя публікацыі гэтага твора: У вырай (Зашумела нудна восень…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ВЫРАЙ

Зашумела нудна восень
Шумам лісьцяў, шумам сосен,
Даўшы волю хмурам;
Ажно з гоняў Беларусі
Ў вырай вылецелі гусі,
Паплылі ў даль шнурам.

Сьледам з выраем, з гусямі
Паляцелі думкі самі,
Сэрца ўскалыхнулі;
Ўскалыхнулі долі плесьняй,
Азваліся казкай-песьняй,
Ў смутку патанулі…

Ой, вы, гусі-вырайніцы,
Жыць ня доўга ў чужаніцы,
Зноў к нам прыплывеце,
Зноў вас будуць сустракаці
Нашы рэчкі, сенажаці,
Наша сонца ў цьвеце.

Ой, вы, гусі-гудзіцелькі,
Не забудзеце зямелькі,
Дзе дзяцей пладзілі,
Дзе вы месячык страчалі,
Дзе вы зоркі падлічалі,
Плавалі, хадзілі.

Знаю, зложыце тут косьці,
Толькі зьлётаеце ў госьці
Асьвяжыці грудзі:
Вы ня ўмееце йшчэ, гусі,
Выракацца Беларусі,
Як умеюць людзі.

31-X—18 г.