Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/II/У досьветак

Плача восень У досьветак
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Віхор загуляў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Удосьвітак.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ДОСЬВЕТАК

Яшчэ певень пець не масьціцца,
Ня згасла ніводная зорка, —
У хаце дыміцца газьніца,
У хаце ўжо чутна гаворка.

За прасьніцай з мяккай кудзеляй
Папрадуха сучыць пры сьценцы,
За нітачкай нітачку сьцеле,
Вурчыць і вурчыць вераценца.

Хоць мілы сон клеіць павекі,
Хоць будзіць пасьцель успамінак,
Дзяўчына сон гоніць наўцекі,
Расьце і таўсьцее пачынак.

*

А ў полі заходзіцца бура,
Разносяцца жальбы і стогны,
Страхою калоціць віхура,
Дождж хвошча па шыбах сьцюдзёны.

Пуцінай брыдзе падарожны,
Куды ён брыдзе, не згадаці,
Паглядкаю сочыць трывожнай
Сьцяжыну ў балоцістай гаці.

Над ім неба з хмарамі вісьне,
Цямрыца, дзе вокам ні кінуць;
Няўжо-ж вогнік з хаты ні блісьне,
Няўжо-ж падарожнаму гінуць?

*

Папрадуху зморы абселі,
Ў руках вераценца ня скача;
Галоўку схіліла к кудзелі,
І дрэмле, і сон дзіўны бача.

Ёй сьніцца, што зьнекуля хтосьці
Сьпяшыць у дарозе дахаты,
Што ён так сьпяшыць к ёй у госьці,
Такі малады і багаты.

І ўсьмешка ўсьцьвіла маладая,
І кроў забурліла крыніцай…
Ёй сьніцца… Дый хто там згадае,
Што ўдосьвет папрадусе сьніцца?..

10-XI—18 г.