Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/III/З вячэрніх дум

Па шляху З вячэрніх дум
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
На вуліцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зь вячэрніх дум.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ВЯЧЭРНІХ ДУМ

Як нябеснае згасьне за лесам сьвятло,
А ноч крыльле распусьціць па ўсёй Беларусі,
Штось мне шэпча: ідзі! Я іду за сяло
І на ўзгорку пад крыжам паклонным саджуся.

Счараваны вячэрняй глухой цішыной,
Прыслухаюся шэпту далінаў і гораў;
Недзе-недзе губляюцца нікла са мной
Задуманыя вочы ў нязгледным прасторы.

Тонуць думы ў спакоі трывожна-сьвятым,
Над зямлёй расплываюцца з сумнай цямрыцай
Аж да высі, што макам мігціць залатым —
Мільёнамі зор без канца, без граніцы.

Ночна-сонная даль мае мову сваю,
Былі зьяўныя шорахам тайным складае,
Песьню з небам снуе — праслаўляе зямлю;
Ў песьню лучыцца гэту душа маладая.

Аб квяцістым зямнога жыцьця харастве,
Аб праменьнях, што долю галубяць людзкую,
І аб з сілай благою пабеднай бітве
Чую голас прарочы і ў думках мяркую…

Гледзячы, як загон наш калосьсямі сьпеў,
А сявец яго радасна з сонцам сваіўся,
Песьню далі і неба таксама я пеў,
А калі?.. Знаць, тады, як яшчэ не радзіўся!..

6-VII—13 г.