Ці на небе ня мільён зорак льсьніць!
Кожна зорка дзесь кагось весяліць.
Толькі-ж месца там ня стала
Для аднэй, што мне-б міргала…
Мусіць трэба было!
Ці-то мала ўдоўж і ўшыр вырас сьвет? —
Для ўсіх даў ён і прыпын і прывет,
А я век, як тое зданьне,
Не знайшоў сабе прыстаньня…
Мусіць трэба было!
Ці дарожак і на захад і ўсход
Легла мала на зямлі з году ў год?
Бо сьлед к шчасьцю на ўсім сьвеце
Ня судзіў мне бог сустрэці…
Мусіць трэба было!
Ці-то вецер толькі ў волі жыве —
Дзе захоча і ляціць і плыве?
Я-ж куды ні пасуліўся,
Ўсюды ў путах толькі віўся…
Мусіць трэба было!
Ці зямелька не гадуе людзей, —
Ці ў іх сэрца ястраб выпіў з грудзей?
Бо дзе з сэрцам ні зьвяртаўся —
Я на камень натыкаўся…
Мусіць трэба было!
Ці дзявочы ручкі зьвялі ў бядзе?
Ці-ж нікога не галубяць нідзе?
Каб я лёг і ў дамавіне —
Воч ніхто мне не зачыне…
Мусіць трэба ўжо так!
|