Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/IV/Не глядзі…

Ночцы Не глядзі…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
У зялёным садочку
Іншыя публікацыі гэтага твора: Не глядзі… (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЕ ГЛЯДЗІ

Не глядзі на мяне, не глядзі, адыдзі,
Не чаруй так сабой і на яве і ў сьне!
Ты сьмяешся з мяне… Дык ідзі-ж, не глядзі,
Бо замучыш, загубіш навекі мяне!

Погляд вочай тваіх душу змучыў маю, —
Праз яго я сябе не змагу аніяк:
То я рвуся к табе, то, як слуп той, стаю,
То жалею цябе, то кляну горка так.

Ты-ж ня любіш мяне, ты шукаеш другіх,
Туды пнешся, дзе звоняць дукаты, рублі…
А што я табе дам? я-ж бядней ад усіх,
У бадзяньні цяжкім жывучы на зямлі.

Бедзен я, дык чым я за цябе заплачу?
Знаю — мала табе душы сэрца майго:
Ты за грошы сябе прадасі панічу, —
Будзеш блізкай яму, будзеш жонкай яго.

Будзеш паняй ты жыць: смачна есьць, доўга спаць,
Шапкі будзе зьнімаць прад табою народ,
А я буду цярпець і свой дзень праклінаць,
Праклінаць і цябе, і твой гэты паглёд.

Дык ідзі, не глядзі! Я баюся цябе;
Не мая ты цяпер, і ня будзеш маей.
Дык ідзі, бо загубіш мяне і сябе,
Бо кіпіць мая кроў, сэрца рвецца з грудзей!

1906 г.