Як гляну я, гляну ў сьвет зрэнкай хмурліваю,
Ў сьвет гэты, што поўны няпраўды благой, —
Зьлятаюцца думы ў душу нешчасьлівую,
І вырвецца песьня, абліта сьлязой.
Дарэмна на долю гляджу чалавечую,
Ня бачу шчасьлівых у жыцьцёвым кругу,
А долю ўдавы ды і кожну кабечую
Найгоршай з найгоршых назваць я магу.
Ніхто за сіротку-ўдаву не заступіцца,
Ад злосьці і крыўд не бароніць ніхто,
А крыўдзіць-жа сільныя слабых ня скупяцца
Людзкому сумленьню і праўдзе на зло.
Расьце сярод поля сасонка высокая,
І віхры і хмары шалеюць над ёй;
Жыве без апекі ўдава адзінокая, —
Як хвойка ад бураў, цярпіць ад людзей.
Ня знала яна з мужам шчасьця вялікага,
Ня раз аблівалася сэрца крывёй,
Цяпер-жа ад ворагаў пошасьці дзікае
Ня знае спакойнай часінкі адной.
Падобная ў полі нязжатаму коласу,
Змагацца прымушана з зьменным жыцьцём,
І скаргаў яе справядліваму голасу
Няма рэха чулага ў сэрцы людзком.
Сваймі мазалямі — адвечна крывавымі —
Павінна на хлеба кусок зарабляць
І з крыўдамі, з зьдзекамі біцца няправымі,
Аб прышлых днях думаць, дзяцей гадаваць.
1906 г.
|