Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Зыйду…

На адвітаньне Зыйду…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Маладым на вясельлі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сыйду…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗЫЙДУ…

Зыйду са сьцежкі я тваей
Як цень з няведамага краю,
Хоць і ня вырву ўжо з грудзей
Таго, з чым жыці сіл ня маю.

Судзіла доля мне сустрэць
Цябе, як казку негадану,
Ды ня судзіла доля мець
Пацехі з гэтага жаданай.

Пракляцьце нейкае вісіць
Над лёсам марным і сірочым
Ды рве і рве за ніцяй ніць,
Якія з шчасьцем злучыць хочуць.

Нявольнік дум сваіх і сноў,
Сябе самога раб няшчасны,
Я скрозь жыцьцё адзін сам шоў,
Пуціны не зазнаўшы яснай.

І думаў, што ўжо скаваў лёд
Мне ўсе жаданьні і парывы,
Што дажыву я сваіх год
Па свойму вольны і шчасьлівы.

Так думаў… Сталася ня так, —
Душу збудзіла дзіўна зьява:
Чагось жадаць пачаў бядак,
Штось згледзіў больш, як сьмерць і слава.

Інакш забілася ў грудзях
Сьляпое, прыспанае сэрца, —
Зьмяніў на кветкі церні шлях,
І думаў: шчасьце ка мне рвецца.

Але здалося гэта ўсё,
Быў сон, а ява засталася,
Надзеі зорка ў нябыцьцё,
Як здань жывая, праняслася,

Зноў сам-адзін, як блудны цень
З далёкай вырваны камэты.
Ідзі, брыдзі і ноч і дзень,
Навек згубіўшы ўсе прасьветы,

Каб мог душу ўзяць, паказаць,
Каб мог сабе сам вырваць грудзі,
Тады-б мо‘ ты змагла паняць,
Чаго паняць ня хочуць людзі.

Тады-б мо‘ каменем цяжкім
Маёй душы не надзяліла,
Над сэрцам мела-б жаль маім
Ды і ўздыхнула-б над… магілай.

20-I—1915 г.