Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Каршун

Водклік з 29 кастрычніка 1905 г. у Менску Каршун
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Крыўда
Іншыя публікацыі гэтага твора: Каршун (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАРШУН

Пад небам высокім лётаў каршун,
З пагардай на рой пазіраў чалавечы, —
Аж бачыць — пад плотам ходзіць пявун —
Махнатая шыя, злацістыя плечы.

Як віхар, як куля, імчыцца каршун
І певеня тут-жа на сьмерць забівае, —
У бойцы няроўнай гіне пявун,
У бойцы няроўнай жыцьцём накладае.

З трыумфам каршун пад неба ляціць,
Пад небам крумчыць над здабычай сваёю,
Ды зноў, каб дзе пажывіцца, глядзіць, —
Забіць яшчэ й курку — ня траціць надзеі.

Але скуль тут не вазьміся стралец. —
Прыцэліўся. Раптам, як гром, стрэл раздаўся, —
Узмахнуўшы ў паветры крыльлем ледзь-ледзь,
Зьляцеў каршун з неба і болей ня узьняўся…

12-III—1906 г.