Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Нікому

Урывак з драматычнай поэмы Нікому
Паэма
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Калека
Іншыя публікацыі гэтага твора: Нікому.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НІКОМУ

(З часоў прыгону)

I

Скончыўся дзень працы,
Сонейка зайшло,
Вечарок асеньні
Сходзіць на сяло.
Станавяцца ў хатах
Дзяды па кутох,
Час агонь паліці,
Ночкі цень залёг.
Пук лучынак ёмкі,
Дзяўчынка, нясі,
Пры сьвятле іх будзем
Гутарку вясьці.
Раскажу вам тутка
Здарэньне адно, —
За часоў прыгону
Здарылась яно.
Слухаць толькі ўважна,
Не перабіваць.
Сьціхлі. Ладна! Толькі
З чаго-б тут пачаць?

II

Гэй, думка ўдалая,
Ты мяне нясі
Па роднай старонцы —
Па Белай Русі!
Нясі ў час мінулы,
Як горасна тут.
Год таму з паўсотні
Жыў наш бедны люд.
Сьмерць ішла ня ў часе,
Дый не к аднаму,
Жаліцца ў няшчасьці
Ня было каму.
На бяду і гора,
На сьлёзы і жаль
Паншчына спраўляла
Свой прадсьмертны баль,
Хоць мінуў даўно ўжо
Час той ліхадзей,
Але ня мінула
Памяць у людзей.

III

Сярод гор пяшчаных
Ды панскіх лясоў
Расьселася вёска
З якіх хат са сто.
Жыве ў гэтай вёсцы
Душ якіх з пяцьсот, —
Працуе на пана
Ўвесь гэты народ.
Пан што хоча робіць,
Грозен яго кнут,
Льле пот, кроў і сьлёзы
Зацяганы люд.
За віну малую
Розгамі сякуць,
За праступак большы
Ў рэкруты здадуць.
Бацька робіць „дзела“,
Ў салдатах сынок,
Бярэ за каханак
Пан жонак, дачок.

IV

Вось у гэтай вёсцы,
У сям‘і аднэй,
Вырасла дзяўчына,
А ўсіх прыгажэй!
Звалася Аленай
Дзяўчынка-душа,
Ну… і пакахала
Шчыра Тамаша.
І Тамаш Алену,
Ой, не ад таго;
Сказаць пра іх любасьць
Можна шмат чаго.
Любіліся шчыра
Пара галубкоў,
Дый ня мелі шчасьця
Для сваіх галоў.
Бор над іх-бы доляй
Плакаў і шумеў…
Аленку-красуню
Пан на воку меў.

V

Раз пекна прыбраўшысь,
Быццам на кірмаш,
Пайшлі ў двор да пана
Алена й Тамаш.
Прышлі. Пан к ім вышаў,
А яны да ног:
— „Пазволь пажаніцца
Нам, ясны панок!“
— „Жаніцеся! што-ж там…
Кажа пан з двара:
Калі-ж будзе шлюб ваш?“
— „Панок, на Пятра“.
Як прышлі, йдуць нашы
Дамоў жаніхі,
Весела варкочуць…
Пан добры такі.
І ні ўцям ім, бедным,
Што за імі ўсьлед
Ліха злое пхнецца
І натворыць бед.

VI

Грыміць палац белы, —
У пана йдзе банкет,
Гуляе магнацтва
Гулка, на чым сьвет.
Сталы паўнютэнькі
Яды дарагой,
Дарагія віны
Ліюцца ракой.
Бяз сораму жарты
У п‘яных пайшлі,
Аж іх жонкі, дочкі
Са стыду ўцяклі.
І гэтага толькі
Хацеў зброд п'яны,
— Дзевак сюды! Дзевак!
Крыкнулі паны.
Гаспадар гасьцінны
Ўгадзіць рад гасьцям. —
Тут Алену ўспомніў,
К якой лас быў сам.

VII

А Тамаш з Аленай
Муж і жонка ўжо
І ад шлюбу едуць
Роднаю мяжой.
Дамоў едуць хутка,
Ён штось шэпча ёй,
Яна вочкі спусьціць,
Стане ружавей.
Але не пашэнціць
Мабыць маладым:
Кепскія варожбы
Пападаюць ім.
Перабег дарогу
Заяц разы два;
Груган закружыўся,
Гукнула сава.
З трывогай друг к дружцы
Маладыя льнуць…
Каб хаця ім, бедным,
Злых прыгод мінуць!

VIII

Вечар. Ціха ў вёсцы,
Раптам грук такі!
Гоман. Коняй ржаньне,
Бразгаюць званкі.
Ўехала дружына, —
Той цьвяроз, той п‘ян, —
Сходзяць маладыя
На белы дыван.
Выслана да хаты
Сьцежка палатном,
Ідуць маладыя
За ручку ўдваём.
Бацька з маткай века
Ад дзяжы дзяржыць,
А на ім — гарэлка,
І хлеб-соль ляжыць.
Музыка марш грае,
Аж трасецца пол.
Пад векам дружына
Йдзе ў хату за стол.

IX

Малады на куце
Ўсеўся з маладой,
Побач — асыстэнты
Падрад чарадой.
П‘юць, ядуць, гамоняць,
Смутку ані-ні,
Скрыпачка заводзіць,
Кліча да гульні.
Мілая пацеха
Ў вочах маладых
Сьвеціцца, як сонца,
Аж б‘е жар ад іх.
Раптам — дзіва! з дзесяць
Панскіх гайдукоў
Улятае ў хату,
Як дзікіх зьвяроў.
— „Дзе, — крычаць, — Алена?
Маладая дзе?
Да сябе на гулі
Пан яе заве!“

X

Зьнямела дружына,
Зьнямеў малады,
Трэба-ж, не ставала
Гэтакай бяды.
Зналі, на якія
Гулі клікаў пан,
Што ўчыніць з Аленай
Распусны тыран.
Здрыгнуў Тамаш страшна,
Пабялеў як труп,
Слупам вочы сталі,
І сам стаў, як слуп.
На тое-ж Аленку
Ўзяў жонкай цяпер,
Каб над ёй глуміўся
Распасьвяны зьвер?!
І схапіў няшчасны
Точаны тапор,
Ажна ўсіх затрэсла
Жудасьць як віхор.

XI

„Гэй, вы, служкі пана! —
Крыкне так Тамаш, —
Подлыя вы самі,
Падлейшы пан ваш!
„Гэй, скажэце, шэльмы,
Кату свайму там:
Ня дам яму жонкі,
На ганьбу ня дам.
„Хоць згнію ў вастрозе,
Ці ў віры на дне, —
Няхай-жа ня будзе
Ні пану, ні мне!“
І сякерай гахнуў,
Як вокам міргнуць,
Па абух ўпілася
Ў Аленіну грудзь,
Рухнула Алена
На дол бяз жыцьця,
Крывёй цёплай, сьвежай
Залітая ўся.

XII

Так зышло вясельле
Нашай маладой, —
Засыпалі грудзі
Зямелькай сырой.
Над яе магілкай
Праз доўгія дні
Вырас клён і ліпа
Роўнай вышыні.
Зімой клён і ліпку
Засьцілае сьнег,
А мароз знаходзіць
Там сабе начлег.
Летам клён і ліпку
Зелень адзяе,
Сонца й вецер гулі
Заводзяць свае.
Людзі й тут па-свойму
Нейкі знак знайшлі:
Людзкія назовы
Дзераўцам далі:

XIII

Ад гэтай прыгоды
Шмат гадоў прайшло,
Непамяці зельлем
Шмат што зарасло.
Засталіся толькі
Ў думках з году ў год
Крыўды, што ў час гэты
Выцерпеў народ.
З дзедаў на ўнукаў,
З бацькоў на дзяцей
Ланцугом пляцецца
Што было даўней.
І гэта здарэньне,
Сьпісанае вам,
Расказаў мне так-жа
Стары дзед Адам.
Вам яшчэ цікава,
Як век дажылі
Той Тамаш і пан той
На гэтай зямлі.

XIV

Тамаша ў кайданы
Закулі ў той час
І ў Сібір саслалі,
Там ён бедны згас.
Доўга цягаў тачку
Пад звон ланцугоў
І памёр далёка
Ад родных куткоў.
Пан-жа, от, вядома,
Як і кожны пан
Панаваў час нейкі,
Цёнгле сыт і п‘ян.
Пасьля ўсё-ж са злосьці
Павесіўся ён,
Як на зямлі нашай
Мінуўся прыгон.
Палац стаіць пусткай,
Жыць няма ў ім як —
Зданьні ў ім здаюцца,
Быццам помсты знак.

1906 г.