Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Шуміць шумненька гаёк

У зялёным садочку Шуміць шумненька гаёк
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Не чапайся, панічок…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шуміць шумненька гаёк.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШУМІЦЬ ШУМНЕНЬКА ГАЁК

Шуміць шумненька гаёк,
Галейкам махае;
Любі мяне дзяцючок,
Бо я маладая:

Я прыгожая дзяўчына,
Ніхто не зжахнецца,
Твар чырвоны, як маліна,
Сэрца б‘ецца, б‘ецца.

Сэрца б‘ецца, любіць хоча,
Сэрца жджэ другога, —
Не магу я спаці ночай,
Як з жалю якога.

Ўсё к падушачцы тулюся,
К грудзям прыціскаю,
То смучуся, то сьмяюся,
То кагось чакаю.

Ой, чакаю, што-ж марудзіш
Дзяцючок са мною?
Прыдзі толькі — шчасьліў будзеш
З дзеўкай маладою.

1906 г.