Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/Я ня плачу…

Спроба октавы ⁂ (Я ня плачу…)
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Мая малітва
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я ня плачу над братняй магілай…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Я ня плачу над братняй магілай, —
Ён там сьпіць, не цярпіць ужо болей;
Я ня плачу над хатай пахілай, —
Я ўжо зжыўся з сваёю нядоляй.

Я ня плачу, што ніва ня родзе, —
Пот і кроў я прывык ліць напрасна;
Я ня плачу па родным народзе, —
Сяк ці так дажыве долі яснай.

А мне толькі сьціскаюцца грудзі
І ў вачох сьлёзы цьмяцца няміла,
Калі ўздумаю, што са мной будзе,
Як пець песьні ня стане ўжо сілы.

1909 г.