Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/II/І прыдзе…

Шляхам гадоў І прыдзе…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
З павяўшай славы…
Іншыя публікацыі гэтага твора: І прыйдзе.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І ПРЫДЗЕ…

І прыдзе новых пакаленьняў
На наша месца грамада
Судзіці суд, ці мы сумленна
Жыцьцё прайшлі, ці чарада

Зьняваг мінулых нас ня зьела,
Пакінуўшы свой дым і чад.
І мы па-даўнаму нясьмела
Жылі ня ў лад і неўпапад?

Ці аб свой гонар дбайна дбалі,
І дабравольна, бяз прынук,
Самі сабой не гандлявалі,
Ня несьлі ў петлі дум і рук?

І ці пакінуці на памяць
Мы песень гэтакіх змаглі,
З якіх-бы можна было ўцяміць,
Што мы свабоднымі былі?..

А ўжо свой выдасьць непадкупны
Аб нас гісторыя прысуд,
Калі аглядам гляне рупным
І разьбярэ, ў чым справа тут.

У сьведкі запісы пакліча,
Паданьні клікне ў час такі
І ўсё паліча, пераліча…
А суд гісторыі цяжкі!..

І засумуецца патомак
Калі дазнаецца аб нас,
Што нейкі з нас хоць быў ня зломак,
А плечы гнуў у крук ня раз;

Ня йшоў з адкрытымі вачыма
У сьвет і сьцежкі не прастаў,
А ўсёй магчымасьці магчымай
Таптаў сьляды, сябе таптаў.

1926 г.