Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/II/А зязюлька кукавала…

Кароль А зязюлька кукавала…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Два сьветы
Іншыя публікацыі гэтага твора: А зязюлька кукавала…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А ЗЯЗЮЛЬКА КУКАВАЛА…

Як на сьвет радзіўся Янка,
Як заплакаў многа-мала, —
Пела маці над калыскай,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Сьпі, саколік! Ку-ку, ку-ку!

Як падрос, падняўся Янка,
Як ганяць стаў ў поле стала, —
На жалейцы граў дзень цэлы,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Пасі статак! Ку-ку, ку-ку!

Як вялікім вырас Янка,
Як стаў сеяць шчыра, дбала, —
За сяўбою пеў аб долі,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Сей палетак! Ку-ку, ку-ку!

Як ні сеяў пільна Янка, —
Ўсё чагосьці не ставала:
Янка сеяў — людзі жалі.
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Жаці будзеш, ку-ку, ку-ку!

Як старым-старым стаў Янка,
Як пазбыўся сілы ўдалай, —
Баіў байкі-казкі ўнукам,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку! Кінь дакуку!
Годзі баіць! Ку-ку, ку-ку!
Як хавалі людзі Янку —
Галасілі многа-мала:
— А нашто ж памёр ты, сейбіт!..
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку! Кінь дакуку!
Сьпі, саколік! Ку-ку, ку-ку!

8-IX 1921 г.
Акопы