Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/II/Новы Год

На нашым… Новы год
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Каб…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Новы год (Пад звоны зброі, путаў звоны…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НОВЫ ГОД

Пад звоны зброі, путаў звоны,
Пад сьвіст разьюшаных прыблудаў
Брыдзеш з няведамых старонаў,
Як здань няведамага цуду.
На Беларускае йдзеш поле,
На акрываўленыя межы,
Дзе закаванай дрэмле воля,
Дзе звоніць звон хаўтурны з вежы.
Ідзеш у край, дзе пажарышча
Яшчэ дымець не перастала,
Дзе сьмерць спраўляе сваё йгрышча
У сполку з чэрняй адзічалай.
Ідзеш у край, дзе сотні летаў
Хто толькі хоча, гаспадарыць,
Але ня сын зямліцы гэтай,
Які тут косьці вечна парыць.
Ідзеш у край, які бязбожна
Жыўцом парэзалі на часьці,
А брат проць брата стаў варожна,
І памагае край раскрасьці,
На Беларусь ідзеш, Год Новы,
На зьмену йдзеш Старому Году,
Ідзеш і звоніш у аковы,
Як той стары з пачатку роду.

Менск 30/XII 1919 г.