Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/II/Цішку Гартнаму

Дзьве сястры Цішку Гартнаму
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Ці хто думаў…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Цішку Гартнаму (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У пятнаццатую гадавіну яго шчырай пясьнярскай працы на карысьць беларускага працоўнага люду.

Многа поля з добрай доляй,
Нешчасьліва і шчасьліва,
Праляцеў ты, мой саколе,
Па-над роднай нашай нівай,
У сьвітаньне, у прадвесьне,
З непамернай гордай сілай
Пела бура табе песьні,
Думкі бурныя будзіла.
І мацнелі твае крыльлі,
І мацнеў дух неўгамонны,
А вясёлкі шлях сачылі,
А маланкі слалі ўклоны.
Яснай зоркай з-пад аблокаў
Азіраеш пуцявіну,
Па якой ты ненарокам
Мкнуўся к сонцу бяз упыну.
Нікнуць чары ў пору гэту,
З воч спадае асьляпленьне,
І законы піша сьвету
Людзкай праўды вызваленьне.
Гэй, ляці, саколе, далей
Па-над буйнай Беларусяй!
Ня спыняйся ў векаў далі
І ня гніся, як ня гнуўся!

21/X 1923 г.