Звіняць абшары
Аўтар: Алесь Пруднікаў
1931

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Восень звонкая — звіняць абшары,
Павуціны сцелюцца па полю...
Манеўруюць качкі у надхмар’і
Над празрыстым люстрам вадапою.
Я стаю. У садзе дрэвы зябнуць.
Думы рвуцца ў палявую цемень...
Асыпаецца лістота з яблынь
На палёў абстрыжанае цемя.
Не шкадую згубленай красы іх,
Не сумую больш па іх увечар.
Зразумеў, што на прасторах сініх
Шлях другі праложан чалавекам.
Пачакай, асенняя сцюдзёнасць!
На сцяжынцы, маем утрамбованай,
Мяне стрэне, юны і бадзёры,
Дзень вясенні, ў зелень
афарбованы...
І я знаю — рань зямнога раю
Зноў сады ахутае лістотай.
Вось таму і ласкава прымаю
Стынь асенняй дзіўнай пазалоты.
Я пайду на шторм свайго імкнення,
У страі тварцоў да мэты мчацца,
Каб тварыць другому пакаленню
На зямлі маёй зямное шчасце!