Згнанніку
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1907
Крыніца: http://yakubkolas.ru/zgnanniku

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Брат маркотны, брат мой бедны!
Гоняць нас, на нас плююць;
Дзе ні пойдзеш — мы чужыя,
Мала нас дзе, брат, паймуць.

Свет шырокі, свет свабодны,
Толькі нам дарог няма:
Зачынілі ўсе нам ходы,
Аблягла вакол нас цьма.

Брат маркотны, брат мой бедны!
Не нудзіся, дарагі!
Будзем плыць памалу далей,
Хоць далёка берагі…

Мыслі праўды, дух свабоды,
Вольны наш народны дух
Растрасе суздром астрогі,
Ржавы ён парве ланцуг.

(1907)