Здагадлівая Баба

Здагадлівая Баба
Верш
Аўтар: Альберт Паўловіч
1919 год
Крыніца: Беларускае Жыцьцё. — 21 верасьня 1919. — №14; бач. 5-6

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Здагадлівая Баба.

Далі трэці званок, Кандухтор даў сьвісток,
Вось скранулася з мейсца машына…
Пасажыры спішаць сваё мейсцо заняць,
Засаплася бабулька Макрына.
Клапатліва і ёй, каб да хаты парой
Дацягнуцца у вёску з гаршкамі:
Чэрапья везла шмат, бо у часе Каляд
Мелі госьці прыехаць с сватамі.
Распускаючы дым, разышоўся зусім
Гэны поцяг і куляю прэцца.
Слупы з дротам мігцяць, лес і поле ў вёрст пяць

Прамінае ў мінуту, здаецца.
У вагон — дзе зірнуць, — ані носа уткнуць,
Усюды цесна і поўна народу.
Пасажыры сямьёй размаўляюць с сабой;
Мала дбаюць яны аб выгоду.
Шмат цікавых навін разсказаў ні адзін
Каб чым сьцерці той час у дарозе
Тут казалі, скуль соль, як шкадліва нам моль
І як цукер нам Англія звозе,
С чаго гоняць смалу, як гаіць лепш скулу,
Што кароў паіць выгадна брагай.
Адзін то, другі то, во плятуць абы што.
Баба слухае рэчы з увагай.
Усё цікава ёй знаць, дый ня трэба пытаць:
З іх размовы сьвядомасці хваце.
Вось гудзяць, як чмялі, а ў канцы пачалі
Аб прыладах вагона казаці:
Скуль бярэцца той грук, да чаго які крук,
К чаму засоўкі, ручкі, падпоры,
Як што трэба круціць, каб цягло супыніць,
Хаця як будзе бег яго скоры.
І во так той таму, так адзін аднаму,
Хто што здумае, тое і скажэ.
Усе пытаньні, атвет баба лове у сьлед
І на хвільку ані не прыляжэ.
А сама доўгі час пагледала не раз
І ў духу сабе так размышляла:
Гэта-ж добра во знаць, чымсі пеша чэсаць,
Я пярвей гэтай штукі ні знала.
..................
Хутчэй ластаўкі той, поцяг мчыцца стралой,
Ажно стогне — так голасна дышэ;
А вагон, як вазок, толкі збоку-на-бок
Падтрэсае і моцна калышэ.
Слупы з дротам мігцяць, поле, лес, сенажаць…
Ля воч скачуць — хмызьняк і балота,
За балотам зноў луг, далей поле наўкруг…
Бабе надта усё бачыць ахвота:
Пагледае ў вакно. Аж вунь бачыць гумно,
Сваю хату здалёку пазнала.
Не парадзіўшысь с кім, а адумам сваім
(Яна доўга ужо не чэкала),
Ручку з тормазам шась— Усе вагоны лясь — лясь…
І цягнік з трашным шумам спыніўся.
Людзі дзівяцца — страх, пацямнела ў вачах,
Ніхто толку ніяк ні дабіўся.
Кандухторы бягуць… Як мурашкі снуюць;
Што такое? — шукаюць прычыны,
Агледаюць цягнік, колы, восі, душнік,
Глядзяць буксы, бандаж і пружыны.
А Макрына — што ёй! Яна лупе мяжой
З пэўнай мінай і ліха ні знае,
Гэта ёй неўздагад — што дала страху шмат,
Яе у хаце ўжо муж дзесь чэкае.

Альбэрт Паўловіч.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.