Зноў «Западная Россия»
Зноў «Западная Россия» Аўтар: Аляксандр Цвікевіч 1926 Крыніца: Полымя, 1926, № 2, с. 115-121 |
Не вязе Беларусі на гістарычныя досьледы! Ужо з першых крокаў, што рабіла гістарычная навука ў стасунку да Беларусі, усе скардзіліся, што нашае мінулае дасьледавана і ня добра, і ня поўна. М. О. Каяловіч, выдаўшы свае „Лекции по истории Западной России” ў 1884 годзе, жаліўся, што „як дваццаць год таму назад, калі я ўпяршыню чытаў свае лекцыі, так і цяпер паўстае „вопиющая нужда“ ведаць Заходнюю Расію”. Жаліўся на гэта акрэсьлена і Раманаў і ўсе іншыя этнографы і дасьледчыкі, жаліўся на гэта М. К. Любаўскі ў 1915 годзе, пісаўшы ў другім выданьні сваіх „Очерков по истории литовско-русского государства“, што „Літва і Заходняя Русь усё яшчэ застаюцца terra incognita ня толькі для шырокай публікі, але і для вучонага сьвету, за выключэньнем некалькіх спэцыялістых”. І вось, урэшце, жаліцца на тое самае ўжо ў 1924 годзе І. І. Лаппо, кажучы, што „веды расійскага грамадзянства аб Заходняй Расіі далёка не акрэсьленыя”.
Разам з гэтымі фарысейскімі жальбамі, у расійскай гістарычнай навуцы ў стасунку да Беларусі, з першага дня і да дзён апошніх цьвёрда праводзіцца прынцып „Западной России, как исконно русской земли”. Гэты факт, як ня трэба лепш, даводзіць нам, наколькі кожная гісторыяграфічная навука патрыотычна, і наколькі par excellence патрыотычны расійскія гісторыкі ў стасунку да Беларусі. Усе яны ідуць сьцежкамі Шлецэра, што хацеў выслужыцца прад Кацярынай ІІ і абяцаўся напісаць расійскую гісторыю ня толькі згодна з гістарычным прогматызмам, але і згодна з інтарэсамі „яе вялічаства”.
Праўда, ні для Каяловіча, ні для Любаўскага, ні, урэшце, для Лаппо няма гэткай паваблівай мэты. Але, замест „яе вялічаства імпэратрыцы” у іх ёсьць „яе вялічаства расійская дзяржава і яе інтарэсы”. Усе яны, як казаў Каяловіч, імкнуліся да таго, каб нашую краіну расійскае грамадзянства „ведала паруску”. А Любаўскі,—дык той яшчэ лепш пасьведчыў у прадмове да сваіх „Очерков” „прысьпеў час ужо, каб Заходнюю Расію аб'яднаць у навуковай сьвядомасьці з Расіяй таксама, як яна ўжо аб'яднана палітычна". (курсіў мой—А. Ц.) Вось яны—„вучоныя патрыоты”!
І. І. Лаппо,—вядомы дасьледчык літоўска-рускага гаспадарства,— у сваёй працы, што вышла надовячы ў Празе, пад загалоўкам „Западная Россия и ее соединение с Польшей“[1], ужо аднэй назвай сваёй кнігі сьведчыць, што для яго ня існуе „духа времени“. Свой досьлед ён па прыкладзе Шлецэра робіць з тае прычыны, што "веды аб тым, што ўяўляюць сабой заходня-рускія землі патрэбны для Расіі, для народу рускага, для арганізацыі яго дзяржавы і спакойнага, цэласнага разьвіцьця яго, пасьля тых „потрясений" якія ён перажывае.
Зьяўленьне кнігі Лаппо ўжо аднэй сваёй упартасьцю варта таго, каб спыніць на ёй увагу. Складаецца яна з дзьвёх частак: першай,— лікам 85 стар., у якой аўтар імкнецца „прасачыць галоўныя этапы паступовага вывучэньня таго краю, які атрымаў імя Заходняй Рассіі“,— і другой, больш значнай,—дзе ён хоча пазнаёміць чытача са ўсімі навуковымі вынікамі тых гістарычных досьледаў, якія былі зроблены ў расійскай і польскай літаратуры ў стасунку да мінулага гэтага краю.
У другой частцы І. І. Лаппо, як спэцыялісты, чуе сябе больш пэўна, чымся ў першай, дзе яму прыходзіцца опэраваць з матэрыялам ня столькі гістарычным, колькі публіцыстычным. У гэтай другой частцы ён выкладае сьцісла гісторыю ўзьнікненьня літоўска-беларускага княства, яго „русскай" (праз два с) культуры, яго ўнутрынацыянальных адносін ад першых часоў да вуній з Польшчай, урэшце,—падрабязна і абаснована,— гісторыю яднаньня літ.-бел. княства з Польшчай у люблінскай умове 1569 году. Заданьнем аўтара ёсьць давесьці, што сувязь літ.-бел. гаспадарства з Польшчай ні ў якім выпадку ня была „слиянием" дзьвёх дзяржаў у вадну, як гэта проклямавалі самі тварцы Люблінскае вуніі, але што гэта быў дзяржаўны саюз дзьвёх самастойных гаспадарстваў. Заданьне гэтае, як вядома, ня новае. Ім займаліся здаўна як расійскія, гэтак і польскія гісторыкі, і юрыстыя. Спрэчка йшла ў тым кірунку, што польскія вучоныя даводзілі поўную зьлітасьць літ.-беларускага гаспадарства з Польшчай, у якой зьлітасьці Літва і Беларусь ня толькі страцілі свой дзяржаўны сувэрэнітэт, але пазбыліся сваіх гаспадарчых і культурна-бытавых адзнак. Расійская-ж старана, наадварот, даводзіла, што, ня гледзячы на люблінскі акт, Літва-Русь захаваліся як дзяржаўная адзінка, як асобнае цэлае, што гэта быў толькі саюз дзьвёх роўных сіл супроць Масквы і немцаў і што дзеля гэтага ўся далейшая гісторыя Рэчы Посполітай ёсьць сужывецтва, часта штучнае, дзьвёх розных юрыдычна, экономічна і нацыянальна-культурна традыцый і сыстэм. Польскія дасьледчыкі пры гэтым сьпіраліся, галоўным чынам, на самы акт Люблінскай вуніі і на польскія хронікі XVI стагодзьдзя аб Люблінскім сойме, а расійскія—на юрыдычную кваліфікацыю далейшых дзяржаўных распарадкаў і факты жыцьця.
З польскага боку гэтым пытаньнем займаліся спэцыяльна проф. Кутржэба, Галецкі, Бальцэр і інш., а з расійскага боку Доўнар-Запольскі, Леонтовіч, Любаўскі, Пічэта і — з праўна-дзяржаўнага пункту гледжаньня — бар. Нольдэ.
У сваёй працы І. І. Лаппо дае цэлы шэраг вельмі цікавых аргумэнтаў і новых матэрыялаў, што да гэтай справы. Так, прыкл., вельмі цікавы ссылкі аўтара на практыку сэймаў пасьля вуніі, на іх акты, перапіску і дзеньнікі ня тых соймаў, што зьбіраліся на Літве Русі прад „вальнымі" ці „кароннымі" і мелі мэтай падрыхтоўку матэрыялаў для апошніх,— а тых, што зьбіраліся самастойна і мелі сваё тэрыторыяльна-дзяржаўнае значэньне (як Волковыская рада 1577 і 1582 году, віленская рада 1584 г., і інш); цікавы ссылкі на абароны мытнай граніцы паміж княствам і „каронай", а таксама начал „тубыльства" (чужаземства жыхароў княства ў стасунку да Польшчы); аналіз адпаведных артыкулаў Статуту 1588 г., практыка Скарбовых Трыбуналаў і г. д. Цікавы цытаты з лістоў Міхаіла Агінскага, з часоў урадаваньня на Беларусі Адама Чартарыскага, у гэтых лістох Агінскі вельмі акрэсьлена падчырквае асобнасьць старой „Літвы" ад Польшчы; паказаньні на погляды Міхаіла Бобржынскага, Анатолія Левіцкага і Сальвандзі.
Другім заданьнем аўтара ў тэй-жа частцы ёсьць давесьці асобнасьць нацыянальна-культурнай гісторыі літвінаў і беларусаў (па Лаппо рассійцаў праз два с) за час іх сужывецтва з Польшчай. Што праўда,— тут І. Лаппо не дае нічога новага, паўтараючы вядомыя нам ужо весткі аб этнографічным, праўным і рэлігійным становішчы насяленьня Літоўска-Беларускага Княства, яго высокім культурным стане ў параўнаньні з Каронай, яго барацьбе за свае правы і сваё нацыянальнае „я" і г. д.
Больш таго,—тут мы знаходзім літаральнае паўтарэньне традыцыйных характарыстык беларусаў, якімі поўна першая палова кніжкі Лаппо і якія гавораць аб беларусах, як „русских западной ветви" і аб беларускай мове, як „западно-русском наречии".
„Что представляет собой тот русский язык, которым говорило Великое Княжество Литовское", пытаецца аўтар, —і адказвае: „само население называло его русским. Так же называла его и власть. Но этот язык неизбежно оказался несколько иным (!), чем тот, на котором говорила Русь Московская. Для него предполагалось несколько наименованнй, пока не установилось обозначение его белорусским для Русского Северо-Запада и малорусским для Русского Юго-Запада“. „Но еще долго", падкрэсьлівае Лаппо, „предлагалось называть его просто русским". Аўтар сьвядома ня робіць розьніцы паміж тагачаснай мовай „славянскай" і жывой беларускай, хоць добра гэта ведае. Ён сьвядома абыходзіць пытаньне аб тэй вялікай розьніцы, якая існавала ў тыя часы паміж мовай Масквы і мовай Русі, аб тым, што ласьне ў тыя часы беларусы называлі мову літоўска-беларускага княства „русскай", а мову маскоўскага княства— маскоўскай. Прыводзячы словы Льва Сапегі з прадмовы да трэцяга выданьня Статуту аб тым, што „жыхаром княства ўстыд ня ведаць свайго права, на уласнай мове напісаннага",—Лаппо, не пакрывіўшыся, лічыць гэтыя словы „чистым русским языком", спакойна перапісваючы статутовыя словы „стан", „няхай" „лепшы", „уласны", „іншы" і гэтак бяз конца,—на „сословіе", „пусть", „лучший", „собственный" „иной" і г. д. Няма граніц „вучонай бесстароннасьці".
У артыкуле аб беларускіх старадруках І. Лаппо ні словам не ўспамінае аб постаці Францішка Скарыны і яго „паспалітай мове", аб розьніцы тагачаснай беларускай культуры ад маскоўскай і аб тых досьледах аб беларушчыне і Маскоўшчыне ўдзедзіне слоўна-культурнай, якія пераведзены ў расійскай і польскай літаратуры і якія вельмі далёкі ад „патрыотычнага" падыходу пана Лаппы. Замест гэтага ён для абароны свайго „истинно русского" погляду адшуквае новы аўтарытэт, польскага ксяндза-гісторыка, нейкага Францішка Сярчынскага, які яшчэ ў дваццатых гадох (!) XIX стаг. даводзіў, „што дарма вучоныя імкнуцца дзяліць адзіную расійскую мову на некалькі... у тым ліку на беларускую". „Як ніхто, зазначае ксёндз, ня дзеліць польскую мову на вялікапольскую, малапольскую, мазавецкую і інш , таксама нельга дзяліць расійскую мову на беларускую і маларускую". Калі да гэтай ксяндзоўскай апініі дадаць вызнаньне Лаппы, што „беларусы ўсё-ж такі маюць акрэсьлены этнографічны твар", што „белорусское наречие принимало участие в создании общего русского литературного языка, который в настоящее время является одним из самых богатых языков мира",— дык будзе ўсё, што „почтенный автор" удзяліў беларусам і беларушчыне на працягу ўсіх 225 старонак сваёй кнігі.
Прад намі ізноў „Западная Россия" са ўсімі яе прысмакамі і аздобамі. Калі-б ня было ні вайны, ні рэволюцыі і ў жыцьці, і ў навуцы, калі-б ня было гэткіх гістарычных зьявішчаў, як утварэньне нацыянальных рэспублік, замацаваньне ў аграмадным маштабе іх культуры ў форме тысяч школ, мільёнаў кніг, багатай нацыянальнай літаратуры, нацыянальнай навукі і тых народных мас, якія да канца прасякаюцца ідэяй свайго адраджэньня.
Прагледзеўшы першую частку кніжыцы, у якой аўтар выкладае ўсе папярэднія гістарычныя тэорыі аб „Западной России" мы бачым, што з асаблівым захапленьнем ён спыняецца на тых тэорыях, з якіх ніводная не ўспамінала аб асаблівасьцях гэтае „Западной России". Лаппо ў 1925 годзе —законны сын Іосіфа Семашко, М. Мураўёва, М. О. Каяловіча, Устралава з яго „чатырма варункамі народнасьці", пазьней Саланевіча і tutti quanti. Для яго няма ні беларускага, ні украінскага пытаньня, аб якіх ужо каля стагодзьдзя йдзе гарачая спрэчка як расійскай, так і польскай і эўропэйскай літаратуры. Ён абыходзіць пры гэтым моўчкі і Кастамарава, і Кулішэра, і „Основу"; для яго Галіччына таксама „исконно-русский край", а галічане— „галицкие русские" (які энографічны ідыётызм,—быццам ёсьць „сибирския", ці „крымския" русския); нават Прыкарпацкая Русь па яго тэрмінолёгіі — «забытый уголок русской земли». Для яго няма ні Шаўчэнкі, ні Франка, ні Драгаманіва, ні Антановіча. Зразумела, што ў яго кніжцы няма нават слова «Украіна», за якую пралілося ўжо столькі крыві.
Ня існуе, зразумела, для яго і слова «Беларусь». Ён абыходзіць моўчкі ўсіх тых расійскіх этнографаў, якія не гадзіліся з рэакцыйнымі апэніямі аб Беларусі і бачылі ў ёй «асаблівую краіну», нават «з уласнымі географічнымі граніцамі», — як казаў, прыкл. Бяссонаў, — а тым больш тых польскіх этнографаў і гісторыкаў, якія — horribile dictu! — цалкам процістаўлялі Беларусь Маскве. Цікава, ці чуў калі-небудзь пан Лаппо аб поглядзе на Беларусь гэткага выдатнага і глыбока-рускага чалавека, як Бакунін? Ня верыцца, каб яму ня былі вядомы бакунінскія лісты «ўсім славянскім братом», у якіх лістох вялікі рэволюцыянэр поўнасьцю вызнае за Беларусьсю права на незалежнае нацыянальна-дзяржаўнае існаваньне.
Паўтараем, для Лаппо ня існуе нічога, апрача «Западной России». Нават на такім дражлівым і складаным пытаньні, як пытаньне расійска-польскіх адносін, ён ня ідзе далей 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя, лічачы, што Самарын сказаў у гэтай справе апошняе слова.
Пры разглядзе артыкулу Самарына «Современный об’ем польского вопроса», аўтар скромненька, але вельмі выразна, паказвае свой політычны твар. Адмовіўшы Польшчы ў праве на беларускія і заходня-украінскія абшары, ён зазначае: «для Западной и Южной России в дальнейшем намечается вопрос о взаимных отношениях племен русских, т. е. восточных славян (великоруссов, малоруссов и белоруссов) Но это уже внутренний вопрос народа русского (курсіў наш — А. Ц.), а не его и других народов».
Іншымі словамі, Лаппо стаіць на тым, што беларусы і украінцы зьяўляюцца «гістарычнай спадчынай Расійскае Дзяржавы» — і ніхто ня мае права цікавіцца, як гэтая дзяржава акрэсьліць іх становішча. Чым не пэрыфраз славутага пушкінскага «мора, у якім павінны зьліцца ўсе славянскія рэкі»?.. Не дарма ад старонак «Западной России» вее спэцыфічна лаппаўскім духам нават… вызнаньня Польшчы, — і было-б ня дзіва, калі-б у канцы кніжыцы мы прачыталі на гэтую тэму оду Хамякова (таксама вельмі блізкага сэрцу п. Лаппы):
И взор поэта вдохновенный
Уж видит новый век чудес…
До свода синяго небес
Орлы славянские летают,
Но мощную главу склоняют
Пред старшим северным орлом…
Ці ня гэты ідэал мігаціць прад «умственным взором» паважанага профэсара?
Што да славянства, дык „прышый кабыле хвост", а галоўней, канечна, дзеля паклону ў бок гасьцінных чэхаў, Лаппо расказвае нам і аб „славянском единстве и России", і аб славянскім зьезьдзе ў Маскве ў 1867 г., і аб іншых рэчах, якія калісьці міла зычэлі для вуха расійскага патрыёта, але сёньня не заўсёды смачна зычаць для чэха. Не дарма чэхі, падтрымліваючы расійскіх зуброў, часам сьцерагуцца, каб іх госьці, дабраўшыся да ўлады, не абярнулі „забытый уголок земли русской" разам з „златай Прагай" у „Прыкарпацкую губэрню".
Праца І. Лаппо шмат у чым зьяўляецца карыснай. У ёй мы знаходзім партатыўна вылажаны курс літоўска-беларускага княства і адносін яго да Польшчы. Карысна яна і тым, што ў канцы кніжкі прыложаны бібліографічны сьпіс патрэбнае літаратуры, даволі поўны, які дае магчымасьць чытачу орыентавацца ў адпаведным матэрыяле.
Але калі-б нас запыталі, чаго больш у гэтай працы—ці карысьці, ці шкоды,—дык мы без усялякага хістаньня сказалі б: шкоды ад яе больш, чым карысьці. Для Беларусі і беларускага адраджэньня гэтая кніга безварункова шкодная. Асабліва новага важнага ў сэнсе навуковым яна не дае. Усё тое, што там ёсьць за малымі выключэньнямі, мы можам знайсьці ў больш поўных курсах літоўска-беларускага гаспадарства і ў спэцыяльных монографіях, хоць-бы таго-ж самага І. Лаппы.
Але, не даючы асабліва важнага для навукі, яна дае шмат што для політыкі. Ад гэтай кнігі аддае духам „Вестника Западной России", што выдаваўся ў Вільні за часы мураўёўшчыны і крычаў на ўсю Расію аб патрэбе пасыланьня на Беларусь вялікарускіх нянек і чыноўніцтва для „обрусения этого исконно-русского края". Ад гэтае кнігі аддае духам сьвежай памяці Пабеданосцава і Сталыпіна, што насаджвалі на Беларусь сотні і тысячы царкоўна-прыходзкіх школ і загібалі ў баранаў рог ня толькі праявы беларускай нацыянальнай ідэі, але і праявы мясцовай ініцыятывы і краёвага патрыотызму. Ад гэтае кнігі вее такім чорнасоценным духам русіфікатарства, што бярэ і агіда, і злосьць: як у нашыя часы яшчэ знаходзяцца людзі, што з бруднымі лапамі лезуць на Беларусь. Асабліва агідна, што гэтыя людзі, узгадованыя паміж нашых родных сяліб, з выключнай актыўнасьцю даводзяць стары закон рэнэгацтва.
Аднак-жа факт ёсьць: лапы ў навуковых манжэтах працягваюцца і пры гэтым вельмі хціва. Што мы можам і павінны ім проціставіць? Першае, зразумела,—факты жыцьця: Савецкую Беларусь, як самастойнае гаспадарства, як дзяржаўную адзінку з беларускай культурай, беларускай школай, беларускім тэатрам і беларускай навукай. Але гэтага мала. Павінен быць органічны аргумэнт,—трэба біць ворага яго зброяю.
Зьяўленьне кнігі І. Лаппо ў Празе чэскай надзвычайна характэрна. Сучасная Прага ёсьць цэнтр расійскай эміграцыі ўсялякіх гатункаў—ад царскіх зуброў да прыхільнікаў Саветаў. Яна зьяўляецца цэнтрам навуковай і політычнай думкі старой расійскай профэсуры і ў гэтым сэнсе імкнецца адыгрываць ролю бесстароннага арбітра і судзьдзі прад Эўропай у стасунку да ўсіх пытаньняў старой Расіі. Тут у Празе вядзецца ўпартая барацьба за вызнаньне раней прыгнечаных нацыянальнасьцяў—у тым ліку і беларусаў,—ня столькі прад чэскай навукай і грамадзянствам, але праз іх—прад грамадзянствам і навукай Нямеччыны, Францыі, Італіі і іншых краін. Ня дзіва, што расійская чорная сотня дакладае ўсіх высілкаў, каб пераканаць адсюль Эўропу, што ніякіх беларусаў няма, што гэта адзін толькі бальшавізм, выдумка Комінтэрну і іншых „ворагаў цывілізацыі".
Беларускай навуцы нельга махаць на гэта рукой і абыходзіць гэтае зьявішча бяз увагі. Мы не павінны забывацца аб тым, што калі гэтыя рэчы мала абыходзяць Савецкую Беларусь, дык яны вельмі і вельмі абыходзяць Беларусь Заходнюю. Ня трэба забывацца, што кнігі кшталтам „Западной России“ І. Лаппо,—гэта на рэдкасьць карысная рэч для польскай улады, для барацьбы яе з беларускім рухам. Большага падарунку для п. п. Грабскіх і Обстаў, як гэтая кніжыца, трудна і прыдумаць. Дарма І. Лаппо імкнецца давесьці адсутнасьць у Польшчы праў на Беларусь, як на „истинно-русский край“. Аб гэтым яго ніхто слухаць ня будзе і пажаданых для яго вывадаў ня зробіць. Але вось той вывад, што ніякіх беларусаў няма, што іх выдумалі комуністыя, што беларускі рух небясьпечны для „цывілізацыі", што для барацьбы з ім можна атрымаць грошы ў французаў,— вось гэтыя ўсе вывады як для ўнутранага, так і для замежнага ўжываньня польская навука і за ёй польская політыка зробяць адразу-ж. Аўторытэт І. Лаппы будзе для іх найлепшай падвалінай.
Паўтараю, кніга Лаппы для беларускага адраджэньня, асабліва Заходняй Беларусі, —выключна шкодная. І таму важна, каб на тым самым грунце, дзе яна мае і можа мець уплыў,—на грунце эўропэйскім, была нашая кніга і нашая літаратура, але толькі з другім зьместам і другімі лёзунгамі. У барацьбе за сваё жыцьцё Беларусі нельга пакідаць без адказу гэткія паважныя напады. Маючы прад сваімі вачыма тыя 400 гадоў, што прашлі бяз сьледу для нас з часу першае беларускае кнігі,— мы ня можам пазволіць сабе роскашы пакідаць бяз увагі пропаганду ўсялякіх „Западных Россий“.
- ↑ І. І. Лаппо — "Западная Россия и ея соединение с Польшей в их историческом прошлом“, 225 стр. изд. „Пламя“, Прага, 1924 г.