Зноў яны, драбнюткія сняжынкі
Зноў яны, драбнюткія сняжынкі Аўтар: Мікола Сурначоў |
Зноў яны, драбнюткія сняжынкі,
Не сняжынкі, а пялёсткі вішань,
Замялі знаёмую сцяжынку,
На якую пагуляць я выйшаў.
Замялі, засыпалі — ні следу,
Любая, твайго не адшукаю.
І куды я ні іду, ні еду, —
Вецер зімні пра цябе спявае.
А чаму спявае?
Не згадаю.
Мабыць, і яго ты акрыліла,
Песню напявала ў ціхім гаю
І, як мне, галованьку ўскружыла.