Золата
Раман
Аўтар: Ядвігін Ш.
Крыніца: https://knihi.com/Jadvihin_S/Zolata.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Па вузенькай, мала пратаптанай сцежцы, праз агарод сталяра Пётры Курачонка, уніз, дзе стаяла лазня каля рэчкі, плыў, гутарачы паміж сабой, местачковы народ. Ішлі мужчыны, ішлі кабеты, ціснуліся дзеці-падросткі. Усякаму хацелася глянуць, як гэта заўсёды бывае ў невялікіх мястэчках, на нябожчыцу. Кожны — ад старога да малога—знаў яе жывую, як жа было не паглядзець на мёртвую. Цікаўнасць яшчэ больш узрастала, што там была ўжо паліцыя: станавы і ўраднік. Смерць неяк неспадзеўкі захапіла Прузыну, дый мала хто ведаў, скуль узялася тут гэта кабеціна, дзе яе радня і што пасля яе засталося: ці не было якога спадку.

Прыцягнулася ў гэта мястэчка Прузына ўжо блізка году. Прыцягнулася — от, як цягаюцца па свеце дурныя, звар’яцелыя; іх ніхто не пытае, скуль і чаго, а сталяр з ласкі, абы мела які прытулак, пусціў яе ў сваю пустую лазню. Месца, праўда, і ў лазні Прузына шмат не займала. Апрача скрынкі з-пад цвікоў, з прымацаваным ззаду раменьчыкамі, а спераду — прабойчыкамі і ямкай, верхам, нічога больш нябожчыца не мела. Але гэты схоў, відаць, важны быў для Прузыны, бо заўсёды зачыняла яго на замочак і пры людзях ніколі туды не заглядала. Жыла нябожчыца з жабраніны цягалася з мястэчка ў вёскі, з вёсак у мястэчка, а свой «скарб», як яна называла тую скрынку з-пад цвікоў, аддавала тады пад апеку Курачонку. Відаць, верыла яму.

3 дароў ад людзей Прузына не ўсё прымала. Яды ў запас з сабой ніколі не брала — от, толькі што на месцы з’есць, а калі хто, бывала, вынесе якую капейку, то адракалася яды і ўцякала, як ад заразы, і праз доўгі час пасля гэтага такую хату абмінала. Затое на адзежыну нябожчыца вельмі ласа была. Не зважала яна, ці адзежыну давалі лепшую, ці горшую, абы толькі напасці на свежую і змяніцца. Але на лахманы Прузыне шанцавала. Адны — з міласэрнага сэрца, іншыя, зноў, каб пасмяяцца над звар’яцелай кабецінай,— дарылі чым папала. Цешылася тады старая, скакала, пяяла, ляскала ў далоні і, не зважаючы, ці то было лета, ці зіма, у хаце ці на дварэ, зрывала з сябе сваю адзежыну — хоць да кашулі, а нацягвала новападароную. Гэтак прыбраўшыся, скручвала ў камок старыя скінутыя лахманы і бегла ў першы лепшы шынок, каб там, як яна казала, выгандляваць людскую кроў на чартоўскую. I сядзела Прузына ў карчме, ажно пакуль не прапівала ўсяго да астатку. Цягнецца тады ў старую лазню Курачонка і там, не паказваючыся на свет божы, сядзіць праз 2-3 дні, каб пасля зноў бегчы ў другую старану выменяць адзежыну, бо гэту, як яна ўсім угаварвала, што была на ёй, надта ўжо людскою кроўю ад яе нацягнула, і так цяжка стала, што ні спаць, ні есці не дае.

Калі ж праз доўгі час не ўдавалася Прузыне змяніць адзежыну, бегала тады яна ад хаты да хаты і выпрашвала кавалачак мыла. Дастаўшы гэты скарб, зімой — варочалася ў лазню, прыносіла вады, скідала ўсё з сябе і мыла, паласкала, пакуль хватала мыла; улетку — бегла да рэчкі і там, раздзеўшыся, праз увесь дзень плёхалася ў вадзе.

Страшэнна яшчэ баялася Прузына цёмных плям на адзежыне; калі не ўдавалася ёй гэткі лахман прагандляваць, а плямы ніяк не адмываліся, выразала або жыўцом вырывала іх і гэтак — з велізарнымі, у розныя фігуры дзіркамі — цягалася старая, свецячы голым целам, у найбольшыя марозы.

I цяпер ляжала Прузына на палку ў лазні ў ірваных і рэзаных лахманах. Ляжала выпраставаная, з закінутай на галаву левай рукой, пальцы каторай моцна ўпляліся ў спутаныя, пакудлачаныя сівыя валасы; правая рука вісела, утыкаючыся пальцамі ў брудную зямлю. Твар нябожчыцы быў шэры, тонкі, доўгі нос завастрыўся, выцягнуўся і ажно загнуўся ўніз, быццам глюга гругана; ражкі заціснутых тонкіх вуснаў, як бы ў злосці вялікай, таксама спушчаліся ўніз, а правас, не зусім заплюснутае вока быццам украдкам спаглядала з-пад павекі, як бы дагледзець хацела, што тут сабраўшыйся народ будзе каля яе — нябожчыцы — рабіць. На адкрытых, яшчэ больш чым самы твар, грудзях, на чорным выпалавеўшым шнурочку гібелі медалікі, крыжыкі і маленькі ключык.

— Гэта ад ейнага скарбу,— паказваючы на ключык і скрынку з-пад цвікоў, каторая стаяла пад галавой нябожчыцы, далажыў прыставу ўраднік.

Прыстаў, нічога не адказаўшы, выняў з кішэні маленькі бліскуча-белы ножык, адчыніў яго і, падняўшы двума пальцамі шнурок з медалікамі і крыжыкамі з грудзей нябожчыцы, адрэзаў ключык. Сабраўшыйся ў цеснай лазні народ з цікаўнасці стаў напіраць бліжэй, але ўраднік, насупіўшы бровы, моўчкі патрос за плячамі свайго начальніка вялікім касматым кулаком сваім, і — зразу паслабанела. Ураднік выцягнуў з-пад галавы нябожчыцы скрынку і паставіў водаль на лаве пад акном; прыстаў падышоў да яе і, доўга круцячы заржавелы замочак, урэшце адчыніў яго і, падняўшы верх скрынкі, глянуў усярэдзіну: на йсподзе ляжала пажоўклая старая газеціна. Падняўшы яе, станавы выцягнуў адтуль маленькую ядвабную белую хустачку і, каб лепш разгледзець, страхануў яе. Нешта міганула, упала і, пакаціўшыся, зазвінела. Бліжэйшыя людзі затопалі, расступаючыся, нагамі і падаліся яшчэ больш узад. Ураднік прыкуцнуў і, чыркаючы адзін за адным серчыкамі, стаў пільна шукаць згубы. Урэшце з-пад палка, на каторым ляжала нябожчыца, падняў пярсцёнак і падаў яго прыставу. Пярсцёнак быў залаты з пекным бліскучым чырвоным камнем. У скрынцы, апрача нейкіх старых пацераў, больш нічога не знайшлося.

«Скарб» быў, значыцца, у цэласці, сведкі паказалі, што больш ніякіх рэчаў у нябожчыцы тут не было; на целе яе знакаў гвалтоўнай смерці не знайшлося; справы не было з чаго заводзіць, і на другі дзень Прузыну пахавалі.

Мінула колькі гадоў. Праязджаючы аднаго разу праз мястэчка С..., захапіла мяне мяцеліца. Прыйшлося падначаваць. У цеснай халоднай хаце неяк не браў мяне сон. Седзячы напроць печы, дзе ў грубцы жарам яшчэ зіхацелі вугальчыкі, а па іх — то там, то сям ускаквалі і перабягалі сівенькія аганькі, разгутарыўся я з падслепаватым дзедам-гаспадаром. Хатнім, відаць, дакучыла ўжо слухаць старадаўнія, адны і тыя самыя яго апавяданні, дык, як галодны на хлеб, так накінуўся дзед на мяне — свежага чалавека. Прагутарылі мы з ім ажно да белага дня, калі і мяцеліца ўжо крыху сціхла і можна было ехаць дальш — у дарогу. 3-паміж розных яго апавяданняў адно ўрэзалася мне ў памяць.

Вось яно.

Шмат гадоў таму назад недалёка мястэчка Д...— пры самым тракце — жыў удавец Мікола Стрончык з дачкой сваёй Зосяй. Жылі яны на адзіноце на маленькім — маргоў пяць — але ўласным кавалку зямлі. Сама гаспадарка мала чаго давала Міколу: каня свайго не меў — не ў пару загарана, не ў пару засеяна — дык збіраць не было чаго. Займаўся Стрончык бандарствам, але і бондар з яго быў такі самы, як і гаспадар. От, калі надта прыходзілася цесна і жывая капейка да зарэзу была патрэбна — выдзеўбе начоўкі, згарушчыць які цабэрак, прадасць у мястэчку, палавіну грошаў сядзе ў Лейбы-шынкара, а палавіну прынясе дахаты і аддасць дачцэ.

— 3 такімі даходамі далёка не заедзеш,— выгаварвала іншым разам Зося, надзьмуўшы тоненькія, але чырвоныя губкі.

— Нас двое — дык і грошы надвая — па палавінцы,— коратка паясняў Мікола.

— Каб жа тагка ўсе свае даходы папалам дзяліў заўсёды — дык чаму ж? А то калі-нікалі ахлапіну якую кіне — і жыві, і хадзі, як жабрачка якая. Сама зарабіць не пайду — хаты не кінеш,— жалілася дачка.

— Добра, добра, падзелімся некалі. Не такая ты ўжо бедная ды пакрыўджаная, як наракаеш,— супакойваў бацька сваю дачку.

Справа ў тым, што час ад часу наязджалі да Стрончыка нейкія людзі. Зоську пасылаў бацька па гарэлку, і баляванне ішло тады ўсю ноч, а досвету выязджалі. 3 імі разам выязджаў і Мікола, а Зоська аставалася праз колькі дзён, а то тыдзень адна ў хаце.

Варочаўся Стрончык заўсёды не з пустымі рукамі: у хаце з’яўляліся крупы, мука, скаромніна; бываў гасцінец і дачцэ: чы пацеркі, чы істужка, а то што-небудзь з крамнага, але грошаў мала калі даваў, хоць Зося справядліва дагадвалася, што ў бацькаўскай кішэні пабразгачы былі, бо Мікола цэлымі днямі прападаў у мястэчку. Але праходзіў тыдзень, другі, рэдка калі месяц,— а Стрончыку зноў прыходзілася брацца за начоўкі і цабэркі...

3 такім няраўнаважным жыццём мог мірыцца Стрончык, але маладой, прыгожай, поўнай жыцця дзяўчыны — яно, разумеецца, здаволіць не магло.

Хадзіла яна, праўда, і да местачковых дзяўчат, бывала і на вечарынках, але моладзь — не толькі равесніцы, а нат і хлопцы, хоць украдкам ахвотна ўглядаліся — быццам цураліся яе. Гэткія адносіны, само сабой, ранілі сэрца маладой дзяўчыны. Прычыны такіх адносін Зося даўно дагадвалася, але ўпэўнілася яна толькі сёлета — на ігрышчы, якое спраўлялі на Пятра ў рымара, Міхалкі Гуронка.

Найстаршы сын Гуронка — Алёкса — ціхі, спакойны, добры, а што яшчэ важней — гладкі хлопец, ужо з год, як уздыхаў да Зосі. Дзівілася толькі дзяўчына, чаго ён адцягвае, чакае, калі яна прыльнула да яго ўсёй душой, усім сэрцам сваім маладым? Ажно на ігрышчы гэтым даведалася прычыны. Зося сама, сваімі вушамі чула, як Міхалка Гуронак, клікнуўшы ў каморку сына, адчытваў яго:

— Ты мне шуры-муры не заводзь з гэтай дзеўкай; я ў сваёй хаце заводзіць зладзейскага семені не дам. Мо хіба думаеш у прымы да гэтай паненкі прыладзіцца? Не спадзявайся: дарма, што ў цябе перад носам паказваецца — і табе і ёй такую лазню спраўлю, што ажно ў небе чутно будзе, а бацьку ў астрог засаджу! Як жывога мяне бачыш — засаджу! Мы яго тут церпім да пары да часу: усё помсты той варожымся — абакрасці, спаліць могуць шаечнікі гэныя, але калі імя маё ўблытаеш з іхнім — на ўсё пайду, не папушчу.

Зосі цяпер усё ясна стала. 3 вечарынкі без пары ўцякла яна, як у гарачцы; што рабіць?

Пакуль Зоська была малой — матка пакінула яе сямігодкай,— яна верыла словам бацькі, што едзе ў заработкі - «бандарыць», як ён казаў, але цяпер, калі дзяўчыне мінула семнаццаць летак, яна на словы бацькі круціла сваёй зграбнай галоўкай:

— Добра, добра ўжо, хай сабе бандарыць, абы татка набандарыў мне пацерак і на спаднічку што новенькага.

Гадавалася Зося, як тое ваўчанё. Маткі яна мала памятала. Чула толькі ад людзей, што чамусь-то матку звалі цыганкай; што дома яна мала спатыкалася, больш па свеце цягалася, але дакладна — як і што — Зося ў чужых людзей дапытваць саромелася, а калі, бывала, запытае бацькі, той збываў абы-чым.

— Якая была — такая была. Няма чаго мёртвых трывожыць,— бурчэў Мікола.

Пасля — пры сіраце, апрача бацькі, нікога не было. Стрончык, для яму толькі знаных прычын, нікога чужога ў сваю хату браць не хацеў. Калі ж здаралася якая вялікая патрэба, браў з мястэчка падзённіцу — глуханямую Стэфку. А так — сам быў гаспадаром, сам — і гаспадыняй, сам — і нянькай Так і вырасла Зося. Знала яна толькі бацьку. Для дачкі быў ён добры: не біў, не муштраваў, да работ не ціснуў - спраўляў, што канешна патрэбна, а што іншым разам Зося наракала — дык усё тая прагавітасць, каб больш мець, чым сапраўды была патрэба Усе іншыя людзі для Зосі былі чужыя; нат з-паміж дзяўчат-адналетак ніводнай не было, з якой бы Зося магла падзяліцца сваімі думкамі, сваёй душой. От, адзін толькі Алёкса быў для яе добрым: баранкамі, цукеркамі частаваў; салодкімі слоўцамі дарыў — з ім яна магла больш гаварыць аб усім, чымся з бацькам, да яго аднаго прывязалася шчыра, моцна. I вось цяпер і яго хочуць адарваць ад яе. Гэта ўсё роўна, як бы кавалак жывога цела адарвалі ў яе самой. Да бацькі мела жаль, да людзей — злосць.

Пасля ігрышча — Пятроўкай — людзі, як тыя мурашкі, заварушыліся пры сенакосах. Зося спатыкалася са знаёмымі, і ад іх яна дачулася яшчэ горшай, больш балючай для сябе весткі: Міхалка Гуронак жэніць свайго старшага сына — Алёксу — з Прузынай Сальнічышкай. Вяселле адкладаюць на восень, як з поля збяруцца.

Прузыну Зося спатыкала на ігрышчах і знала яе: багачка, непрыступна, абы з кім не прывітаецца, не загаворыць. Прузыну ніхто не любіў. Цяпер, калі Зося даведалася, што гэта яна, Прузына, адбірае ў яе Алёксу, злосць, якую мела да ўсіх людзей, быццам зраслася ў адну злосць — нянавісць да Прузыны. 3 якой бы ахвотай паздзірала з яе ўсе пацеркі, істужкі, якімі заўсёды абчэплівалася гэтая Салынічышка; вочы тыя жабіныя, здаецца, павыдзірала, як котка, задушыла б, каб магла. I днём, і ноччу ў Зосі цяпер была адна думка, адно жаданне: не дапусціць да гэтага вяселля, але як і што рабіць — сама яшчэ не ведала.


Сонца ўжо садзілася, а Мікола з дачкой яшчэ завіхаліся каля сена на сваём лужочку: раса не паказвалася, назаўтра можна было спадзявацца дажджу, дык трэ было і зграбіць і ў невялічкія копачкі паскладаць дый, не маючы каня свайго, пазносіць на насілках пад страху. Занятыя работай, не заўважылі, як нейкі чалавек звярнуў з гасцінца і, падышоўшы да іх саўсім блізка, адазваўся:

— Памажы Божа! Добры вечар!

Зося і Мікола аглянуліся. Перад імі стаяў незнаёмы малады — гадоў дваццаць — хлопец, нізкі, худы, але чыста ў крамнае адзеты.

— Дзякуем і вам, добры вечар,— адказаў Мікола, аглядаючы прыбыша ад новай шапкі да бліскучых, хоць запыленых ботаў.— Скуль бог нясе?

— Яшчэ сягоння з гораду; адмахаў вёрст пяцьдзесят, дык падбіўся крыху, мо б пазволілі сапачыць крыху, пераначаваць,— кажа падарожны.

— Чаму не: і сапачыць можна, і падначаваць дзе і на чым будзе — на тое лета. А ты, Зося,— звярнуўся да дачкі Мікола,— ідзі ўжо дахаты вячэру якую там нарыхтуй, і мы зара прыйдзем падмацавацца, а копкі і па месячку знясём — незабава.

Зося, азіраючыся на свежага чалавека, шпаркім лёгкім крокам пайшла дахаты, а Мікола, канчаючы аграбаць каля копак, не то сам сабе, не то незнаёмаму жаліўся:

— Колькі таго сена, і то няма каму сабраць: дзярэш, дзярэш гэты сівец, а пасля ўсю ноч качаешся з жыватом ды сярэдзінай. Здароўя няма, нядуж саўсім, а тут адна дачка ў хаце; працаваць няма каму — усё ты, бацька, а той бацька не туды ўжо глядзіць; па гадах — яно яшчэ нічога, але нутро ўсё быццам спарахнеўшы — уніз цягне.

— А вы, дзядзька, не паддавайцеся: яно ўніз цягне, а вы яго — угару,— параіў падарожны.

— Э, добра вам, маладым, гаварыць, а як прыйдзе папа— у тую самую дудку зайграеш, што і я цяпер. Але хадзем лепш вячэраць; пасля гэткага шпацару пара з’есці і сапачыць,— сказаў Мікола.

— Сапачыць не адкажуся, а што да яды — не галодны я: разы са два папасываўся і яшчэ засталося,— нядбала адказаў падарожны.

На стале чакала іх ужо поўная міса кваснага млека, але хлопец зняў з плеч катомку, дастаў адтуль кавалак каўбасы, лусту пытляванага хлеба і надпачаты паўбутэлек гарэлкі ды, паставіўшы на стол, коратка адазваўся:

— Калі ласка.

— Бач: малады, а розум — як у старога: з такім запасам і ў дарозе не прыстанеш. Нясі, Зося, чарку,— весела ўжо адазваўся Мікола.

Мужчыны выпілі раз і другі. Зося саўсім не дакранулася, а што падарожны піць болей адмовіўся, Мікола сам перакуліў яшчэ пару чарак, а тады ўсе трое ўзяліся да млека.

Мікола забыўся і аб паясніцы сваёй, і аб спарахнеўшым нутры, праз увесь час гаварыў, кпінкаваў, а што і хлопец гутарлівы быў,— вячэра для іх ішла шпарка і вясёла. Адна Зося маўчала і толькі прыслухоўвалася, калі падарожны стаў гаварыць аб сваім жыцці і праектах на будучыню.

Было іх — Дубінскіх — чатырох братоў бацькі — беззямельная шляхта — жылі на выгадных арэндах, добра і багата, але на смерці бацькоў — хоць сыны былі ўжо дарослыя — гаспадаркі ўтрымаць не патрапілі і пераязджалі на штораз меншыя і меншыя фальваркі, і жыць было штораз трудней; калі ж яшчэ два старшыя браты пажаніліся, у хаце пачалося такое безгалоўе, што і вытрываць нельга было. Прыйшлося дзяліцца. Старшыя браты — кожны паасобку — пабралі ў арэнду невялікія сялібы; самы малодшы прадаў сваю частку і выехаў у Амерыку, а вось ён — Васіль — таксама прадаў сваю долю і больш года прабаваў шчасця на фабрыках у горадзе. Аднаму пражыць неяк жа можна, але каб што сабраць, адлажыць — аніяк не ўдаецца; усё тая гарадская зараза — пацягнешся з кампаніяй то туды, то сюды — грош той і ляціць услед. Добра, што хоць тую сваю долю не растранжырыў; ды і сама работа не па душы: да зямлі цягне. Цяпер выправіўся да старшых братоў даведацца амерыканскага адраса брата і напіша, каб той яму месца нарыхтаваў. Калі працаваць, дык каб было за што, каб было з чым у край вярнуцца ды зямлі хоць маленькі кавалак купіць, абы не цягацца ўвесь век па чужых сметніках.

Мікола, слухаючы Васіля, штораз часцей і ніжэй ківаў галавой: і дзеля таго, што ён згаджаўся з думкамі хлопца, і дзеля таго, што яго саўсім разабраў сон.

— А ведаеце вы што,— неўспадзеўкі голасна адазваўся Мікола,— заўтра хіба дажджу не будзе, дармо што расы няма — гэта бывае: на ўсходзе разабралася. Пойдзем мы спаць, а сена заўтра знясём. Дай, Зося, нам пасцілкі — мы з госцем на сена пойдзем, а ты сабе тут распраўляйся.

Зосю яшчэ менш абходзіла сена, чым бацьку,— яна ахвотна выправіла іх спаць і сама, крыху спарадкаваўшы са стала, улеглася.

На сене хлопец прабаваў яшчэ завесці гутарку са старым, але ўскорасці пачуў, як Мікола моцна захроп; закруціўся тады і сам пасцілкай і хутка заснуў. Сон, відаць, быў і смашны, і моцны, бо раніцай Зося чуць раскратала бацьку.

— Татка, а татка, дождж пачынае пырскаць — сена замокне,— шаптала яна, каб не разбудзіць падарожнага.

— Дождж? Гэткі-то ўсход чысты быў — скуль жа ён узяўся? — дзівіўся, праціраючы вочы, Мікола, але з сена, відаць, не меў ахвоты вылазіць — чухаўся і крактаў дальш: — Ось, ліха надало; гэткае-то сухое сена — дарэмна праца наша прападае, цягайся пасля з ім...

Тым часам прачнуўся і Васіль, страпянуўся, хутка саскочыў з тарпы і выбег на двор.

— Дождж толькі-толькі пачынае, як імжака нейкая,— адазваўся, варочаючыся, хлопец.— Давайце борздзенька насілкі — мы з паненкай як віш яго ўпратаем, а дзядзька толькі заграбайце за намі ўслед — нічога яму не станецца: усярэдзіне сухутанька.

Ахвочасць хлопца прынадзеіла і Зосю зараз скончыць гэту работу — збыць яе з рук. Хапіла насілкі, і бяжком кінуліся з Васілём да копак. Работа ішла спраўна, жвава; ажно пот выступіў у маладых работнікаў, але неўзабаўкі, перакідваючыся паміж сабой жарцікамі, сухое сена апынулася пад страхой, і толькі пагрэбкі, якія сабраў, мармочучы нешта сабе пад нос, стары Мікола, былі як бы прыпаўшы расой. Гэта злажылі асобна. Здаволеныя, усе пайшлі ў хату. Зося кінулася цяпер толькі да печы варыць абед, але Васіль, не чакаючы на яго, дастаў з катомкі рэшткі сваіх падарожных харчоў, паўбутэлек з астаўшайся на дне гарэлкай, і селі з Міколам паснедаць. Тым часам дождж на добра расслініўся; у далёкую дарогу пехатой не было як і думаць. Васіль застаўся чакаць поўдня — мо разбярэцца. Паабедаўшы, Стрончык, не столькі з рупнасці, як разласаваны крошкай гарэлкі, каб было з чым паказацца ў мястэчку, узяўся сваім звычаем за бандарства. Госць і тут прыдаўся: ён хутка і лоўка прырыхтоўваў абручы і, ужо гатовыя да работы, падаваў іх старому.

Так, гутарачы то аб тым, то аб сім, працавалі разам да поўдня. Дождж не сціхаў, Васіль нібыта стаў збірацца ў дарогу, але лёгка даўся Міколу ўгаварыць застацца да заўтрашняй раніцы. Папалуднаваўшы, Стрончык падмовіў госця схадзіць разам у мястэчка. Хоць дождж імжыць, але то ж недалёка — не размокнуць. Звязаўшы дробны пасудак вяроўкай і закінуўшы на плечы, выправіліся нацянькі і неўзабаве апынуліся перш-наперш, разумеецца, у Лейбы.

Выпіўшы пару бутэлек піва, якое Мікола паставіў, выправіўся ён разнесці заказчыкам пасудзіну, а госця папрасіў зачакаць на яго, і тады разам пойдуць дахаты.

Як толькі Васіль застаўся адзін, стары Лейба, разумеецца, зараз жа падсеў да яго і стаў распытваць: а скуль? а хто? а чаго? а куды? і г. д. Паказалася, што Лейба знаў бацькоў Васіля — Дубінскіх. Калісь-то — як малады яшчэ быў — на вёрст сто ўвакол усіх знаў,— лёнам гандляваў; купляў лён і ў Дубінскіх — важныя былі людзі. Дзеці — браты Васілёвы, падзяліўшыся, зглумілі гаспадарку — збяднелі. Добра, што хоць адзін з-паміж іх паехаў у Амерыку — там чалавекам будзе жыць. Справядліва, што і Васіль выбіраецца туды, але калі думае пасля зноў варочацца, каб гірацаваць на зямлі — лезці ў хамут, то — паводлуг Лейбы, няварта і ехаць. Такі хамут і цяпер без Амерыкі можна лёгка нажыць, абы была крыха грошаў на пачатак — за што рукі зачапіць, а сяліб колькі хочаш — цягні лямку.

Але Васіль не гадзіўся з думкамі і радамі Лейбы. Лямкі не баіцца — цягнуць гатоў, але не ў чужым, а ў сваім уласным хамуце. Мае крыху і запасу ў кішэні, але не столькі, каб і зямлю купіць і гаспадарку завесці — на што-колечы адно толькі хопе.

— I на гэта лякарства нойдзецца,— перапыніў Васіля стары Лейба,— і то тут — пад рукой: жаніся, васпан, з Зосяй.

— 3 якой Зосяй? — спытаўся здзіўлены Васіль.

— А з дачкою таго гаспадара, у чыёй хаце сягоння начавалі. Яна адна; бацька стары — нядуж; зямлі хоць невялікі кавалак, але добры, пры мястэчку — толькі што запушчаны — каня свайго не маюць, але і доўгу няма.

Чысты, як золата, на пачатак і досыць, абы паручыла,— зямлі можна прыкупіць, побач пусташ кавалкамі прадаецца. Не трэба толькі зважаць, што людзі чаўпуць...

Але ў гэты момант увайшоў Мікола і перашкодзіў разважанню старога карчмара. Васіль глянуў на Стрончыка, як бы цяпер толькі першы раз з ім спаткаўся.

Стары Мікола, пачуўшы грошы ў кішэні, зразу павесялеў, стаў строіць жарты з Лейбам і ўрэшце, разышоўшыся, заказаў селядца з перцам і паўбутэлек, дый заселі з Васілём у баковачцы. Пры чарцы гутарка пачала круціцца сваім звычаем — аб цяжкім жыцці, і ўрэшце з’ехалі зноў на гаспадарку. Але цяпер Васіль уважней выслухваў жалі Міколы, цікавіўся, колькі чаго засяецца, што лепш родзе, які бывае ўмалот, колькі сена збіраецца, чы можна каня прахарчаваць і г. д. Стрончык на ўсё дэтальна адказваў. Няўдачу ў сваёй гаспадарцы тлумачыў адным: трэ было б каня, упражку, плуг купіць — на гэта ўсё патрэбна гатоўка— зразу яе не вылажыць, а тут капейка капейку дагнаць не можа. Ды і ахвоты няма брацца за работу на старасць. Для каго? Адна дачка; хто яе возьме — зямлю возьме,— чы ж гэтага мала? Варштат гатовы, хай жа сам справе начэнне і працуе. А ён — Мікола — і вады не замуце маладым; яму толькі абы цёплы кут, лыжку стравы, а на свае выдаткі яшчэ сам запрацуе — ось, хоць бы гэтым самым бандарствам.

Так калякаючы, скончылі пачастунак Стрончыка. Васіль паставіў пару бутэлек піва, Мікола зноў хацеў браць паўбутэлек, але хлопец адмовіўся і старога адгаварыў, але, выходзячы, сам узяў і гарэлкі, і дзве бутэлькі чорнагасалодкага піва і схаваў за пазуху.

Па дарозе Стрончык паказаў свой участак зямлі, лужок, які трэба яшчэ было скасіць, кудравінку бярэзніку, каторая расла на яго ўласным полі, і ўжо змяркаючы прыйшлі ў хату. Зося глянула на іх зукоса і ўцешылася, што вярнуліся не п’яныя, як гэта найчасцей бывала з бацькам, калі адзін хадзіў у мястэчка збываць свой тавар.

Дзяўчына закраталася каля вячэры. Мікола, падышоўшы да печкі, заглянуў у гаршчок, які паставіла Зося на прымурку, і зморшчыўся.

— А ведаеш, дачушка, што? — загаварыў, як бы ласячыся, стары,— хацелі мы з гасцём пападвячоркаваць у Лейбы, дык ён выправіў нас дахаты: спяшайцеся, кажа, там Зося яешню пячэ.

— Няўжо ж так Лейба нічым вас і не пачаставаў? — спытала, засмяяўшыся, дзяўчына.

— Хай ён на кучкі свае тое з’есць,— нібы ў злосці адказаў Мікола,— даў рыбу з перцам і вады — рыба выпіла ваду, а нам толькі перац застаўся. От, каб ты сапраўды, падкінуўшы трэсачак, колькі яек пасадзіла на скавараду — даліпан не пашкодзіла б; куры, кажуць, надта нясуцца, калі на захадзе яйкі на скаварадзе сквірчаць.

— Як, татка, хочаце, па мне незабава,— адказала, зноў усміхаючыся, дзяўчына і жвава ўзялася да работы.

Не столькі Стрончык хацеў той яешні, колькі знайсці прычыну дабрацца да таго запасу Васілёвага, аб якім ведаў і баяўся, каб тое дабро не ўцякло заўтра разам з хлопцам у дарогу.

Як толькі яешня была гатова і мужчыны заселі на лавак, Васіль дастаў паўбутэлек, піва і, усё гэта паставіўшы на стол, адазваўся:

— Каб куры нясліся, трэба, каб гаспадыня разам з намі і яешню ела, і таго, што людзі добрыя да яешні ўжываюць,— скаштавала.

— Праўда, праўда,— патакнуў стары і, клікнуўшы да стала дачку, падаў ёй першую чарку. Зося спачатку аднеківалася, але ўрэшце, узяўшы ў руку чарку, адвярнулася на старану, сербанула крыху і, зморшчыўшыся, сплюнула.

— Козамі сена травіць — толькі глум,— заўважыў бацька,— лепш садзіся ды еш.

Зося, прысеўшы збоку, стала пакрышачцы моўчкі есці. Выпіваючы і закусваючы, Стрончык расказваў местачковыя навіны, якія чуў сягоння, разносячы свой тавар па хатах, а Васіль, нібы слухаючы, ківаў галавой, але ўсю увагу сваю звярнуў на дзяўчыну, пільна на яе ўглядаючыся.

I здзівіўся хлопец.

Васіль не быў распуснікам. Бацькі трымалі хлапцоў у руках; пасля смерці бацькоў старшыя браты-гаспадары так ціснулі малодшых да работы, што не ў галаве былі гулі, і толькі за гэты кароткі час, што пабыў у горадзе сам сабой, спазнаў крыху свету. Крыкліва маляваныя твары і крыклі- крыкліва цудацкія строі гарадскіх дзяўчат вабілі неасвойчанае вока маладога хлопца, дык не дзіва, што пасля іх вясковая дзяўчына, як Зося, у цёмнай бруднаватай спадніцы, у такім жа самым каптаніку — для Васіля выдалася нейкай шэрай толькі плямай, да якой і ўглядацца не было чаго.

Але цяпер — за сталом, калі вочы яго затрымаліся толькі на твары дзяўчыны, сам сабе не верыў, як ён дагэтуль не прыкмеціў і гэтых валасоў чорны— не, нат не чорных, а быццам сініх, якія гвалтам хвалямі выбіваліся з-пад хустачкі,—і гэтага тоненькага зграбнага носіка які завострываўся ўверх чутачку-чутачку — от, так толькі, каб даць свабоднейшы доступ да тонкіх, але пухлых чырвоненькіх вуснаў, за каторымі хаваліся, як часнок, густыя дробненькія і беленькія зубкі. А гэтыя вочы? Як дзве цёмныя хмары, па каторых час ад часу быццам мігане маланка! Гэтыя вочы так іншым разам глянуць умелі, што Васілю ажно жутка рабілася так блізка для іх сядзець. Чула яго душа, што чаго б ні зажадалі такія вочы — ён, як малое дзіця, быў бы паслухмяны ім.

Не памятаў ужо добра хлопец, як тая вячэра скончылася, але калі апынуўся разам з' Міколам на сене і ўкладаліся да сну, Васіль адазваўся:

— А ведаеш, дзядзька, што: наракаеш ось, што няма каму памагчы; хочаш — магу застацца на колькі дзён дакончыць касьбу; спяшацца мне няма куды — ніхто мяне не чакае; раней — пазней колькі дзён — для мяне ўсё роўна: я чалавек слабодны.

— А мой ты каток, мой каласок! — усцешыўся Мікола,—хіба з неба ты сюды зваліўся! Век Бога за цябе буду прасіць, што злітаваўся ты над маёй старасцю.

— Добра ўжо, добра, толькі дзе ваша, дзядзька, каса,— дапытваўся Васіль,— бо трэба брацца самай раніцай — з расой лягчэй пойдзе.

— Каса, сынку, пры хаце, пад страхой на бэльцы вісіць, а малаток і бабка — у Зосі спытаеш; але яна выклепана і наладжана як след — толькі махай,— заахвочваў стары.

— Маханём, маханём — успомнім даўнейшыя часы,— радасна адазваўся хлопец,— а цяпер будзем спаць, каб сілы набраць.

Але сон не браў Васіля: як ні плюшчыў ён вочы, а Зося, як жывая, здаецца, тут жа над ім стаяла. Доўга яшчэ з бока на бок варочаўся хлопец, шмат усялякіх думак пралятала праз малады мозг, урэшце, успомніўшы словы Лейбы аб Стрончыку, «мала што людзі гавораць», рашыу заўтра ж як-колечы вырвацца нязначна ў мястэчка і даведацца акуратна аб усім.

Назаўтра, яшчэ сонца не ўзыходзіла, а на Стрончыкавым лужку ў густа навісшым тумане чутно было, як раз за разам свісцела каса. Зося, выводзячы навязываць на пашу ядынае сваё багацце — рабую кароўку, здзівілася, пачуўшы гэты свіст, бо ніколі бацька такім рупным не быў, але, падышоўшы бліжэй, яна разгледзела і спазнала ў тумане фігуру Васіля. «От прычапіўся татка да незнаёмага хлопца, рад, што найшоў сабе добрага кумпана да чаркі — ужо і асядлаў яго»,— падумала дзяўчына і пайшла рыхтаваць абед.

Тым часам прачнуўся і Стрончык і, намацаўшы пустое месца, дзе звечара лёг Васіль, усміхнуўся і стаў сам з сабой разважаць: «Рупны і да работы, відаць, складзен; хваліўся — праўда чы не,— што і грошы прызапасіў. Што ж? 3 тутэйшымі сяброўства ідзе туга — усё толькі языкамі чэшуць, а такі — наводны — прыдаўся б. Толькі як Зося? Але што там круціць носам: відаць, дарэчны і не зломак. Трэ толькі прытрымаць і выпытаць яго добра».

Але, устаўшы, Мікола, каб не перашкаджаць гутаркай у рабоце, не пайшоў на луг, а ў хату.

— Што ж гэга, татка, парабка наняў ужо сабе? —спытала яго Зося.

— Парабка — не парабка, а калі трапляецца добры чалавек, то трэба ўмець яго шанаваць,— важна адказаў Мікола.

— Добрая пашана: гаспадар у хаце, а госць — на рабоце,— адказала Зося.

Не ўсмак, відаць, прыйшліся гэтыя словы Міколу, ляпнуў дзвярмі і, выйшаўшы ў сенцы, узяў вілкі, падраўняў гной, дзе стаяла карова, пасля палез на стрых, паскідаў адтуль дрэва, якое меў у запасе для сваёй бандарскай работы, і ўзяўся наводзіць парадкі.

Сонца ўжо добра паднялося, выпагадзілася, калі Зося, адчыніўшы дзверы, клікнула абсдаць.

Стрончык моўчкі пайшоў па госця. Але на лузе знайшоў толькі касу, падложаную пад свежы пракос, а самога касца не было. Гукануў Мікола раз і другі — ніхто не адклікаўся.

«Што за ліха? — аглядаючыся на ўсе бакі, думаў Стрончык.— Чы не абразіўся і ўцёк, але ж у хаце катомка ляжыць»,— і стаў сачыць, дзе яшчэ трымалася раса, па слядах. Сляды як бы і ішлі ў старану мястэчка. Няўжо ж ён ізноў папёр па гарэлку? Нешта праз лад часта да яе дападае. Праўда: гарадскія ласы да яе, але гэта не саўсім добра — малады яшчэ — змарнавацца можа. Стрончык неспакойны, не варочаючыся ўжо дахаты, пацягнуўся і сам у мястэчка ў той надзеі, што па дарозе мо напаткае хлопца.

А Васіль і сапраўды быў ужо ў мястэчку. Адмахаўшы ладны кавалак сенажаці, успомніў ён учарашшою сваю пастанову і надумаў, не адкладаючы, даведацца да Лейбы, а што гэтак неспадзеўкі драпануў — спадзяваўся як-колечы перад Стрончыкам выкруціцца.

Лейбу сказаў, што, выбіраючыся дальш у дарогу — да братоў, хацеў бы якога гасцінца купіць для дзяцей, а тым часам няўзнак навёў гутарку зноў на Міколу. Стары Лейба зразу сцяміў, аб што ідзе хлопцу, і на запытанне яго, што такое людзі гавораць аб Стрончыках, нядбала стаў тлумачыць:

— Васпан, ведаеш: людзі як людзі — ім ніколі не дагодзіш. Хоць уся тутэйшая ваколіца ніякай крыўды ад Міколы ніколі не мела, а што там дальш — на старане,— то хто яго ведае.

— Што ж ён — злодзей? — неспакойна перапыніў Васіль.

— Ці ж я сказаў — злодзей? Я такога слова ніколі не казаў,— супакойваў Васіля Лейба,— ці ж яго хто злавіў за руку, каб казаць — злодзей? От, заязджаюць да яго — ведама, пры дарозе жыве — іншым разам нейкія людзі, папасваючыся, гіагуляюць крыху, а што ён з імі калі паедзе — на тое знаёмства, а мо да сваякоў нябожчыцы жонкі даведваецца — тая, кажуць, здалёку была родам,— прывязе што-колечы адтуль дахаты, а тут даведаюцца і пайшлі малоць языкамі — ведама: зайздрасць.

Як ні ўспакойваў і ні разважаў Лейба, Васіль дагадваўся, што тут нешта ды ёсць цёмнага, нячыстага, але, жывучы ў горадзе, спатыкаўся там з рознымі людзьмі, ды не такія штукі прыходзілася і чуць і бачыць, дзеля таго да ўсёй гэтай справы аднёсся з паблажкай, да чаго хіба нямала памаглі і думкі аб Зосі.

— Абы толькі добры чалавек трапіўся ў хату, далей угаварваў Лейба,— дык усё гэта зменіцца: свае парадкі павядзе. Старому што? Абы кут ды лыжку цёплай стравы. Любіць ён, праўда, крыху выпіць, але як гаспадаркі і дачкі пазбудзецца з галавы, дык будзе сядзець ціха і на свае патрэбы яшчэ выстругае начовачкі.

— Так-то, можа, і так,— згадзіўся Васіль.— Ну, а якава сама дачка? Яна не ўблытваецца ў гэтыя справы? — дапытваўся хлапец.

— Хавай Божа! — завяраў Лейба.— Ведама, праз бацьку і ёй дастаецца: цураюцца крыху яе, але так нічога няможна закінуць Зосі,— хай таму язык адсохне, дзяўчына, адным словам,— ядраная,— і ажно цмокнуў стары Лейба.

Васіль яшчэ больш маніўся распытваць карчмара аб Стрончыках, калі ў гэты момант паказаўся ў дзвярах сам Мікола. Угледзеўшы Васіля, расставіў рукі, быццам лавіць яго збіраўся, і закрычаў:

— Во-оо! бачыце — згубу найшоў! А каб табе добра было, напужаў дык напужаў! Што ж гэта? Загневаўся за што чы якое ліха? — уцёк ад абеду.

Васіль рассмяяўся і маніўся ўжо пушчацца на выкрутасы перад Стрончыкам, калі тут жа ўмяшаўся Лейба.

— Дубінскі па старому знаёмству зайшоў даведацца мяне, старога. Бацькоў яго знаў, гандляваў калісь-то з імі; важныя былі людзі; а яго — Васіля — малым бэрбацям яшчэ бачыў.

— Як-то? — здзівіўся і ўсцешыўся разам Мікола.— Лейба, знаеш яго — Дубінскага? I бацькоў яго? От добра, унь калі шанцуе; трэба ж — дзе спаткаліся! Як той кажа— гара з гарой...

— Ну, калі так усё добра складаецца,— адазваўся Васіль,— дык ведаеш, дзядзька, што: паснедаем ужо тут на скорую руку, пакуль раса добра не абсохне, а тады адразу на лужок — разаб’ём пракосы: трава там сіўцаватая — да вечара будзе і гатова.

Стрончык, разумеецца, ахвотна прыстаў на ўсё.

Апаражнілі паўбутэлек, закусілі і, выйшаўшы з мястэчка, налажылі крыху кругу, бо Васіль хацеў пабачыць той пусташы, аб якой чуў, што прадаецца. Стары Стрончык абвадзіў маладога хлопца і расказаў яму цэлую гісторыю аб гэтай пусташы.

Зямля прыналежала да двара. Сядзеў калісь-то тут ляснік-удавец і меў аднаго сына; стары багат быў без меры, але скупы страшэнна і сыну нічагусенькі не даваў. Маладому хлопцу даела чакаць спадку: засек ён бацьку сякерай і, завалокшы ў лес, закапаў глыбока, а сам пусціў пагалоску, што стары, пайшоўшы ў абход лесу, недзе запрапасціўся. Шукалі, дапытвалі, але нічога не знайшлі і нічога не даведаліся. Дагадваліся, што стары мо папаўся ў лапы зверу, бо даўней шмат тут было мядзведзяў, а можа, хто з вясковых, варажылі іншыя, прыціснулі па злосці, як праз лад рупнага лесніка, а праўды так ніхто і не даведаўся. Тым часам малады хлапец зажыў па-свойму: п’янстваваў, лайдачыў па цэлых днях і начах у мястэчку, але баляванне цягнулася нядоўга. На другім неяк месяцы, вярнуўшыся з кампаніяй над раніцай з мястэчка, дзе была хата — застаў толькі попел: згарэў і дабытак і грошы. 3 жалю, ды прытом нявытразвіўшыся, прызнаўся хлапец перад сваімі таварышамі да забойства бацькі, а калі тыя са страху паўцякалі, ён тут жа на варотах павесіўся. Будынкі двор паставіў новыя, і сеў новы ляснік, але не мінула і паўгода, як пажар зноў усё зніштожыў. 3 таго часу ніхто не хацеў тут жыць, і для лесніка пабудавалі хату ў другім месцы, а гэту пусташ пастанавілі прадаць, але і дагэтуль не могуць знайсці ахвотніка на яе.

— Ось, я першы не пабаяўся б купіць гэту зямлю, абы толькі было куды яе прылучыць, а то на зямлю, будову і гаспадарку — пораху не хопе,— сказаў Васіль.

— Як-то прылучыць? — спытаўся Мікола.

— А от, хоць бы да вашай,— адказаў хлапец, паглядаючы збоку на старога,— было б на чым развярнуцца, можна было б жыць.

— Чаму не? Чаму не? Мяжа з мяжой,— задумаўшыся, адказаў Стрончык.

— А ведаеш, дзядзька, што? — адважыўшыся, пачаў Васіль,— хоць гэта, можа, і не выпадае так з бухту-барахту, крыху не па-людску, ды і вы мяне, а я вас мала знаем, а так мне здаецца, каб прынялі вы мяне да дачкі сваёй — Зосі,— зжыліся б неяк і гаспадарку паставілі як след.

— Што ж? Я нічога проці цябе не маю, падумаўшы, адказаў Мікола,— толькі не ведаю — як Зося? Яна ў мяне дуроная, свае фанабэрыі мае.

— Разумеецца, так зразу мо яна і не прыстане, але каб я крыху тут пажыў, пазнаёміўся, каня купіў бы, наймаць не трэба было б, папар пара даўно паднімаць, а і нашчот той пусташы пранюхаў бы,— праектаваў Васіль.

— Хіба добры запас маеш? — асцярожна спытаў Мікола.

— 3 падзелу бацькаўшчыны восемсот прыйшлося гэтыя ў мяне ў цэласці,— прызнаўся Васіль,— а на дробныя расходы крыху з фабрычных заработкаў абрэзаў.

— Ого, ладны грош,— пахваліў Стрончык.— Што ж заставайся; бяры тым часам, братка, ад папару на запашку — я ўсё роўна сам не дам ужо рады, а там пабачыш — Зосю трэба ўламаць.

Так гутарачы, абышлі пусташ, зайшліся і разбілі пракосы, урэшце завярнуліся дахаты. На парозе спаткала іх Зося і моўчкі, пытаючым поглядам уставілася на бацьку.

Мікола паспешна загаварыў да дачкі:

— Бачу ўжо, бачу, што казюрышся, але бо такая справа выйшла, што і смех казаць: гэты наш госць, аблажыўшы ладны кавалак лугу, сам прапаў некуды; я — шукаць, я — гукаць — як у ваду ўваліўся; ледзь следам, як той гончы, вынюхаў яго і прывёў назад.

— Даганяючы — не нацалуешся,— коратка сказала Зося.

— Каб жа мяне хто цалаваў — не ўцякаў бы,— адазваўся Васіль.

— Ды і так ён не толькі не збіраецца ўцякаць, а нат маніцца ў суседства да нас прыстаць: пусташ аглядаў, зямлю думае купляць, дык пакуль усё гэта правядзе — не мае куды дзецца — хоча да нас тымчасова хоць у падсуседзі.

— Хата таты —- як захочаце, так і зробіце,— зноў коратка адказала Зося.

Стары, знаючы характар свае дачкі, не хацеў зразу адкрываць карты. На ўсё свой час прыйдзе, думаў ён.

Папалуднаваўшы, мужчыны пайшлі да работы: стары— парадкаваць сена, а Васіль — да касы. Цяпер уся гутарка круцілася толькі аб будучай гаспадарцы. Перш-наперш трэба было купіць каня, упражку, калёсы, плужок —гэта грунт. Парашылі, не адкладаючы, у першае таржышча, якое адбываецца кожны аўторак у мястэчку,— усё гэта набыць. Васіль разважыў, што так зразу — у два-тры дні прыступаць са сваімі праектамі да жанчыны — няма што і патыкацца — усю справу можна сапсаваць. Трэ было перш паказацца, чаго ён сам варт, а калі б ужо так нічога і не выйшла (хоць ён гэтага не спадзяваўся) — ну, што ж? Запражэ каня, з’ездзе ў горад, забярэ свае там рэчы, якія цяпер не мог на плячах валачы, па дарозе ў Стрончыка захопіць свае манаткі на воз і гайда да братоў — там будзе відаць, што рабіць, пакуль спішацца з малодшым братам. Прападзе крыху часу, крыху працы — не бяда; малады, вольны — ён гэта мала цаніў, а мо і гаспадаром стацца— на тое рызыка!

За работай пры сене два-тры дні прайшлі няўзнак; надышоў аўторак; мужчыны, нічога не кажучы дзяўчыне — чаго,— выбраліся ў мястэчка. Сонца ўжо садзілася, калі Зося, здзіўлёная, угледзела, як бацька з Васілём, пад’ехаўшы да хаты на чорным коніку, злезлі з воза, знялі плуг і сталі вымаць нейкія клумкі (гэта былі крупы, мука, акраса і інш., якія купіў Васіль, як харч, на сваю долю). Пасля, выпрагшы каня, завялі яго на свежаскошаны луг і навязалі. Праз увесь вечар толькі было і гутаркі — колькі прасілі, колькі давалі то за таго, то за другога каня і як урэшце дабілі горгу зразу і з канём, і з упражкай, і з калёсамі, а плуг купілі ўжываны ў каваля.

Назаўтра чуць свет — яшчэ Зося ляжала на палку,— калі праз акно пачула ўжо голас Васіля, як той нокаў на каня. Хлопец араў папар, а Мікола стаяў збоку і прыглядаўся.

Рад быў стары. От так: каб хто араў, сеяў, збіраў, а яму і дачцэ хоць бы частку даваў — абы пражыць —адкараскаўся б ад даўнейшай цёмнай кампаніі — не тая ўжо пара — спакойна б дажываў веку, а на расходы ў Лейбы і лыжак настругаў бы — хапіла б з яго.

Зося, углядаючыся на работу Васіля, задумалася.

Келішковаму сяброўству, усім тым гутаркам, якія за гэтыя дні вяліся паміж бацькам і Васілём,— яна значэння не прыдавала: прычапіўся стары да хлапца, бо той быў яму на руку, разумеецца, ніякага толку з гэтага выйсці не можа: у бацькі сем пятніц па адным тыдні. Але цяпер бачыла, што тут ужо не жарты, не пустая гутарка, а нешта ды ёсць, і яе дзявочае сэрца чула, што тут справа не толькі ў гаспадарцы, не толькі ў зямлі, а справа і ў ёй самой - Зосі. Але ўсё гэта яе мала палохала: знала бацьку доора і была пэўна, што ён проціў яе волі нічога не зробіць дый не захоча рабіць, а што гаспадарка будзе ісці, як у людзей,— гэта нат яе цешыла, тым больш што сам Васіль дакучлівым не быў і ў хаце ні ў чым не замінаў, а што будзе пасля — тады тое будзе. Тым часам яна была занята сваімі, важнейшымі для сябе, думкамі: уступіць так лёгка Алёксу Прузыне, гэтай Сальнічышцы — яна не ўступіць. Што Гуронак так збэсціў сына за яе бацьку — дарма. Зося была пераконана, што Гуронку не столькі аб гонар сваёй сям’і ішло, колькі аб тыя зялёныя куфры, якія стаялі ў каморцы Прузыны, а яшчэ больш аб тыя трубкі палатна ў куфрах, у каторых былі закручаны, як хадзілі чуткі, бліскучыя пабразгачы, Але Зося не будзе Зосяй, калі з гэтага што выйдзе.


На сялібе Міколы Стрончыка работа закіпела. Людзі не маглі надзівіцца, як усё хутка змянялася: дзе ляжала, як гара, крушня каменняў — следу яе не засталося; лазовыя кусты, якія з даўніх гадоў распаношыліся па сенажаці, — счэзлі дазвання; там зноў дзірван заблішчаў роўнымі, як пад шнур, свежа паднятымі скібамі. Васілю Дубінскаму ўходу не было: як той галодны, дарваўшыся да хлеба, так ён пасля гарадскога жыцця рваўся да зямлі. Гледзячы на яго, нават стары Мікола раскратаўся і шчыра яму памагаў у працы. Зосю ад гэтых усіх перамен ажно страх нейкі агортваў, але разам з тым захоплівала яе і радасць ад таго ладу, які запанаваў на полі і ў хаце. А яшчэ больш усцешылася яна, калі бацька сваіх даўнейшых сяброў адправіў з нічым: прыехалі яны сваім звычаем адвячоркам, шаптаўся Мікола з імі гадзіны са дзве, пасля чаго тыя выехалі той жа ночы без ніякага балявання, а назаўтра стары, хоць быў крыху як бы не свой, але ўзяўся зноў за работу — ладзіць барану, якая патрэбна была ўскорасці да скарадзьбы.

Кожны будні дзень работа ішла аднолькава і жыццё плыло роўна, тым больш выдзяляліся нядзелі і святы. Пасля абеду мужчыны ішлі ў мястэчка; там у Лейбы — у гэтым местачковым клубе — збіраўся розны народ: было з кім пагутарыць, было з кім і выпіць. Васіль, прывыкшы ў горадзе да таварыства, ахвотна праседжваў тут і заводзіў знаёмствы. Местачковыя хлопцы спярша крыху чураліся «прыблуды», як яны спачатку называлі Васіля, але атэстацыя Лейбы, што ён знаў яго бацькоў, што гэта былі гаспадары і «важныя» людзі, перамагла і супакоіла местачковых алегантаў; не малое значэнне мела яшчэ і тое, што Васіль не толькі не галіўся на чужую чарку, але нярэдка падстаўляў і сваю ўласную; калі ж выпівалі кампаніяй, Васіль заўсёды без торгу і спрэчак акуратна плаціў не толькі сваю, але і Стрончыкаву долю. Ужо з гэтага аднаго ўсе варажылі, што ў хуткім, бадай, часе на сялібе Міколы не абойдзецца без вяселля. Такія чуткі яшчэ больш сталі расці, калі на ігрышчах пачалі разам паказвацца Васіль і Зося.

А тым часам паміж Васілём і Зосяй справа не так гладка ішла, як гэтага жадаў хлапец, а за апошнія часы нават дзіўна неяк стала заблытвацца.

Праўда, спачатку Васіль не толькі не налягаў, але і гутаркі не наводзіў аб сваіх сардэчных інтарэсах. Гэта супакоіла крыху дзяўчыну, і ўскорасці яна, можна сказаць, здружылася з Васілём. Жартавалі, смяяліся, нат у рабоце кпінкуючы, памагалі адно другому, гаварылі аб усім і ўсіх — толькі не аб сабе. Гэткія адносіны саўсім здаволілі Зосю, але не Васіля. 3 кожным днём ён штораз больш і больш прывыкаў бачыць яе каля сябе; не на дні, а ўжо на гадзіны лічыў час спаткання з Зосяй. Найлепш аб гэтым пераканаўся Васіль, калі ездзіў па свае рэчы ў горад.

Седзячы ў Лейбы з кампаніяй, яму здавалася, што гэта гарадскі навык цягне яго да людзей, але цяпер зразумеў, што гэта саўсім не тое. Ад Лейбы — калі хаця — за паўгадзіны ён мог быць зноў пры Зосі, і гэта свядомасць блізкасці яе — супакойвала хлопца. Але калі ён ад’ехаў на пяцьдзесят вёрст ад той хаты, дзе жыла Зося, розныя думкі ажно пражылі яго мозг: не спаў усю ноч, а назад гнаў каня да Стрончыкавай сялібы, як на пажар.

Угледзеўшы ўрэшце Міколу і Зосю, ён так з імі вітаўся, так аб усём распытваўся — як бы немаведама колькі часу не бачыліся. Аніяк не мог даць веры, што праз гэты час нічога не змянілася, і заглядаў у вочы то старому, то дзяўчыне з недаверствам: ці не крыюцца яны перад ім з чым-колечы, аб чым не хочуць прызнацца.

Агледзеўшы ўсю гаспадарку, нагаварыўшыся даволі, вечарам Васіль крыху супакоіўся, але калі кінуўся, змучаны дарогай, на сена спаць, замест сну — трывожныя думкі зноў захапілі хлопца: куды дзеўся той спакой, які панаваў даўней у душы, пытаў ён сябе. I калі стаў удумвацца, разбірацца ў цяперашнім сваім палажэнні, то пераканаўся, што прычыны неспакою не ў грошах, частку каторых успеў расшорыць, не час, патрачаны на чужую гаспадарку, не зямля, не тая пусташ, якую марыў набыць,— не, усё гэта толькі тыя нітачкі, якія накручваюцца на адзін і той самы клубок, а клубок адзін: Зося. Яго трэба разблытаць. Калі будзе пэўнасць якая з Зосяй, тады будзе пэўнасць і цэль усёй працы, а тады — само сабой — вернецца і спакой. Выхад, значыцца, застаецца адзін: разгаварыцца з Зосяй як найхутчэй, не адкладаючы — заўтра раніцай. Але раніца як бы ахаладзіла той імпэт, які быў агарнуў яго ўчора звечара. Няпэўнасць — чым і як скончыцца найважнейшая для яго цяпер справа — адбірала адвагу: ось, у нядзелю пойдуць на вечарынку ў мястэчка — тады і разгаварыцца найлепш будзе,— ніхто не перашкаджае. Прыйдзецца, праўда, чакаць яшчэ два дні — што ж зробіш — пры рабоце час праляціць нязначна, а там усё будзе ўжо вядома і скончана.

Аднак мыляўся Васіль: тыя два дні, якія, спадзяваўся, шпарка пройдуць, як на злосць, цягнуліся бесканечна, а кожная работа, за якую бы ні браўся, так не спорылася, што проста з рук валілася. Калі ж урэшце надышла нядзеля і збліжаўся час выбірацца на вечарынку, то Васілю раптам захацелася, каб зноў вярнуліся і субота, і пятніца. Яго цвёрдая пастанова неадкладна разгаварыцца з Зосяй зноў пачала неяк слабець, таяць.

Ідучы сцежкай — нацянькі ў мястэчка, хлопец такі быў маўчлівы, сумны, што дзяўчыне ажно жаль зрабілася і, хочучы крыху яго раскратаць, пачала паджартовываць: Відаць, Васіль, нечага забыўся ў горадзе, што такі маркотны вярнуўся; а мо што там страціў, прымерам — сэрца?

Васіль ажно вочы вытрашчыў: гэта ж і ёсць пачатак, якраз той пачатак, які яму аніяк не даваўся, і, баючыся яго згубіць, паспешна загаварыў:

— Згадала, Зося, згадала: страціў я сэрца, толькі не ў горадзе, а тут — на сялібе вашай страціў, і сэрца страціў, і спакой страціў, закапаў іх тут глыбока-глыбока.

Зося спахмурнела. Яна не рада ўжо была, што ўдалася ў жарты, якія выклікалі якраз тое, чаго дзяўчына так не хацела, так баялася. А Васілю здалося, што найцяжэйшая для яго хвіліна ўжо мінула, цяпер быццам грэбля прарвалася — словы плылі ўжо самі:

— Бачыш, Зося, нідзе я не мог усядзець, з нікім не мог ужыцца. 3 братамі не паладзіў — разышоўся; у горадзе службу добрую меў, вясёласці і гульняў хапала — дакучыла, кінуў, а ось тут зайшоў, як звычайны падарожны — падначаваць толькі, а глядзі, што сталася: цяпер ужо і сабакамі не выганіш мяне адсюль. За гэтых колькі тыдняў так прывык, так прывык, што нікуды не хочацца: ані горад мяне не цягне, ані радня свая, з каторымі жыў ад дзяцінства. Зямля, думаеш, ваша спадабалася? Гаспадарка гатовая? На іх, думаеш, ганюся? Ані думаць! Я грошы маю: магу купіць і зямлю, і гаспадарку завесці. I куплю. Гэту пусташ побач з вашай сялібай куплю, абы ты, Зося, захацела; і гаспадарку завяду, абы ты, Зося, захацела; і працаваць — як той вол працаваць буду, абы ты, Зося, захацела... Бацьку твайго шанаваць буду, а табе, Зося... служыць буду...

Зося маўчала.

— Я не гультай, не зломак,— пачаў далын Васіль,— не бадзяка і не прыблуда...

— А ведаеш, хто цябе першы назваў прыблудам? — перапыніла Зося.— Прузына Сальнічышка. Яна перад усімі не інакш як прыблудам звала цябе — з яе і пайшло.

— От шэльма, рапуха! — вылаяўся Васіль.

— Праўда, што рапуха: у яе вочы, як у жабы. Ты яшчэ не ведаеш, што гэта за цаца!

Зося рада была, што гутарку можна было звесці на што другое, і пачала расказваць, жаліцца:

— Падросткам яшчэ я была, пабягу, бывала, у мястэчка — ведама — пагуляць хочацца малой, прыстану да местачковых равесніц, а паміж імі ўжо тады Прузына рэй вадзіла,— як толькі мяне ўгледзе, так зара і накінецца: «Не лезь, брыда, да нас, пайшла вон!» Ды нагой, ды нагой, як таго сабаку. Я толькі зацісну кулачкі ды бягу плачучы дамоў. Яна заўсёды мне дакучала: і змалку, і падросшы, і цяпер; усе плёткі на нас — з яе: праз яе мне сорамна было ў мястэчка паказацца — усю моладзь проці мяне падбухторвала...

— От погань, я ёй пакажу! — зноў вылаяўся Васіль.

— Помніш, Васілька,— дальш гаварыла Зося, цешучыся, што так варожа настройвала хлопца проці сваёй ненавісніцы,— помніш, як ты на першай вечарынцы хацеў з ёй ісці гуляць, а яна адвярнулася ў другі бок і кажа да дзяўчат (ты мо і не чуў, а я блізка стаяла — чула): «Не мела работы — такому прыблудзе толькі гарадскія сметнікі прыбіраць, а не з дарэчнымі дзяўчатамі гуляць...»

— Паб’ю, даліпан, паб’ю! — крыкнуў ужо Васіль, заціскаючы кулакі.

— Што ж з гэтага, што паб’еш? — разважала Зося.— Ты пачнеш — на табе і скончыцца: табе яшчэ больш можа ўляцець: за яе браты і хлопцы заступяцца — яна ж з імі гарэлку п’е, як роўная. Такая ўжо п’яніца — па бацьку пайшла; кожную вечарынку падвыпіўшы. Памставаць пасля будзе, хіба табе, Васіль, прыйдзецца ўцякаць адгэтуль.

— Недачаканне! — сярдзіта адазваўся Васіль.— Не я ёй, а яна мне ўступе з дарогі.

Цяпер ішлі ўжо моўчкі. Васіля апапавала злосць. Так уся гутарка з Зосяй складна пачалася, а тым часам нічым не скончылася. Загаварылі аб гэтай, каб на яе ліха, Прузыне, і ён нічагусенькі не даведаўся, не дабіўся ніякага адказу нашчот сваёй справы ад Зосі. Трэба было б дапытацца ўрэшце, але цяпер ужо аніяк не мог прыдумаць, з чаго пачаць. Зося была рада. Рада была, што, не даўшы ніякага адказу хлопцу, так лёгка выкруцілася, дый цешылася, што так лоўка пад’юдзіла яго проці Прузыны. Што Васіль мог нарвацца — гэта яе саўсім не абыходзіла, абы толькі Прузыне дасталося.

На вечарынцы народу было, як і заўсёды, шмат. Васіль, далучаючыся то да адной, то да другой кампаніі, моцна падвыпіў і, ходзячы за Прузынай, дапякаў яе рознымі слоўцамі. Дзяўчына пажалілася двом братом сваім. Тыя, таксама добра выпіўшы, заступілі дарогу Васілю,— слова за слова — пачалася лаянка, а пасля ўжо і скакаць адзін да другога сталі. Немаведама, чым бы гэта ўсё скончылася, каб не падбеглі хлопцы і не расцягнулі завадыякаў.

— Хлопцы! — адазваўся з кута бацька Прузыны, каторы, шукаючы прычыны да выпіўкі, не прапушчаў ніводнай вечарынкі,— знаеце мяне: гарнец стаўлю, толькі зараз выкіньце гэтага валацугу!

Закруцілася нешта ў вачах Васіля, у вушах зашумела, і не агледзеўся, як апынуўся ён на дварэ перад зачыненымі дзвярамі. Пачаў лаяцца і барабаніць кулакамі ў дзверы, у сцены, але выбегла Зося, хапіла яго за руку і пацягнула за сабой дамоў. Васіль, лаючы і кленучы ўсіх, ішоў за дзяўчынай, як паслухмянае дзіця.

Зося старалася яго супакоіць:

— Дарэмна ты на ўсіх наракаеш, Васіль; тут ні хлопцы, ні браты, ні нат стары бацька не віноўны: гэта ўсё Прузына настроіла, яна адна.

— Не дарую, пакуль жыў, не дарую! — бурчэў пад нос п’яны хлопец.

На другі дзень Васіль, сярдзіты, хмурны, узяўся да работы. Цэлы тыдзень працаваў ён, мала з кім гаворачы; калі ж надышла зноў нядзеля, пашаптаўся аб нечым з старым Міколам, зараз пасля абеду запрог свайго коніка, і, сеўшы ўдвух, мужчыны выехалі за вароты.

Зося была неспакойна гэтай няведамай дзеля якой прычыны паездкай; розныя думкі прыходзілі ёй у галаву: праз увесь дзень, здавалася, месца не магла сабе знайсці.

Сонца ўжо садзілася, калі вароты зноў скрыганулі і на двары паказаўся знаёмы конік. Зосі крыху адлягло, але дапытваць не хацела. Тым часам мужчыны, вясёла гутарачы, упарадкавалі каня і ўвайшлі ў хату.

— Ну, Зося,— першым адазваўся Мікола,— барыша добрага захапілі па дарозе, давай толькі хутчэй закусіць чаго, бо цэлы дзень галодныя былі, як сабакі.

— Не трэ было цягацца цэлы дзень,— сказала Зося, думаючы гэтым выклікаць прызнанне, куды і чаго ездзілі.

— Мусіць-то, трэба было, калі цягаліся,— коратка адказаў бацька.

Васіль, усміхаючыся, адпячатаў пляшку, наліў чарку і падаў дзяўчыне:

— Заўтра, Зося, бярэмся за новую работу, дык выпі, каб ручыла.

— Не ведаю я нічога, якая там у вас работа, дык і піць не буду,— адазвалася, нібы загневаная, Зося.

Але мужчыны, сеўшы за стол, п’ючы і закусваючы, сталі расказваць, перабіваючы адзін другому, куды і чаго ездзілі.

Ездзілі ў двор да камісара нашчот гэтай жа пусташы прапытаць. Камісар вельмі ахвотна прыстаў на продаж, бо толькі клопат яму з гэтай зямлёй: ніхто не хоча там жыць і брацца за яе, а да двара яна не прылегла. Пытаўся, смеючыся, чы не баяцца яны, што пусташ няшчасце ім прынясе, але Васіль адказаў, што ў ніякія забабоны не верыць і здання не баіцца; хацеў бы нат яшчэ гэтай восені азіміны там пасеяць. Камісар і на гэта даў рады: абы толькі сысціся з цаной і даць задатак, то сеяць можна, а ўвосені — як збяруцца з поля — свабаднейшым часам, паедуць у горад і ў натарыуса ўсё акуратна апішуць, тады і рэшту грошы палажыць трэба будзе. Грошы саўсім невялікія: за паўвалокі (з сенажаткай, што прытыкае да рэчкі) чатырыста ўгаварыліся, а Васіль дамагаўся яшчэ ад камісара надкінуць дрэва на будову з дворнага лесу — у гэтых жа грошах. Камісар абяцаўся пагаварыць з панам і думае, што можна будзе якую капу пнёў дастаць. Словам, усё пайшло гладка і добра. Паўсотні далі задатку, і распіска ў кішэні Васіля.

Зося, слухаючы ўсё гэта, маўчала. Нейкая таемная трывога агортвала яе.

Назаўтра, чуць свет, Васіль з Міколам былі ўжо на новым полі; абыходзілі яго нязлічаныя разы ўздоўж і ўпо-перак, раіліся, праектавалі, дзе, што і як рабіць, урэшце выбралі кавалак пад жыта, якое яшчэ гэтай восені Васіль маніўся пасеяць; а што з пары ўжо зыходзіла на першую ворку, выбралі мякчэйшы грунт, дзе маніліся пробаваць шчасця сеяць у адну раллю не падмешваючы.

Вярнуўшыся на абед, седзячы за сталом і сербаючы зацірку, Васіль важна адазваўся да дзяўчыны:

— Трэба, Зося, каб ты полудзень прыносіла мне туды — па поле: дзень ужо невялікі, цаліну дзерці — работа няспорная — шкода часу адпрагацца, то зноў запрагацца і траціць час на пераходку, а каню пад нос гатовай травы дам.

— Гэта ж усёй хады праз маргі два-тры,— засмяяўшыся, адказала Зося, але, угледзеўшы, што Васіль спахмурнеў, дакінула: — Па мне — можна і паднесці — часу хапае.

Васіль сам добра ведаў, што на такую мэту яды няварта было насіць, але яму хацелася гэтага заходу; яго цешыла, што ось які заняў ён ужо абшар, ажно на поле яду прыходзіцца насіць.

Хлопец як бы з новай сілай, з новай ахвотай узяўся за работу. Працаваў шчыра, да поту, але меў і награду: гэта той полудзень, які яму прыносіла на поле сама Зося. Яны тут, сеўшы дзе ў цяньку пад дрэвам, сам-насам — удваёчку маглі свабадней аб усім паміж сабой гаварыць. Калі ж, здаралася, Зосі не было часу, а яду прыносіў стары Мікола,

Васіль тады найлепш адчуваў, як ён прывык да гэтай дзяўчыны, як яму цяжка, не пабачыўшы яе, не перакінуўшыся слоўцам з ёй, дацягнуць да вечара.

Але колькі раз ні наводзіў Васіль гутаркі так, каб дабіцца яснага адвету ад Зосі, тая заўсёды спрытна ад гэтага выкручвалася і пачынала гаварыць аб Прузыне. За кожным разам старалася Зося распальваць як найбольш злосці, нянавісці, помсты ў Васіля да гэтай дзяўчыны. Паводлуг слоў Зосі, няма чаго гаварыць і думаць цяпер аб вяселлі; гэта ж Васілю нельга і паказацца ў мястэчка, сорамна ў вочы людзям глянуць пасля той знявагі, якая спаткала яго на апошняй вечарынцы; людзі пальцамі будуць вытыкаць, што выкінулі хлопца за дзверы, як шчэпку якую. Трэба перачакаць — няхай гэта ўляжацца, забудзецца крыху. Прузына мае злосць на Зосю, што хлопцаў ёй адбівала і адбівае, але хоць гэта няпраўда, будзе памставаць, цюкаць на іх, як на сабак,— якое ж гэта жыццё будзе, калі з хаты носа не будзе як выткнуць. Трэба чакаць.

Чаго Зося спадзявалася і чаму адцягвала з адветам Васілю — былі на гэта ў яе такія-сякія прычыны.

На канцы крывенькага местачковага завулачка, у старой хатцы, недалёка могільніку, жыла з дзецьмі ўдава Янкеліха; зарабляла яна на сваё жыццё, выпякаючы хлеб і смашныя, румяныя, траскучыя ў руках абаранкі на ўсё мястэчка і на кірмашы. Янкеліху зналі добра і мяшчане і прыяздныя. Тут можна было не толькі купіць абаранкаў на гасцінец, але — каму верыла Янкеліха — з’есці іх з фаршырованай рыбай у заванянай баковачцы пры пляшцы жоўтай саматужкі, якую прыносіла пад фаргухом старшая дачка — Двэрка. Ось тут — у гэтай баковачцы — ад нейкагачасу і спатыкаліся Зося з Алёксам Гуронкам, які меў вялікую пашану і веру ў Янкеліхі за свой ціхі, спакойны характар і маўчлівую натуру.

Пасля таго як стары Гуронак прабраў сына на ігрышчы за Зосю, яны пры людзях і не падыходзілі адно да другога — быццам і не зналіся, але на вечарынках заўсёды можна было знайсці зручнасць перашапнуцца, калі сысціся у Янкеліхі.

Што ў той бок хадзіў Алёкса або ішла Зося — ніхто і ўвагі не звяртаў: туды шмат хто хадзіў то па хлеб, то па абаранкі. Калі ж сядзелі ў баковачцы, то гэта была ўжо справа Двэркі, каторая спагадала маладым (бо і сама была маладая...), каб іх там ніхто не ўбачыў, і сама іх адтуль выпушчала, калі ў хаце не было нікога чужога.

Але на гэтых спатканнях нічога дагэтуль не маглі прыдумаць ані Алёкса, ані Зося. Зося разумела, што калі б нат удалося ёй узбунтаваць хлопца проці бацькі, то і так да вяселля не дойдзе: стары Гуронак такі быў цвёрды чалавек, што гатоў даць данос і пагубіць бацьку, яе і сына свайго не пашкадуе; а хоць Мікола цяпер сядзеў спакойна, якія там даўнейшыя грашкі былі, Зося сама не ведала, а Гуронак, пэўна ж, добра іх ведаў; а да таго Алёкса баяўся бацькі свайго, як агню, ніколі не адважыўся б пайсці проці яго волі.

Заставалася чакаць, але чакаць чаго? Хіба мо Прузына на якое ліха нарвецца і вяселле расклеіцца, чы мо старыя, хоць ужо старгаваліся, як дойдзе перад шлюбам да пасагу — да гатоўкі — за чубы возьмуцца, бо абодва вялікія хціўцы, і ўсё рассыплецца, а тады? А тады мо яшчэ з год адцягнецца (ужо і гэта добра!), і за гэты час мо знойдуць якую раду, а пакуль што: чакаць.

Але калі Зося і Алёкса, не могучы нічога лепшага прыдумаць, гадзіліся чакаць, Васіль так лёгка прыстаць на гэта не мог. Як-то: ён тут загубіў свае планы і надзеі на выезд у Амерыку; ён тут улажыў столькі сваёй працы, грошаў, ён тут звязаўся ўжо з зямлёй — з гэтай пусташай, а найбольш — так прывык ужо да гэтай дзяўчыны, да той мыслі, што Зося будзе яго, што ўжо спакойным вокам глядзець на яе не мог — і цяпер чакаць? Дакуль чакаць? Што ім Прузына — нейкая там дзеўка — зрабіць можа? А ён — Васіль — ці ж не мужчына, каб не патрапіў заступіцца тады ўжо за жонку сваю? Ды ён і цяпер гатоў гэтай гадзюцы Прузыне галаву калом рашчапіць, абы яна не замінала! Зося колькі разоў бегала ў мястэчка і казала, што няма як вочаў туды паказаць — кпяць і з яе і з мяне. Не штука строіць кпінкі перад дзяўчынай, хай паспрабуюць кпінкаваць перад ім — Васілём! Праўда, тры тыдні не паказваўся ў мястэчка — такога сораму набраўся праз гэну ведзьму, рапуху, але вось няхай прыйдзе нядзеля — пойдзе сам — сам адзін на злосць ім усім пойдзе — няхай папрабуюць яго зачапіць!

I ў нядзелю — пайшоў. Пайшоў да Лейбы, заказаў гарэлкі, піва, закускі і сам адзін засеў за стол. Сабраўшыяся там хлопцы, некаторыя скоса глянуўшы на Васіля, усміхаючыся, шапталіся, адышоўшы на старану, паміж сабой; іншыя — зразу падышлі, быццам нічога і не было, віталіся, загаварвалі, распытваліся, чаму яго так доўга не было; такіх Васіль саджаў за стол, гутарыў з імі і частаваў — частаваў, як ніколі: на месца пустой пляшкі як віш з’яўлялася поўная, піва прынеслі цэлы кошык, булку вялікую палажылі, селядцоў наставілі. Ішлі жарты, смехі, падыходзілі новыя хлопцы — прысаджваліся і так гулялі дацямна, а калі разыходзілася добра падвыпіўшая кампанія, апрача самога Васіля, каторы больш частаваў, чым піў,— на развітанні — Васіль заклікаў усіх на другую нядзелю — тут жа — у Лейбы.

Дадому вярнуўся здаволены, павесялеўшы: цяпер ён ведаў, што калі будзе мець ворагаў, то будзе мець і прыхільнікаў, каторыя — у разе патрэбы — заступяцца за яго. Так не раз бывала ў горадзе — на фабрыцы, дзяліліся на дзве варожыя сабе партыі, кожная мела свайго правадыра, каторага з усіх сіл бараніла.

I Васіль не памыліўся: моладзь раздзялілася. Багацейшыя — трымалі старану Гуронкаў, паміж каторымі верхаводзілі два Прузыніны браты, і дзеля гэтага іх усіх называлі «сальнікамі»; бяднейшыя — прысталі да Васіля Дубінскага, і Прузына іх празвала проста «дубінамі». Дзяўчаты цягнулі да той ці іншай стараны, куды цягнула іхняе сэрца. Але паміж гэтымі партыямі пакуль што не толькі не даходзіла да бойкі, а нат не было паважнейшай звадкі. Было больш смеху і жартаў, чым злосці або нянавісці.

Васіль цэлымі днямі працаваў цяпер на сваім новым полі, як ён называў пусташ, а ў нядзелі і святы гуляў у мястэчку са сваёй кампаніяй. Да Зосі ён штораз больш, часцей і смялей прыставаў, каб рабіць урэшце які канец.

— Не будзем ужо ваўкамі жыць,— угаварваў дзяўчыну,— ёсць людзі, што і нас будуць любіць і шанаваць, а што «сальнікі» бушуюць — ліха іх бяры — усё роўна ўсім людзям ніколі не дагодзіш.

— Ты бы паслухаў, як Прузына сабак вешае на нас усіх — не тое б загаварыў,— адказвала, не маючы чым бараніцца, Зося.

Няхай толькі яшчэ раз нарвецца гэта ведзьма на мяне — заткну я ёй горла, заткну! — пагражаўся Васіль.

Зося не ведала ўжо сама, на што спадзявацца, што рабіць? Даць адправу Васілю — не важылася, бо калі Алёкса ажэніцца з Прузынай,— не сядзець жа ёй век у дзеўках, ды што ж яна будзе рабіць, калі яшчэ бацька памрэ? — усё роўна замуж ісці прыйдзецца, а за каго? — местачковыя хлопцы ганарыстыя — ці возьмуць, а з вясковымі яна ніколі ніякага знаёмства не мела,— дык больш падхадзячага і лепшага не было, як Васіль. Пры ім цяпер у хаце лад, спакой, дастатак.

Алёкса, спатыкаючыся з Зосяй у каморачцы Янкеліхі пад дазорам Двэркі, толькі рукамі разводзіў і ніякага паратунку знайсці не ўмеў; аб адным толькі прасіў яе: пакуль ён жыў, каб замуж не ішла.

— Хворы я,— жаліўся, прытуляючы да сябе дзяўчыну,— мо і смертачка мая не за гарамі, мо і вяселля свайго не дачакаю, хай жа прынамсі вочы мае не ўбачаць цябе з другім.

I праўда. Алёкса — ці сапраўды быў хворы, ці з той нуды, што не далёк быў той час, калі ў хаце іх засядзе ўжо гаспадыняй Прузына, каторую ён моцна не любіў,— спахмурнеў, асунуўся так, што нат паважнейшыя суседзі асцерагалі старога Гуронка:

— Дрэнна, Міхале, робіш, што сына гвалтам жэніш. Ліха яго бяры і з багаццем тым, калі хлопец ужо, як зямля, счарнеў, з вачэй кепска паказвае; яшчэ гатоў бяды нарабіць— рукі, не тут кажучы, на сябе налажыць.

— 3 вачэй яго адна глупасць паказвае,— спакойна адказваў стары,— усё тая цыганка мазгі яму закручвае, нічагусенькі — выветрае, яшчэ дзякаваць будзе, калі зажыве ў выгодзе.


Надыходзіла восень. Паміж моладзі — ці то на полі, ці ў хаце — толькі тая і гутарка — хто з кім жэніцца, каторая за каго замуж ідзе, калі вяселле, хто як прыбярэцца і г. д.

Да першага вяселля заставаўся ўсяго тыдзень часу. Гэта аддаваў сваю апошнюю дачку з хаты багаты гаспадар і добры майстар — рымар Сцяпан Кудрэвіч — удавец; прымакі браць не хацеў, бо яшчэ сам думаў жаніцца. Усе добра памяталі, якія адбываліся вяселлі ў яго, калі аддаваў першыя свае дзве дачкі, бо ў Кудрэвіча і яды, і напіткаў хапала без ліку і меры і нікога не абмінуў без пачастунку, а ўжо дачуліся, што трох найлепшых музыкаў з суседняга мястэчка прыгаварыў, дык асабліва моладзь, заўчасу з радасці прытопваючы нагамі, рыхтавалася ўся.

Не дзіва, што калі надышла тая даўна жаданая нядзеля, народ валіў да Кудрэвіча, як у царкву, а што- хоць балота было на дварэ- дзень удаўся цёплы, дзеля прастору на скокі ачысцілі і прыбралі ток, панастаўлялі лавы і зэдлі і туды выправілі музыкаў, за каторымі шуганула, як прарваўшаяся паводка, уся моладзь. У хаце за пачастункамі і гутаркай засталіся толькі паважнейшыя кабеты і мужчыны. Праз адчыненыя вокны чутна было, як у таку запяяла спярша скрыпка, пасля зазвінелі цымбалы, ударыў барабан і раптам падняўся такі топат, як бы людзі ўцякалі ці даганялі каго.

Сцяпан не забываўся і аб моладзі: раз за разам насілі ў ток высокія пляшкі з гарэлкай, поўныя лубкі скаромніны і сыраў і закацілі туды велізарную бочку з півам, а дзяўчат частаваў сам гаспадар нейкім салодкім, але моцным напіткам, які прыгатаўляў вядомым толькі яму спосабам.

Дык не дзіва, што і поўнач яшчэ не мінула, а ўжо шмат у чыёй галаве добра шумела і круцілася. Некаторыя старэйшыя — хоць ноч была цёмная — сталі распаўзацца да хат, а з-паміж моладзі шмат, каторыя беглі за ток — уніз да студні і там аблівалі халоднай вадой свае распаленыя галовы, а іншыя і саўсім уцякалі дамоў, ведаючы, што яшчэ будзе час спагнаць ахвоту, бо першыя два вяселлі цягнуліся амаль не па тыдню, дык няўжо Кудрэвіч на апошняе паскупее? Апрача таго, сталі хадзіць чуткі- пашапушкі, што «сальнікі» шукаюць зачэпкі з «дубінамі», каб выкурыць з вяселля галапятнікаў, як яны называлі сваіх праціўнікаў, і гэта задзёрства можа скончыцца агульнай бойкай. Разважнейшая моладзь бегала ад адных да другіх і супакойвала задзіракаў, як магла.

— Дурні вы, дурні,— гаварылі бунтаўшчыкам,— пры канцы вяселля хоць вы галовы сабе паскручвайце, але сягоння — з першага дня — гэта ж усё вяселле можа рассыпацца: пагуляць добрым людзям не дасцё.

Гэтыя словы крыху апамятавалі гарачыя галовы, і толькі Прузына з чырвоным як рак тварам, з выкаціўшыміся наверх вачыма, добра падвыпіўшая, то шапталася са сваімі, то голасна — на ўвесь ток — рагатала.

Васіль, пільна следзючы вачыма за Прузынай, ажно скрыгатаў са злосці зубамі, але, баючыся зноў сораму набрацца, не хацеў першы пачынаць.

Баязлівейшыя дзяўчаты і спакайнейшыя хлопцы адракаліся вяселля і выходзілі, каб не папасціся ў кашу. Адным з першых высунуўся Алёкса, каторы, як ні круцілася Прузына, праз увесь час сядзеў хмурны, маўчлівы. Але ўсё ж такі народу яшчэ столькі засталося, што ў таку ажно горача зрабілася, а музыкам проста дыхнуць не давалі. Хлопцы, карыстаючыся, што тут не пільнавалі іх вочы старых матак і бацькоў, увіхаліся каля прыгожай і вельмі складнай да ўсялякіх гульняў Зосі, як мухі каля мёду. А Зося любіла: калі гуляць — то гуляць! I цяпер ні на каго ўжо не звяртала асаблівай увагі, а час для яе ляцеў шпарка, дык вельмі здзівілася, калі падышоў да яе Васіль і сказаў, што пара дадому ісці.

— Як то? Ужо? — з жалем адазвалася Зося.— Гэта ж зусім яшчэ цёмна.

Але, глянуўшы на Васіля, яна хутка загаварыла:

— Ідзём, Васіль, хутчэй ідзём: ты зусім п’яны. Што табе? Нядобра?

Хлопец сапраўды выглядаў страшна: бледны, як папера; трасло яго — ажно зубамі ляскаў, а ў кутках вуснаў відаць была белая пена.

Зося, баючыся, каб чаго з ім не сталася, бо яго сорам вытыкалі бы і ёй, нязначна падтрымовываючы хлопца, выйшла разам з тока. На дварэ чуць віднела, і сцежка яшчэ мала была значна, але Васіль ішоў роўнай, цвёрдай ступою і праз увесь час раз толькі адазваўся да дзяўчыны:

— Ну, Зося, хутка і наша вяселле згуляем.

Зося маўчала.

Увайшоўшы ў хату, Васіль раз і другі напіўся халоднай вады і, мест класціся спаць, пайшоў на пусташ. Зося як сноп павалілася на палок і моцна, спакойна заснула.

Сонца ўжо высока стаяла на небе, калі дзяўчына ўсхапілася і заварушылася каля печы.

— Што гэта вы там Васілю зрабілі — хлопец ад цямна, як шалёны, лётае па полі? — адазваўся стары бацька да дачкі.

— Як то — па полі? Чы ж ён яшчэ не клаўся спаць? — спытала, здзівіўшыся, Зося.

— Ані думаў! — адказаў Стрончык.— Давай абедаць ды кліч яго.

Васіль на абед прыйшоў, але да яды ані дакрануўся.

— Не магу: галава трашчыць, у вачах кругі нейкія ходзяць,— жаліўся хлопец.— От, бацька, пойдзем лепш у мястэчка, там ямчэй паснедаем,— закончыў Васіль.

За апошнія часы Васіль у буднія дні не адрываўся ад работы, а ў святы трымаўся больш сваёй новай кампаніі — маладзёжы, дык старому, не маючы сваёй уласнай капейкі, прыходзілася сядзець у хаце. Цяпер рад быў скарыстаць Мікола з намовы Васіля і дзеля гэтага ахвотна згадзіўся ісці разам у мястэчка.

У Лейбы засталі яны паўнюсенька народу. Як толькі паказаўся Васіль, з усіх бакоў сталі крычаць:

— Во хто схаваў дзеўку! Дзяржыце яго, хлопцы, яго! Дзяржыце!

Васіль ад гэтага крыку ажно збялеў, але, пачуўшы рогат, і сам стаў смяяцца:

— Што вы, як жарабцы, іржэце? Я піць хачу ды есці хачу, а яны рагочуць!

— Спазніўся ж ты пахмяляцца,— загаварылі хлопцы,— мы ўжо без цябе справіліся ды ідзём на аблаву.

— На якую яшчэ там аблаву? — спытаўся Васіль.

— Ці ж ты не чуў — дзеўка з вяселля прапала — Прузына,— паясніў адзін з хлопцаў.— Ідзём трэсці ўсе гумны— пэўна, п’яная недзе завалілася ды храпіць, а бацькі рукі ломяць, галосяць...

— Мо жабы, не спазнаўшы, як сваю, у балота зацягнулі? — адазваўся другі.

Моладзь зноў зарагатала. Сталі разыходзіцца: адны шукаць Прузыну, іншыя дахаты выспацца перад вяселлем, а некаторыя падселі да Васілёвага стала, на каторым ужо стаяла пляшка з гарэлкай, і сталі перакідвацца жартамі.

— А ці ёсць Алёкса, глядзелі? Мо хлопец на вяселле сваё чакаць не захацеў: украў дзяўчыну — ды ходу.

— Алёкса ёсць: раніцай знайшоўся; але такі сумны, ажно з твару змяніўся, як апошняе страціў.

— Бо і страціў: Прузыну.

— Ну, па Прузыне не надта ён бедаваў бы! Учора як стала каля яго круціцца, дык ён і вяселля адрокся — уцёк.

— А дзе ж ён быў, калі раніцай толькі знайшоўся? Бо і Прузына, кажуць, яшчэ перада днём счэзла.

— Спаў, кажа, у адрыне сваёй на сене.

— Трэба было б тое сена добра ператрэсці, то, пэўна, і Прузына знойдзецца...

Кампанія рагатала. Васіль піў сягоння больш за ўсіх і то смяяўся разам з усімі, ажно за бакі браўся, то зноў сядзеў насупіўшыся, як сава.

У шынок раз за разам забягалі то адзін, то другі з учарашніх вясельнікаў і, разводзячы рукамі, як бы іх хто пытаўся, заяўлялі:

— Няма Прузыны — як бы скрозь зямлю правалілася, смяхота, ды і толькі.

— Каму смех, а бацькам неспакой,— адазваўся стары Мікола.

— Мы не бацькі, а нат і не сваякі Прузыны,— адказаў Васіль,— і нам няма чаго тут рабіць і клапаціцца; выпілі — і дахаты; спаць хочацца,— і, расплаціўшыся з Лейбам, выйшаў наперад, а за ім пацягнуўся Стрончык. Як толькі прыйшлі ў хату, Мікола звярнуўся да дачкі:

— Ну, Зося, адгадай загадку: не іголка — а прапала?

— Татка, ведаеш, што я да гэтага не здатна, кажыце лепш проста — у чым справа.

— Прузына прапала,— адказаў Васіль.

— Як то прапала? — спаглядаючы то аднаму, то другому ў вочы, спытала Зося.— Жарты нейкія ўсё вам у галаве.

— Якія там жарты, калі шукалі ўвесь дзень і не знайшлі,— адказаў бацька.

— Э-э-э, такое дабро і ў агні не згарыць, і ў вадзе не затоне,— махнуўшы рукой, сказала Зося і ўзялася за сваю работу.

— Усяк бывае,— адазваўся Васіль і, узяўшы кажух і пасцілку, дабавіў:— Калі сам не прачнуся, разбудзі, Зося, мяне — пойдзем разам на вяселле.

Цямнела ўжо, калі Зося з Васілём, спушчаючыся сцежкай да мястэчка, здалёку ўгледзелі на гумнішчы Сцяпана Кудрэвіча цэлы натоўп народу, ад каторага ішоў шум галасоў; але гэта не быў шум людзей, якія сабраліся на вяселле — пагуляць, а нейкі глухі, прыцішаны, як шум далёкай пушчы. Падышоўшы бліжэй, ужо можна было ўлавіць некаторыя словы:

— ...Усё тая распуста... гарэліца праклятая... вялікая рэч: перагнулася, галава закруцілася, і паляцела... тут не да вяселля... доктар прыедзе...

— Васіль,— трывожна ціхім голасам адазвалася Зося,— што там такое? Я баюся... там нешта нядобрае...

— Падойдзем — убачыш,— адказаў хлопец.

Пасярод натоўпу людзей заставалася як бы пустое месца, куды з цікаўнасцю ўсе заглядалі. Зося з Васілём праціснуліся туды: на мокрай вытаптанай траве ляжала нежывая Прузына; каля яе на зямлі сядзела матка і, углядаючыся ў адкрытыя, як бы наверх паложаныя шкляныя вочы, ціха ўсхліпвала і качалася, быццам калышачы да сну дзіцянё.

Васіль не столькі ўглядаўся да нябожчыцы, колькі да людзей, якія ўвокал яго стаялі і пільна прыслухоўваліся да кожнага слова.

Зося доўгі час стаяла моўчкі, не могучы адарваць сваіх вачэй ад твару Прузыны, урэшце, моцна схапіўшы за руку Васіля, ціха стала шаптаць:

— Васіль... уцякайма... мне страшна... уцякайма..

Калі яны зноў выбраліся на свабодную сцежку, якая ішла праз гумнішча на поле, Зося першая адазвалася:

— Васіль, што гэта сталася з Прузынай? 3 чаго?

— Як з чаго? Не чула, што людзі кажуць? Пайшла п’яная ваду даставаць і ўвалілася,— паясніў Васіль.

— Яна не была такая п’яная — гэта няпраўда — я ж бачыла... тут не тое...— казала Зося.

— Калі не тое, дык скажы якое — калі лепш ведаеш,— ужо злосна адазваўся Васіль.

— От, няшчасце,— як бы сама да сябе сказала, уздыхнуўшы, Зося.

— Няшчасце? Ці не для цябе няшчасце? — зноў злосна пачаў Васіль.— Праз увесь час толькі той і гутаркі было ды наракання: Прузына ды Прузына — усюды яна замінала. Цяпер ужо Прузыны няма — няма замінішча, і адказу ніякага не можа быць...

— У чым адказу? — перапыніла Зося.

— А хаця бы ў вяселлі нашым,— адказаў Васіль.

— Тут хаўтуры, а яму вяселле ў галаве,— сказала, задумаўшыся, Зося.

Раптоўная смерць Прузыны неспадзеўкі захапіла Зосю. Дзяўчына пакуль што сама яшчэ не ведала, што з гэтага магло выйсці, і толькі цяпер як бы агледзелася: «Гэта ж Алёкса вольны...» — і, лягчэй ужо ўздыхнуўшы, зноў як бы сама да сябе адазвалася:

— Што праўда — то праўда: замінала яна шмат...

Калі прыйшлі ў хату і Зося расказала аб усім бацьку, той зусім спакойна адазваўся:

— Гэта што? Не такія яшчэ штукі бываюць: пастухом яшчэ я хадзіў, як у гэтым самым мястэчку адзін шавец, не памятаю ўжо, як зваўся, але вялікі п’яніца быў, дык у бочцы — у сваёй хаце ўтапіўся. Казалі, што ён усё чорцікаў лавіў па хаце; здалося, відаць, яму, што чорт у ваду скочыў, і ён туды за ім — боўць! Так жонка і знайшла яго, прыйшоўшы дамоў: галава ў бочцы, а ногі толькі ўверх тырчэлі...

Стары разгутарыўся і стаў успамінаць даўно мінулыя часы, але ніхто яго не слухаў. Васіль сядзеў хмурны і ані словам не адзываўся. Зося, кратаючыся каля сваёй гаспадаркі, успела гаршчок з стравай выкуліць, міску разбіць — усё неяк сягоння з рук ёй валілася. Дзень выдаўся даўгі, нудны.

Назаўтра Зося ўгаварыла мужчын схадзіць у мястэчка даведацца, што там чутна. Застаўшыся адна ў хаце, яна старалася абдумаць цяперашняе сваё палажэнне, але гэтыя думкі так хутка ляцелі, так раптоўна змяняліся і так дзіўна блуталіся, што аніяк не даваліся дзяўчыне разабрацца ў іх. Апрача таго, цікаўнасць і няпэўнасць, што робіцца там — у мястэчку,— не давалі ёй супакою: раз за разам выбягала яна з хаты паглядзець, ці не варочаюцца мужчыны. I чым дальш прыходзілася чакаць, тым больш агортваў яе нейкі неспакой, страх...

Спаўдня ўжо мінула, калі Зося ўгледзела ўрэшце здалёку на сцежцы ад мястэчка бацьку: ішоў сам адзін і — па хадзе знаць — моцна п’яны. Не чакаючы, калі падойдзе бліжэй, хутка пабегла дзяўчына на сустрэчу.

— Што чутно? Чаму сам? Дзе Васіль? — стала засыпаць бацьку пытаннямі Зося.

Стрончык стараўся як мага справіцца з нагамі сваімі і са сваім языком:

— Ліха на іх... паліцыя круціцца... не люблю паліцыю... пракляты народ... уцёк я... арыштоўваюць... хлапца арыштавалі... чэрці...

— Васіля арыштавалі? — трывожна спыталася Зося.

— Арыштавалі...— з трудом адказваў Мікола,— але... арыштавалі Алёксу...

У дзяўчыны пацямнела ў вачах; ногі падкашваліся, яна схапіла бацьку за руку і стрымала яго:

— Чакайце, татка, чакайце! Вы што кажаце? Апамятайцеся... арыштавалі, кажаце? Каго арыштавалі? Каго? Васіля?

— Якога табе Васіля, за што Васіля? Васіль п’янствуе... не хоча дадому, а я ўцёк... паліцыя паганая... арыштавалі Алёксу, за Прузыну ўзялі,— балбатаў стары.

— Гэтага быць не можа... не можа... не можна так... не можна Алёксу забіраць,— ужо сама не памятаючы што, шаптала Зося.— Вы ў хату, татка, ідзеце, я сама туды пабягу... гэтага быць не можа...

У мястэчку Зося адразу звярнулася да Лейбы, там застала некалькі хлапцоў і дзяўчат, а за сталом сядзеў Васіль.

— От і Зося прыйшла,— спакойна адазваўся Васіль, як бы гэтага і спадзяваўся.— А бацька вярнуўся?

— Вярнуўся,— адказала Зося і кінулася да дзяўчат распытваць, як і што тут сталася.

Кожная з іх, як і заўсёды бывае ў такіх разах, расказвала па-свойму, і кожная дакідала сваю ўласную дагадку, і гэткім чынам прыпадак з Прузынай разрастаўся ў штораз большае і большае апавяданне, у каторым трудна было ўжо разабрацца, дзе праўда, а дзе выдумка. Але Зосі ясна было адно: Алёксу арыштавалі і пагналі ў стан на дапрос.

Арыштавалі дзякуючы тым чуткам, якія распаўсюджваліся па мястэчку: Алёкса Прузыну не любіў, жанілі яго амаль не гвалтам; Алёкса калісь-то некаму прызнаўся: лепш смерць, чым такое вяселле; Алёкса першы счэз з вяселля і дадому не пайшоў, а вярнуўся толькі раніцай, калі Прузыну ўжо шукалі; Алёкса паказаў паліцыі, што ён спаў у адрыне — на сене, але калі ён прыйшоў на тое сена? Мо тады, як Прузыны ўжо на свеце не было: прыпільнаваў дзяўчыну, як выйшла з хаты, паклікаў яе, прыдушыў або прыбіў, бо на галаве нябожчыцы знайшлі круглаватую, як маладзічок, рану, ды ўкінуў у студню, а тады ўжо пайшоў і на сена. А што найважней: каму ж, як не Алёксу, заміпала Прузына? Каму ж, як не Алёксу, смерць Прузыны давала свабоду?

Дальш Зося не магла ўжо слухаць усіх гэтых вывадаў: у галаве муцілася, ногі слабелі, і яна ўжо толькі думала, каб як хутчэй дабрацца дахаты і легчы. Толькі яна выйшла ад Лейбы, як Васіль, даганяючы яе, клікнуў:

— Чакай, Зося, і я іду.

Зося, нічога не адказваючы, аглянулася, затрымалася пакуль не надышоў Васіль, і пайшлі моўчкі побач. Калі мінулі ўжо мястэчка, Зося адазвалася:

—Васіль, што яны там плятуць? Няўжо Прузыну забіў Алёкса? Гэтага ж быць не можа!

— Пэўна, што не; не Алёкса, а ты, Зося, утапіла Прузыну,— цвёрда адказаў Васіль.

— Напіўся, дык табе жарты ды смешкі ў галаве, а там чалавека дарма забралі,— сказала Зося.

— Якія тут жарты,— зноў цвёрда загаварыў Васіль.— Прузыну ты, Зося, утапіла: злосцю, нянавісцю сваёй утапіла ты яе. Не ты ж праз увесь час падгаварвала, пад’юджвала да помсты над гэтай дзяўчынай? Не ты ж столькі-то раз казала, што Прузына і толькі Прузына ва ўсім вінавата — яна табе спакою не давала, яна табе замінала! Ты ўтапіла Прузыну... маімі рукамі ты ўтапіла яе..

— Васіль... Васіль! Ты што... ты?? — задыхаючыся, дапытвала дзяўчына.

— А хто ж, як не я,— ужо дрыжачым голасам пачаў дальш гаварыць Васіль,— скажу табе ўсё, як было... Табе прызнаюся, як на споведзі прызнаюся... Каму ж ведаць, як не табе... табе трэба ведаць — гэта ж наша справа, наша: твая і мая...

— Што ты, Васіль? Ты хіба сп’яна? — перапыніла, спужаўшыся, Зося.

— Не п’яны я, Зося, не: мяне ўжо і гарэлка не бярэ... не... слухай, як было,— і Васіль, як бы баючыся, каб хто не падслухаў, стаў шаптаць прарываючым голасам:— Не спадзяваўся я гэтага... мыслі нат той не было, а вось сталася... як? I сам добра не памятаю. Цёмна яшчэ было... выйшаў я на двор — галава надта круцілася... чую — нехта каля студні шамочыцца... падышоў і я туды, ажно Прузына... боўтае вядром у студні — ніяк вады не можа зачарпнуць... пазнала мяне... а, кажа, пан Дубіна — гарадскі кавалер, мо мне паможаце, ніяк вады не дастану... я, моўчкі, зачапіў поўнае вядро ды кажу: гатова, толькі цягнеце... каб так вечару прыждаць; і ў думцы ў той момант нічога дрэннага не было... нагнулася яна, ажно галава ў зрубе схавалася... а я... як на споведзі кажу: не помню добра — мо толькі жарт які мігнуў у галаве... а я... ці яе штурхануў, ці нагой, здаецца, падбіў яе ногі.... толькі раптам нешта белае міганула мне ў вачах, і як бы хто велізарны камень у студню кінуў — чабохнула і... сціхла... нават не крыкнула... успамінаю, успамінаю: то мне здаецца, гэтак было, то зноў інакш... як я сам не кінуўся туды... хіба Бог стрымаў, каб пакутаваў на гэтым свеце... а можа, гэта ты, Зося, стрымала мяне...

— Як то я? — стрывожыўшыся, спытала Зося.

— У той момант цябе я ўбачыў,— ціха сказаў Васіль.

— Не была я там... што ты, Васіль... апамятайся, не была я...— дрыжачым голасам, як бы адпрашваючыся, гаварыла Зося.

— Ведаю, што не была, а... убачыў, а мо толькі здалося? Не ведаю,— шаптаў хлопец.

— Ну, а дальш? Што было дальш? — дапытвалася Зося.

— Што дальш? — як бы ўспамінаючы, гаварыў Васіль,— дальш... ужо нічога... адышоўся я, крадучыся, пад ток і абапёрся — ногі калаціліся, устаяць не мог... а да студні падышла цэлая грамада хлопцаў, дзяўчат... чуў, як вядро цягнулі ўгару — стукалася яно аб зруб, а мне здалося... дамавіну забіваюць... а тыя рагаталі, вадой абліваліся, дурэлі... а тады? Тады зайшоў я ў ток па цябе...

— Ах, які ты страшны быў,— перапыніла Зося,— я цябе такім ніколі не бачыла, спужалася: думала, што надта ўжо п’яны. Але што ж цяпер будзе? — як бы апамятаўшыся, спытала дзяўчына.

— Што цяпер будзе? — паўтарыў Васіль,— ці я ведаю,— як бы сам сабе адказаў Васіль...

— Трэба ж Алёксу ратаваць! Як жа так? Ён жа можа не выпутацца, прапасці! — з жарам загаварыла Зося.

— А табе Алёкса што? — звярнуўся да дзяўчыны Васіль.— Мо і праўда, што я чуў: казалі...

— Адчапіся з тым, што табе казалі,— перапыніла ўжо злосна Зося,— Алёкса не вінават — за што ж ён мае гінуць? Трэба яго ратаваць, трэба... я сама не ведаю,— як бы змучыўшыся, казала Зося,— не ведаю... галава моцна баліць — дахаты хачу... хутчэй дахаты.

Васіль, стрывожаны, маўчаў.

Увайшоўшы ў хату, Зося зразу кінулася на палок.

Мікола, не маючы звычаю выпіўшы класціся, таптаўся па хаце; цяпер падышоў ён да дачкі і, пільна прыглядаючыся, адазваўся:

— Зося, ты што гэта? I ты напілася? Чырвоная як рак! Вось ліха...

— Піць, татка, дайце — піць хачу... галава баліць, гарыць,— адазвалася дзяўчына.

— Найлепш квас памагае, квасу табе прынясу,— гаварыў, тупаючы па хаце, Стрончык.

— Што вы прычапіліся да яе,— адазваўся Васіль,— не п’яная яна: каплі гарэлкі ў вуснах не мела.

— Усё роўна квас памагае,— настайваў стары.

Дзяўчына, напіўшыся квасу, папрасіла паставіць каля яе міску з халоднай вадой, і яна раз за разам, мачаючы хустачку, прыкладвала яе да свае распаленай галавы.

Назаўтра Зося не ўстала: кідалася, есці нічога не ўзяла, блюзніла, успамінаючы і блытаючы і Васіля, і Алёксу, і Прузыну. Бацька хадзіў хмуры і, цяжка ўздыхаючы, бурчэў пад нос. Васіль моцна занепакоіўся: перш-наперш шчыра жалеў дзяўчыны, а па-другое — баяўся, каб з гарачкі не нагаварыла яна чаго лішняга.

Калі ж Стрончык усгюмніў фельчара, Васіль зараз жа кінуўся запрагаць каня; Мікола стаў нагаварваць, каб разам прывесці і кабету, каторая даглядала б хворую, але на гэта Васіль толькі тады згадзіўся, калі даведаўся, што кабета, якую раіў узяць Стрончык, глуханямая Стэфка.

Фельчар, прыехаўшы, агледзеў хворую, пакруціў галавой, пацмякаў, як бы што смешнае з’еў, даў нейкага зелля і, паставіўшы на патыліцы мушку, ад’ехаў.

Пры Зосі сядзела цяпер неадступна глуханямая Стэфка. Яна сваімі маленькімі быстрымі, як у звярка, вочкамі пільна ўглядалася на хворую і ў лёт угадвала кожнае яе жаданне. Лепшай апекі і не трэба было, але Васіль кожную свабодную хвіліну ад работы сваёй прыседжваў пры Зосі, а стары бацька, стругаючы лыжкі, пільнаваў ноччу.

Хвароба зацягнулася. Ледзь на трэцім тыдні Зося крыху ачуняла і магла ўжо сядзець на ложку. Цэлымі гадзінамі, падпершы рукамі галаву, не адзываючыся словам да нікога, старалася яна ўспомніць акуратна па парадку ўсе тыя выпадкі, якія сталіся ў апошнія дні перад хваробай. Розныя думкі, розныя планы радзіліся і круціліся ў хворай яшчэ галаве дзяўчыны. Адно, што заўсёды стаяла перад вачыма Зосі, што неадступна трывожыла яе — гэта лёс Алёксы — што з ім стала? Але дапытваць бацькі чы Васіля не хацела, баючыся пачуць што-колечы страшнае, горшае, чым тое, што рысавалі яе ўласныя дагадкі, думкі.

Не раз прыходзіла Зосі ў галаву, што вось, як толькі паздаравее, акрэпне, стане хадзіць, пойдзе яна да старога Гуронка, кінецца яму ў ногі і прызнаецца, як на споведзі, што і як: выдасць Васіля, але асвабодзе Алёксу. А ён — стары Гуронак — падыме яе з каленяў, абніме, пацалуе і, прытуляючы да грудзей сваіх, скажа: «Добрая з цябе, Зося, дзяўчына: вярнула ты мне майго Алёксу, ты і бяры яго сабе... хай вас Бог так благаслаўляе, як благаслаўляю я...» Зося адкідалася на падушкі, зачыняла вочы і марыла, марыла...

Мінула яшчэ некалькі дзён. Зося, хоць аслабеўшая, хістаючыся, стала прабаваць ужо хадзіць. Вярнуўшыся на вячэру, мужчыны — Васіль — з работы, Мікола — з мястэчка, куды насіў прадаваць свае лыжкі, вельмі ўсцешыліся, угледзеўшы ўрэшце дзяўчыну за сталом. Даўно не сядзелі разам. Стрончык прынёс з мястэчка навіны і стаў іх расказваць.

Ужо некалькі дзён як вярнуўся Алёкса: следавацель, кажуць, адпусціў, атрымаўшы ад доктара пратакол. Доктар той рэзаў Прузыну і ніякіх азнакаў гвалтоўнай смерці не знайшоў, а што на галаве нябожчыцы была рана — дык гэта аб вядро, як ляцела, ударылася; прымералі — якраз даходзе формай, і на гэтым скончылася і ўсё следства. Местачковыя — адны вераць усяму гэтаму, другія ж: Гуронку, кажуць, шмат каштавала, але як засыпаў, дык і пусцілі хлопца. Гуронак на гэтыя гутаркі злуе, як звер, і агрызаецца на ўсе бакі, а Алёкса сядзіць у хаце — сароміцца і вочы людзям паказаць.

Зося, зачырванеўшая, як мак, хціва слухала і пільна ўглядалася бліскучымі, яшчэ хворымі вачыма ў пабялеўшы твар Васіля, каторы праз увесь час сядзеў моўчкі, апусціўшы нізка галаву.

Цяпер у Зосі было адно жаданне: як найхутчэй набрацца сілы, каб вырвацца ў мястэчка і самой усё разведаць. 3 вялікай труднотай старалася яна паказацца жвавай і спраўнай, каб толькі дамашнія не рабілі перашкоды, і гэткім спосабам на трэці дзень, у пятніцу, выбралася ў мястэчка— да Янкеліхі нібыта купіць сабе свежых булак. Там, адазваўшы Двэрку ў баковачку, пачала распытваць. Двэрка перадала горшыя навіны, чым магла спадзявацца Зося.

Стары Гуронак грызе сына, што той ублытаўся ў гэткую дрэнную справу. «Ліха,— кажа,— цябе ведае, як і што там у вас было, а толькі пэўна, што цяпер ні адна дарэчная фамілія дачкі сваёй за цябе не аддасць. Пакуль усё гэта ператрэцца, забудзецца, едзь у Амерыку зарабляць грошы, няма чаго тут рабіць: і без цябе ёсць каму ў хаце за місай сядзець». Алёкса і рад. «Лепш,— кажа,— з’ехаць мне на край свету, чымся маюць тут мяне пальцамі вытыкаць ды ў вочы лезці». Дык, пэўна, за тыдні тры і выедзе з кампаніяй, бо ў гэтым часе заўсёды выязджала з мястэчка некалькі чалавек у Амерыку. Зося ўпрасіла Двэрку як-ко-лечы наказаць Алёксу, каб прыйшоў сюды — да Янкеліхі ў аўторак, калі менш круціцца народу ў мястэчку.

Вярнуўшыся дахаты, дзяўчына праз увесь час старалася абдумаць, чаго трымацца ў гэтым новым, саўсім неспадзяваным для яе палажэнні. Тыя думкі, мары тыя, якія буялі перш у яе хворай галаве,— такія чароўныя мары — цяпер, калі яна спакойна, цвяроза разабрала іх — развеяліся, як туман. Ісці да Гуронка старога, рабіць данос на Васіля — гэта ж адна глупасць! Васіль або адрачэцца, або яе ўблытае. Чым яна тады дакажа? Хто ёй дасць веры? От, скажуць, захацелася Стрончыкам чужой працай пажывіцца, дык уздумалі хлапца ўпратаць. I скажуць. Не, цяпер не тое — цяпер прыйшоў канец і яе надзеям і яе марам. Абы пабачыцца яшчэ з Алёксам, разгаварыцца з ім, нагледзецца на яго, а тады? — тады — хоць у вір галавой. Каб толькі хутчэй прыждаць аўторка!

А чакаць Зосі было тым больш цяжэй, што Васіль стаў гвалтоўна прыставаць рабіць які-колечы канец дый назначыць дзень шлюбу.

— Ніякай перашкоды цяпер хіба ўжо няма — дык чаго ж яшчэ цягнуць, — угаварваў Васіль дзяўчыну,— дый разлучаць тое, што ўжо злучана, няма каму.

— Ніхто нас не толькі не злучаў, але нават і не сватаў,— выкручвалася Зося.

— Сасватала нас Прузына, яе смерць злучыла нас,— сур’ёзна адказаў хлопец.

Зося змаўчала. Яна сцягвала цяпер з адказам толькі дзеля таго, што хацела яшчэ раз параіцца з Алёксам.

Спаткаўшыся ўрэшце з ім у назначаны дзень у Янкеліхі, Зося стала плакаць і наракаць на сваю долю. Алёкса з набалеўшым сэрцам слухаў гэтых жаляў і стараўся, як мог і чым мог, уцешыць дзяўчыну.

— Плакаць і бедаваць тут нічога ўжо не паможа,— разважаў ён,— такі ўжо, відаць, лёс, што трэба расстацца, дык каб расстанне гэта, прынамсі, было добрае, бо што ж больш застаецца? Калі б нат удалося яму і выкруціцца ад гэтай выправы ў Амерыку — жаніцца ім цяпер ніякім чынам нельга, хоць бы нат са стараны бацькоў перашкоды не было, бо тады — няма што і гаварыць — усе ў адзін голас закрычаць: «Вось бачыце, каму патрэбна была смерць Прузыны!» I бацькі нябожчыцы могуць прычапіцца, зварухнуць паліцыю і гатовы запратаць маладых у турму. Алёкса гэтага не хоча і на такую рызыку не пойдзе: калі не можа даць шчасця Зосі, дык не хоча, каб яна праз яго пакутавала, і хоць надта яму будзе цяжка, балюча, але свету завязваць дзяўчыне не будзе: хай ідзе замуж за Васіля — хлопец не кепскі, а ён — Алёкса — з’едзе з гэтай старонкі, каб і вочы яго гэтага не бачылі, каб і сэрца свайго дарэмна не крывавіць. Цяпер толькі трэба пастарацца, каб хоць гэты кароткі час, які застаўся да выезду Алёксы,— выкарыстаць: нагледзецца, нацешыцца сабой, каб было што ўспомніць і на чужыне.

Зося, слухаючы Алёксу, хоць яшчэ горш разжалілася, але чула, разумела, што хлопец кажа праўду: іншага выхаду няма. Хай жа будзе і так — ёй цяпер усё роўна. Да выезду Алёксы заставалася не больш трох тыдняў; хай жа Васіль рыхтуецца праз гэты час да вяселля; хай усім сам займецца і з’едзе да братоў сваіх, мо ў горад чы яшчэ куды, каб не замінаў тут ёй — Зосі. Гэтыя тры тыдні — яе тыдні. Знайсці прычыну ісці ў мястэчка цяпер будзе лёгка: мала чаго трэба дзяўчыне перад вяселлем,— дык будуць спатыкацца тут — у Янкеліхі, а мо яшчэ дзе — абы часцей, як найчасцей... а пасля? Пасля няхай едзе сабе Алёкса туды — у Амерыку, а тут — пад той час будзе вяселле. Будзе вяселле для ўсіх, а для яе — Зосі — гэта будуць хаўтуры — хаўтуры яе мараў, яе маладога жыцця, хаўтуры першага і апошняга кахання.

Зося, варочаючыся дадому, ужо не думала аб тым, што будзе пасля, па вяселлі,— цягіер у галаве яе раіліся толькі гэтыя тры тыдні, якія заставаліся да расстання з Алёксам, і гэта адно як бы ажывіла дзяўчыну.

Васіль, глянуўшы на яе, зразу прыкмеціў гэту перамену і ажно здзівіўся.

— Відаць, Зосі нешта пашэнціла ў мястэчку, гэтак узрадаваная вярнулася,— сказаў ён дзяўчыне.

— Згадаў, Васіль,— адказала, усміхаючыся, яна,— пашэнціла — на булкі,— і стала выкладаць румяныя «халкі» на стол.

— Прыеліся ўжо гэтыя жыдоўскія прысмакі,— каб так скаштаваць караваю — бадай, лепш было б,— адазваўся Васіль, збоку ўзіраючыся на дзяўчыну.

— Я і ад караваю не адмовілася б, каб так хто гатовенькі на стол паставіў,— сказала Зося.

— Цьфу! — неўспадзеўкі адазваўся стары Мікола, стругаючы начоўкі,— дальбог, збрыдала ўжо слухаць! Што гэта цяпер за мода пайшла: нейкія загадкі, нейкія дагадкі — ліха ведае чаго і аб чым валаводзяць-валаводзяць, а толку ніякага: чы туды, чы сюды!

— Бацька, ведаеш,— загаварыў Васіль,— чуць не ад першага дня, як я сюды папаў, чаго і чаму тут застаўся, а і Зосі я ўжо не раз казаў.

— Казаў, дык і годзе! — перапыніў Стрончык Васіля, а пасля звярнуўся да дачкі:— А ты, Зося, што звадзіла хлопца? Кажы: так чы не? Толькі не валаводзь!

— Не ведаю,— пачала дзяўчына,— як татка.

— Як татка? Як татка? — перадражніваў Мікола Зосю,— а вось як татка: Васіль,— крыкнуў ужо стары да хлопца,— гоцні на каня і мігам да Лейбы! 3 пустымі рукамі мне не варочайся! Разумееш?!

Хлопец ажно падскочыў з радасці, і толькі пяты яго замігацелі.

— Ну, Зося,— адазваўся Стрончык,— я са сваімі прыладамі магу і ў сенцы выбрацца, а ты завініся тут: прыбяры ў хаце, абрус засцялі ды вазьміся за скавараду, каб, пакуль вернецца Васіль,— усё было гатова.

— Мне незабава,— адказала, увіхаючыся па хаце, дзяўчына.

I праўда. Калі Васіль вярнуўся, то застаў ужо па-святочнаму прыбраную хату, а на стале цэлую заставу: і сыр, і масла, і нарэзаная скаромніна, і паўнюсенькая скаварада яшчэ пырскаючай яешні. Хлопец таксама выступіў не абыяк: паставіў чатыры бутэлькі піва салодкага, кварту простай гарэлкі і пляшку нейкай чырвонай салодкай баўтухі.

Баляванне зацягнулася да ночы, дык паспелі ўсё абдумаць, абгаварыць, як, калі і што трэба зрабіць, а на астатак так падвыпілі, што ўсе перацалаваліся, а стары Мікола сплакаўся, як бабёр.

Вяселле назначылі праз месяц. Васіль даў Зосі пяцьдзесят рублёў, каб дзяўчына справіла ўсё патрабнейшае як для сябе, так і для хаты. Стары Стрончык падраджаўся направіць печ, бо ўжо моцна павыбівалася і брыдка выглядала, і выбеліць хату. Сам жа Васіль перш-наперш меўся з’ездзіць да сваіх і папрасіць іх на вяселле — як бы ні было — а браты родныя, ды і госці з іх будуць важныя: хай пабачаць тутэйшыя ганарыстыя мяшчане, якую ён мае радню; а пасля маніўся паехаць у двор да камісара, адтуль з ім у горад і зрабіць прызнанне на пусташ.

Гэткім чынам зразу сконча ўсе свае справы, каб пасля вяселля не трэба было нікуды рыпацца, а пільнаваць хаты і сваёй уласнай ужо гаспадаркі.

Назаўтра ад самага рання Васіль стаў збірацца ў дарогу і ледзь цяпер успомніў, што трэба ж і да бацюшкі — каб там якой задзержкі не выйшла, але гэта ён надумаў уладзіць па дарозе,— бо ехаць да сваіх прыходзілася праз мястэчка.

Калі свежая булачка хлеба была ўжо спечана, кавалак скаромніны і дзесятак яец згатаваны, Васіль, спакаваўшы ўсё, спаўдня выбраўся ў дарогу. Стары Мікола, крэкчучы, стаў пэцкацца каля печы, а Зося яшчэ гэтага ж дня злёгала ў мястэчка.

Вярнуўся Васіль ледзь на шосты дзень: чатыры дні ўправіў на дарогу, а ў братоў пагасціў усяго дні два. Але вярнуўся павесялеўшы: хмурнасць, якая лягла за апошні час на твар хлопца, як бы счэзла. Браты прынялі вельмі добра: хвалілі, што не распусціў грошы, што адрокся горада і Амсрыкі, а найболыш хвалілі, што набыў сабе вечнасць, і абяцалі на вяселле прыехаць. Прывёз Васіль і пасылку і ліст да брата ў Амерыку і прасіў Зосі, каб аддала іх,— каго лепш знае з тых, што выбіраюцца за мора: а ну ж удасца знайсці, бо брат Васіля жыў у Ныо-Йорку, дзе мелася затрымацца і местачковая кампанія. Сам жа Васіль, не трацячы часу, даў толькі суткі аддыхнуць каню і выбраўся да камісара канчаць з пустошай.

Больш трох тыдняў ад часу балявання страціў Васіль на свае паяздушкі і вярнуўся дахаты ўсяго за некалькі дзён да вяселля. Печ была ўжо наладжана, хата выбелена, спарадкавана было і каля хаты, толькі Зосю сваю знайшоў бледную, спахмурпеўшую, маўчлівую.

Зося праз увесь час, пакуль не было Васіля, амаль не штодня бывала ў мястэчку. Калі стары бацька выгаварваў ёй гэтыя палятушкі, дзяўчына заўсёды знаходзіла чым выкруціцца: шыла яна сукенку ў мястэчку, дык трэ было то нечага дакупіць, то прымераць і г. д. Усе гэтыя прымеркі адбываліся, разумеецца, у Янкелевай Двэркі, дзе праседжваў гэтыя часы і Алёкса. Калі надышоў урэшце апошні дзень перад выездам у Амерыку, Двэрка набралася нямала страху, бо Зосю прыйшлося адліваць вадой, а калі крыху ачуняла і ўбачыла нагнуўшагася над сабой Алёксу, катораму даўно пара было ўжо ісці, абхапіла яшчэ раз яго за шыю і прашаптала:

- Помні, Алёкса: калі не вернешся, а першы будзе ў мяне сын,— падгадую і прышлю яго па цябе хоць на край свету.

У той дзень позна вечарам Зосю падвяла пад самую хату Двэрка, а Стрончык, глянуўшы па белы з пасінеўшымі вуснамі твар дачкі, спужаўся, улажыў яе, накрыў кажухамі і праседзеў каля яе ўсю ноч. Зося — спала чы не — але пралежыла ціха, спакойна да раніцы, а пасля, устаўшы, узялася каля сваёй работы, наракаючы толькі на боль у галаве. Дні праз тры прыехаў і Васіль, калі Зося ўжо крыху пакрапчэла.

Васіль справіў вяселле, якога б не пасаромеўся і багацейшы стары местачковы гаспадар. Гасцей было паўнюсенька, а ўсім хапала і напіткаў і яды. Шмат у гэтым памаглі два старшыя браты Дубінскія, каторыя, прыехаўшы на дзвюх маляваных брычках, павезлі поўныя лубкі сыраў, каўбас, пірагоў і іншых прысмакаў. Праз тры начы чатырох найлепшых з ваколіцаў музыкаў рэзала не сціхаючы. Гулялі і весяліліся ахвоча ўсе — усе, апрача Зосі і... Васіля.


Жыццё маладых Дубінскіх спачатку паплыло роўна, спакойна, ціха — мабыць праз меру ціха.

Стары Мікола на сялібе сваёй ужо прывык і да адзіноты і да цішыні, але яму патрэбна было хоць час ад часу гвалтоўнай перамены гэткага спакойства: з нейкім жалем успамінаў ён цяпер сваю даўнейшую кампанію, з каторай і дома не раз добра баляваў і ездзіў у свет «бандарыць», а ўрэшце — хаця б тыя адведзіны местачковага клуба — Лейбы, куды да вяселля частавата вадзіў яго Васіль на пачастунак, але такога жыцця, якое настала цяпер, Мікола аніяк не мог зразумець і бурчэў:

— Чы тут у нас, людцы добрыя, было вяселле, чы хаўтуры? Маладыя — ні за парог, да іх — ніхто клямкай не бразне, паміж сабой — гэтаксама маўчаць, гэта ж чалавек мовы людской забудзешся!

Але на гэтыя нараканні не адзываліся ні Зося, ні Васіль.

Зося, што толькі належыла гаспадыні, спраўлялася жвава, спраўна; нічога ёй не трэба было прыпамінаць,— ніякага закіду нельга было зрабіць. Прыглядаючыся, аднак, да працы маладой кабеты, можна было лёгка прыкмеціць, што не ахвота, не любоў да гэтай работы кіруюць Зосяй, а абавязак. Кожную працу старалася яна пазбыцца як найхутчэй, каб выгадаць сабе хоць невялічкую вольную хвіліну часу. Забівалася тады дзе ў куток і моўчкі, не варухаючыся, ціханька сядзела, як бы ўсім чужая ў хаце.

Васіль працаваў як шалёны: ад цёмнага да цёмнага кідаўся ён ад адной работы да другой, як бы баяўся застацца без занятку. У хату днём ускокваў толькі з’есці і, ні словам не адклікаючыся, зноў выбягаў да работы.

Але насунуліся доўгія, цёмныя асеннія вечары, і ў хаце — пры той мяртвоце, якой веяла жыццё на сялібе Стропчыка,— рабілася жутка. Мікола не вытрымываў: узапасіўшы абручоў і сабраўшы патрэбнае бандарскае начынне, выбраўся ў мястэчка; там лучыў якраз на добрую пару: кожны гаспадар патрабаваў перад зімой наладзіць то тую, то іншую пасудзіну, дык бандарскіх заработкаў было і даволі і добрых.

Апрача заплаты, не адна гаспадыня і яешняй, і чаркай гарэлкі пачаставала старога бондара, абы толькі дагадзіў майстар у рабоце; вечарамі і святам праседжваў Стрончык у Лейбы, туды — каб скараціць доўгія вечары — сцягваліся і местачковыя жыхары, і тут не раз угаварваўся на новую працу, а пры гэтым не абыходзілася, разумеецца, без пачастункаў; ды Мікола сам меў цяпер за што і пры чым пасядзець за шынкаровым сталом, бо толькі завяліся свае ўласныя пабразгачы, дык час схадзіў гладка, шпарка і вясёла.

Вярнуўшыся да хаты, здзівіўся Мікола, калі даведаўся, што больш месяца яго тут не бачылі; здзівіўся Мікола яшчэ больш, што ў хаце за гэты час нічога не змянілася — от як бы ўчора толькі выйшаў: Васіль — хоць ужо снег быў на дварэ — праз увесь дзень не спатыкаўся ў хаце, хіба толькі пры ядзе; Зося сядзела таксама моўчкі пры кудзелі. Стрончыку пасля местачковага шуму свой дом выдаўся яшчэ больш глухім, пустым, маркотным. Пры вячэры стары бацька стаў расказваць местачковыя навіны, з-паміж каторых найцікавейшае было тое, што некаторыя мяшчане атрымалі ўжо лісты з Амерыкі ад сваіх, якія выехалі яшчэ гэтай восені разам з Алёксам. Стрончык раіў і Васілю даведацца на пошту: можа, ад брата якая вестка ёсць.

— У нядзелю схаджу: шкада часу траціць у будні дзень,— сказаў Васіль і, устаўшы з-за стала, зняў са сцяны каромысла, зачапіў імі вёдры і выйшаў з хаты.

Мікола, заўважыўшы, што Васіль няхутка варочаецца, адазваўся да дачкі:

— Што за ліха, куды ён запрапасціўся?

— Чы ж, татка, не бачыў,— загаварыла Зося,— што наша студня забіта дошкамі? От, уроіў сабе, што са студні цягаць ваду боязна, бо можна ўваліцца; перастаў сам браць адтуль ваду і мне забараніў; але я, разумеецца, не зважала на гэтыя выдумкі і ўкрадкам ад яго цягала ваду са студні, ён гэта даследзіў, насцягваў дошак і забіў цвікамі. Цяпер сам носе ваду ажно з рэчкі — гэткую-то даль!

— Звар’яцеў чалавек, звар’яцееш і ты з ім! — ажно крыкнуў са злосці Стрончык.

— Хворы ён; не чапайце, татка, яго — не кажэце яму нічога,— прасіла бацьку Зося.

— Ды мне што? — ужо спакайней адазваўся Мікола.

— Хай цягае сабе ваду гэтую хоць з мора, абы цябе не ганяў.

Надышоў урэшце і Васіль, выліў ваду ў высокі цэбар і зноў, стукаючы вёдрамі, моўчкі выйшаў з хаты.

Мікола плюнуў раз і другі, вылаяўся пад носам і лёг спаць.

У першую нядзелю пасля прыходу Стрончыка Васіль схадзіў на пошту, дзе знайшоў ліст ад брата з Амерыкі. Вельмі гэта яго ўсцешыла, ажывіла. Пацягаўся з радасці па мястэчку, каб спаткаць знаёмых, пахваліцца перад імі добрым братам. Зайшоў урэшце да Янкеліхі і накупіў дахаты булак і баранкаў. Двэрка напала, жартуючы, на яго, што трымае маладую жонку хіба пад замком, бо нідзе яе не відаць; што гэтак жывучы кабета можа здзічэць, дык як вырвецца — гатова бяды нарабіць. Ось, хай канешна пры-шле сваю Зосю да яе — да Двэркі,— тут засталіся нейкія рэшткі ад строяў, якія шыла сабе яшчэ перад шлюбам.

— Прыйдзе пара, што маладой кабеціне патрэбны будзе і маленькі шматочак,— закончыла, усміхаючыся да Васіля, Двэрка.

Вярнуўшыся дахаты, Васіль перш-наперш сказаў Зосі, аб чым гаварыла яму Янкеліха, а пасля стаў расказваць, аб чым пісаў брат яго ў сваім лісце, каторы Васіль успеў ужо некалькі разоў прачытаць.

Адамчык — як называў свайго брата Васіль — вельмі ўзрадаваўся і з весткі з краю, і з пасылкі. Знайшоў яго ў Нью-Йорку Алёкса досыць лёгка, паводлуг адраса, і аддаў усё ў цэласці. Алёкса яму вельмі спадабаўся: ціхі, спакойны, статэчны,— дык падгаварыў яго, каб застаўся працаваць у тым самым складзе, дзе і ён — Адамчык. Праца лёгкая, і плата добрая. На складзе ў іх адны гузікі: і вялікія і малыя, надта дарагія і саўсім танныя, рознага сорту, рознага колеру — але адны толысі гузікі. Ось іх трэба паводлуг запатрабавання-заказу адлічваць, пакаваць, адпраўляць. Цяпер разам ужо працуюць, разам ядуць, разам нат жывуць — у адной кватэры. Апрача платы, бываюць і гасцінцы на святы, а што пяць гадоў плата павялічваецца амаль не ўдвая. Там ёсць такія, што дваццаць пяць гадоў ужо праслужылі, дык бяруць такія грошы, што не ведаюць, што і рабіць з імі. Але найбольш усцешыў Адамку той пачок, што прыслалі з дому. Склікаў ён сваіх знаёмых землякоў і частаваў сырамі, маслам, скаромнінай, а найлепш спадабаліся каўбасы, хоць іх больш нюхалі, чымся елі; а адзін стары — служыць ён у тым жа складзе гузікаў — з Ашмяншчыны родам — адрэзаў кавалачак каўбасы, здзёр скурку,— мяса з’еў, а скурку закруціў у паперку і схаваў у кішэнь: штодня, кажа, пакуль не выветрае, перад сном нюхаць буду — родны край прысніцца — нашыя пясочкі з пад’ялоўцам; гавора, смяецца, а вочы — паўнюсенькі слёзаў. I смех і нейкі жаль, боль глядзець было на гэтага ашмяншчука. Год ад году адкладае ўсё свой выезд у сваю старонку — усё тых грошаў праклятых хочацца больш сабраць, каб там зямслькі купіць і гаспадарку завесці. I Адамчык не маніцца хутка варочацца: ажно пакуль не збярэ столькі, каб пасля на сваём у выгодзе можна было б жыць. Калі прыедзе перш — то толькі даведацца сваіх, пагасціць ды зноў назад.

Апавяданне Васіля слухалі ўважна і Мікола, і Зося, хоць маладую кабеціну больш рупіў наказ Двэркі. Зося добра памятала і ведала, што ніякіх сваіх шматочкаў там яна не пакінула — забрала ўсё, але калі Янкелішка наказвала, то, відаць, нейкая там іншая справа, а ёсць, і яна, не адкладаючы на другі дзень, выбралася ў мястэчка. Там спаткала яе вялікая ўцеха: на імя Двэркі прыйшоў ліст з Амерыкі ад Алёксы для Зосі. Нічога, праўда, Зося не даведалася з гэтага ліста новага, апрача таго, што ўжо чула ад Васіля; але калі Двэрка адчытвала гэты ліст, то Зося ажно расплакалася з радасці, бо гэта яе пераконвала, што ткі Алёкса там — недзе за нязмерна вялікім морам, памя-туе, думае аб ёй — аб Зосі, і яна, узрадаваная, вясёлая, вярнулася дахаты, а што і Васіль пасля весткі ад брата зрабіўся крыху гутарлівейшым, дык у хаце Стрончыка трохі павесялела.

Аднаго разу Зося ў гутарцы ўспомніла неяк Прузыну; Васіль зразу спахмурнеў і нейкім балючым голасам адазваўся:

— Слухай, Зося: калі жывым хочаш мяне бачыць — ты мне і слова такога нат не выгаварвай! Чуеш, Зося?

Зося змоўкла, а Васіль, стукнуўшы дзвярмі, выйшаў і праз увесь дзень не паказваўся ў хаце.

Праз усю зіму Мікола займаўся бандарствам, у чым шмат яму памагаў і Васіль, дык мелі і жывую капейку, якой абганялі драбнейшыя патрэбы свайго штодзённага жыцця.

3 прыходам вясны зноў настала гарачая пара для Васіля, тым больш што прыходзілася ўжо абсеяць не толькі сялібу Стрончыка, але і купленую пусташ, а што работа каля запушчаных здаўна дзірваноў была цяжкая — прыйшлося прынаняць крыху работніка. 3 касьбой таксама было цяжкавата, бо стары Мікола мала ўжо што памагаў; але найгорш прыйшлося з жнівом, бо якраз пад гэты час Зося прыждала, калі ў хату завітаў новы госць — шустры, ёмкі хлопчык; але сама матка занядужала, і хвароба гэтая працягнулася праз усё жніво. Васіль і не агледзеўся, як на хваробу жонкі, хрэсьбіны малога Яначкі і на рабочыя рукі растала некалькі чырвоных паперкаў. Спадзяваўся на добры ўраджай, але і той падвёў, а тут яшчэ конь захварэў, кормнае свінчо немаведама з чаго згінула, і калі насунулася другая зіма, заработкаў з бандарства ўжо не хапала; прыйшлося не раз зачапіць гатовую — даўнейшага запасу — капейку. Круціў галавой Васіль, але маўчаў. Настала жыццё — якім найчасцей бывае жыццё: з яго неспадзеўкамі, драбніцамі, недастачамі. Да гэтага ўсяго далучалася штораз новая бяда: амаль не штогод Зося дарыла Васілю дзіцянё, і ўсё дочкі, але гэтая ўцеха кожны раз была нядоўгая: прыйдзе на свет Божы, паквілікае пару тыдняў, чуць успеюць ахрысціць — і гатова — новы курганок прыбывае на мясцовым могільніку. Завёз туды ўжо Васіль цэлую сямейку: Марыльку, Ганульку, Агатку, Стэфку, Кацярыну.

Людзі аб гэтым усяляк баялі: адны — упэўнялі, што гэта з уроку; іншыя — зноў бачылі прычыну няшчасця ў той пусташы, якую набыў Дубінскі. Васіль і Зося бачылі ў гэтым кару Божую, але надта адазвацца адно другому аб такой думцы не важыліся і ўдавалі перад сабой і перад людзьмі, што вераць іх гутаркам. А калі стары Мікола стаў нагаварваць завесці Зосю да знахара, Васіль ухапіўся за гэты праект з вялікай ахвотай.

3 таго часу пачаліся ўсялякія парады з рознымі знахарамі і знахаркамі. На ўсё гэта, разумеецца, патрэбны былі зноў грошы і грошы. Даўнейшы запас Васіля скончыўся. Гаспадарка не ручыла: выціснуць нешта з яе было трудна; прыйшлося ўлезці ў доўг. Васіль штораз больш рабіўся маўчлівым, маркотным дый часта стаў прападаць з дому, варочаючыся позна і моцна выпіўшы. Хатнія спачатку маўчалі, але пасля пачаліся ляманты Зосі і нараканні Міколы.

А тым часам у хаце надышлі зноў радзіны і зноў — дачка. Толькі на гэты раз дзіцянё прыйшло на свет Божы рухавае, здаровае, і бабулька, каторая была пры хваробе Зосі, цяпер не магла нахваліцца:

— Каб мне столькі дзянькоў шчаслівых, колькі дзетак прайшло праз мае рукі, а гэткай здаровенькай, чыстай дзяўчынкі не здарылася мне бачыць! Будзе пацеха бацькам — унукаў прычакаеце,— падхлёбывалася бабулька, ведаючы з практыкі добра, што гэткія пахвалы дарма не прападаюць: пападзе і лішняя скварка, і лішняя чарка.

Але на гэты раз словы бабулькі як бы спраўджаліся: мінуў тыдзень, другі і трэці, а ў дзіцяці не паказвалася ніякіх тых хвараблівых азнакаў, якія з’яўляліся пры мінулых радзінах. Матка таксама ўстала парой і без ніякай хворасці. Стары Мікола заціраў рукі з радасці: гэта ён настроіў знахараў, гэта ён нараіў — і вось бачыце, што выйшла? — зразу як рукой усё зняло! Васіль таксама крыху павесялеў, мо кара Божая мінула? Мо і ўсё жыццё цяпер пераменіцца на лепшае?

У хаце быццам павіднела.

Назначылі хрэсьбіны. Васіль выбраўся ў мястэчка, запрасіў і прыслаў дахаты кумоў, а сам застаўся парабіць такія-сякія пакупкі дый выпіць крыху з радасці, што ўжо ўсё перамянілася, усё пайшло на лепшае.

Тым часам на сялібе Стрончыка Зося мыла і шаравала сталы і лавы, чысціла і прыбірала ў хаце, як перад вялікім святам, а стары Мікола, запрогшы каня, выпраўляў у царкву кумоў.

— Якое ж імя малой? — дапытваліся кумы, закручваючы ў хустку дзіцянё.

— Якое Бог даў, якое воля яго прызначыла,— першым адазваўся сам Стрончык.— Нашто гэтыя людскія выдумкі? Даўней гэтага не было, а дзеці гадаваліся, як дубы.

Зося не пярэчыла.

Кумы, прыехаўшы ў мястэчка, не знайшлі бацюшкі дома — паехаў да хворага. Прыйшлося чакаць амаль не да вечара, дык вярнуліся пазнавата. А што больш яшчэ непакоіла і Зосю і Міколу, што Васіль не варочаўся.

Ужо добра сцямнела, калі паказаўся Васіль праз лад гутарлівы, праз лад вясёлы — і стаў, выцягваючы з торбы, стаўляць на стол пляшкі гарэлкі, піва, мёду, але, глянуўшы на жонку, стрымаўся — ногі шырэй расставіў, вочы вытрашчыў:

— Зося, табе што? Хворая ты? Гэта ж на тваём твары крывінкі не відаць! Зося, што табе сталася? — дапытваўся ён.

— Адчапіся ты,— адазваўся за дачку разгневаны Мікола,— кабета за цэлы дзень спрацавалася, а тут людзі галодныя чакаюць столькі-то часу, а ён прападае ліха ведае дзе!

— Зара, зара ўсё будзе! — заварушыўся Васіль, адпячатваючы адну за другой пляшкі.

Пачалося баляванне. Пілі за здароўе бацькоў, дзеда, кумоў; пілі, каб дзіцянё добра гадавалася, каб вялікае вырасла і г. д.

— А пакажэце ж вы, кумка-галубка, мне гэтае дабро,— адазваўся Васіль.

Кума не надта цвёрдымі нагамі выскачыла з-за стала, падхапіла дзіцянё і, густаючы яго перад самым носам бацькі, стала прыказваць:

— Глянь, глянь, татка, на нас,— якія мы ўдалыя: цельца беленькае, чысценькае, шчочкі чырвоненькія, вочкі сіненькія, як тыя ягадкі на вярху сядзяць...

— Як то на вярху? — спытаў, углядаючыся на дзіця, Васіль.

— А ты, татка, добра прыгледзься на нас: мы гэтымі вочкамі хлапцоў будзем зводзіць, унукаў прычакаеце, пацеху на старасць будзеце мець! Вось мы якія! — распіналася кума.

— Якое ж вы імя маёй дачцэ далі? — спытаў Васіль.

— Імя? Пекнае імя! — адным словам — імя,— расхвальвала дальш, стараючыся прыпадабацца, кума.— Ужо так Бог судзіў, што на яе долю выпала такое імя: Прузына, Прузына!

— Што-о-о?? — падымаючыся з-за стала, саўсім ціхім голасам выгаварваў Васіль.— Што-о-о?? Прузына?? Хто? Прузына? Хто? Мая дачка — Прузына??

I раптам дзікім, страшным голасам крыкнуў:

— Пру-зы-на!!! — I хістаючымся крокам мінуў хату і выйшаў.

— Пру-зы-на!!! Пру-зы-на!!.— спярша ў сенцах, а пасля ўжо на дварэ чуваць быў гэты дзікі, страшны, нейкі жаласліва-шалёны крык.— Пру-зы-на-а-а!!! — і... сціх.

За сталом — струхлелі. Спярша — і кумы і Мікола не надта звярнулі ўвагу на Васіля, от, думалася ім, напіўся дык і выпраўляе авангуры, але пачуўшы той крык — крык не то бязмернага болю, не то бязмернай роспачы чы жудасці,— яны пачулі, зразумелі, што гэты крык не п’янага чалавека, а хіба... шалёнага.

Зося збялела, як хустка: рукі яе дрыжэлі, вочы гарэлі, зубы ляскалі. 3 вялікай труднотай яна выгаварвала словы:

— Тата... татачка... бяжэце хутчэй... хутчэй... бяда будзе... няшчасце будзе... я ведаю... бяжэце, татка... Васіля даганеце...

Але Мікола Стрончык знерухомеў. Ён ніяк не мог зразумець, што тут сталася, у вушах яго адбіваўся яшчэ нейкі нялюдскі — быццам выццё дзікага звера — крык Васіля, а перад сабой бачыў Зосю — Зосю, дачку — раптоўна захварэўшую, з пасінеўшымі дрыжачымі вуснамі, з мяртвецка-белым тварам, з дзіка-вар’яцкімі вачыма.

— Ты гэта, Зося, пакінь, супакойся: Васіль нікуды дзенецца, нічога яму не станецца; выпіў залішне — на дварэ хутчэй пройдзе,— супакойваў Мікола дачку, хоць сам супакою ў душы не меў і сам сваім словам мала верыў.

Кума заварухалася каля Зосі: паіла яе халоднай вадой і, закідаючы рознымі слоўцамі, старалася як мага ўсцешыць маладую кабеціну.

Мікола выйшаў урэшце на двор. Гукануў раз, другі і трэці, але ніхто не адзываўся. Патаптаўся крыху і, нічога не дабіўшыся, вярнуўся ў хату.

— Цемра страшэнная — дзе ж там што ўбачыш; клікаў— не адказваецца. Прыйдзе, нікуды не дзенецца,— прышадзейваў стары.— Бо пайшоў у мястэчка? Вядома, загуляў чалавек — вернецца.

Але Васіль не вяртаўся. У хаце рабілася жутка.

Зося ўпрасіла кумоў, каторых меў адвезці ў мястэчка Васіль, заначаваць. Тыя ахвотна згадзіліся, тым больш што іх таксама агарнуў нейкі таемны страх.

Ноч выдалася бесканечна доўгай. Чуць толькі світаць стала, Зося упрасіла бацьку схадзіць у мястэчка даведацца пра Васіля.

Стрончык сабраўся і выйшаў, але неўзадаўжкі вярнуўся ў хату назад і, моўчкі, грузна апусціўшыся на лаву, стаў моцна сапці.

Усе сталі дапытваць старога, што сталася, што так хутка вярнуўся, але Мікола спачатку нешта такое марматаў, што і разабраць было трудна, і толькі пасля некаторага часу, крыху супакоіўшыся, стаў гаварыць — і то як бы сам да сябе:

—...Яно ж усё роўна: прыйдзецца, відаць, ісці ў мястэчка... надта бо дзіўна: учора звечара сам сваімі вачыма добра бачыў, як усё было на месцы — цалюсенка... а сягоння — гляджу: тырчаць адарваныя ўгару... жарт — гэткая-то сіла! Скуль яна ўзялася ў яго? Абухом забіваў, а тут як бач — рукой паўзрываў!.. На адным цвіку нат кавалак сукна целяпаецца — жыўцом вырвана... акурат з бравэркі Васіля... скуль яно там узялося?.. Дзіўна, надта дзіўна...

— Аб чым гэта, татка, гаворыце, хто і што забіваў абухом? Якое там сукно целяпаецца? Васіля, кажаце? Дзе яно? Ніяк не магу зразумець,— дапытвалася Зося.

— Бо табе і разумець не трэба — лепш дзяцей сваіх глядзі, і ўсё,— ужо злосна буркнуў Мікола.

— Ды вы, татка, нешта ведаеце, толькі, відаць, сказаць не хочаце. Што з Васілём сталася? — настайвала Зося.

— Што сталася? Што сталася? — пачаў нездаволеным голасам Стрончык.— А паралюш яго ведае, што з ім сталася. Яшчэ сам добра не ведаю: толькі так — адны дагадкі і то дурныя. Бо хто ж, калі не ён, паўздзіраў гэтыя дошкі? На якое ліха?

— Якія дошкі? Якія дагадкі? — перапыніла яго Зося.

— Якія дошкі? Вядома, якія,— дальш бурчэў стары,— дошкі пааддзіраны са зрубу студні, што гэты вар’ят некалісь-то сам пазабіваў... на якое ліха? Учора былі на месцы, а сягоння ўгару тырчаць. Чыя ж гэта работа, калі не яго?

Зося, глыбока і цяжка ўздыхнуўшы, прашаптала:

— Я гэта ведала...

Мікола, дачуўшы, прычапіўся:

— Што ведала? Што ты ведала? Чаго ж ты маўчала, калі ведала? Кажы, кажы цяпер! Вас даўно нейкі чорт круціў! Я такі казаў, што і ён вар’ят, і ты з ім звар’яцееш!

Зося, апусціўшы нізка галаву сваю, маўчала, слязіны пачалі капаць адна за другой.

— Ігнат,— адазваўся Мікола да кума, устаючы з лавы,— хадзем, братка, разам: трэ пераканацца, а мне аднаму неяк моташна. Мо ў нас на хрэсьбінах дурасць толькі ў галаву лезе, а Васіль сядзіць сабе ў Лейбы, п’янствуе ды пасмяхаецца з нас.

Мужчыны выйшлі. Знайшоўшы доўгі шост, падышлі да студні, адагнулі яшчэ больш дошкі на старану, і Мікола першы, перагнуўшыся праз зруб і глыбока запусціўшы шост у студню, стаў ім то ў адно, то ў другое месца тыркаць у ваду, але ўскорасці з нейкім не то страхам, не то гідасцю выпусціў з рук шост і сам выпрастаўся.

— А каб ты лепш гэткі на свет Божы не радзіўся!Валацугам быў і як валацуга скончыў,— прамовіў Мікола і звярнуўся да Ігната:— Папрабуй ты, куме, мо толькі мне выдае так.

Ігнат, злавіўшы шост у рукі, таксама стаў ім баўтаць у студні і таксама хутка адвярнуўся.

— Не інакш — ён,— цвёрда сказаў кум.

Вярнуліся ў хату. Зося толькі глянула на іх і ні словам не адазвалася. Мікола кляў цяпер, як чалавек, катораму зрабілі — быццам на злосць — вялікую крыўду. Самае горшае, самае цяжкае было цяпер для яго ўжо не смерць зяця, а што трэба было ісці ў мястэчка — да паліцыі; а іншага выхаду не было, бо пасля можна было яшчэ горшай бяды набрацца. Крэкчучы і не перастаючы лаяцца, Мікола з Ігнатам выбраліся ў мястэчка, а кума засталася пры Зосі і старалася як мага ўсцешыць кабету, але Зося, здавалася, нічога, што ёй гаварылі, не чула і нікога не бачыла.

Стрончык, ідучы ў мястэчка, стараўся сам сябе падшукаць: што вось ён прыйдзе туды і найдзе Васіля здаровага, хоць моцна п’янага, вылае яго за неспакой, які ім нарабіў, нат піць з ім з гневу не будзе, але пасля ўсё скончыцца добра і зноў будуць жыць па-даўнейшаму... Але ў мястэчку ад учарашняга ніхто нідзе Васіля не бачыў, і ўсе мары Стрончыка разляцеліся, як туман...

Праз пару гадзін Мікола варочаўся на сваю сялібу побач з панятымі, а наперадзе ішоў ураднік.

Пачалася самая звычайная ў такіх выпадках завіруха і цяганіна: дасталі з студні цела Васіля, прыкрылі яго, паставілі варту; пасля пайшлі дапросы, пратаколы; потым прыехалі доктар з фельчарам, парэзалі мертвяца, і зноў пайшлі пратаколы, і ўрэшце, прызнаўшы, што самагубства ўчынена сп’яну,— пазволілі пахаваць нябожчыка.

Праз увесь гэты час Мікола думаў толькі аб адным: каб як хутчэй адкараскацца ад гэтай зграі чынавенства. Зося — нат не магла аб чым-колечы думаць; хадзіла як бы моцна ўчадзеўшы. Але калі ўрэшце скончылася ўся гэта цяганіна і Зося засталася толькі з бацькам у хаце, прыйшлося хоцькі-няхоцькі добра разважыць, як жыць далей. Бо калі даўней ім удваіх было жыць цяжкавата, то цяпер з двойма дзяцей прыходзілася прынатужыцца яшчэ больш. Праўда, Яначку ішоў ужо дзесяты гадок, хлопчык на свой век быў і рослы, і шустры, але здароўем — хударлявы, і з яго ніякай помачы ў хаце нельга было спадзявацца нат у бліжэйшы час, хіба — каб пазбыцца лішняй лыжкі пры місцы — аддаць куды за падпасыча, але на гэта ні за што не згаджалася матка: праз меру любіла яго, каб гэтак рана запрагаць яго ў хамут. Прузынка — яшчэ больш была на перашкодзе матцы, бо звязвала ёй рукі, не даючы свабодна адхінуцца з хаты і заняцца работай на полі.

Калі, бядуючы, дачка з бацькам цэлымі днямі ўкладалі розныя планы, зайшло новае здарэнне, каторае яшчэ змяніла іх палажэнне.

Тыдні праз тры-чатыры пасля смерці Васіля саўсім неўспадзеўкі прыехаў да іх брат нябожчыка — Адам Дубінскі — з Амерыкі. Ён ужо паспеў пагасціцца ў старшых сваіх братоў, а цяпер выбраўся на некалькі дзён да малодшага, каторага найбольш любіў.

Смерць брата, ды яшчэ такая страшная смерць, на Адама зрабіла страшэнна цяжкае, разумеецца, уражанне, тым больш цяжкае, што ён у душы сваёй не верыў, каб прычынай няшчасця была гарэлка, ён гэта душой сваёй прачуваў, што тут крыецца нешта горшае, чым п’янства,— страшнейшае, але падымаць гэту справу, заводзіць нанова следства не хацеў, бо не спадзяваўся дабіцца праўды. Схадзіў на магілу брата, зайшоў пасля ў мястэчка, заказаў дарагі памятнік, заплаціў з гары ўсе грошы, а распытаўшыся аб знаёмых нябожчыка, папрасіў іх дапільнаваць паставіць гэты памятнік і напісаць яму аб гэтым павэдлуг адраса ў Амерыку, бо ані Зосі, ані Міколу не надта верыў: яны выдаліся яму зусім няпэўнымі.

Вярнуўшыся на сялібу, Адам зразу звярнуўся да Зосі:

— Што ж думаеце, братава, дальш рабіць? Хто цяпер гаспадарку ў вас павядзе? Бо, як бачу, бацька ўжо крыху цяжкават на гэта.

— Мы самі яшчэ добра не ведаем, як будзем жыць,— адказаў Мікола за Зосю,— трэба добрых людзей паслухаць, параіцца...

— Што добрыя людзі найдуцца — то пэўна, асабліва калі гэтай рады пачне шукаць сама братава,— углядаючыся на дародную кабету, прамовіў Адам,— для гаспадаркі мо гэта будзе і лепш, але не для дзяцей. А я вам вось што параю,— пачаў дальш Адам,— Яначка слабенькі — не скора прыдасца ён вам у гаспадарцы, дык аддайце вы мне яго, у Амерыцы пры мне ў людзі выйдзе; з часам вернецца, дык яшчэ і матцы на старасць дапаможа. Скрыўджаны то пэўна што не будзе — я ж ткі родны яго дзядзька.

Мікола ажно вочы вытрашчыў на такую неспадзяваную прапазыцыю.

На твар Зосі быццам полымя шуганула.

— А Алёкса Гуронак з вамі працуе... разам? — ціха, не гледзячы на Адама, спыталася Зося.

— Разам, а што? Чаму гэта пытаецеся, братава? — уважна глянуўшы на кабету, спытаўся Адам.

— От, так сабе... толькі так... усё ж ткі лепш будзе дзіцяці, весялей гадавацца паміж сваіх, чымся паміж гэных заморскіх,— тлумачыла Зося.

— Хоць заморскія, а людзі яшчэ лепшыя мо за нас; па гэтым не бядуйце — ды там апрача Алёксы яшчэ ёсць шмат народу з нашай старонкі — паміж сваіх будзе. Дык, доўга не думаючы, скажыце: так ці не, бо і я не маю часу доўга тут сядзець, трэ на службу варочацца.

— Няхай будзе так,— ціха-ціха адказала Зося.

Стары Мікола ажно падскочыў на лаве.

— Ось, не спадзяваўся, каб ты так лёгка расставалася з сваім Яначкам,— крыкнуў ён.— Дзіва, адно дзіва — ды і толькі! Ну і маткі цяперашнія! — дакінуў на астатак.

— Ані матцы, ані дзеду няма чаго дзівіцца і шкадаваць гэтай пастановы — будзьце пэўны і спакойны. А вырасце дачка — і аб ёй не забуду: як адно, так і другое — братава кроў. Дык завініцеся ды прырыхтуйце, што толькі патрэбнейшае хлапчуку, а аб рэшце — сам дам рады,— закончыў Адам.

Не дальш як на другі дзень малы Яначка сядзеў ужо на возе побач з Адамам Дубінскім, і нат слёзкі яго высахлі, слухаючы аб тых дзівах, якія прыйдзецца яму ўскорасці ўбачыць за морам.


Першыя дні пасля ад’езду Адама з Яначкам Зося хоць крыху паплаквала, але разам з тым і цешылася, што тое, аб чым некалісь-то ўспамінала Алёксу,— споўніла: сына адаслала да бацькі. Адаслала дзіця, бо чакаць і спадзявацца, што хутка Алёкса вернецца сам сюды — пакуль што не было ніякай надзеі: ён пісаў да Зосі праз Двэрку некалькі разоў, што варочацца дахаты, пакуль жыве яго бацька, не думае, бо старому зноў мо захочацца муштраваць яго падаўнейшаму, дык будзе ў хаце толькі калатня, ад якой у Амерыцы ўжо адвык; але як не стане бацькі, то зараз жа кіне ўсё, абы толькі як найхутчэй спаткацца з тымі, без каторых так маркотна яму было на чужыне. Тым жа часам бацька Алёксы — Мікола Гуронак — хоць стары, але такім яшчэ кознерам трымаецца, што, як кажуць, і калом яго не даб’еш. А што Яначку ў Амерыцы будзе як сыру ў масле — у гэтым Зося не сумнявалася, дык жаласць да сына хутка мінула; кабета ўзялася да штодзённай сваёй працы, звальваючы ўсе клопаты гаспадарскія на плечы старога бацькі.

А гаспадарскія клопаты былі не малыя: гатоўкі ў запасе — ані звання, прадаць што-колечы з гаспадаркі, апрача жывёлы,— не было, але, прадаючы жывёлу,— значыла вызбыцца з гаспадарскай сілы, зруйнаваць гаспадарку. Прыходзілася шукаць іншых спосабаў, і ось па гэтыя спосабы і выбраўся Стрончык у мястэчка. Мікола падумаў, што найлепш будзе, калі ён усю сваю зямлю разам з пусташай аддасць у запашку — напалавіну. Тады і каня і адну карову можна будзе прадаць, дык і грош нойдзецца і работнік нічога не будзе каштаваць, а для іх дваіх хваце зерня і з палавіны. Што на запашку такую хоць хто пагоніцца— Мікола быў пэўны: пры самым мястэчку зямля, і то не абы-які кавалак, ды яшчэ гэткі-то луг пры пусташы. Але як жа здзівіўся Мікола, калі ніхто з местачковых гаспадароў аб гэтым і слухаць не хацеў.

— Брацца за пусташ? Гэта ж зглуміць не толькігаспадарку, але і сябе згубіць,— казалі мяшчане.— Праз што дзеці ў Дубінскіх уміраюць? Праз што Васіль у студні апынуўся? — усё тая пусташ. Лепш ужо адразу пятлю на шыю надзець, чымся туды лезці,— заключалі яны.

Гэткай адправы Мікола саўсім не спадзяваўся.

Прыходзілася што-колечы новае выдумляць, дык на параду зайшоў да Ігната — хроснага Прузынкі.

Ігнат Курач — чалавек яшчэ малады, жанаты, але бяздзетны, меў пашану сярод людзей за сваю дабрату да ўсіх, спакойны характар, дастатак і лад, які панаваў у яго хаце.

— Да цябе, куме, па ратунак прыйшоў,— пачаў ад парога Стрончык,— бяда звалілася на мае старыя годы, а ты ўсё-ткі хросны: апекавацца павінен сіратой — Прузынкай, бо мне ўжо не доўга засталося гасцяваць на гэтым свеце, дык памажы, парай,— і Стрончык вылажыў перад кумам усе свае справы і скаргі.

Ігнат быў здаволены, што людзі прыходзяць да яго на параду і робяць нават апекуном дзіцяці, а да дзяцей ён меў тым большую ласку, што сваіх не меў. Папрасіў Міколу пасядзець, пагасціць, пачаставаў яго, як прыналежала, і, разабраўшы ўсю справу, ураілі ўзяць чалавека да гаспадаркі і кабету да дзіцяці, каб Зося магла заняцца работай. Мікола, падзякаваўшы і за парады, і за пачастунак, доўга не думаючы, зайшоў па глуханямую Стэфку і ўжо з ёй вярнуўся дахаты, а на другі дзень, закінуўшы катомку за плечы, пусціўся ў дарогу.

Ледзь праз тыдзень вярнуўся дадому Мікола, а з ім прыйшоў нізкі, шыракаплечы, руды, крыху зызаваты Халімон Шарун, даўнейшы знаёмы, як казаў Стрончык. Зося, глянуўшы на Халімона, успомніла, што колісь-то гэтага чалавека ўжо бачыла і, як ёй здавалася,— у той кампаніі, якая даўней заязджала на іх сялібу баляваць, але распытваць не важылася.

3 першых зараз дзён Халімон рупна ўзяўся за гаспадарку; зручнасць і сілу меў непамерную, дык калі браўся за якую работу, яна ў яго руках перуном ляцела; але бяда ў тым, што не заўсёды, як відаць, брала яго ахвота да гэтай работы, хоць неяк жа да зімы і дацягнуў, а тады стаў Халімон прападаць з дому па цэлых тыднях, як жа толькі варочаўся — цягнуў Міколу ў мястэчка і там разам п’янствавалі.

Але Зосі мала гэта абыходзіла: яна жыла цяпер сваім асобным жыццём. Перш-наперш атрымала яна кароценькі ліст ад Адама Дубінскага, што ў Амерыку даехалі шчасліва і сын здароў. Пасля прыслаў ліст — як заўсёды на імя Двэркі — Алёкса; паведамляў ён Зосі, што Яначка надта яму спадабаўся, што хлопчык толькі спачатку маркоціўся, а цяпер вясёлы, сыты, адзеты і ходзе ўжо ў школу і хоць здалёку-здалёку, але моцна-моцна цалуе маму. Зося з радасці то плакала, то смяялася. Прузынка, хоць была вялікая капрызніца, але гадавалася добра, а што ў хаце пакуль што ў ядзе нястачы не было, дык Зосі нічога больш і не трэба было.

Мінула зіма. 3 вясны Халімон зразу заядла ўзяўся за гаспадарку, але заядласць гэта шыбка мінула ў яго, і калі людзі даўным-даўно скончылі сяўбу, паказалася, што новы гаспадар і палавіны таго не абсеяў, што бывала абсеяна за нябожчыкам Васілём, дык гэты другі гаспадарскі год выдаўся для сялібнікаў цяжкім. Халімон прынадзейваў рознымі абяцанкамі к налеццю. Але калі надышло тое налецце, Халімон не толькі ў свабодны, але нават у рабочы час кідаў усё і счазаў з дому на цэлыя тыдні. I такім спосабам год ад году даўнейшая гаспадарка Васіля няўзнак штораз больш і больш ішла да ўпадку.

3 Амерыкі Зося атрымоўвала лісты, хоць кароткія, але акуратна, толькі ад Дубінскага. Алёкса пісаў штораз радзей і радзей і ўрэшце саўсім змоўк; да бацькі таксама перастаў пісаць. Зося занепакоілася. Яна ўпрасіла Двэрку напісаць да Алёксы ад яе — Зосі — імені, але і на гэта адказу не было. Тады Двзрка на просьбу Зосі напісала да сваяка, каторы разам з Алёксам у той час выехаў у Амерыку, просячы яго акуратна даведацца аб Гуронку і аб усім ёй напісаць.

Чакаючы адказу, Зося аб адным толькі думала, аднаго жадала.

— Хаця б ён жыў! Хаця б ён жыў! — быццам малілася яна.

Ажно з твару змянілася кабеціна, пакуль прыждала таго адказу. Прыждала, але саўсім не спадзявалася Зося, што вестка, якая там была аб Алёксу, магла быць для яе горшай, страшнейшай, чым сама яго смерць! Вестка гэта паласнула Зосю, як распаленым жалезам; Алёкса жыў, ажаніўся; ажаніўся няўдала: з нейкай танцоркай з тэатра, каторая ўвесь заработак Алёксы прагулівае з кім папала, а сам Алёкса жыве ў цяжкай працы, вялікай бядзе і нязмерных згрызогах.

— Папомне ён мяне! — быццам засычэла Зося, але што і як папомне — яна яшчэ сама не ведала.

Тым часам жыццё на сялібе станавілася штораз цяжэйшым. Большая частка поля ляжала дзірванамі. Каб абагнаць дамашнія выдаткі, прыйшлося прадаваць адну карову;

Залаталі дзве-тры дзіркі, але на іх месца вылазіла пяць-шэсць дзірак. Звязаць канцы з канцамі ўжо не ўдавалася.

Ігнат, каторы час ад часу даведваўся сваёй хроснай — Прузынкі, даўно раіў адправіць гультая Халімона, а пашукаць рупнейшага чалавека; настайвала на гэта і Зося, але ўпіраўся Мікола.

— Справіцца яшчэ,— прынадзейваў ён,— пасля нябожчыка, ды яшчэ гэткага, гаспадарка заўсёды не ручыць; трэба змяніць жывёлу, снасць і насенне,— расталкоўваў Стрончык.

Але як толькі прабавалі змяніць, то яшчэ горш выходзіла: старое прадавалі, грошы разыходзіліся і новага не было ўжо за што купляць. Халімон, каторы мала калі адзываўся, пачуўшы нараканні на цяжкія часы, сам першы загаварыў:

— Вам чаго не хапае? Яды? — дрэнь! Дастаўлю! — і, хоць надыходзіла ноч, счэз з хаты...