З агнём ў вачах, з душою брата,
На вуснах з клічам вызваленьня
І ў сэрцы з прагай захапленьня
Ён з вёскі ў горад, з кузьні ў хату
Ішоў па землях беларускіх
І, як прарок, прарочыў людзям —
Сваім братом, — што шчасьце будзе,
Што на шляхох на гэтых вузкіх,
Дзе ўсё застынула ў тумане,
Няма прастору дзе для волі,
Дзе чутны стогны, енкі, болі, —
Вялікі гмахам шлях змаганьня.
І сам, узяўшы меч вялікі,
З дружынай вернаю па працы
Пайшоў за вольнасьці змагацца, —
Дрыжэла панства, як і ўсякі,
Хто быў ня згодзен з ім у мэце,
Хто вораг быў сваёй краіне.
Нядарам помніць аб тым сыне
Маць-Беларусь і ўсе на сьвеце.
І зацягнулась бойка доўга,
Бо вораг моцны быў, трывалы.
Але што далей раць дрыжала —
Расла варожая трывога.
— Браты за намі перамога! —
Зычэў той вокліч, нібы рэха,
І адгукалась шчасьце сьмехам
Паўздоўж змаганчаскай дарогі.
Будзіла веру навальніца,
Ўліваўшы ў мора сьвежасьць плыні.
— За лепшы лёс сваёй айчыны,
Браты, мы будзем далей біцца!
Ліецца кроў на землях нашых,
Адрэзаць хочуць ў нас айчыну
Паны, абшарнікі, чужынцы,
І пот, і кроў нашу забраўшы.
— Браты, ці аддамо, што наша?
Не адамо — здабыць павінны, —
Так адгукаўся кліч арліны,
Высока сьцяг чырвоны ўзьняўшы.
Але змаганца лёс закляты
Сачыў з намыленай вяроўкай,
І ў час начны пад сховам змроку
Пятлю на шыю ўзьдзелі каты.
І ў часе блізкага скананьня,
Калі жыцьця лічыў хвіліны,
Ён не забыўся аб краіне
І кліч гукаў вясьці змаганьне.
Апошні ўздых — яго ня стала,
Але той першы ўздым адвагі,
Што быў збавіцелем ад смагі,
Вяроўка ката не адцяла.
|