Зорнасьць (1927)/Па сьцежках родных/Усё, усё паўстала прад вачыма

Радзіма Усё, усё паўстала прад вачыма
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1927 год
Зацьвіла вясна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Усё, усё паўстала прад вачыма.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УСЁ, УСЁ ПАЎСТАЛА ПРАД ВАЧЫМА

Усё, усё паўстала прад вачыма,
А блізкае больш стала дарагім.
Бярозка шле паклон — нібы дзяўчына,
Стуліла рэчка плечы-берагі.

А лес шуміць — шле прывітаньне другу,
А кожны куст прытулак мне дае.
Пазналі вы бяздомка, валацугу,
О, родныя, о, мілыя мае!

Вось гэта ўсё ня здрадзіць мне ніколі,
Бо гэта ўсё — аб чым баліць душа.
І вось цяпер, калі цьвітуць куколі,
Сябе к маўчаньню нельга прымушаць.

Сьпяваць хачу падобна гэтым клёнам,
Што нада мной раскінулі шатры
І воблікам чаруюча-зялёным
Завуць мяне, каб сьпеў іх паўтарыць.

Прыпомніў ўсё: што ёсьць і што мінула,
Я рад ўсяму, што можа ўскалыхнуць,
І сэрца і душу прыхільна, чула…
Я тут калісь спаткаў адну вясну,

Яна, на жаль, ўжо больш не паўтарыцца,
Яна з жыцьця ўжо выбыла навек.
Але пакуль ёсьць месца сэрцу біцца,
Датуль яе я пешчу ў галаве.

Датуль яна, як каласамі постаць,
Мігцецца будзе дзень і ноч ў вачах,
Пакуль сам буду жыць і радавацца росту
І кожны крок жыцьця змаганьнем адзначаць.

Капыль, 1926 г.