Зьезд беларускіх нацыянальных організацый
Зьезд беларускіх нацыянальных організацый Артыкул Аўтар: Цішка Гартны 1925 Крыніца: Полымя, 1925. - №6 |
25 сакавіка 1917 г.
З. Ж.
Лютаўскую рэволюцыю беларуская грамадзкая думка сустрэла зусім непадгатаваўшыся. Дзякуючы захапленьню немцамі Заходняе Беларусі, да таго быўшы ядыны беларускі політычна-культурны цэнтр у Вільні разбурыўся. Частка дзеячоў засталася ў окупацыі, большасьць падзялілася па розных расійкіх гарадох (Пецярбург, Масква, Арол), невялікі лік затрымаўся ў незанятых немцамі беларускіх гарадох, як Менск, Віцебск, Магілёў. У кожным з адзначаных гарадоў беларуская праца гуртавалася выключна каля бежанскіх комітэтаў. Праца насіла выгляд культурна-організацыйны, часта прымаючы адбітак політычны. Сувязь між асобнымі пунктамі хоць і была, але ня трывалая; інформацыя аб рабоце амаль ня кожнага комітэту была вядома ўсім. Партыйных адценьняў выразна не адзначалася, калі ня лічыць невялікага ліку сяброў, кепска згуртаваных, Соцыялістычнай Грамады. Праўда, рэволюцыйныя павеі, у зьвязку з агульным станам у Расіі, мелі свой уплыў і на добрачынныя організацыі; беларускія комітэты дапамогі ахвярам вайны таксама ня чужыя былі да політыкі, але згуртаваныя вакол іх беларускія грамадзкія сілы ў большасьці не адчувалі надыходу лютаўскіх здарэньняў. Увогуле— тыя-ж самыя настроі, што і вакола, ува ўсім грамадзянстве, калі ня лічыць гострага хаценьня перамогі, немцам, якое не пакідала беларускіх кол увесь час.
Лютаўская рэволюцыя раптам заварушыла ўсіх і ўсё. Бліснуўшы яскравымі мажлівасьцямі, яна прымусіла зарухацца, забыць бягучыя справы і павясьці організацыйную працу. Пацяг да організацыі абурыў і беларускія грамадзкія колы. Добрачынны характар комітэцкай працы прытупіўся, даўшы выйсьце політычным запытаньням. Рубам стала патрэба падлічыць сілы, выказаць свае дамаганьні, выкрыць твар. У розных гарадох вынікла думка аб зьезьдзе. Падняліся абгаворы, дзе і як ды што. Пакуль судзілі ды вырашалі, Менск разаслаў тэлеграмы з запрашэньнем на зьезд беларускіх грамадзкіх дзеячоў у Менску на 25 сакавіка. Думаць ня прыходзілася, і ўсе організацыі і асобныя дзеячы адгукнуліся й зьехаліся ў назначаны дзень у Менск. Зьехалася да 150 чалавек вайсковых і цывільных. Зьезд адчынялі ў доме, дзе зараз зьмяш кчаецца Камісарыят Земляробства. Настрой дэлегатаў быў няўмеру падняты. Агромністая большасьць іх складалася з старых працаўнікоў і многа пацярпеўшых за беларускую культурна-нацыянальную справу і зараз пачуўшых блізасьць ажыцьцяўленьня сваіх ідэй вольнай Беларусі. Нацыянальнае пачуцьцё ў іх прэваліравала над іншым. Было-ж некалькі і гэткіх дэлегатаў, якія лічылі сябе беларусамі, але пазіралі ў бок саланевіцкае ідэі, падхварбаванай момантам. Ужо ў гутарках „кулуарных" можна было чуць ціхія кпіны з беларускае мовы, наогул, з усяе справы і больш сьмялей— „навуковыя" супярэчаньні соцыяльнай неабходнасьці нацыянальнага адраджэньня Беларусі. Аднак, момант вымагаў з сабою лічыцца: як-ні-як, усё-ткі разбурылася турма народаў—царская Расія.
Адчыненьне зьезду а 7 гадзіне ў вечары прашло ўрачыста: быў выбраны прэзыдыум з трох чалавек: старшыня д-р Кастравіцкі, яго таварышамі—Мятлін і Аляксюк. Апошні прачытаў прывітальныя тэлеграмы ад розных організацый і асоб, і пасьля пачаліся прывітаньні зьезду. Першым прывітаў старшыня комітэту „пропаганды асноваў новага грамадзянскага ладу" д-р Морзон; далей па парадку віталі: Кахановіч— ад гуртка магілёўскіх беларусаў, ад пецярбурскіх студэнтаў—Каравайчык, ад пецярбурскіх чыгуначнікаў і паштавікоў беларусаў—А. Адамовіч і інш.
Пасьля прывітаньняў пачаліся даклады з месцаў. Гаварылі: Фальскі, Э. Будзька, Парэчын-Кузьміцкі. П. Аляксюк сказаў прамову, чапіўшы гістарычнага лёсу Беларусі. Выхваліў бывалашніну, князёўства, чапіў гадоў вайны. Прамоўца ён, да рэчы, дужа здатны і красамоўны, чаму захапіў зьезд сваёю прамоваю і яшчэ больш падняў настрой. Заключныя словы яго: „Шчасьце цяпер у нашых руках і калі мы яго не здалеем узяць, то каб пасьля ня было позна". Гэта захапіла прысутных, якія адгукнуліся дружнымі воплескамі. Неяк шэра і суха паказалася чытаньне дэклярацый ад партый, якія тут-жа, перад зьездам, выявілі сябе і заявілі аб сваім існаваньні post faktum. Такіх нечаканых партый знашлося тры: Каталіцкая Дэмократычная Партыя, Народная Дэмократычная Партыя і непартыйная група. Дэклярацыі гэтых партый, вельмі слабых, прызнацца, насілі нявыразны характар, з эвангельскі-штодзеннымі патрабаваньнямі, як-то: „мэтай партыі—дабро народу, якога яна кліча да праўдзівай хрысьціянскай міласьці" (Кат. Дэм. Партыя); або—„найслаўнейшая мэта— прасьвета цёмнага народу" (Нар. Дэм. Партыя). Зрабіла ўражаньне, выключна, дэклярацыя Сацыялістычнай Грамады, прачытаная Смолічам, у якой рашуча казалася, што „Грамада бароніць клясавыя інтарэсы працоўнай беднаты". Гэта празычэла зусім ня ў тон агульнаму настрою, які І ішоў пад знакам burg friden'у (грамадзкага замірэньня). Дапоўніў гэтыя ноты член рады рабочых дэпутатаў Кузьміцкі, які прызываў помніць тых, што гніюць у вакопах.
Гэткім чынам, уступная частка зьезду, здавалася, гладка скончыцца, і зьезд, намеціўшы працу назаўтрае, зачыніцца гэтак чынна, як і адчы ніўся. Але зусім нечакана вынік буйны інцыдэнт. Пасьля прыняцьця пропозыцыі паслаць прывітальныя тэлеграмы часоваму ўраду, Радзе рабочых і салдацкіх дэпутатаў у Пецярбургу, нацыянальным організацыям украінцаў, ліцьвіноў ды інш., слова было дадзена таварышу старшыні Мётлаў, які ў той час быў памоцнікам губэрскага камісара ад часовага ўраду і спачуваў правым эсэрам. Выпаўняючы дырэктывы ўраду і будучы верны тактыцы сваёй партыі, Метлін выступіў з прамоваю гэткага зьместу: „Кіньце свае лятуценьні, цяпер ня час падымаць нацыянальныя пытаньні, а трэба замацаваць атрыманую свабоду, злучыўшыся разам усім для скліканьня Устаноўчага Збору. Беларускі рух ненатуральны, бо пад ім няма цьвёрдага фундаманту народных нізоў"...
Гэта было іскраю ў бочку пораху. Словы Метліна зычэлі надта варожа для вушэй пераважнае большасьці зьезду; яны дапаміналі вядомыя „програмы і мэтады", якіх досі прыходзілася чуць з вуснаў заядлых русыфікатараў. У даным выпадку нельга было адрозьніць іх сэнсу ад сэнсу звычайнае доўгагадовае пісаніны вядомых ворагаў беларускага пытаньня, якія гуртаваліся да вайны вакола знарочыста экранізаваных таварыстваў для змаганьня з „польскаю інтрыгаю" (так лічылі беларускі рухі). Ня верылася пакуль, каб з вуснаю прадстаўніка соцыялістычнае партыі якая ганарылася шырокаю програмаю ў галіне нацыянальнай, можна было сустрэць гэткую „прыязьнь". Гэта было ўсяго месяц пасьля вялікіх здарэньняў Лютага і вельмі сьвежа нясло ад надышоўшых свабод. А тут— на табе! Крыху пасьля вышла напаверх цалком і поўнасьцю меншавіцка-эсэраўская політыка. Змаганьне з Украінскаю Радаю, з Фінляндыяй, якое павёў часовы ўрад, паказала твары гэтых соцыялістых, з дазволу сказаць. А ў сакавіку, каб чуць гэткія словы—ніхто не чакаў. І прадмову Метліна сталі перабіваць выгукамі. Калі-ж ён сяк-так скончыў казаць, быў агульны настрой выказаць рэзкі протэст супроціў дбайнага ахоўцы „адзінае Расіі" ў новым выданьні. Ледзьве ўдавалася старшыне зьезду сутрымаць воражасьць і ўвясьці ў рэчышча далейшую хаду спрэчак. Па парадку пачалі адказваць Метліну: перш Заяц, які казаў, што „гэткая вялікая краіна ня можа ўтрымацца, каб ня даць аўтономіі тым народам, якія ў ёй жывуць". Краскоўскі, дэлегат ад кіеўскіх беларусаў, зваў зьезд ня слухаць людзей, што яшчэ прывыклі баяцца „страшных" слоў, як нацыя, фэдэрацыя. Настала часіна, калі нам баяцца гэтага ня трэба, бо народы, вольныя ў сваім разьвіцьці, ідуць да вялікай будучыны, да агульна-людзкіх ідэалаў і злучэньня. Грамадзянін Цівінскі, разьясьняючы, чаму на такім фундаманце стаіць Метлін, даводзіў, што грамадзяніну Метліну ня прышлося цярпець усяго таго зьдзеку і няпраўды, што цярпелі народы ў царскай Расіі. Цяпер кожны народ можна разьвівацца пасвойму і гэта не перашкаджае нашай шчырай дружбе з другімі народамі, але для вольнага разьвіцьця краю патрэбна родная мова, родная школа, аўтаномія. Адвакат Чаусаў даказаў, што „беларусы ўжо выраслі і дастойны свайго нацыянальнага самапазнаньня. Гарачэй усіх папярэдніх накінуўся на Метліна Бурбіс. Яго ў рэзкіх выразах падтрымаў Аляксюк, які сказаў: „Таварыш старшыні Метлін — вялікарус, хоць і выказаўся перад выбарамі, што не падзялае нашых думак, ніяк не павінен быў згадзіцца заняць адветнае крэсла таварыша старшыні нашага першага свабоднага зьезду, на якім мы выказвалі думкі, якія цяжкім каменем тамавалі нашу душу. Гэта клік, клік болю за народную беларускую справу. Дык зразумейце вы, чужынцы, нашы перажываньні ў гэты момант!“ Пасьля гэтага Метліну не заставалася інакш зрабіць, як адказацца быць таварышам старшыні зьезду. Ён аб гэтым і заявіў. Але не ўціхамірыў зьезду. На яго заяву многія, асабліва Бурбіс, Браніслаў Тарашкевіч, Аляксюк, пачалі крычаць: „Вон! вон адгэтуль! табе ня месца тут!“ Метлін пад варожыя гукі пакінуў зьезд. Каб уладаваць абурэньне, зрабілі перапынак пасяджэньня. Аднак, перапынак унёс сапраўдныя сваркі і лаянкі. Знашлося некалькі прыхільнікаў Метліна, асабліва гарачы з іх П. Караткевіч, якія накінуліся на Бурбіса, махаючы кулакамі і ўшчуваючы яго за некорэктны паступак. Моцна крычаў капітан Адамовіч, пасьля вядомы зялёнадубец. Той-жа П. Караткевіч, чалавек нясталых політычных поглядаў, „беларус з расійскаю моваю“, бегаў па залі і дражніў Тарашкевіча за яго выраз „філёлёгія“. Гэты выбрык быў падобен да тых дзяцей, якія дражняць сваіх таварышаў, высалапіўшы язык і шапялявячы, і… нікога ня зьдзівіў. Шум і галас не ўлягаўся доўгі час. Нарэшце, патрошку ўгаманіліся, і зьезд аднавіў пасяджэньне для выбару комісій. Было выбрана сем наступных комісій: агітацыйна-політычная, організацыйная, этнографічная, школьная, грашовая, друку, земская.
У канцы, перад зачыненьнем пасяджэньня, старшыня, д-р Кастравіцкі, зьняў з сябе старшынства… Дэлегаты разышліся пры моцных уражаньнях. Назаўтра быў адноўлены прэзыдыум. Замест Кастравіцкага — старшынёю большасьцю галасоў абралі Скірмунта.
Трэба сказаць, што перад рэволюцыяй і ў першыя часы рэволюцыі Скірмунт выяўляў сябе левым радыкалам. У сваіх прамовах даходзіў да шырокае соцыяльнае програмы і абяцаў раздаць сялянам зямлю дарэмна. Вельмі шчыра абстойваў незалежнасьць Беларусі, тоючы, вядома, думкі стаць нечым накшталт беларускага прэзыдэнту. Званьне старшыні Беларускага Нацыянальнага Комітэту вельмі імпонавала яму і, трэба прызнацца, ён працаваў у ім старанна, хілючы, вядома, умела і здатна сваю буржуйную лінію. Выбары яго ў старшыні прэзыдыуму зьезду ўганяліся мэтаю не раскідаць зьезду, які за першы дзень выразна пакалоўся на асаблівыя політычныя часткі, зусім не сяброўскія між сабою…
Другі дзень зьезду пашоў на працу комісій… Пасяджэньне, якое адчынілася вечарам, падзялілася на прывітаньні і на даклады комісій. Апошнія працавалі дужа шчыра седзьма-сядзелі цэлы дзень і апрацавалі кожная шэрагі патрабаваньняў. Цікава, як далёка адыходзілі яны ад тых рэальных сіл, што меліся ў той час у зьезду і, наогул, у беларускай грамадзкасьці! Узяць да прыкладу комісію друку; гэтая комісія прыняла пастанову аб выданьні газэты, аб выданьні брошур агітацыйнага характару, чамусьці яшчэ—бібліографічнага слоўніку. Тымчасам, нідзе не прадбачылася дастаць ніякіх грошай. Благія парываньні! Улічыў іх дакладчык грашовае комісіі, т. Э. Будзька, які пры дакладзе ўнёс у грашовы фонд 2.000 руб. Не сваіх, пэўна, а вылучаных з бежанскага комітэту.
Усе пастановы, прынятыя зьездам, патрабавалі вельмі многа працы і сіл, каб іх правясьці ў жыцьцё. Большасьць гэтых пастаноў датыркала організацыйна-практычных пытаньняў, далёка стаяўшых ад рэальных мажлівасьцяй свайго ажыцьцяўленьня. Многа з іх было наіўных, як гэткі, напрыклад, пункт у рэзолюцыі грашовай комісіі: „Стварыць аддзел для організацыі беларускага нацыянальнага банку". А дзеля таго, каб зьберагчы грошы „комітэт павінен залажыць друкарню, а таксама тэатр"[1].
Земская комісія насьпех злажыла рэзолюцыю аб „рэорганізацыі земскага самаўпраўленьня". Дакладчык згадзіўся, што ўсё гэта зроблена „на скорую руку". І сапраўды, было зроблена так. Ды каб добра было ўсё вылажана і абмяркована, час не казаў аб тэрміновасьці гэтага пытаньня... Выключна больш-менш рэальна можна было правясьці (і пасьля правялася) у жыцьцё рэзолюцыю аб стварэньні Нацыянальнага Комітэту. Але і тут пажаданьні далёка разыходзіліся з рачаіснасьцю. Ускладзеныя на комітэт абавязкі „організаваць Беларусь у контакце з часовым урадам" і „падгатаваць выбары ў Беларускую Краёвую Раду"—не маглі быць выкананы. Але аб гэтым ня думалі, выбіраючы Комітэт з 18 асоб. У склад Комітэту ўвашло больш паловы сяброў Беларускае Сацыялістычнае Грамады. Вялікая большасьць комітэтчыкаў жыла па-за Менскам і не магла прымаць удзелу ў працы Комітэту. Загэтым быў выбраны прэзыдыум з 5 асоб, які, застаючыся ў Менску, мусіў павясьці комітэцкую працу.
Як і што ішла яго праца—гэта патрабуе сталага разгляду і асобнага нарысу. А тут, даючы нарыс першага беларускага зьезду, мы мусім адмеціць, што сам па сабе Нацыянальны Беларускі Комітэт, як скутак гэтага зьезду, займае значнае месца ў гісторыі беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху. Ён адыграў значную ролю і зрабіў-бы шмат большую работу, каб на чале яго ня стаў Скірмунт. Гэтая фігура, далёка не адпавядаючая сутнасьці беларускага руху, які выключна грунтаваўся на беларускіх працоўных масах, унясла сабою сумную старонку ў гісторыю яго разьвіцьця.
Зноскі
правіць- ↑ Протокол зьезду беларускіх нацыянальных організацый у Менску з 25 па 27 крас. 1917 г.