Зь недрукаванае спадчыны па М. Багдановічу

Зь недрукаванае спадчыны па М. Багдановічу
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
28.ІІ.1932
Крыніца: Гадавiк Беларускага Навуковага Таварыства. Кнiжка I. Вiльня, 1933

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Робячы разборку трох скрыняў рознага хламу, перавезенага ў Музэй з падвалу Беларускае кнігарні (Завальная, 7), дзе некалькі гадоў зьмяшчалася і рэдакцыя «Нашае Нівы», — я, сярод іншых нашаніўскіх матэрыялаў, знайшоў тамака некалькі пісем і рукапісаў вершаў Максіма Багдановіча. Пісьмы і вершы былі прысыланы — судзячы па датам на іх — між 1911 і 1914 гадамі. Вялікшая частка вершаў была ўжо некалі друкавана — ці то ў «Нашай Ніве», ці ў зборніку М. Багдановіча «Вянок»; але папалася і некалькі вершаў нідзе не друкаваных (частку іх, выкрытую мной раней — у 1926 г., я пераслаў у Менск у Інбелкульт, і яны зьмешчаны ў 1 т. агульнага сабраньня твораў М. Б. ў 1927 г.). Жменя пісем, знойдзеных мною, мае бясспрэчную вагу: у іх ёсьць пэўны біяграфічны матэрыял, ёсьць даныя аб працах М. Б., выходзячых за межы паэтыцкае творчасьці, урэшце — выказаны цікаўныя пагляды на некаторых нашых паэтаў і пісьменьнікаў. Зьместам выкрытых рукапісаў я і хачу падзяліцца з нашым грамадзянствам.

Перад усім — данымі зь біяграфіі паэты.

Маю ўвагу зьвярнула на сябе пісьмо з подпісам «Максiм», напісанае нейкім незнаёмым характарам, зусім нязвычным для Багдановіча. Толькі прачытаўшы яго, я зразумеў, у чым тут справа. Аказалася, што Багдановіч пісаў лежучы ў пасьцелі — цяжка хворы. Вось што сам ён піша аб гэтай хваробе:

«Не дзівіцеся, што у мяне літары выходзяць зусім дзіцячыя — пішу я лёжучы, бо моцна хварэю — інфлюэнца ці васпаленьне лёгкіх; тэмпэратура у мяне падымаецца да 40о, а 39,5о бывае кожын дзень. Але чорт зь ім!»

Даты на пісьме няма. Але з адкрыткі, высланае празь нейкі час, відаць, што хвароба гэная так прыціснула паэту ў красавіку 1913 году, бо на адкрытцы ёсьць дата: 27.IV.1913 г. Адкрытка пісана зь Яраслаўлю, дзе тады жылі Багдановічы. У ёй чытаем:

«Вось ужо колькі дзён, як у мяне жару няма. На што я хварэў, чорт яго ведае, але думаюць, што на васпаленьне лёгкіх; два разы рабілі бактэрыялягічны агляд харкавіны ды адзін раз крыві, і кажуць, быццам нічога не знайшлі. Уставаць з ложка дасюль яшчэ няможна. Бацька атрымаў ад банка падмогу на лячэньне, так што я напэўне летам куды-небудзь паеду»[1].

Трэба думаць, што гэнай «няведамай» хваробай і былі абвастрыўшыеся сухоты, якія празь пяць гадоў улажылі паэту ў магілу. Зусім зразумелая рэч, што хатнія і дактары не гаварылі Максіму праўды аб яго цяжкім стане.

У гэтых двух пісьмах паэта выказвае тое, што яго ў той час найбольш рупіла: ён усьцяж думае аб друку свайго «Вянка», які ўжо складаўся ў Вільні ў друкарні Марціна Кухты — гістарычнай у беларускім адраджэнскім руху. Багдановіч хоча з свайго боку дапамагчы грашыма выдавецтву, плянуе пазычыць грошы ў сваіх прыяцеляў, бо ў бацькі, зарабляўшага працай у банку няшмат, прасіць ня можа, урэшце — жаліцца, што «ўкраінцы дасюль не заплацілі мне за пераклад зь беларускага на расiйскі», а гэтыя грошы ён прызначыў на друк сваіх вершаў: «напісаў ім, каб яны выслалі грошы да Вас. Гэта на зборнічак».

Багдановіч, пабыўшы год перад тым у Вільні і прыгледзеўшыся да працы нашаніўскае сям’і, высака цаніў гэту працу. Аб гэтым сьведчаць гэткія словы разгляданага пісьма, прысланага ў «Нашу Ніву» з зваротам: «Дабрыдзень, Паночкі!» Вось што піша паэта:

«Чаму думаеце Вы, што я магу сярдзіцца і нават лаяць Вас? Я ж даволі-такі прыгледзеўся да Вашай працы, каб рабіць гэтае, нават хаця б толькі жартуючы».

У цытаванай ужо адкрытцы Багдановіч — між іншым — піша, што паслаў Коршу, імя якога да Сусьветнае вайны было ведама кожнаму інтэлігентнаму чалавеку ў Расеі, павіншаваньне на 70-лецьце, і пытаецца: «ці пасылалі Вы?» — Гэты факт паказвае, што Багдановіч быў блізкі да перадавога расейскага грамадзянства і адгукаўся на тое, чым яно жыло.

Ведаючы добра расейскую, украінскую, нямецкую і францускую мовы (ня кажучы аб праходжаных у гімназіі лацінскай і грэцкай), Багдановіч карыстаўся імі, каб чарпаць для сваей творчасьці з скарбаў чужых літаратур. Ня ведаў ён толькі мовы польскае і гэтак ня меў доступу да польскае літаратуры. Відаць, аднак, апошняя вельмі яго цікавіла (знаёміўся зь ёй паводле расейскіх перакладаў), і вось у адкрытцы, высланай зь Яраслаўлю 23.V.1914 г. на імя Ластоўскага, Багдановіч кажа: «Скончыўшы вясеньнія экзамены, адразу хачу прыступіць да свайго даўняга жаданьня, — а ўласьне хачу выўчыць польскую мову». I паэта просіць Ластоўскага (у той час кіраўніка беларускае кнігарні ў Вільні) выслаць яму неабходныя дзеля гэтага кніжкі, што і было споўнена, як сьведчыць напісаны на адваротнай старане адкрыткі рукой Ластоўскага рахунак належнасьці за кніжкі і перасылку іх.

У пісьме да рэдакцыі «Н. Н.» — бяз даты, але з паметкай пошты на канвэрце: «Ярославль, 21.X.13», — ёсьць цікаўная інфармацыя аб нейкім беларусе Сьцяпане Зенчанку. Вось даслоўна адносны адрывак зь пісьма:

«У № 42 «Н. Н.» бачу стацьцю Сьцяпана Зенчанкі. «Стефан Зенченко» судзіўся ў Ніжнім Ноўгарадзе па вялікаму працэсу, так званаму «Сормовскому восстанию», быў паміж падсудзімых (выключна рабочых) вельмі прыкметным чалавекам і нават гаварыў ад іх імені на судзе. Пачуўшы, што Зенчанка — беларус, я пераслаў у турму да яго колькі першых беларускіх кніжак і «Нашу Долю» (было гэта ў канцы 1906 р.). Аднак, далі наша знаёмства не пайшло і нават у вочы я Зенчанку ніколі ня бачыў; сталася так таму, што па гораду (відаць, Ніжнім Ноўгарадзе, у якім тады жыў Багдановіч. — А. Л.) пайшлі чуткі, быццам Зенчанка —правакатар; казалі, што з Каўказа адна з тамтэйшых арганізацый (ваенная арганізацыя с.-д., здаецца) надаслала аб гэтым ведамасьці з фатагр. Зенчанкі; толькі, здаецца, Зенчанка быў на Каўказе вядомы пад іншай фаміліяй.

Сколькі ў гэтым праўды, — сказаць не магу; як Вы самі ведаеце, вінавацяць у правакацыі ў нас занадта лёгка. Таму, здаецца, самым лепшым было б абвясьціць аб гэтым толькі дзе каго са сваіх людзей і пільнаваць толькі, каб Зенчанка ня ўбіўся да якой-небудзь беларускай і наагул грамадзянскай справы. Тым часам я напішу ў Ніжні Ноўгарад, каб мне далі больш пэўныя ведамасьці».

Мушу адзначыць, што стацьця Зенчанкі ў «Н. Н.», поўная гарачага патрыятызму, паказвае ўсё-ж такі на нейкі духовы надлом аўтара, на расчараваньне тым, чым ён жыў дагэтуль. Дык магчыма, што закід у правакацыі і паўстаў на грунце гэтага расчараваньня і адыходу ад партыі, зь якой З. працаваў. Бо ж у далейшых пісьмах М. Б. нічога аб ім больш не ўспамінае, а сам Зенчанка нідзе не выступае ў нашым грамадзкім жыцьці, — прынамся пад гэтым прозьвішчам. Раблю гэту агаворку дзеля таго самага, аб чым кажа і М.Б. у сваім пісьме: дзеля тэй лёгкасьці, зь якой у тыя часы кідаліся людзям абвіненьні ў правакацыі — часта нічым не абаснаваныя. Для нашых дасьледчыкаў у Саветах, дзе цяпер даступны ўсе тайныя архівы царскае паліцыі, было б удзячнай задачай праверыць нападкі на гэнага — як-ніяк — дужа цікаўнага чалавека.

У гэтым жа пісьме з 21.X.1913 Багдановіч дае інструкцыі адносна друкаваньня «Вянка» і гаворыць аб сваіх кроках дзеля выясьненьня пытаньня, колькі праўды было ў вестцы стацьці, надрукаванай у «Вестнике Европы», аб беларускіх выданьнях Віленскага Учэбнага Округу (з 1863 ці 64 гг.). Справа гэта часткова ся, бо адно з двух выданьняў у нас ёсьць: гэта — «Рассказы на простонародном наречии», часткова па-беларуску, часткова па-ўкраінску. Урэшце — гаворыць аб сваей працы над стацьцёй аб Скарыне, за якую ён узяўся на просьбу Ластоўскага — для праектаванага апошнім месячніка, каторы, на жаль, ня выйшаў.

Да пісьма далучаны верш п. з. «Крытыку» (трыялет). Але аб вершах—пазьней.

Стацьця аб Скарыне вельмі захапіла Багдановіча. У цытаванай ужо адкрытцы з 23.5.1914 г. паэта піша:

«Заўтра прымуся за Скарыну або за расказікі. Гэтымі днямі падашлю у «Н. Н.» колькі новых вершаў. Што да Скарыны, дык вось якая рэч: я напісаў апрыч яго ўласнай біяграфіі асобны разьдзел, дзе падаў характарыстыку папярэдняга беларускага культурнага жыцьця і пісьменнасьці. Але гэты разьдзел заняў столькі ж месца, як і сам Скарына. Здаецца, занадта. А між тым гэты разьдзел удаўся. Што рабіць — скараціць, ці не?»

У іншым пісьме — з штэмпэлем на канвэрце: Яраслаўль, 1.8.12, — Багдановіч гаворыць і аб іншых тэмах з гісторыі Беларусі, якія яму прапанаваў апрацаваць Ластоўскі. Як бачым, Скарына і ягоная эпоха — найбольш цікавілі паэту:

«Дзякую п. Ластоўскаму за тэмы, што ён мне надаслаў. Я канешне апрацую колькі зь іх, але ня ўсе, бо яны ахапляюць толькі першыя часы жыцьця Беларусі, калі яна мала розьнілася ад іншай Русі. Ці ёсьць у ХІ-ХІІ вяках сур’ёзная розьніца між бытам якіх-небудзь дрыгавічоў і напр. вяцічаў? Пэўне, што няма. Куды цікаўша апісываць Беларусь XVI і XVII сталецій! Тады і мясцовая, карэнная культура адстаялася і выкрысталізавалася ў цьвёрдыя, своеабразныя формы; ды і з Заходнай Еўропы прыплыло тады у нашу культуру незамала чаго. Вось калі было ў нас жывое, рознакалёрнае, своеначальнае жыцьцё,... (колькі слоў на згібе страніцы вырваны. — А. Л.) паставілі Ф. Скарыны, каторы быў доктарам і бакалаўрам! Ці ж мог быць у Маскоўшчыне таго часу (у Яраслаўлі, Растове, альбо і ў самай Маскве) доктар Праскага або Лейпцыгскага унівэрсытэту? Гэта ж проста нямысьліма. Вось Вам дробная крэсачка, каторая, аднак, намякае на карэнную разьніцу між Маскоўшчынай і Літоўскай Русьсю тых часоў.

Як я і казаў ужо, пісаць на гэтыя тэмы я буду ня раз, але толькі не адразу, бо перш за ўсё недалёка экзамены, ды і п. Багацкаму пісаць трэба, а часу асталася ня дужа многа»[2].

Што ж пісаў Багдановіч для ўкраінскага пісьменьніка Багацкага? Аб гэтым нічога ня ведалі рэдактары акадэмічнага выданьня поўнага сабраньня твораў М. Б. у Менску, — мы ж цяпер даведываемся зь пісьма паэты да рэдакцыі «Н. Н.» — у шостыя ўгодкі закладзінаў газэты. Пісьмо, як блізу заўсёды, ня мае даты, аб якой ізноў гаворыць толькі пячатка на канвэрце: «Ярославль 14.11. 12». Вось што тамака чытаем:

«У кастрычніку (1912 г. — А. Л.) скончыў я пераклад, замоўлены п. Багацкім і надаслаў у Кіеў. Усяго павінна выйсьці каля 125 друкаваных страніц, у тым ліку стр. 15—16 маёй прадмовы. Ёсьць там і кароценькі агляд гісторыі бел. народа, і апісаньне цяперашняга адраджэньня яго і невялікія характарыстыкі беларускіх пісьменьнікаў, — усяго патроху, і ўсё ў стылю «гром победы раздавайся».

«Зьмест кніжкі такі. С. Палуян: Хрыстос Уваскрос; Вёска. Власт (— псэўданім Ластоўскага. — А. Л.). Лебядзіная песьня; Дзень рожавай кветкі. Цьвяты. Сож і Няпро. Ядвігін Ш. Зарабляюць. З бальнічнага жыцьця. Падласы; Рабы; Вясельле. Сакатушка. Васількі. Гадунец. Чортава ласка. Дачэсныя. Ліст сабак да рэд. Н. Н. Сіло. Награда. Сабачая служба. Т. Гушча. Дзеравеншчына; Над берагам Нёмна; Кірмаш; Недаступны; Трывога. З. Бядуля. Пяць лыжак заціркі. Гора старой Сымоніхі. Сон Анупрэя (і яшчэ як у Анупрэя дачка памёрла, — названьне ж адразу ня ўспомню). Я. Журба — апав. пра прыгон. Чэркас — Сон. Ластаўка. Квіткі. Лёсік — Судзьдзя Крэчка. А. Гарун — Сьнег. Ф. Багушэвіч. Сьведка. Дзядзіна. Апавяданьне палясоўшчыка. К. Колышка. Сьмешны дохтар. Апошняга ўзяў толькі таму, што п. Э. Будзько казаў мне, быццам Вы (— адносіцца да Ластоўскага. — А. Л.) лічыце талент К. Колышкі не абы-якім. Ну, на яго душы грэх».

Ці выйшла гэтая кніжка? Аб гэтым ніякіх інфармацыяў ня маю. Ня бачыў яе і ў рэдакцыі «Н. Н.», куды хіба ж Багдановіч прыслаў бы гэту сваю працу.

У блізу кожным пісьме Багдановіч кажа, што пасылае свае вершы. Гэтак у адным гаворыць аб прысыланых перакладах з Вэрлена, якіх не пасылаў у поўным камплекце іх у Пецярбург — да «Маладое Беларусі» (гэтыя вершы былі знойдзены ўжо мной раней і надрукаваны ў Менску ў поўн. сабр. твораў М. Б.). У іншым пісьме пытаецца аб паглядах рэдакцыі «Н. Н.» на вершы з цыклу «Вагітнасьць» («Цяжарнасьць»), якія ад сакратара рэдакцыі Ластоўскага папалі ў калекцыю інж. Р. Зямкевіча і апублікаваны ўжо пасьля сьмерці Багдановіча. Пытаецца, ці не «абражана скромнасьць» рэдакцыі перакладам вершу Вэрлена «Ракаўкі», знойдзеным мной цяпер. I гэтак далей.

Асабліва цікаўныя ў пісьмах Багдановіча ягоныя пагляды на беларускую паэзію наагул, на сваю ўласную ролю ў ёй і на паасобных пісьменьнікаў.

Вось пісьмо з 27.XI.1911 г., напісанае да рэдакцыі «Маладое Беларусі»:

«Перш за ўсё — прывет нараджаючамуся журналу. Я прасіў «Н. Н.» адаслаць да яго цыкл маіх вершаў «Старая спадчына». Ці атрымалі? Ён увесь склаўся з абразцоў розных даўнейшых форм верша, каторымі я зацікавіўся, маючы на ўвазе ня толькі іх красу, ня толькі палепшаньне вэрсіфікатарскай снароўкі пры працы над імі, але і жаданьнем прышчапіць да беларускай пісьменнасьці здабыткі чужаземнага паэтычнага труда, памагчы атрымаць ёй больш эўрапейскі выгляд. Апрыч таго, фактам зьяўленьня іх хацеў я давясьці здатнасьць нашай мовы да самых срогіх вымог вяршоўнай формы, бо я ім (— хіба: іх! — А. Л.) здавальняў нават у драбніцах, іншы раз вельмі цяжкіх. Напрыклад, ні адзін санэт з цэлай расейскай пісьменнасьці не вытрымывае ўсіх тых правіл, якія спаўняліся мной, павэдлуг вымог тэарэтыкаў гэтай формы (напр., каб ні адно слова ў санэце не ўжывалася больш разу).

Я шчыра жадаў бы, каб гэтыя вершы мелі дзе якой культурны ўплыў на нашых песьняроў. Таму прашу рэдакцыю, каб, калі толькі мае вершы пойдуць да друку, памясьціць разам з тым і прысылаемы цяпер мною сьціснуты нарыс санэтнай формы. (Хоць не зусім дарэчы, а хочацца сказаць, што вось за граніцай вытварана вялізная літаратура аб ёй, а ў нас у Расеі ня толькі кніг, як там, а нават стацей усяго 2—3)».

Гожа адзначыць, што — зь няведамае мне прычыны — вершы і стацьця не былі надрукаваны ў «Маладой Беларусі». Вершы, як асобны аддзел, увайшлі ў зборнік «Вянок», а стацьця надрукавана ў першым нумары выданага ў Вільні ў 1918 годзе В. Ластоўскім «Krywiиanin’a».

Пяройдзем цяпер да паглядаў Багдановіча на паасобных пісьменьнікаў. Ведама, асабліва новага тут ня знойдзем: Багдановіч зьмяшчаў у прэсе свае крытычныя агляды творчасьці іх за 1910 і 1913 гады і там выказываў ужо свае думкі аб іх. Але ў пісьме, не прызначаным дзеля друку, думкі гэтыя па істоце сваей мусяць быць больш шчырыя, больш беспасярэднія — без тэндэнцыі «гром победы раздавайся». Дык падаю іх тут — зь пісем.

У цытаваным ужо пісьме з 14.XI.1912 году, гаворачы аб сваей працы для п. гацкага, паэта піша:

«У сваіх характарыстыках найбольш сказаў я аб п. Я. Ш. (Ядвігін Ш. — Антон Лявіцкі. — А. Л.) , а апрыч таго, аб С. Палуяне, Власьце і Т. Гушчы. I вось, паночкі, мае шчырыя думкі, пасьля таго, як я пераглядзеў іхнія творы. Перш за ўсё зь Ядв. Ш. вырабіўся такі пісьменьнік, што ня можна яго ставіць ніжэй крупных прадстаўнікоў таго ж жанру ў іншых літаратурах: гляньце, напр., на казкі Шчадрына, або гэткія ж апавяданьнi Горкага, на байкі Ляманскага, — няўжо ж Ядв. Ш. горшы ад іх? А калі і горшы, дык ці зашмат?...

Далі бачу я, што з апавяданьняў патэтычэскага кшталту (sic!)[3] няма нічога лепшага над «Лебядзінай песьні» п. Ластоўскага; і бачу яшчэ, што надрукована ім усяго 10—12 апавяданьняў».

Далей — восем радкоў зачыркнены рукой Багдановіча. З таго, што ўдалося зь вялікім трудом расчытаць, вынікае, што на творчасьць Коласа (Т.Гушчы) паэта заглядаўся безь вялікшага захапленьня. З-пад чарніла, якім зачыркнена напісанае, чытаем: «Т. Гушча пісьменьнік з художэсьцьвеннага боку даволі ня важкі, але чытаецца лёгка».

Далей — аб Бядулі, таксама зачыркнена:

«Што да Зьмітрака Бядулі, то тэмы ў яго заўсёды жывыя, але спосаб для выкладу іх заўсёды... (кульгае? — А. Л.) на абедзьве нагі».

А вось цікаўнае пісьмо з 1.8.1912 г. (таксама ўжо цытаванае), напісанае да рэдакцыі «Н. Н.». У ім, паміж іншым, чытаем наступнае — аб Купале:

«Добра зрабілі Вы, паночкі, што заміж фэльетона пачалі друкаваць вялікшыя творы, пісаныя вершам. Калі Вы прыгледзіцеся да выдрукаванай такім чынам паэмы Купалы (— гутарка йдзе аб «Кургане» ў № 25 «Н. Н.» 1912 г. — А. Л.) ды прыцягнеце сюды некалькі рэчаў друкаваўшыхся раней, дык пабачыце, што я не абмыліўся, кажучы быццам Купала уваскрашае сто год назад пахаваны «рамантызм». Што такое гэтая паэмка, як ня самы характэрны для яго твор? Кажу, звычайна, гэтае не ў асуджэньне, а толькі «констатируя факт». Наша пісьменнасьць яшчэ толькі зараджаецца, рамантызм для яе — ня пройдзеная ступень, як у іншых літаратурах, а рэч зусім сьвежая. У нас кожны кірунак можа мець цэннасьць. А таму, назваўшы паэмку Купалы «рамантычаскай», мы гэтым толькі схарактарызавалі яе, а пытаньне аб паэтычнай вартасьці яе — рэч асобая. Мне, напр., здаецца, што памянённая паэма стаіць вышэй ад іншых яго твораў, друкаваўшыхся ў апошнія часы. Тут, праўда, ёсьць усе яго звычайныя мінусы, але за тое і ўсё добрае, — буйнасьць рытму, прыподнятасьць мовы, звонкасьць рыфмы, гучнасьць слоў (вось пра каго можна сказаць, што ён граў на «лире громкозвучной»).

«Колас даў так сама цікавую рэч, маючую праўдзівую цэннасьць (— відаць: «Лесьнікова пасада» з «Новае Зямлі» ў № 28—29 1912 г. — А. Л.)»... «п. Колас і п. Купала пашырылі круг сваей творчасьці».

У заключэньне — канцавы лісток агляду беларускага пісьменства за 1910 год. Стацьця гэтая пад назовам «Глыбы і Слаі» была надрукавана ў «Н. Н.» у пачатку 1911 г. (№№ 3, 4 і 5), але — бяз гэтага Роst scriptum: відаць, рэдакцыя «Н. Н.» не хацела зрабіць прыкрасьці пісьменьнікам, якіх паэта закрануў у даволі вострай форме. Цяпер, калі і сам ён, і той, аб кім ён найбольш востра гаворыць (А. Зязюля — кс. Астрамовіч), — у магіле, можна падаць і гэты лісток да агульнага ведама, як гістарычны матэрыял. Вось што на гэным лістку рукой Багдановіча напісана:

«Р. S. Мы казалі толькі аб тых творах, каторыя (калі не лічыць кнігі ды 2—3 вершы Паўловіча)[4] зьяўляліся або ў «Нашай Ніве», або ў «Маладой Беларусі». Але апрыч іх выдаецца яшчэ газэтка «Bielarus», каторая да таго ж абвясьціла раз, што ў рэдакцыі яе ёсьць людзі, здатныя пісаць пекныя вершы і апавяданьнi. Аднак нямаведама чаму, гэтыя людзі пакуль што яшчэ не друкаваліся, а заміж іх памяшчаў свае творы нейкі паэта Антон Б. (— Антон Бычкоўскі? — А. Л.), у каторага няма ані паэзіі, ані нават разуменьня, што такое беларускі верш. Шмат вершаў піша і А.Зязюля, але аб ім можна сказаць толькі тое, што, напэўна, сказана ў яго пашпарце: «Каталік. Асаблівых прыкмет ня мае». У аднаго толькі П. Простага (— кс. Ільдэфонс Бобіч. — А. Л.) ёсьць праўдзівая здольнасьць. Глаўная вартасьць яго — у стройным разьвіцьці думкі ды ў сьціснутасьці і гучнасьці мовы, надзвычайна пекнай па сваему складу. Але надрукаваў ён усяго 2—3 рэчы, ды і тыя былі невялічкія. Больш у «Віеіаrus»’е згадаць няма чаго».

Закончым наш агляд нававыкрытых рукапісаў Максіма Багдановіча тымі двума вершамі, якія былі знойдзены мной разам зь іншымі, але не былі йшчэ нідзе друкаваны. Адзін, як і дагадваўся паэта, не пайшоў у друк у «Н. Н.» з увагі па свой эратычны зьмест. Гэта — пераклад вэрленаўскага вершу «Ракаўкі»[5]:

Ракаўкі. Пераклад з Вэрлена.

У кожнай з ракавак, пакрасіўшых сабой

Пячэру сьлічную, дзе ты мяне кахала,

Былі асобнасьці свае і выгляд свой.

Адна, чырвоная, як быццам выяўляла

Ўкрай распалёную каханьнем сэрцаў кроў,

Калі я аж палаў, а ты разгарачала.

Другая нагадаць цябе магла б ізноў,

Ды толькі бледую, прыстаўшую, у мленьні,

Калі, каб скрыць пасьмех вачэй, я хмуру броў.

Вось гэта удала ад шыі уражэньне, —

Ружова-белая, кароткая яна, —

А тая — вушанят прыгожых закругленьне.

I сэрца хваляваць магла між іх адна.

М. Багдановіч.

Другі верш — гэта трыялет «Крытыку», які, відаць, быў адказам на нейкія ўвагі Ластоўскага аб творчасьці паэты — у пісьме, каторае Багдановіч успамінае ў сваім пісьме, прысланым разам зь вершам. Вось гэты верш:

Крытыку. (Трыялет).

Чэліні статуй не рабіў,

А толькі статуэткі, —

Аднак, артыста шчыры быў.

Чэліні статуй не рабіў, —

Ці чуеш, крытык едкі?

Дарма ты трыялет ганьбіў:

Чэліні статуй не рабіў,

А толькі статуэткі.

М. Багдановіч.

Яраслаўль. 1913.

З зьместу гэтага вершу ясна, што паэта гаворыць аб сваіх уласных творах — мастацкіх мініятурах, запраўды ж як тыя маленачкія статуэткі, каторыя здабылі сусьветную славу для Бэнвэнуто Чэліні. З гэтым прыёмам Багдановіч аднак у пазьнейшым часе крыху разышоўся: мы ведаем рад яго паэмак, — хоць і тыя вельмі маленькія.

Вось усё тое, што ў нававыкрытых рукапісах Максіма Багдановіча заслугуе на большую ўвагу. Для дасьледчыка жыцьця і творчасьці паэты, пэўне ж, маюць вагу і найменшыя драбніцы, на якіх я не затрымліваўся. Зь імі хай ахвочыя пазнаёмяцца ў арыгіналах.

  1. Правапiс у выметках зь пiсем захаваны такi, якiм карыстаўся аўтар iх.
  2. У пiсьме з 14.ХI.1912 Багдановiч зварачаўся да Iвана Луцкевiча з просьбай аб матэрыялы аб копных судох. Цi апрацаваў гэту тэму, няведама.
  3. Раней у тым жа пісьме Багдановіч прапануе ўжываць слова кшталт заместа стыль.
  4. Кніжка Паўловіча «Снапок» першы раз была надрукавана ў 1910 годзе, з чаго й бачна, што агляд датыча таксама 1910 г.
  5. Правапіс вершаў — цяперашні, каб труднасьць у чытаньні вершаў паводле правапісу Багдановіча не аслабляла ўражаньня ад зьместу.