Зямельнае права ў статутах 1529 і 1566 гадоў

Зямельнае права ў статутах 1529 і 1566 гадоў
Артыкул
Аўтар: Уладзімір Пічэта
1926

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Зямельнае права Вялікага Княжаства Літоўскага ўтваралася звычайным парадкам, шляхам рашэньняў, як вяліка, княжаскага і паноў — рады суда, гэтак і мясцовых судовых корпорацый. Неабходнасьць кодыфікацыі зямельнага права ўжо ў пачатку XVІ веку была зусім яснаю для шляхецкага стану. Назьбіралася шмат розных судовых рашэньняў, якія неабходна было прывесьці ў сыстэму і дадаць усім юрыдычным зямельным нормам, дзейнічаўшым на тэрыторыі Вялікага Княжаства Літоўскага, адзінакавы характар.

Разьвіцьцё гаспадарчага жыцьця, і ў сувязі з гэтым, мобілізацыя зямельнай уласнасьці, якая цяпер пачалася, настойчыва высоўвалі на першы плян пытаньне аб кодыфікацыі права наогул і зямельнага — ў прыватнасьці. Неабходнасьць кодыфікацыі права выразна вызнавалася земляўласьніцкай клясай, якая выступіла на Віленскім сойме ў 1522 годзе з прапазыцыяй аб кодыфікацыі права наогул. В. К. і паны-рады павінны былі пайці на сустрэньне жаданьням шырокіх колаў земляўласьніцкай клясы. Здавальненьне запатрабаваньняў шляхты выявілася ў выданьні статута 1529 года ў якім правы і прывілеі шляхты, як земляуласьніцкага стану, атрымалі даволі поўнае і выразнае выяўленьне і адбітак. Агалошаны статут, гэтак званае першае рэдакцыі, зьмеяшчаў у сабе права выключна земляўласьнікаў. Іншыя вольныя грамадзянскія групы, закрануты ў статуце пастолькі, пасколькі япы ў тэй альбо у другой ступені былі зьвязаны са служылым земляўладаньнем. Статут увëў зямельнае права, якое адналькова дзейнічала па усёй тэрыторыі Вялікага Княжаства Літоўскага.

Шляхецкі стан, сабраўшы у сваіх руках зямельны капітал вялізарнай вартасьці, вельмі раўніва адносіўся да сваіх інтарэсаў і імкнуўся забясьпечыць сябе ад магчымасьці пасяганьняў на свае зямельныя правы з боку чужаземцаў. Шляхта надзвычайна баялася пераходу нават часткі дзяржаўнага зямельнага капіталу ў чужаземныя рукі, праз раздаваньне чужаземцам рознага роду дзяржаньняў. Урад Вялікага Княжаства Літоўскага быў прымушаны ў гэтым пытаньні солідарызавацца з інтарэсамі ўсяго земляўласьніцкага стану. Ужо ў прывілеі Вел. Кн. Казіміра за 2 травеня 1447 году маецца ўрачыстае дэкляраваньне даваць уладаньні і пасады толькі адным тубыльцам[1]. Аналёгічны артыкул маецца і ў прывілеі 1492 г. В. К. Аляксандра,[2] і ў прывілеі 1506 г. В. К. Сыгізмунда,[3] які ў падсумавальным выглядзе пацьверджвае ўсе правы і прывілеі, атрыманыя шляхецкім станам ад папярэднікаў В. К. Сыгізмунда. Статутавая норма, абвяшчаўшая "Иж в землях наших того Великого Князства земель и городов мест" дедитства, держанья и уряды будут раздаваться только прирожаным, а тубыльцом тых земль наших Великого Князста“, аканчальна замацавала гэтае права шляхты, яшчэ раней выказанае ў атрыманых ёю прывілеях[4]. Гэтым артыкулам Статуту шляхта забясьпечвала сябе ад магчымага пранікнавеньня ў яе грамаду чужаземных элемэнтаў. Аднак, вышэйпамянуты артыкул Статуту, ня гледзячы на свой катэгарычны тон, чя раз парушаўся вялікім князем. І палякі і маскоўцы, якія пападалі на тэрыторыю Вялікага Княжаства Літоўскага, атрымлівалі ад В. К. староствы і дзяржаньні. На гэтым грунце створваліся непаразуменьні паміж. В. К. і прадстаўнікамі шляхецкага стану.

Неабходнасьць больш сьціслага азначэньня юрыдычнай нормы у адносінах права чужаземцаў на ўладаньне зямлёю, якая норма знаходзілася ў Статуце 1529 году, была зусім відавочнай. У гэтых адносінах Статут 1566 г. значна дэталізаваў палажэньне вышэйпаказанага артыкулу першага Статуту. У Статуце 1566 г. вышэй паказаны артыкул Статуту 1529 году атрымаў больш выразнае і пашыранае формуляваньне. Асноўны-ж зьмест артыкулу застаўся бяз зьменаў. Статут другога выданья стаяў на тым пункце погляду, "штож в том панстве, Великом Князстве Литовском и во всех землях, ему прислухаючих, достойностей духовных и светских городов, дворов и грунтов староств в держании и поживании, и вечностей жадных чужеземцам и заграничникам, ани суседом того панства давать не маем"[5]. В. К. декляраваў за сябе а за сваіх патомкаў даваць апошнія толькі "Литве, а Руси родичом старожытным и врожанцам Великого Князства Литовского и тых земель, тому Великому Князству належачих". Статут дапушчае, аднак, магчымасьць такого выпадку, калі, наперакор гэтак катэгарычна выказанай забароне, усё-такі ў руках чужаземца акажацца тое ці іншае дзяржаньне, якое было дадзена В. Князем дзякуючы настойчывым просьбам чужаземца. У такім выпадку, калі выявіцца незаконнае ўладаньне альбо дзяржаньне, тогды маетность его вся маеть быть взята до столу и скарбу нашего Великого Князства Литовского". Выключэньне складаюць толькі тыя з чужаземцаў, якія аселі на тэрыторыі гаспадарства "з ласки данины нашое, альбо которым иншым правом". У гэткім разе асобы "оселости оное уживати мають", нараўне з іншымі грамадзянамі Вялікага Княжаства, але ў той-жа час яны абавязаны адбываць з тых земляў, службу земскую тому панству". Дапушчаючы магчымасьць уладаньня зямлей эмігрантамі, законадаўства ІІ Статуту тым ня меней патрабуе, каб чужаземец "на достоинства и всякий вряд духовный и свецкий не маеть быть обиран, а не от нас господаря ставлен". У выпадку, калі-б які-небудзь чужаземец, што займаў тую ці іншую сьвецкую ці духоўную пасаду, не захацеў-бы ад яе адмовіцца пасьля напамінаньня, то такі -маетнасть свою на нас, В. К. Литовского, тратит"[6].

Шляхецкая зямельная ўласнасьць усіх відаў: — вотчынная, выслужаная альбо купленая, як агульнае правіла, недатыкальна. Аднак, з гэтага агульнага правіла ёсьць і выключэньні. Гаспадарскія падданыя, што ўцяклі "до земли неприятельской", разглядаюцца як дзяржаўныя злачынцы і таму "таковый кожный честь свою тратит, а имение его отчизное, и выслуженое, и купленое ни детем ни ближним, только на нас, господаря"[7].

На аснове недатыкальнасьці шляхецкага зямельнага ўладаньня пасьля сьмерці бацькоў "сынове и дочки отчизны отдалены быть не мают". Увашоўшы ва ўладаньне бацькаўскай спадчынай, яны карыстаюцца, нараўне з іншымі зямляўласьнікамі ўсімі "вольностьми и супольным правом, яко княжата и панове хоруговые; шляхта и мещане Великого Князства Литовского посядают и на пажитки свои оборочают"[8]. Аднак, гэтая агульна абавязковая юрыдычная норма можа быць парушана, і дзеці трацяць права на нярухомую маемасьць у тым разе, калі-б бацька, "от детей втек до земли неприятельское", а дзеці, што засталіся дома "не были-бы дельные". Пры існаваньні-ж асобнага ад бацькі ўладаньня, калі, згодна закону, будзе даведзена, што дзеці ня ведалі аб умысьле свайго бацькі, "тогды они части свое не тратят" і на гаспадара толькі "тая часть отцовская спадывает". Гэтак сама, у выпадку, калі-б уцёк заграніцу выдзелены сын, а бацька і раты ня ведалі аб яго умысьле і ніяк яму не дапамагалі, з чаго і маглі-б, вывестися присягами телесными, тогды они частей своих не тратят, лечь толко того брата часть, который втек спадывает на нас гасподаря"[9].

Законадаўства другога Статуту поўнасьцю пераймае палажэньні, што маюцца ў першам Статуце, у адносінах конфіскацыі зямлі уласьнікаў уцёкшых "до земли неприятельское". Статут 1566 г. толькі дапоўніў законадаўства першага Статуту тым, што маемасьцю, якая не падлягае конфіскацыі, зьяўляюцца ня толькі выдзеленыя часткі дзяцей, але і добранабытая "власного набытья своего". Разумеецца, што дзеці ня былі асьвядомлены аб умысьле іхнага бацькі і ня прымалі ў ім ніякага ўдзелу[10]. Апроч таго, Статут 1566 году вымагае, каб аддзелены сын "мешкал-бы на том кром отца своего не в одном местцу з ним, а не за одным плотом и небыл подойзренный"[11]. Таксама, не падлягаюць конфіскацыі ўладаньні і жаночыя "отчизные и материстые", а таксама атрыманае ад злачынца мужа вена, калі толькі выявіцца, што жонкі "таковых здрайц, которые не будут ли ведали, тое здрады мужов своих, а с того се выведут прысегами своими"[12]. Не падлягаюць, таксама, конфіскацыі землі праданыя і запраданыя да моманту ўцяканьня за граніцу, калі толькі ўласьнік гэткай маемасьці "окажет на то листы и держанья своего доведет". У разе, калі ён адмовіцца прысягай апраўдаць сваё уладаньне, "тогды тое купленое, або закупленое имение тратит"[13].

Статут першага выданьня, устаўляючы, як агульнае правіла, што дзеці ня могуць быць пазбаўлены спадчыны пасьля сваіх бацькоў, калі толькі апошнія не зрабілі злачынстваў дзяржаўнага характару, аднак, з гэтага агульнага правіла апошні робіць некаторыя выключеньні. Перш за ўсё траціць права на ўладаньне нярухомай маемасьцю кожная дзяўчына, якая "пашла да чужой земли, да Полщи, або до Мазовш або до которое колве земли, маючи именя отчизны, и материстые, в панстве нашем в Великом Киязстве Литовском". Дзяўчына, што вышла замуж за чужаземца траціць сваё права ўладаньня, отчызнымі і мацярыстымі" землямі, якія адыходзяць "на стрыев рожоных“. У выпадку адсутнасьці гэткіх,- "на яе близких". Пры тым насьледнікі не павінны даваць гэткай дзяўчыне ніякага "пасагу"[14]. Так сама дзяўчына, якая выйшла замуж бяз волі бацькі і маткі, траціць ня толькі права на пасаг, але зусім адхіляецца наследаваньня мацярынскаю маемасьцю нават у тым разе, калі-б яна была адзінаю дочкаю ў сваіх бацькоў[15]. Уся-ж „отчизна спадывает на близких". Таксама, калі-б якая небудзь дзяўчына сірата, вышла замуж бяз згоды "стрыев, або брати сваей", то яна таксама траціць права на ўладаныне законнай сваею часткай маемасьці. Каб абегчы злоўжываньняў, якія пры гэтым маглі-б вынікнуць, Статут 1529 г. дазваляе дзяўчыне, што жадае выйсьці замуж, але якой браты і дзядзькі робяць у гэтым перашкоду, зьвярнуцца за дапамогай "дальшых кровных своих, або до враду". У гэткім выпадку, яна ня траціць права на маемасьць. У праціўным выпадку, калі ня зьвернецца да ўраду альбо да блізкіх і была-б дарослай усё такі пойдзе замуж, "тогды имене тратит"[16]. Статут прадбачыць магчымасьць абражаньня дзецьмі бацькі альбо маткі. У такім разе "если бы сын отца вдарил, або зсоромотил, або которые втиски и пренегебанья ему чинил", то бацька мае права адхіліць сына ад право на спадчыну. У разе, калі-б у бацькі быў адзін сын, тагды дзьве часьці маемасьці пераходзяць да сваякоў, а трэцюю частку ён можа "обернути“ па ўласнаму жаданьню. У аналёгічных выпадках і матка можа адхіліць сваю дачку "от свае части материстого"[17]. Аддаленьня ад права на спадчыну праз духоўную запісь Статут першай рэдакцыі не дазваляе. Каб абегчы злоўжываньняў, Статут патрабуе, каб тая старана, што мае замер адхіліць сваіх дзяцей ад спадчыны, "пришодши перед господарем, або перед урадником, поведити и дати на него слушные причины", тагды, калі з гэтым згодзіцца ўрад, альбо гаспадар, парушыўшага пачцівасьць да бацькоў можна "за его выступ злый записом от именя отдалити"[18].

Статут другое рэдакцыі закранае тыя ж самыя пытаньні, якія былі ўзьняты ў Статуце першага выданьня. Стоячы на пункце гледжаньня неаддальвальнасьці дзяцей ад наследаваньня бацькаўскае і мацярынскае маемасьці, Статут другога выданьня дапушчае таксама рад выключэньняў, часткай аналёгічных першаму Статуту, часткай уводзіць новыя выпадкі, дзякуючы якім бацька мае права адхіліць сваіх дзяцей ад маемасьці. Статут 1566 г, адмовіўся аддальваць ад права на ўладаньне нярухомасьцю тых дзяўчат, якія вышлі замуж за чужаземцаў. Статут патрабуе толькі "иж бы каторыи колвек, оселый и неоселый оженился в Литве и побрал по жене именья", у выпадку "войны и каждое потребности Великого Князства Литовского", быў абавязаны адбываць з тых маёмасьцяў вайсковую службу, не адмаўляючыся тым, што яму жонка тае маемасьці не запісала. У выпадку, калі запатрабаваньне гэтае ім будзе парушана, то тагды ён і яго жонка "тратят тые именья"[19]. Статут 1566 г. поунасьцю падзяляе пункт гледжаньня першага Статута, згодна якога дзяўчыны, што вышлі бяз згоды бацькоў замуж, трацяць права на атрыманьне пасагу і адхіляюцца ад маемасьці етчызнай и мацярыстай[20]. Таксама статут 1566 г. стаіць і на тым пункце гледжаньня, што дзяўчына, якая вышла замуж бяз волі на тое братоў і сваякоў, альбо бяз згоды ўраду, калі браты робяць перашкоды гэтаму шлюбу, адхіляецца ад насьледаваньня[21]. Статут 1566 г. прадбачыць яшчэ новы выпадак, калі дзяўчына альбо удава можа быць адхілена ад бацькаўскай альбо мацярынай маемасьці. Гэтак, калі дзяўчына, альбо удава, будучы шляхецкага пахаджэньня, выйдзе замуж за простага стану чалавека, то яна аддальваецца ад усіх маёмасьцяў, якія пераходзяць да сваякоў. Аднак тыя, што атрымалі спадчыну, павінны гэткай "девце, або вдове за тые именья ее, отложити суму пенезей, подле шацунку Статутового, але по паловицы т. е. даючы за каждую службу людей 5 коп. гращей, а иншие грунты сумы по половицы"[22]. Апроч таго, гэткія ўдовы і дзяўчаты, што вышлі замуж за простага стану людзей, трацяць сваё вена. Усякія абавязанасьці дзяцей і кроўных трацяць у гэтым выпадку сваю сілу. Статут другога выданьня прадбачыць, таксама, рад выпадкаў калі бацькі, зразумела за згодай адпаведнай улады, маюць права аддаліць сваіх дзяцей ад насьледаваньня. Ён зазначае магчымасьці: 1) калі "сын кгвалтовне руку поднесет на родичов, альбо имение за живота з рук отцовских кгвалтовней отыймает". 2) Калі сын учыніць "значную кривду" свайму бацьку, альбо якім небудзь спосабам зробіць замах на яго жыцьцё. 3) Калі сын ці дачка праз злосьць і ненавісьць будуць рабіць заходы на жыцьцё бацькі альбо маткі. 4) Калі сын адмовіцца ўзяць на сябе паруку па сваім бацьку, хоць справа закранала жыцьця апошняга, альбо наогул адмаўляўся ўзяць на сябе які-небудзь абавязак у адносінах да свайго бацькі. 5) Калі дзяўчына, ня вышаўшы замуж, ня гледзячы на тое, што кроўныя ня чынілі ёй у гэтым ніякіх перашкод, вядзе непачцівым спосабам жыцьцё, а хаця і дасягнула 25 гадоў, усё такі ня вышла замуж, але жыла старым спосабам, "тогды родичове могут от именя выдетечить, а то для того, аж их послушна быть и в малженство пойти не хотела". 6) Калі сын вызначваецца псыхічнай ненармальнасьцю в "земстью розума". 7) Калі хто небудзь з бацькоў аказаўся ў палоне, а сын адмовіўся іх выкупіць, уладаючы пры гэтым сваёю уласнаю маемасьцю. 8) Сыны, што адступіліся хрысьціянскае веры. Зразумела, адхіленьне сыноў ад насьледаваньня можа быць зроблена на духоўніцаю, але толькі ў прысутнасьці ўлады. Апошняя павінна выслухаць зробленую, заяву праверыць яе асновы, і тагды запісаць у адпаведную кніжку[23].

Права ўладаньня нярухомай маемасьцю грунтуецца на гаспадарскам падараваньні, замацаваным лістом, альбо даўнасьці часу. Усякае зямельнае дзяржаньне павінна адпавядаць таму, што запісана у лісьце гаспадарскім. Земляўласьнік, які атрымаў ад В. К. ліст на зямельнае ўладаньне, але пры ўводзе ва ўладаньне захапіў больш "нижли просил" у такім выпадку "тую выслугу и данину тратит". Роўна-ж, калі-б земляўласьнік захапіў без даніны зямлю і далучыў яе да сябе, то такая асоба траціць сваю выслугу і "тое забрание", якая сладвае на гаспадара. Так-жа сама, калі хто небудзь "ку отчизному своему имению люди або земли, пущи, або ловы возера без данины забрал", дык у такім разе з мэтай пакараньня, з яго маемасьці выдзяляецца частка роўная па каштоўнасьці забранай ім маемасьці, якая "спадывает на господаря". У разе калі земляўласьнік захапіў толькі людзей з зямлёй або без зямлі, альбо захапіў пустую зямлю, то з яго зямельных уладаньняў робіцца адпаведная компенсацыя... мает каждого человека колько будет взял своими отчызнами навязываит, из землями, а земли кождую землю землей.[24]

Урад Вялікага Княжаства Літоўскага строга пільнаваўся вышэй паказанага артыкулу першага Статуту. Пры ўтварэньні аграрнай рэформы Сыгізмундам Аўгустам у заходніх частках Вялікага Княжаства Літоўскага, адбывалася паверка праў на землю. У разе, калі дзяржальнікі зямлі ня мелі адпаведных дакумантаў на права уладаньня зямлёй, то усе гэтыя бездакумантныя землі адпісваліся на гаспадара[25]. Земляўласьнікі Вялікага Княжаства Літоўскага маглі аказацца ўласьнікамі зямляў, на якія яны к моманту выданьня Статуту 1529 г. ня мелі ніякіх дакумантаў, і права ўладальня якімі грунтавалася толькі на даўнасьці часу. Ужо ў шляхецкіх прывілеях гаварылася аб такога рода зямельных уладаньнях і прывілеі фактычна замацоўвалі іх за ранейшымі ўласьнікамі. Статут 1529 году гарантаваў шляхце недатыкальнасьць гэткіх дзяржаньняў. Гэтак, калі-б хто-небудзь уладаў спакойна маемасьцямі і паселенымі землямі яшчэ ад часоў Казіміра, хаця-б на іх ня было ніякіх апраўдальных дакумантаў і ніхто-б на іх не заяўляў пратензій "и о том до короля Олександра будет ся никто ся не привпоминал бы" то гэткія асобы захоўваюць за сабою права ўладаньня.[26] У выпадку-ж падняцьця іску адносна незаконнага ўладаньня В.К. павінен быў "справедливость чинити без отволокі."[27] Калі-ж хто адбярэ ад гэткага ўладальніка землі а патым выявіцца, што гэтая зямля знаходзілася ва ўладаньні сям'і ад часоў Вітоўта, Сыгізмунда і Казіміра, то гэткі ўладальнік захоўвае поўнае права на сваю землю.[28]

Статут першага выданьня, замацоўваючы за ўладаньнікамі землі, якімі яны валадалі ад старых гадоў без дакумантаў, пры адсутнасьці якіх бы то ні было сустрэчных спрэчных іскаў на прычыне ўладаньня зямлёю, павінен быў азначыць пунктуальна таксама і тэрмін даўнасьці, пасьля якога ніякія іскі ў адносінах да нярухомай маемасьці ня будуць дзейснымі. Статут першага выданьня аканчальна азначае тэрмін даўнасьці 10 гадамі. Па выхадзе 10 гадоў усякія іскі зьяўляюцца ня дзейснымі, і нярухомае ўладаньне застаецца ў руках тае асобы, якая трымала зямлю на працягу гэтага часу. Аднак гэты тэрмін даўнасьці не пашыраецца на недарослых да моманту іх сталага ўзросту, калі даросламу "младенцу" выйдзе 18 гадоў, а „девце 15 лет". Аднальхова, тэрмін даўнасьці ня мае свайго юрыдычнага значаньня для тых асоб, што знаходзіліся заграніцай, зразумела, з дазволу В.К., аж да павароту гэткай асобы назад да дому. Для тых, што вярнуліся з заграніцы, тэрмін земскас даўнасьці пачынаецца "от того часу, как с чужой стороны к своей земле приедеть".[29]

Статут першага выданьня прадбачыць магчымасьць гэткага выпадку, калі дзьве асобы заяўляюць пратэнзыі на адну і тую-ж зямлю, і калі кожны з тых, што даходзіць на яе права, мае пэўную аснову сваіх дамаганьняў. Гэткія спрэчныя пытаньні могуць узьнікнуць толькі ў тым выпадку, калі ўрад выдасьць два дакуманты на права ўладаньня адней і таеюж зямлёю і людзьмі. Зразумела, выданьне двух дакумантаў зьўляецца вынікам памылкі Ўраду і злоўжываньня з боку таго, хто прасіў аб падарэньні, ведаючы, што гэтае ўладаньне знаходзіцца ў другіх руках. У такім выпадку захоўвае сваю сілу "першы привилей або лист колко лет поживал и в держаню был". Статут падымае, так сама пытаньне аб тым, як быць з тымі землямі, што былі падараны земляўласьнікам, якія ня гледзячы на тое, што атрымалі ад гаспадара лісты на уладаньне зямлёй, на працягу 10 гадоў не ўвашлі ва ўладаньне данымі ім землямі. У гэткім разе, за выключэньнем тэрміну даўнасьці, яны трацяць права на ўладаньне надаранай В.К. зямлёю[30]. Статут другога выданьня закранае тыя ж пытаньні, але ў вырашэньне апошніх ён ня ўносіць ніякіх зьмен[31].

Ужо шляхецкія прывілеі дазволілі ўласьнікам нярухомай маемасьці распараджацца ёю па ўласнаму жаданьню[32]. Урад павінен быў контраляваць вольнасьць звароту зямельнай уласнасьці з тым, каб ад гэтага не пацярпелі інтарэсы дзяржавы, з тае прычыны, што кожнае зямельнае дзяржаньне было зьвязана з адпраўленьнем ваеннай павіннасьці дзяржаве.

Статут 1529 году, захоўваючы за земляўласьнікамі права вольнага распараджэньня сваімі землямі, аднак абмяжовывае апошняе права ў адносінах фамільных і выслужаных маемасьцяй "вольную моц имения своего третью часть отдати, продати, даровати и в пожитки добровольные привести", зразумела з прыняцьцем пад увагу вызначаных законам фармальнасьцяй, і атрыманьня ад цэнтральнай альбо правінцыяльнай улады дазволу на права заключэньня адпаведных грамадзянскіх зьдзелак[33]. Разумеецца, што гаспадарская адміністрацыя пе магла рабіць ніякіх перашкод у тым выпадку, калі адчужэньню падлягала толькі адна трэцяя ўладаньня. Самы-ж зварот зямляўласьніка да адміністрацыі быў выклікан неабходнасьцю кантроля з боку дзяржаўнай улады, якая сьлядзіла за тым, каб закон ня быў парушаны дзяржальнікамі зямельнай уласнасьці. Аднак, Статут, даючы земляўласьніку права прадаць на вечнасьць толькі трэцюю частку маемасьці, у той-жа самы час дазваляе апошняму ў выпадку неабходнасьці, "естли б была б потреба на службу нашу земскую пенези, две части заставити и толку", пры ўмове, што застаўная сума ня будзе большаю вартасьці адданых у заставу двух частак. У выпадку парушэньня гэтага патрабаваньня, кроўныя, пры выкупе застаўнае маемасьці, "не павинны больш дати одно, чого стоят тые две части". Асоба, што ўзяла маемасьць у заставу і давала пазыку, якая перавышае вартасьць маёмасьці, траціць гэтую лішку беззваротна[34].

Статут 1529 году, дазваляючы адчужваньне пэўнага ліку зямлі, а таксама дапушчаючы магчымасьць заставы і апошняй непраданай зямлі, ішоў на сустрэньне тагочасным запатрабаваньням жыцьця. Народная гаспадарка, якая ўжо разьвілася, і асабліва сельска-гаспадарчы пад ем, што тагды адбываўся, утваралі крайнюю неабходнасьць мобілізацыі зямельнай уласнасьці. Пагоня за зямлёю, з боку асобных прадстаўнікоў шляхецкага стану, была прычынай значнага запрапанаваньня асобнымі земяўласьнікамі сваіх земляў на продаж[35].

Абмяжаваньне першага Статуту адносна права распараджэньня знаходзілася ў супярэчнасьці як з запатрабаваньнямі народнай гаспадаркі, гэтак і з шляхецкімі правамі і прывілеямі. Калі шляхецкія правы давалі шляхцічам права вольнага распараджэньня сваею маемасьцю, але апошняе ўсё такі абмяжоўвалася дзейным законадаўствам, то зусім зразумела, што кляса земляўладальнікаў павінна была імкнуцца да таго, каб дабіцца зьмены адпаведнага артыкулу першага Статуту. Спачатку ўсе абмежаваньні першага Статуту былі захованы ў Статуце 1566 году[36], што, зразумела, знаходзілася ў поўнай супярэчнасьці з артыкулам гэтага-ж самага Статуту, які дазваляў "всим станам шляхецкага народу, яко людем вольным... имениями своими отчизными, материстыми и якимже кольвек обычаем набытыми шафовати, водле потребе воли и подобаньня своего отдати, продати, даровати, записати, заставити в долгу и в сумах завести заменяти"[37]. Нязьмененая юрыдычная норма Літоўскага Статуту сустрэла супярэчаньні з боку шляхты на Берасьцейскім Сойме 1566 г., які адмяніў вышэй паказаны артыкул Статуту. Згодна вырашэньня Берасьцейскага Сойму, кожны земляўласьнік мае права распараджэньня сваімі айцоўскімі, земскімі, матчынымі, выслужанымі і купленымі маемасьцямі, бяз усякага абмежаваньня. Кожны земляўласьнік мае право, водле доброе воли своее и мысли, отдати, продати, даровати и записати, заставити, от детей и близких отдалити подле бачэнья своего тым шафовати" Для ўтварэньня гэткае зьдзелкі ужо цяпер не патрабуецца дазволу дзяржаўнай улады. Шляхціч, які ўтварае тую ці іншую грамадзянскую зьдзелку, павінен аб гэтым паведаміць уладу для занясеньня яго заявы ў належныя актавыя кніжкі аб тым, што такая-то маемасьць перайшла ва ўладаньне другое асобы[38].

Статут першага выданьня, дазваляючы адчужваньне пэўнай часткі маемасьці, аднак не пашырае гэтага права на апякуноў. Апошні "не моцон есть отчизны детиное продати, або яко кольвек стратити, а ни тэж того именя их граничити". У выпадку парушэньня апякуном гэтай пастановы, дзеці, дасягнуўшы сталасьці, заховываюць за сабою права праз суд дабівацца аднаўленьня парушаных іхных інтарэсаў. Прычым, у гэткім разе, земская даўнасьць вядзе свой пачатак толькі з таго моманту, калі дзеці дасягнуць "супольных лет"[39]. Таксама, старэйшы сын ці старэйшы брат, што быў апякуном сваіх братоў і ў той жа час суўласьнікам непадзеленай маемасьці, ня можа, за выключэньнем толькі часткі, якая на яго прыпадае, "задолжити, продати, заставити, отдати, стратити". У выпадку калі суўласьнікам прыдзецца адказваць за даўгавыя абавязнасьці бацькоў, якія знаходзяцца на маемасьці, то старэйшы брат "с ведома и з волею, и с порадою старших приятелей дому своего, тогды моцон будет именья брати своей в пенезях завести, а тые долги отцовские, або матчины со своих частей мают заплатити, с тых же пенезей". пры тэй аднак умове, што сума, атрыманая за адданьне маемасьці ў заставу, ня будзе перавышваць велічыні даўгоў[40].

Статут 1566 г. ня ўнёс ніякіх зьмен у пастановы першага Статуту[41]. Статут першай рэдакцыі, абмежаваўшы права распараджэньня ўласьніка сваею отчызнай зямлёй, увёў таксама абмежаваньні і ў права земляўласьнікаў на духоўныя запісы. Паколькі права ад казных было зусім вольным і частка зямлі магла быць перададзенай, праз адказаньні у чужыя рукі, пастолькі Статут першай рэдакцыі абмежаваў адней трэцяй часткай маемасьці фамільнай і выслужанай, якую можна аддаваць па адказаньню[42].

Статутавае права ведае яшчэ асобны від земляўладаньня гэтак званае "заставное землевладение", якое ўжо к XV веку мела пэўнае пашырэньне. Пад застаўным земляўладаньнем Статут разумее землі, адданыя за доўг у забесьпячэньне апошняга. Звычайна, застаўленыя двары пераходзілі ва уладаньне і эксплуатацыю крэдытора. Прыбытак ад эксплёатацыі зьяўляўся свайго роду працэнтамі за пазычаныя грошы. Права заставы шырока практыкавалася ў канцы XV і пачатку XVІ веку, як самім гаспадаром, так і прыватнымі асобамі. Вялізарны лік вялікакняжаскіх такіх дамэнаў знаходзіўся ў заставе ў літоўскабеларускіх магнатаў[43]. Звычайна застаўленым уладаньнем распараджаўся крэдытор. Аднак, бывалі выпадкі калі застаўленая маёмасьць заставалася ў карыстаньні ўласьніка. Разумеецца, гэта зьяўляецца выключэньнем. Застаўныя зьдзелкі маглі быць на тэрмін і без вызначэньня апошняга.

Пры передачы ў часовае ўладаньне заставы, уласьнік ня траціў права ўласнасьці на застаўленую нярухомую маемасьць. Дзякуючы гэтаму земская даўнасьць не пашыраецца на застаўныя ўладаньні, бо крэдытор, які атрымаў землю у заставу, не зьяўляецца поўным распарадчыкам уладаньня. Дзякуючы адсутнасьці права земскай даўнасьці ў адносінах да бяз тэрміну застаўленай маёмасьці, уласьнік апошняе мае права "отложивши перед врядом пенези", патрабаваць звароту сабе назад "заставленых держний дедицства своего... так за правом своим прирожоным, так яко колве инак набытым". Дзяржальнік заставы ня мае магчымасьці адмовіць уласьніку ў звароце яму назад адданай у заставу нярухомасьці. У выпадку калі-б дзяржальнік заставы, пры падняцьці іску не зьявіўся-б у суд, то уласьнік уваходзіць ва ўладаньне застаўленай маемасьцю, а застаўная сума пакідаецца ў распараджэньні ўраду для перадачы яе дзяржальніку застаўнай маемасьці, які у суд не зьявіўся[44]. Затым Статут перадбачыць магчымасьць гэткага выпадку, калі сыходзіць тэрмін застаўнае зьдзелкі, а сам уласьнік ня мае магчымасьці выкупіць свае маемасьці. У гэткам разе Статут дае ўласьніку маёмасьці палёгачны гадавы тэрмін, па выхадзе якога маемасьць можа быць выкуплена[45]. У разе, калі, па выхадзе гэтага тэрміну сам уласьнік маемасьці, альбо яго сваякі, да якіх павінен зьвярнуцца ўласьнік застаўленай маёмасьці з прапановай выкупіць апошнюю ня зробяць гэтага на працягу палёгачнага гадавога тэрміну, то застаўленая маемасьць робіцца ўласнасьцю крэдытора[46]. У выпадку, калі асоба, якая аддала маемасьць у заставу, памрэ да выкупу, то Статут дае права сыну альбо сваяку выкупіць маёмасьць не чакаючы канца палегачнага тэрміну[47].

Статут першае рэдакцыі, абараняе інтарэсы, як уласьніка застаўленай маемасьці, гэтак і яго блізкіх, ад незаконнага прыўлашчваньня дзяржальнікам застаўленай маемасьці; без захаваньня тых надворных формаў, прысутнасьць якіх павінна была абараняць інтарэсы сям'і і ў той-жа час ставіць пад ахову закона таксама і інтарэсы дзяржальнікаў застаўных маемасьцяў. Статут 1529 году не дапушчае звароту застаўленай на тэрмін маемасьці да сканчаньня тэрміну заставы. Статут адносіцца адмоўна да спробаў гэткага роду і разглядае апошнія як дзеяньні крімінальнага характару, за якія вінаватая асоба падлягае пакараньню. Гэтак, калі-б хто-небудзь заставіў каму маемасьць альбо людзей сваіх на пэўны тэрмін, а затым ня выплаціўшы грошы да выхада тэрміну, адабраў застаўленую маемасьць альбо людзей, то вінаваты ў гэткім дзеяньні павінен заплаціць за гвалт 12 рублёўгрошаў і столькі-ж на карысьць В. К. Апроч таго, калі-б застаўленыя людзі не захацелі рабіць на свайго часовага дзяржальніка і тым самым зрабіліб яму ўшчэрбак, тагды уласьнік застаўленай маемасьці павінен "за кождый тыдзень мает платити навязки шесть грошей за того, каторый будет мети волы а клячу, а за того, который пеш будет, мает платити тры грошы". Роўна-ж, калі-б скончыўся тэрмін заставы, і дзяржальнік застаўленай маемасьці не захацеў бы узяць належную яму суму грошаў і вярнуць уласьнікам застаўленую маёмасьць, то у гэткім разе, уласьнік павінен зьвярнуцца да павятовага віжа, які павінен аддаць другой старане належныя ёй грошы. Калі-б дзяржальнік застаўленае маёмасьці ў гэткам разе адмовіўся ўзяць грошы, то тагды павінен аддаць грошы ў гаспадарскі скарб і ўвесьці ва уладаньне уласьніка маемасьці, што была ў заставе[48]. Статут другое рэдакцыі фактычна ня унёс ніякіх зьмен у сутнасьць статутавага застаўнага права[49].

Звычайна, у заставу аддаваліся толькі землі, якімі ўласьнікі валадалі на правох поўнае ўласнасьці і неабмежаванага распараджаньня[50]. І жонка магла аддаваць у заставу, атрыманае ад мужа вена. Усякага роду дагаворы аб заставе маемасьці павінны былі быць пісанымі. Застава маемасьці спынялася ў выпадку выплаты доўгу альбо утварэньня выкупу. Маемнасьць, нявыкупленая ў тэрмін, пасьля быцьця усіх фармальнасьцяў пераходзіць ва уласнасьць крэдытора[51].

Права уладаньня зямлёй, як агульнае правіла, саправаджвалася з абавязкам для уласьнікаў адбываць ваенную павіннасьць. Статутавае права ня ведае права ўладаньня зямлёю, не зьвязаннага з адпраўленьнем ваеннай павіннасьці. Статут 1529 году ўскладае на кожнага земляўласьніка абавязак адбываць ваенную павіннасьць згодна земскае ухвалы "яко на тот час будет потреба указывати". Кожны шляхціц павінен выходзіць на вайну асабіста і апроч тога выстаўляць на вайну пэўны лік узброены людзей у залежнасьці ад велічыні свайго уладаньня, прычым той лік службаў, з якіх выстаўляецца адзін узброены чалавек, вызначвацца ўхвалай. Статут 1529 году, вымагаючы, каб кожны земляўласьніка асабіста адбываў ваенную службу, дапушчае аднак магчымасьць незьяўленьня на ваенную службу у выпадку хваробы, належным спосабам засьведчанае. У гэткім разе, хворы земляўласьнік павінен выставіць замест сябе ўзброенага чалавека. Таксама, калі-б здаровы шляхціць, маючы дарослага сына, ня выдзеленага, захацеў бы выслаць яго на вайну замест сябе, то за згодай гэтмана, гэткая замена бацькі сынам дапушчаецца[52]. У разе адсутнасьці згоды, на войну павінны ехаць бацька. Шляхціц, які адмовіўся адбываць ваенную службу, траціць права на ўладаньне зямлёй. Статут пагражае гэткаму шляхціцу конфіскацыяй яго маемасьці[53]. Аднак, калі-б які шляхціц ня прыехаў на вайну па законных прычынах, то, зразумела, гэткая незьяўленьне ня лічыцца незаконным і ня дягне за сабою конфіскацыі маемасьці[54]. Статут другое рэдакцыі ня ўнёс ніякіх зьмен у агульны характар абавязкаў служылых земляўласьнікаў, за выключеньнем толькі таго, што ўсякага роду пытаньні, якія дакранаюцца абароны земскай, абавязкова вырашаюцца на Вольным Сойме[55].

Што належыць застаўленых маемасьцяў, то пытаньне аб тым, хто павінен быў адбываць з апошніх ваенную службу, быў абмінуты у Статуце першай рэдакцыі. Узьнікшыя на гэтым грунце непаразуменьні вымагалі тлумачэньня і нават юрыдычнага афармаваньня. Гэта было зроблена ў Статуце 1566 году. Апошні зазначае, як агульнае правіла, што дзяржальнікі застаўленых маемасьцяў, павінны "службу земскую того заступовати", калі толькі у застаўным дакумэнце не абгаворана, што абавязак адбываньня ваеннай службы застаецца за яго юрыдычным уласьнікам. Апошнія павінны былі адбываць ваенную службу і ў тым разе, калі дзяржальнікам заставы былі асобы, якія ня мелі права па свайму юрыдычнаму стану адбываць ваенную службу гды бы оселости яковое и можности не мог меть"[56].

  1. Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства, 1910. Приложения. Привилеи 1447 г. § 14.
  2. Тамже привилеи 1492. г. § 16.
  3. Тамже привили 1506, § 2.
  4. Статут 1529 (Временник Московского Общества Истории и древностей Российских; книга 18, м. 1854). Раздел ІІІ арт. 3.
  5. Статут 1566 (Издание Моск. Общ. Ист. н Древ. Рос.). Раздел ІІІ арт. 9.
  6. Статут 1566, раз. 11, арт. 9.
  7. Статут 1529, Разд. І. арт. 2.
  8. Статут 1529, Разд. ІІІ, арт. 9.
  9. Статут 1529, Разд. 1, арт. 4.
  10. Статут 1566. Разд І. арт. 6.
  11. Статут 1566, Разд. І, арт. 11.
  12. Статут 1566, Разд. 1, арт. 3.
  13. Статут 1566, Разд. 1. арт. 10.
  14. Статут 159. Разд. ІV. арт. 10.
  15. Статут 1529. Разд. ІV. арт. 11.
  16. Статут 1529. Разд. ІV, арт. 12.
  17. Статут 1529. Разд. ІV, арт. 14.
  18. Статут 1529. Разд. ІV, арт. 14.
  19. Статут 1566. Разд. V. apт. 6
  20. Статут 1566. Разд. V, арт. 7.
  21. Статут 1566. Разд. V, арт. 8.
  22. Статут 1566. Разд. V, арт. 11
  23. Статут 1566. Разд. VІІІ, арт. 7.
  24. Статут 1529 разд. 1 арт. 8
  25. Пичета. Аграрные реформа Сигизмунта-Августа в литовско-русском государстве ч. І Москва 1917 г.
  26. Статут 1529 г. разд. І арт. 14.
  27. Статут 1529 г. разд. І арт. 14.
  28. Статут 1529 разд. І арт. 19.
  29. Статут 1529, разд. 1, арт. 18
  30. Статут 1529 Разд. 1 арт 24.
  31. Статут 1516, Разд. І стр.15, 28, 29 Разд. ІІІ арт. 38.
  32. Любавский. Очерки истории, Привилей 1413. арт. 4.. Привилен 1447, арт. 1.
  33. Статут 1529 Разд. 1, арт. 15.
  34. Статут 1529, Разд. І арт. 16.
  35. Пичэта. Эпоха городское гаспадаркі Беларусі. (Полымя. 1925, № 6.)
  36. Статут 1566. Разд. ІІІ. арт. 4.
  37. Статут 1566, Разд. ІІІ. арт. 33.
  38. Статут 1560. Разд. VІІ, арт. 1.
  39. Статут 1529, Разд. V арт. 9.
  40. Статут 1529. Разд. V арт. 7.
  41. Статут 1566. Разд. VІ арт. 10 и 11.
  42. Статут 1529. Разд. V, арт. 18.
  43. Пичета, Аграрная реформа, ч. 1 стр. 37.
  44. Статут 1529. Разд. Х. стр. 5.
  45. Статут 1529. Разд. Х арт. 5.
  46. Статут 1520. Разд. Х. стр. 9.
  47. Статут 1529, Разд. Х. арт. 5.
  48. Статут 1529, Разд. Х, арт. ІІ.
  49. Статут 1566, Разд. VІІ, арт. 14, 15. 16. 18 и 19.
  50. Статут 1566, Разд. VІІ стр. 7.
  51. Статут 1566, Разд. VІІ стр. 18.
  52. Статут 1529, Раз. ІІ стр. 1, 5 и 6.
  53. Статут 1529 Разд. ІІ, стр. 1, 7.
  54. Статут 1529, раз. ІІ, арт. 6.
  55. Статут 1566. Разд. І, арт. 1, 2, 11, 12 и 13.
  56. Статут 1566, разд. ІІ, арт. 4.