Зімовы вечар (Пушкін/Глебка)
Зімовы вечар Аўтар: Аляксандр Пушкін Пераклад: Пятро Глебка |
Крыніца: http://knihi.com/Alaksandar_Puskin/Zimovy_viecar_hlebka.html |
Бура мглою неба крые,
Кружыць замець за акном;
То, як звер, яна завые,
То заплача дзіцянём,
То саломаю трывожна
Па страсе зашалясціць,
То, як позны падарожны,
У акно загрукаціць.
У хаціне ў нас — тужліва
І маркотна у цямне.
Што ж, старэнькая, маўкліва
Ты заціхла пры акне?
А ці буры завываннем
Ты затомлена адна,
А ці дрэмлеш пад спяванне
Ты свайго верацяна?
Вып’ем, мілая галубка,
Друг маіх юначых дзей,
Вып’ем з гора; дай мне кубка, —
Сэрцу будзе весялей.
Заспявай мне, як сініца
Аж за морам дзесь жыла.
Заспявай, як да крыніцы
Па ваду дзяўчына йшла.
Бура мглою неба крые,
Кружыць замець за акном,
То, як звер, яна завые,
То заплача дзіцянём.
Вып’ем, мілая галубка,
Друг маіх юначых дзей,
Вып’ем з гора; дай мне кубка, —
Сэрцу будзе весялей.
1825