З-пад праху вякоў

З-пад праху вякоў
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1914

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У нашай беларускай мове, як, можа, нідзе ні ў якой іншай, багата слоў такіх, каторыя па тысячы і болей гадоў пратрывалі і дажылі да нашых часоў. Толькі ж словы гэты хоць дажылі, але праз даўгія сталецці сталіся незразумелымі нам: слова асталася, але тыя, каторыя гаварылі і разумелі, сышлі пад зямельку, і слова сталася для нас нямым. Каб уразумець змест слова, трэба многа з усіх канцоў Беларусі сабраць аб ім вестак. Не адно з такіх слоў прыкрывае сабой цэлы свет пра цікавых паняццяў. Ажывіць гэтыя словы і зразумець іх значэнне яшчэ можна, абы толькі кожны з вас патрудзіўся дзеля добрай справы і ўсё, што можа даведацца аб гэта ад старых людзей, пастараўся запісаць.

Словы, каторых значэння я дашуківаюся, такія: багач, варапай, волат, Кашчэй, Наўскі вялікдзень, Стаўры, Ярэц.

Багач. Слова «багач» дужа старое, азначае агонь, гарачыя вугалі. Ці ўжываюць у вас гэтага слова? У якім значэнні? Ці не расказваецца ў казках або ці не пяецца ў песнях аб багачу, як аб жывой асобе?

Варапай. Гэтае слова сустракаецца ў вясельных песнях, пяецца: «Ах ты, караваю-варапаю!» На Падзвінні расказваюць людзі, што Варапай — гэта такое стварэнне, на хрыбце каторага трымаецца зямля. Падобен ён да варапоўкі (жабы, рапухі), але з зарослыма вачыма.

Ці ёсць каля вас падобная легенда? Што разумеюць пад словам «Варапай»? Чаму каравай называюць Варапаем? На чым — калі расказваюць у вас — трымаецца зямля?

Волат. Валатоўкамі многа дзе на Беларусі называюць курганы-магілы (магілы волатаў). Расказваюць людзі, што жыло калісь на свеце племя дужа вялікіх людзей, так вялікіх, што цяперашні чалавек перад волатам выглядаў, бы мурашка перад цяперашнім чалавекам. Пачалі малець людзі ад таго, што сталі есці варанае. Адзін раз дзеўка валатоў ішла полем і ўбачыла звычайнага чалавека, што араў валамі, яна ўзяла таго чалавека разам з плугам і валамі на далонь, прынесла да свайго бацькі і кажа:

— Ці бачыў, ты, тата, якая смешная мурашка ў мяне на руцэ?

А бацька ёй кажа:

— Не, дзеўка, гэта не мурашка, а такі ж чалавек, як і мы, толькі маленькі. Калісь усе людзі будуць такія, а перад канцом свету яшчэ болей паменшаюць: будуць усемярых аднаго пеўня рэзаць. Ці называюць у вас курганы валатоўкамі, а калі не, то як? Ці ёсць якія расказы і казкі аб волатах, аб касцях іхных ды інш.

Кашчэй. Слова гэтае вядомае ў старой пісьменнасці (ад ХII в.), азначала калісь — раб, нявольнік, цяпер сустрачаецца ў казках. Што разумеюць у вас пад гэтым словам?

Наўскі вялікдзень. Навій па-славянску знача — нябожчык. Наўскім, нашскім, наскім вялікаднем называюць вясеннія памінкі па дзядах, — у адным месцы Радаўніцу, у другім Сёмуху. Ці спраўляюць у вас вясной памінкі і як іх называюць? Калі Наўскі вялікдзень — на Радаўніцу ці на Сёмуху?

Стаўры. Каля Дзвіны і Бярэзіны ў першай палавіне ХIХ ст. святкавалі перад Сёмухай Стаўроўскія дзяды. У часе вячэры на гэтых Дзядах гаспадар, узяўшы ў руку місу з куццёй, кланяўся на покуць і тры разы казаў: «Стаўры, Гаўры, гам, прыходзьце к нам».

Ёсць казка, у каторай расказваецца, што былі ў аднаго князя два сабакі — Стаўры і Гаўры, каторых ён любіў дужа, а калі яны адзін па адным акалелі, то князь той загадаў спраўляць па іх штогоду памінкі. Казка гэта, як з усяго відаць, зложана ў пазнейшыя часы хрысціянскім духавенствам, каторае змагалася з перажыткамі даўнай паганскай веры. Гэтак паганскія багі пад уплывам хрысціянскага духавенства ператварыліся ў «бесаў», а дзяды-пагане — у «псоў».

Слова «Стаўры» прыкрывае сабой багаты змест. Дзеля большага выяснення, кудой ісці ў шуканні, дадам, што ў старадаўныя, паганскія часы былі вядомы ў нас імёны людзей: Ставер, Стаўро, Ставр, гэтае апошняе імя меў адзін з наўгародскіх сотнікаў каля 1118 г.

Адзін селянін з-пад Дзісны тлумачыў мне, што «Стаўры — гэта былі такія людзі — да паяса чалавек, а ад паяса конь». Ці святкуюцца ў вас Стаўроўскія (кажуць яшчэ Старарускія) дзяды і калі? Ці ёсць якія расказы, звязаныя з гэтым іменем?

Ярэц. Старое названне месяца мая. Ці называюць цяпер гэтак гэты месяц? Што разумеюць пад гэтым словам?

Увага. Запісваючы адказы, трэба найбольшую звяртаць увагу на міфалагічную старану адказаў. Адказы прашу прысылаць на такі адрас: Вільня, Завальная, № 7, «Беларуская кнігарня». Для В. Л.

1914