З-пад пылу архіваў
З-пад пылу архіваў Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1921 Крыніца: НДумка. 1921. 1 крас |
Першую спробу выдаваць беларускую газэту зрабіў вядомы беларускі рэвалюцыянэр-паўстанец, пасьледавацель Герцэна Костусь Каліноўскі. Як вядома, у часе паўстаньня 1863 году ён наладзіў у Беластоку патайную друкарню — вельмі прымітыўную, у каторай і выпускаў сваю «Mužyckuju Praudu». «Газэтай» яе лічылі затым, што агітацыйныя лістоўкі Каліноўскага з подпісам «Яська гаспадар з-пад Вільні» выходзілі сыстэматычна, і іх налічаем мы шэсьць нумароў. Але да сучаснага тыпу газэты было ёй вельмі далёка.
Выдавецтва Каліноўскага усё ж такі паказвае, што ўжо ў 1863 годзе вычувалася ў нашых сялянскіх масах патрэба пастаяннага асьведамленьня аб тагачасных падзеях пры помачы друкаванага слова. Аднак ужо ў 1865 годзе расейскі ўрад паводле праекту ліхой памяці Гільфэрдзінга выдае загад аб забароне беларускага друку наагул. Аб легальнай газэце ніякае гутаркі, значыцца, быць не магло. І за тым-то мы праз увесь працяг існаваньня забароны беларускага друку — ад 1865 да 1905 году — бачым спробы ладзіць беларускія часопісі падпольнага характару. Так, у канцы [18]80х гадоў выходзіць гэктаграфаваны «Гоман», каторага нам ужо і ўбачыць не давялося, а толькі памяць сучасных пераказала нам аб ім. У 1903 годзе бачым спробу выдаваць таксама падпольную «Свабоду» (на цыклястылю) як орган Беларускае Рэвалюцыйнае Грамады, — аднак, хоць гэта было за нашай памяці, і яе мы ня бачылі дзеля тае простае прычыны, што ўвесь наклад перад жандарскім обыскам быў зьнішчаны ў кансьпірацыйным складзе.
Далей, у тым жа 1903 годзе — на Каляды — Беларускі Круг у Пецярбурзе выпускае (таксама на цыклястылю) сшытак «Kaladnaja Pisanka na 1904 hod». Гэты сшытак, хоць і становіць вялікую рэдкасьць, перахаваўся да нашага часу. Складаецца ён з шасьцёх странічак in 4о, пісаны ўвесь лацінікай. Пад загалоўкам, які вышэй пададзены, ён мае адрывак з народнае каляднае песьні сьмяхотнага характару (мо з часаў «жакаў» школьных?):
Ja zaczek, biedny robaczek,
Pa niebie bieha», Susa Chrysta baиy».
Kibiec, kibiec — dajcie bliniec,
Prydatku — aіadku,
Dyj hroszy » akіadku!
Далей ідзе «Da czytacielo»» — кароценькая прадмова з подпісам: «Kruh Bieіaruski» (мейсца выхаду дзеля кансьпірацыі не паказана). Пасьля — шэсьць вершаў: «Malitwa» K. K. (К. Каганца), «Rodnaj Staronce» Janki Јuczyny, «Mužyckaja Dola» Banadysia Asaki, «Mužyk nie џmianiusia» Hauryly z Poіacka (Цёткі), «Chto ja» J. Sta»buna, «Wiecier» Dziadzki Pranuka (Franciška Umiastouskaha). У канцы — паквітаваньне за грошы, ахвяраваныя рознымі людзьмі на KBOL (Koіo Biaіoruskiej Oњwiaty Ludowej; — назоў пададзены польскі, бо складкі зьбіраліся пераважна ад краёвае інтэлігенцыі з польскай культурай).
У 1904 годзе на Вялікдзень выйшла падобная «Wialikodnaja Pisanka». Гэта таксама літаратурны зборнічак, але падробнасьцей аб ім даць ня можам, бо ў віленскіх архівах няма ніводнага экзэмпляру яго.
Рэвалюцыя 1905 году прынесла беларусам скасаваньне забароны друку. Увосені 1906 году выходзіць у Вільні першая легальная беларуская часопісь рэвалюцыйнага характару — тыднявік «Наша Доля» (зачыненая ўладамі на 6-м нумары), а ўсьлед за ёю «Наша Ніва». З таго часу беларуская прэса разьвіваецца болей-меней нармальна, узбагачываючыся ўсё новымі і новымі выданьнямі — штодзённымі газэтамі, тыднявікамі, месячнікамі, квартальнікамі рознага кірунку і спэцыяльнасьці. І ўсё ж такі мы бачым цікавую праяву: нягледзячы на існаваньне ў вялікшых цэнтрах легальнае прэсы, якая запаўняецца працамі сыноў беларускае вёскі, на правінцыі наша моладзь прабуе сваіх літаратурных сіл на страніцах сваіх рукапісных або гэктаграфаваных «часопісяў». У 1911 г. у мястэчку Капылі Менскае губэрні залажыўся гурток сацыялістычнае моладзі, на чале каторга стаяў беларус-работнік (гарбар) Зьміцер Жылуновіч, вядомы ў беларускай літаратуры пад псэўданімам Цішкі Гартнага. Гурток знаходзіўся пад уплывам Расейскае сац.-дэм. партыі, і вось гэтым тлумачыцца факт, што ён пачаў выдаваць свой рукапісны журнал (ведама, нелегальны, бо ў партыйным духу!) пад назовам «Голос Низа». У журнале зьмяшчаліся артыкулы палітычнага і сацыяльнага зьместу, а такжа аповесьці і вершы. Але хутка — пад уплывам «Нашае Нівы — паміж капыльскімі работнікамі пачынае пераважываць беларускі дух і ў рэзультаце капыляне даюць — побач зь Цішкам Гартным — цэлы сьцяг паэтаў і пісьменьнікаў рознае меры (Гурло, Чарнышэвіч і другія). Замест расейшчыны яны даюць літаратурныя творы ў беларускай мове, каторыя часьцю друкуюцца ў «Нашай Ніве», часьцю ў «Маладой Беларусі». Але капыльская моладзь гэтым не абмежываецца — і вось побач з «Гол. Низа» пачынае выхадзіць таксама рукапісная «Вольная Думка» па-беларуску, зьмяшчаючы пераважна матэрыялы літаратурныя. Яна мае характар літаратурнага дадатку да «Гол. Низа».
У 1913 годзе беларуская моладзь у Горадні выпускае гэктаграфаваную аднаднёўку «Koіas Bieіaruskaj Niwy» (лацінікай) фарматам у паўпісчага аркушу. нёўка мае ў сабе чыста літаратурны матэрыял, апрача прадмовы з прызывам да нацыянальнае працы, карэспандэнцыі «З Горадзеншчыны» і перадруку (на канцы) адозвы «Нашае Нівы» да беларускай інтэлігенцыі ў справе запісываньня народнай тэрміналёгіі. У ей знаходзім верш «Wiasna», аповесьць «U maroznu noč», вершы «Nia dau mnie backa...», «Madlitwa», успамін «Spatkaсnie wiasny», верш «Nad Niomanam», пераклад з польскага «Rybki» — усё бяз подпісаў, вершы «Pa Kraju» і «Pieњnia» (подп. Dziadџka), «Bahataja Ty…» (подп. Љara ptaљka), сьмяхотны расказ «Љtoњci» (подп. Nasta), верш бяз подпісу «Chryњcinnaja pieњnia» і сьмяхотнае апавяданьне «Papala kasa na kamien» (подп. Michas Bohdalewiиuk). — Літаратурная вартасьць гэтых твораў зусім малая.
Асаблівую ахвоту бачым мы ў нашай моладзі да ўкладаньня сатырычных журналаў, якіх, аднак, мо і не на жаль, ніхто ня браўся друкаваць. У нашаніўскіх архівах, якія перайшлі цяпер да Беларускага навуковага т-ва, мы знайшлі ажно тры такія рукапісныя журналы: «Чэмер» — 1910 г., «Пялун» (Палын) — 1912 г. і «Direwienski Czartok». Найлепшы зь іх — «Пялун» як з боку зьместу, так і рысункаў («ілюстраваны» ўсе тры). Судзячы паводле ініцыялаў і закранутых спраў, трэба думаць, што «Пялун» ёсьць твор беларусаў — вучняў Хіміка-тэхнічнай школы ў Вільні. Тут бачым карыкатуры на некаторых тагачасных дзеячоў, слабыя староны каторых маладзёж даволі ўдачна заўважала. І толькі аб «Пялуне» можам пашкадаваць, што ён у свой час ня быў надрукаваны.
Цікава ўвага аўтара «Direw. Czart.» Для рэдактара «Н. Н.»: ён кажа, што ўжо піша дзесяць гадоў, але нідзе не падаваў да друку, і што «Direwienski Czartok» (галоўны твор журнала, пісаны вершам) складаецца ажно... з 48 часьцін! На жаль, верш такі, што ў друку яго хіба ўбачыць не давядзецца...
Магчыма, што, апрача тут апісаных, існавалі і іншыя рукапісныя, гэктаграфаваныя і т. п. выданьні, аб якіх мала хто ведае. Вось было б вельмі цікава сабраць іх усе і згуртаваць у віленскім Белар. Навуков. Таварыстве. Нягледзячы на пераважна малую літаратурную цэннасьць сказаных выданьняў, яны цікавы як матэрыял для будучых гісторыкаў нашага адраджэнскага руху.