З Новым Годам (Гіра)
З Новым Годам Верш Аўтар: Людас Гіра Крыніца: Беларускі Асяродак = Gudų centras: часопісь культуры і грамадзкага жыцьця / рэд.-выд. К. Душэўскі-Дуж. — Коўна, 1933. — № 1 |
Іншыя публікацыі гэтага твора:Братам-Беларусам (Гіра). |
Л. Гіра адзін з найпапулярнейшых літоўскіх паэтаў, добра ведае беларускую мову.
Гэты верш ён напісаў па беларуску.
Прайшоў, праплыў ўжо час крывавы
Вялікай барацьбы тытанаў,
Час сьмерці, ненавісьці, славы,
Пракляцьця час і час пашаны…
Ў грымотах бур, пажараў зорах,
Ад Франкаў Соммы да Дзьвіны
Прайшоў так люты час вайны
Ўсяго жывога грозны вораг.
Той час мы цяжкай, працавітай
Жыцьця ахвяраю здалелі,
Бо ў сільных нашых душ касьцелі
Мы праўдзе молімся аткрыта.
Бо ў крыўдзе мы ўзраслі… І вочы
Ўжо выплакалі нам крывава
Ўсе сьлёзы ў час той доўгай ночы
Калі тужылі мы за славай,
За старай славай, вольнай волей,
Што ў курганох ляжыць з бацькамі
Чакаючы, калі-ж у поле
На шлях забыты выйдзе з намі…
Калі-ж мы выйдзем, як прыстала
Адважных рыцараў сынам,
Нягледзячы што - нас мо-й мала,
Што ворагі і тут і там…
Адна бо ў сьвеці сьмеласьць ёсьць,
Яна ня лічыць сіл сваіх,
І ня чакае, каб уціх
Крык ворагаў і змоўкла злосьць.
Наш брат сярмяжны, брат вясковы
Сваей адвечнаю жальбою
Загартаваў ўжо нас да бою —
Дык ён хоць новы нам — ня новы.
Ў народу песьні, ў казцэ сумнай
Яго ёсьць сіла не спажыта,
Не раздушыць яе і трумнай,
Бо і з магіл ўзрастае жыта.
І хоць ня шчэзла тая мгла,
Што вольны сьвет ад нас закрыла,
Ня зродзілась такая сіла,
Каб нас змагчы, здалець магла.
Дык хай на захадзе, на ўсходзі
Гараць крывавай зорай далі —
Тужыць, браты, сягоньня годзі!
Год цэлы сумна ўжо ўздыхалі.
І хай шайтанскі сьмех рагочэ,
Чырвоны сьмех сярод магіл —
Ніхто не мае столькі сіл,
Каб закаваць нам страхам вочы.
Пужацца нам, браты, ня годзе!
Сустрэнем-жа год гэты новы,
Што нам ў крывавых зорах ўсходзе,
Адвагі рыцарскімі словы!
Няма бо ў пеклі нат той мочы,
Каб нашае зламаць каханьне,
Айчызны нашай сон дзявочы
І веру, што яна паўстаньне.
Дык, хоць слабыя мы, як дзеці,
Мы з верай той і с тым каханьнем
Сільнейшыя за ўсіх на сьвеці —
Мы з йімі і з магіл паўстанем!
Сустрэнім-жа, браты, сягоньня
Мы сьветлым вокам год той новы —
Хай песьня вольная разгоне
Жальбу надзеі сьветлым словам…
І хай паверыць з нас усяк,
Што нам ня бачыць ўжо няволі,
І што ня будзе ўжо ніколі
Пужаць ніякі ваўкалак!
І хай паверыць, што ня дарам
Сталетнія парваны путы,
І што народ з акоў раскуты,
Сам вольным будзе гаспадарам.